Найти
24.01.2019 / 17:081РусŁacБел

«Ждите, я вернусь за вами…» Трагическая судьба семьи футболиста Пинхаса Малевича

Пинхас Малевич в межвоенное время был известным футболистом гродненской команды «Маккаби». Его сын Павел Малевич поделился трагической семейной историей, рассказывает Руслан Кулевич.

Механік Пінхас Малевіч — крайні справа. Чыкага, 1953 год.

У Гродне і Варонежы

Пiнхас Малевіч нарадзіўся ў 1904 годзе ў Гродне. Ён быў чацвёртым з васьмі дзяцей у сям’і. Малевічы жылі на Базарным завулку, 4, што знаходзіўся каля Рыбнага рынка. За Польшчай вуліца і называлася Рынкавай. У наш час на гэтым месцы знаходзіцца аўтастаянка ў цэнтры горада, пад якой закатаныя ў асфальт старыя яўрэйскія могілкі.

Да Першай сусветнай вайны Пінхас Малевіч вучыўся ў яўрэйскай школе ў Гродне. Але ў 1915 годзе, перад прыходам у горад нямецкага войска, многія гродзенскія яўрэі разам з іншымі жыхарамі заходнебеларускага рэгіёна выправіліся ў бежанства на ўсход. Сям’я Малевіча апынулася ў Варонежы, дзе пражыла некалькі гадоў.

У Расіі тым часам адбылася рэвалюцыя, якая перарасла ў грамадзянскую вайну. Бежанцам нічога не заставалася, як вяртацца на радзіму. Калі сям’я Малевічаў вярнулася ў родны Гродна, ён быў ужо польскім горадам. Малевічы, аднак, хутка адаптаваліся да новай сітуацыі і пачалі наладжваць сваё жыццё. 

Футбаліст і трэнер

Малады Пінхас стаў займацца спортам, пастаянна гуляў у навамодны футбол з сябрамі на вуліцы. А ў 1922 годзе гродзенская яўрэйская моладзь заснавала ўласны спартыўны клуб «Макабі».

«Макабі» — сетка яўрэйскіх спартовых клубаў, створаная на пачатку ХХ стагоддзя. Яна атрымала назву ў гонар паўстанцаў-Макавеяў, на іўрыце — Макабі. Гэта аналагічна таму, як калі б беларускія спартклубы называлі «касінерамі», «каліноўцамі» ці «партызанамі».

Футбольны клуб «Макабі» быў заснаваны ў Гродне ў 1922 годзе. Колеры каманды — блакітныя. Выступала яна ў чэмпіянатах Гродна, Віленскай футбольнай акругі, БАФС (Беластоцкага акруговага футбольнага саюза). З 1929 года каманда з’яўлялася пастаянным удзельнікам чэмпіянатаў БАФС у класе «А». Па выніку гэтых спаборніцтваў наймацнейшая каманда ўдзельнічала ў пераходным турніры за права гуляць у 1-й лізе чэмпіянату Польшчы па футболе. Найлепшыя футбалісты «Макабі» рэгулярна выступалі за зборную каманду Гродна ў таварыскіх матчах. Яўрэйскія футбалісты ў чэмпіянаце вялі «святую вайну» з землякамі-гродзенцамі з каманды Вайсковага спартыўнага клуба. У пачатку 1930-х гадоў адзін з матчаў гэтых каманд у Гродне выклікаў такі напал, што суддзі прыйшлося наводзіць парадак з дапамогай пісталета. Каманда «Макабі» спыніла існаванне з пачаткам Другой сусветнай вайны.

Пінхас Малевіч стаіць другі справа. Левай рукой абдымае хлопца ў шапцы. Пінхас быў у «Макабі» брамнікам. Фота зроблена паміж 1922 і 1926 гадамі.

Пінхас Малевіч стаяў на варотах. Ён быў у той час адным з найвядомейшых гродзенскіх футбалістаў, а пасля стаў такім жа вядомым трэнерам. Менавіта пад ягоным кіраўніцтвам у 1930-я гады яўрэйская каманда дамаглася самых сур’ёзных вынікаў за час свайго існавання. У таварыскіх матчах футбалісты «Макабі» неаднаразова перамагалі больш заслужаныя клубы з Вільні і Варшавы. Някепска ішлі справы і ў чэмпіянаце Беластоцкага акруговага футбольнага саюза: кіраваная Малевічам каманда рэгулярна патрапляла ў «прызы».

