Найти
09.01.2019 / 23:58РусŁacБел

Выборы короля: как функционировала непривычная для тогдашней Европы модель Речи Посполитой

После смерти Сигизмунда Августа, который не имел наследников, знать стала сама избирать своих королей. Принцип «свободной элекции» был одним из главных элементов золотых шляхетских вольностей. Как сложилась и как функционировала эта непривычная для тогдашней Европы модель? Пишет историк Кирилл Карлюк.

Калі ў 1572 годзе памёр Жыгімонт ІІ Аўгуст, апошні мужчынскі прадстаўнік дынастыі Ягелонаў, сама ідэя абрання манарха была ў польска-літоўскай дзяржаве ўжо не новай. Польская шляхта, вядомая сваёй палітычнай актыўнасцю, дамаглася права мець голас пры абранні каралёў яшчэ ў другой палове XIV стагоддзя. Неакрэсленасць спадчыннага права на трон і палітычная нестабільнасць у Літве ў XV стагоддзі падштурхнулі і мясцовых вяльможаў да ўдзелу ў зацвярджэнні вялікіх князёў. Падобныя сістэмы склаліся таксама і ў суседзяў. Сваіх уладароў абіралі чэшскія і венгерскія нобілі. Скандынаўскія манархіі таксама доўгі час мелі элекцыйна-дынастычныя рысы.

Так званая «карона Баляслава Храбрага», якой каранаваліся каралі Рэчы Паспалітай. Адна з рэканструкцый, зробленых у 2001—2003 гадах.

Пастановы 1530 і 1538 гадоў гарантавалі выбарнасць трона «за згодай і воляй усіх» прадстаўнікоў шляхты. Сам Жыгімонт ІІ Аўгуст быў абраны каралём і вялікім князем яшчэ пры жыцці свайго бацькі Жыгімонта І Старога. Дакладная тэхналогія «вольнай элекцыі» да 1572 года, аднак, заставалася нявызначанай, і яе патрэбна было развязаць ужо непасрэдна ў віхуры выбараў новага караля. Працэдура выбараў манарха, закладзеная ў той час, у сваіх асноўных рысах без істотных змен існавала на працягу наступных двухсот гадоў гісторыі Рэчы Паспалітай.

 

Першыя выбары

Першы элекцыйны сойм адбыўся толькі ў красавіку — маі 1573 года, амаль праз год пасля смерці Жыгімонта Аўгуста.

Першыя выбары прыцягнулі велізарную ўвагу шляхты з усіх куткоў Рэчы Паспалітай. Сведка тых падзей, французскі амбасадар, налічыў 50 тысяч чалавек.

Акрамя таго, разам з выбарцамі прыбывалі іх слугі і іншыя спадарожныя асобы. У выніку Варшава была літаральна запоўненая прыезджымі, колькасць якіх у некалькі разоў перавысіла лічбу тагачасных варшавякаў.

На сойме працягнуліся бясконцыя спрэчкі вакол палітычнага ўладкавання і выбару годнага кандыдата. Адным з самых папулярных тады аказаўся французскі прынц Генрых Валуа, рэпутацыя якога, аднак, была падарваная крывавым следам нядаўняй Варфаламееўскай ночы. Значная частка шляхты заставалася незадаволеная французам і няпэўнасцю ў пытаннях рэформы права. Справа ледзь не дайшла да зрыву сойма. Але занепакоеных выбарцаў удалося ўлагодзіць адмысловымі актамі новай прававой сістэмы Рэчы Паспалітай. Гэтыя акты ўвайшлі ў гісторыю пад назвай «Генрыкавых артыкулаў».

 

«Князь гавенскі»

11 мая 1573 года было нарэшце аб’яўлена імя новага манарха. Не абышлося тут і без кур’ёзаў, звязаных з мазавецкай шляхтай — аб’ектам шматлікіх тагачасных кпінаў і анекдотаў, што высмейвалі яе беднасць і неадукаванасць. Як запісаў польскі храніст Марцін Бельскі, падчас аб’яўлення імёнаў кандыдатаў мазаўшане, не дужа абазнаныя ў лаціне і замежных тытулярах, выкрыквалі тытул герцага анжуйскага Генрыха Валуа (на лаціне «dux Andegavensis») як «князь гавенскі», а імя ягонага суперніка, аўстрыйскага эрцгерцага Эрнста Габсбурга, — «Рдэст».

Прадстаўнік новага караля падпісаў папярэдне складзеныя прававыя акты. У іх увайшлі пастулаты аб рэлігійным міры і свабодзе веравызнання, пацвярджаліся ўсе ранейшыя прывілеі шляхты, замацоўваліся абавязак склікаць вальны сойм кожныя два гады, права на супраціўленне каралю (рокаш). Кароль таксама не мог праводзіць без згоды сойма ўласную знешнюю палітыку ці склікаць паспалітае рушанне.

У Парыж адразу накіравалася дэлегацыя Рэчы Паспалітай. На ўрачыстай цырымоніі ў кафедральным саборы Нотр-Дам наваспечаны кароль мусіў пацвердзіць шляхецкія прывілеі і вольнасці, пачуўшы ад сваіх падданых недвухсэнсоўнае: «Калі не прысягнеш, не будзеш валадарыць».

Генрых Валуа. Малюнак Жана дэ Кора, 1570 год. Першы абраны валадар Рэчы Паспалітай прабыў на троне ўсяго год, але менавіта з яго выбраннем звязана стварэнне падмурку палітычнай мадэлі дзяржавы.

