Найти
22.01.2019 / 18:36РусŁacБел

Рыгор Мозолевский: как жил самый богатый крестьянин Гродненской губернии

Для большинства из нас жизнь крестьян сто и более лет назад ассоциируется прежде всего с нищетой, жизненной беспросветностью и неграмотностью — «паны сохи и косы». На самом деле все было совсем не так, пишет доктор исторических наук Сергей Токть.

Пасля адмены прыгоннага права ў 1861 годзе беларускія сяляне атрымалі маёмасныя правы і законныя магчымасці ўзбагачацца: набываць зямлю ва ўласнасць, закладаць прадпрыемствы, займацца гандлем. Некаторыя вяскоўцы хутка скарысталіся з гэтага і сталі заможнымі землеўладальнікамі, прадпрымальнікамі і купцамі. У савецкай гістарыяграфіі іх называлі «кулакамі» і абвінавачвалі ў эксплуатацыі аднавяскоўцаў. Такой сялянскай буржуазіі гісторыкі прысвячалі значна менш увагі ў параўнанні з вясковым пралетарыятам, і ў выніку беларускі селянін-буржуа так і застаўся таямнічым незнаёмцам з дрэннай рэпутацыяй.

Ілля Рэпін. Касар-літвін. Фрагмент.

Аднак гістарычная рэальнасць выглядала больш складанай. «Багатыры», як называлі ў беларускай вёсцы багатых гаспадароў, былі звычайна людзьмі моцнымі і неардынарнымі, хоць iх шляхі да ўзбагачэння рэдка адпавядалі жыццепісанням хрысціянскіх святых. Яркі прыклад — Рыгор Мазалеўскі з мястэчка Скідзель, які стаў самым багатым селянінам Гродзенскай губерні канца ХІХ стагоддзя.

Сын бунтаўніка, які стаў начальнікам

Мазалеўскія былі карэннымі жыхарамі Скідзеля. Калі ў 1829 годзе скідляне ўзбунтаваліся супраць уладальніцы мястэчка княгіні Чацвярцінскай, то адным з важакоў бунту стаў бацька Рыгора Іван Мазалеўскі. Княгіня аддала яго ў салдаты, хоць Іван меў ужо 39 гадоў. Далейшы ягоны лёс невядомы. Рыгор, які меў тады 12 год, вырас у сям’і дзядзькі Якуба.

Местачковая плошча ў Скідзелі, побач з якой знаходзіўся родавы пляц Рыгора Мазалеўскага. Фотаздымак пачатку ХХ ст.

Паводле гаспадарчага інвентара маёнтка Скідзель 1845 г., ён ужо быў самастойным гаспадаром, меў сына Сцяпана (памёр маленькім). Потым Рыгор пакінуў гэтую гаспадарку сваім братам і заснаваў новую. Паводле рэвізскай сказкі 1858 года, ён жыў з жонкай Тэкляй, сынамі Лявонам, Пятром і Іванам, дачкой Ганнай.

У 1861 годзе сяляне Скідзельскай воласці абралі Рыгора Мазалеўскага старшынёй. Яго ўзрост тады быў прыкладна 46 гадоў. Варта ўзгадаць, што перад гэтым Мазалеўскі быў паліцэйскім тысяцкім: ажыццяўляў паліцэйскую ўладу ў маёнтку Чацвярцінскіх. Напэўна, што ён знайшоў паразуменне з уладальнікам — князем Канстанцінам Чацвярцінскім (1792—1871), сынам Калеты (1774—1840), якая незаконна аддала ў салдаты ягонага бацьку. Цікава, што Рыгор Мазалеўскі адзіны з жыхароў Скідзеля пагадзіўся прыняць землі, якія ім прапанавалі Чацвярцінскія замест адабраных (астатнія скідляне змагаліся за зварот старой зямлі ажно да 1939 года). Хоць зямля і была няўдобіцай, Мазалеўскі яе ўгнойваў і атрымліваў добры ўраджай.

Рыгор Мазалеўскі, чалавек няпростага характару, кіраваў воласцю жалезнай рукой. Але ў час паўстання 1863 года над ім навісла пагроза.

Пасварыўся са святаром і ледзь не трапіў у Сібір

26 лістапада 1863 года віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў напісаў гродзенскаму губернатару, што Мазалеўскі «позволил себе в самых неблагонамеренных выражениях отзываться на счет правительственных распоряжений, поясняя, между прочим, что Императрица Екатерина, заграбивши этот край, лишила их тех привилегий и преимуществ, какими предки их будто-бы пользовались, что Русское правительство установило крепостное право, которого в Польше не существовало, и что, наконец, Высочайший манифест 19-го Февраля 1861 года не принес существенного улучшения их быта». Акрамя таго, Мазалеўскі нібыта быў прасякнуты польскім духам і рэвалюцыйнымі настроямі, моцна спачуваў ідэям паўстання. Дзеля таго Мураўёў прапанаваў Мазалеўскага, «як чалавека нядобранадзейнага і шкоднага», выслаць разам з сям’ёй. Як аказалася, скаргу на Мазалеўскага напісаў скідзельскі святар Іван Хамічэўскі, у якога адбыўся канфлікт з валасным старшынёй з-за народнага вучылішча.