 

Гродзенскі футбаліст Пінхас Малевіч. Фота зроблена паміж 1922 і 1926 гадамі ў Гродне.

На заробкі праз акіян

Але футбол быў толькі захапленнем, а не прафесіяй, трэ' было карміць сям’ю. У 1934 годзе Пінхас ажаніўся з Ханнай Любоўскай. У 1936-м і 1938-м у пары нарадзіліся дочкі Мір’ям і Двейра. Грошы на ўтрыманне сям’і Пінхас Малевіч зарабляў як механік і кіроўца грузавіка.

Фота дочак Пінхаса: чатырохгадовай Мір’ям і двухгадовай Двейры. Здымак зроблены ў снежні 1940 года.

Грошай гэтых, аднак, увесь час не хапала, таму за год да пачатку Другой сусветнай вайны ў пошуках лепшага жыцця для сваёй сям’і Пінхас наважыўся паехаць на заробкі за акіян. Сям’ю ён пакуль што пакідаў у Гродне, але ў будучыні планаваў забраць у Амерыку і яе. Перад ад’ездам Пінхас Малевіч сказаў жонцы і дзецям: «Чакайце, я вярнуся па вас праз год…»

Трагедыя

Але гэтым планам ніколі не было суджана здзейсніцца. У верасні 1939 года пачалася Другая сусветная вайна. Гродна спачатку патрапіла пад савецкую ўладу. СССР жа быў такой краінай, выехаць з якой за мяжу было зусім няпроста. Вось і сям’і Пiнхаса Малевіча савецкія ўлады ў дазволе на выезд адмовілі, хоць сам ён за кароткі час здолеў назбіраць патрэбную суму, якой мусіла хапіць на візу і квіткі ў Амерыку для ўсёй сям’і.

Хоць жонка з дзецьмі ўжо была нават выехала ў Маскву, у выніку яна ўсё ж мусіла вярнуцца ў Гродна.

У чэрвені 1941 года Гродна было занята нямецкім войскам. Усіх гродзенскіх яўрэяў, у тым ліку і Малевічаў, сагналі ў два гета. Кагосьці з сям’і расстралялі яшчэ ў Гродне, а жонка Ханна з дзецьмі загінулі ў лагеры смерці Трэблінка.

Памяць праз гады і адлегласць

Страціўшы ўсю сям’ю, Пінхас Малевіч доўгі час не мог знайсці сабе месца. Ён ускладаў віну за гэтую трагедыю і на сябе, лічачы, што ў той момант мусіў і сам быць з сям’ёй. З гадамі, аднак, боль трохі аціх, і Пінхас ажаніўся другі раз.

Ягонай другой жонкай стала Іда Перэльман. Яна сама нарадзілася ўжо ў ЗША, а бацькі яе прыехалі ў Штаты з Украіны яшчэ да рэвалюцыі. Ужо ў гэтай сям’і ў 1949 годзе ў Пінхаса нарадзіўся сын Павел, які і распавёў аўтару гэтага артыкула гісторыю свайго бацькі. Паводле яго, Пінхас Малевіч працаваў у ЗША, як і на радзіме, аўтамеханікам. Да канца жыцця ён захаваў і любоў да футбола, не прапускаючы ніводнага матча сваёй каманды. У той жа час, стаўшы амерыканцам, Пінхас ніколі не забываўся пра роднае Гродна, дзе пражылі шэсць пакаленняў ягонай сям’і. Памёр Пінхас Малевіч у 1963 годзе.

На Занёманскіх могілках ацалела магіла бабулі Пінхаса Малевіча, Міры.

У Гродне ж адзінае, што сёння нагадвае пра гісторыю гэтага роду, — ацалелая на мясцовых яўрэйскіх могілках магіла бабулі Пінхаса Малевіча, Міры Абрамаўны.

Руслан Кулевич

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930