Рыгора Мазалеўскага выратавала тое, што за яго заступіліся мясцовыя ўплывовыя чыноўнікі, якія пазычалі грошы ў спраўнага селяніна. Губернатар Іван Скварцоў 10 лютага 1865 года даслаў у Вільню ліст з просьбай пакінуць Рыгора Мазалеўскага «на ранейшым месцы жыхарства і пры займанай пасадзе», але пачаць за ім тайны нагляд паліцыі.

У селяніна добры адвакат

У Скідзелі захавалася паданне, што Мазалеўскі прысвоіў скарб паўстанцаў 1863 года, які паслужыў яму першапачатковым капіталам. Так ці не, але ў 1869-м ён сышоў з палітыкі ў бізнэс — пакінуў пасаду валаснога старшыні і засяродзіўся на кіраванні сваёй вялікай гаспадаркай.

Як паўставала багацце Рыгора Мазалеўскага? Усё пачалося ў 1864 годзе, калі ўладальнік суседняга маёнтка Каўшова Мікалай Кахоўскі падараваў селяніну 8 дзесяцін зямлі. Хутчэй за ўсё, такім чынам ён разлічыўся за пазыку. Як сірата Мазалеўскі стаў адным з асноўных крэдытораў акругі? Верагодна, узбагаціцца яму дапамаглі пасады. Яшчэ да пасады валаснога старшыні ён выконваў функцыі паліцэйскага тысяцкага ў маёнтку Скідзель, напэўна, кантраляваў корчмы… Пры гэтым яго сваякі, сям’я дзядзькі, так і засталіся звычайнымі гаспадарамі ў Скідзелі.

У 1865-м селянін Мазалеўскі купіў луг Абалонь у свайго былога пана Канстанціна Чацвярцінскага (ягоная маці аддала ў салдаты Рыгоравага бацьку Івана). Здзелка выклікала канфлікт з сялянамі вёскі Гліняны, якія лічылі гэтую зямлю сваёй. Мазалеўскі на правах валаснога старшыні наклаў на глінянцаў штрафы за спробу забраць сена са спрэчнага лугу, а некаторых уласнаручна збіў, ледзь не пакалечыўшы.

Маёнтак Мазалеўскага ўвесь час разрастаўся, часта цаной не зусім справядлівых здзелак. У снежні 1877-га селянін вёскі Каўшова Міхал Шагун скардзіўся ўладам, што ягоны былы пан Аляксандр Кахоўскі аддаў яму 6 дзесяцін зямлі «як забеспячэнне ўзятых у яго 150 рублёў». Пан даў селяніну распіску, якая, аднак, не мела юрыдычнай сілы, і абяцаў пры продажы маёнтка здзейсніць фармальную купчую крэпасць, але раптоўна памёр. Судовы прыстаў прадаў маёнтак Кахоўскага Рыгору Мазалеўскаму, а новы гаспадар не пажадаў прызнаваць правы Шагуна на тую зямлю. Губернскія ўлады параілі Шагуну звярнуцца ў суд, але шанцаў выйграць працэс у Мазалеўскага непісьменны селянін не меў. У 1879 годзе сяляне вёскі Пузавічы таксама беспаспяхова судзіліся з Рыгорам Мазалеўскім за ўрочышча Старына. Мазалеўскі пры гэтым не траціў асабісты час на судовыя пасяджэнні, ягоныя інтарэсы бараніў калежскі асэсар Алімп Бучынскі.

Шмат грошай даваў на дабрачыннасць

У 1890 годзе Рыгору Мазалеўскаму належалі маёнткі Мількаўшчына (980 дзесяцін зямлі) і Каўшова (1383 дзесяцін), і ён тады з’яўляўся найбуйнейшым у губерні землеўладальнікам сялянскага паходжання.

Трэба прызнаць, што Мазалеўскі шмат грошай аддаваў на дабрачыннасць, асабліва на ўпрыгожванне скідзельскай Свята-Пакроўскай царквы, дзе быў ахрышчаны. Пасля вялікага пажару ў Гродне ў маі 1885-га ён ахвяраваў пагарэльцам 100 рублёў. Памёр Рыгор Мазалеўскі 11 чэрвеня 1895 года ў 78 гадоў і быў пахаваны ля скідзельскай царквы.

Паводле тастаменту, яго маёнтак на той час ацэньваўся астранамічнай для селяніна сумай — 116 940 рублёў. Рыгор завяшчаў маёнтак Радзівонавічы з фальваркам Суцькі сыну Ляву, маёнтак Каўшова і палову маёнтка Лагер — Івану, фальварак Кахова і другую палову Лагера — Сымону, а Вялікую Мількаўшчыну — малодшаму Андрэю. Дачкам выплочваліся вялікія сумы грошай.

Пасля Рыгора

Усе маёнткі Мазалеўскага перайшлі ў спадчыну сынам. Багатыры сялянскага паходжання мелі праблемы з адаптацыяй да новага статусу, з цяжкасцю пераадольвалі комплексы. Прыклад гэтага — дарожнае здарэнне, якое адбылося са старэйшым сынам Рыгора Мазалеўскага Іванам. 10 студзеня 1889 года парабак князя Друцкага-Любецкага, прускі падданы Андрэй Фалярынскі, на параконнай фурманцы спрабаваў абагнаць фурманку Івана Мазалеўскага, што апошні расцаніў як абразу і, «подъехав к корчме при деревне Пузевичах, вызвал находившихся в оной несколько человек, которые начали наносить Фоляринскому побои, от которых он по доставлении приехавшими в Пузевичи товарищами батраками домой в фольварок Лавно вскоре умер».

Унучка заснавала Тэатр юнага гледача

Першая сусветная вайна стала выпрабаваннем для роду Мазалеўскіх. Унучка Рыгора Любоў Іванаўна Мазалеўская (1903—1964) у 1920 годзе далучылася да Чырвонай Арміі. У 1926-м яна скончыла ў Маскве Беларускую тэатральную студыю і стала пазней вядомай беларускай артысткай і тэатральным рэжысёрам, стваральніцай Беларускага тэатра юнага гледача. У міжваенны час Любоў Мазалеўская перапісвалася са сваімі сяброўкамі з Каўшова і Скідзеля.

Валоданні Мазалеўскіх «за польскім часам» паменшалі. У 1921-м маёнтак Каўшова Івана Мазалеўскага складаў 790 дзесяцін, маёнтак Мількаўшчына Андрэя Мазалеўскага — 630 дзесяцін. Мазалеўскія наймалі на працу шматлікіх парабкаў. Мясцовы краязнаўца Аляксандр Сявенка запісаў успаміны пра тое, што ў маёнтку Каўшова парабкаў запрашалі за адзін з гаспадарамі стол і не шкадавалі ім «ні сала, ні кілбасаў». Дзяцей з бедных сем’яў паілі малаком. Мазалеўскія ўвесь час вялі сялянскі лад жыцця і радніліся з мясцовымі сялянамі. Паводле інфармацыі польскай паліцыі, яны цікавіліся беларускім нацыянальным рухам, але камуністычны характар гэтага руху не мог іх не адстрашваць.

Усіх расстралялі і выслалі, апошняга забілі партызаны

Прыход савецкай улады ў верасні 1939 года азначаў крах роду Мазалеўскіх. Яны хутка страцілі свае маёнткі, у якіх былі створаны калгасы. Але пазбаўленне ўласнасці было толькі пачаткам трагедыі. Ужо ў верасні 1939 года Іван Мазалеўскі быў расстраляны разам з польскімі асаднікамі ў гміне Жыдомля актывістамі мясцовага рэўкама. Былы ўладальнік Мількаўшчыны Андрэй Мазалеўскі і ягоныя сыны Рыгор, Уладзімір ды Канстанцін былі ў 1940-м асуджаныя як «сацыяльна небяспечныя элементы» на тэрміны ад 5 да 8 гадоў лагеру (усе пазней рэабілітаваныя). Таксама былі арыштаваныя сыны Івана Рыгоравіча Мазалеўскага: Іван, Рыгор і Андрэй.

Магіла Рыгора Мазалеўскага і яго жонкі на скідзельскіх могілках. Сучасны выгляд.

Застаўся на Скідзельшчыне толькі Канстанцін Іванавіч — малодшы ўнук Рыгора Мазалеўскага. Косцік, як яго называлі, з прыходам немцаў у 1941 годзе пайшоў служыць у паліцыю. Летам 1943-га на хутар, дзе Косцік жыў з маці і сястрой, прыйшлі партызаны. Ён прапанаваў ім выпіць гарэлкі, а ў часе выпіўкі смяротна параніў аднаго партызана, свайго школьнага сябра, нажом. Партызаны застрэлілі Косціка і спалілі хутар. Загінулі таксама яго маці і сястра. 15-гадовы парабак Пеця Лапыш, які стаў сведкам падзей, мусіў падацца ў партызаны.

Памяць пра Мазалеўскіх была выкраслена з афіцыйнай гістарычнай памяці іх малой радзімы. Зніклі будынкі, не захаваліся фотаздымкі. Лёс гэтага сялянскага роду адлюстроўвае лёсы прадпрымальнай часткі беларускага сялянства. Гэтыя моцныя і спраўныя людзі маглі шмат зрабіць для беларускага нацыянальнага руху, для народа і дзяржавы, але віхура гісторыі нішчыла і ламала іх у першую чаргу, часта з каранямі вырываючы з роднай зямлі.

Сергей Токть

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930