Абранне Генрыха хутка выявілася памылкай. Новаму каралю не падабаліся ні яго роля, ні краіна, у якую ён патрапіў. Таму ўсяго праз год, калі ў Кракаў дайшлі весткі пра смерць яго брата Карла ІХ, Генрых без асаблівага шкадавання ўначы таемна пакінуў кракаўскі Вавель, каб заняць вакантны французскі трон.

 

Выбарчыя рытуалы

Працэдура выбараў і зацвярджэння новага манарха складалася з трох асноўных этапаў: канвакацыйнага, элекцыйнага і каранацыйнага соймаў. На першым вызначалася дата правядзення элекцыйнага сойма і асноўныя патрабаванні да кандыдата. Самі выбары адбываліся на элекцыйным сойме, а ўзвядзенне на пасад было звязана з каранацыйным соймам, які традыцыйна праходзіў у старажытным Кракаве.

Першая элекцыя прайшла ў вёсцы Камень пад Варшавай, а ўсе наступныя (за выключэннем абрання Аўгуста ІІІ у 1733 годзе) адбываліся ў полі каля іншай падваршаўскай вёскі — Воля. Шляхта збіралася на элекцыйным полі, пры набліжэнні да якога былі збудаваныя тры брамы: з поўдня для малапольскай шляхты, з захаду — для велікапольскай, а з усходу — для літоўскай. Поле дзялілася на дзве асноўныя часткі — для сената і шляхты.

Пасольская ізба засядала ў гэтак званым коле. Навокал кожнае ваяводства асобна ставіла багата аздобленыя намёты для шляхты. У сярэдзіне таксама знаходзілася шопа — часовае драўлянае збудаванне памерамі 15 на 40 метраў, якое магло часам змясціць да пяці тысяч чалавек адначасова. Менавіта тут праходзілі асноўныя перамовы і абмеркаванні кандыдатаў.

Шляхта абірала маршалка, які кіраваў працэдурамі. Дэпутаты ваяводстваў выслухоўвалі прадстаўнікоў кандыдатаў і праводзілі перамовы з сенатарамі, пасля чаго складалі справаздачы. Справаздачы актыўна абмяркоўваліся, складаліся патрабаванні да кандыдатаў.

Партрэт караля Аўгуста ІІІ. Невядомы мастак паводле карціны Луі Сільвестра, каля 1737 года.

У тэорыі ўладара Рэчы Паспалітай павінна была абіраць уся шляхта, але на практыцы — толькі тыя, хто мог сабе дазволіць нятаннае падарожжа і жыццё ў Варшаве і яе ваколіцах.

Часам гэта прыводзіла да пэўных дыспрапорцый. Напрыклад, ужо згаданая мазавецкая шляхта складала ад чвэрці да трэці ўсіх выбарцаў — бо ёй было найбліжэй і найтанней прыехаць на сойм.

 

Не піць, не біцца, мець грошы на праезд

Агульная колькасць выбарцаў падчас розных элекцый вагалася ад 3,5 да 15 тысяч. Шмат што залежала ад палітычнай кан’юнктуры ў краіне. Былі сярод іх і прадстаўнікі некалькіх прывілеяваных гарадоў: Вільні, Львова, Варшавы, Кракава і інш.

Бойка шляхты падчас сойміка ў касцёле. Гравюра з нямецкага выдання «Gedoppelter polnischer Sack…», 1734 год. Палітычнае жыццё Рэчы Паспалітай, асабліва ў XVIII стагоддзі, было нярэдка напоўненае падобнымі сцэнамі.

Шматлікія соймавыя канстытуцыі і правілы рэгулявалі жыццё на элекцыйным полі. Напрыклад, забаранялася размяшчаць у ваколіцах вайсковыя фарміраванні, прыносіць з сабой агняпальную зброю (у адрозненне ад халоднай) ці алкаголь. Прадугледжваліся шматлікія пакаранні за замахі на жыццё ці здароўе, абразу шляхецкай годнасці. Нягледзячы на тое, што ўсё гэта нярэдка парушалася, знаходжанне на Волі было адносна бяспечным. Так, за сто гадоў, з 1573 па 1674 год, падчас элекцый загінулі ўсяго два чалавекі.

Элекцыйны сойм 1697 года. Карціна Марціна Альтамонтэ, 1697—1704 гады. Тут прадстаўлена даволі рэалістычнае ўвасабленне элекцыйнага поля, бо мастак быў непасрэдным сведкам сойма. У сярэдзіне знаходзіцца кола, сенатары сядзяць у першым шэрагу, злева бачная шопа. Элекцыя 1697 года была адной з самых неспакойных і скончылася абраннем адначасова двух кандыдатаў: саксонскага курфюрста Аўгуста ІІ і французскага прынца дэ Канці.

Асабліва багатай на розныя здарэнні была бурлівая элекцыя 1697 года, якая скончылася выбарам адначасова двух кандыдатаў. Ледзь не кожны дзень тады даходзіла да скандалаў і боек, былі нават замахі на жыццё маршалка.

 

Самы лепшы кандыдат

Спісы кандыдатаў на пасад Рэчы Паспалітай часта былі вельмі вялікімі. Так, падчас першай элекцыі, акрамя вышэйзгаданых Генрыха Валуа і Эрнста Габсбурга, вылучылі кандыдатуры расійскі цар Іван Жахлівы і яго сын Фёдар, шведскі кароль Юхан ІІІ Ваза, ферарскі герцаг Альфонса II д’Эстэ, пражскі бурграф Вілем з Рожмберка і некалькі польскіх паноў.

Выбары ў тэорыі мусілі адбывацца аднагалосна. Але на практыцы даходзіла і да выбрання адначасова двух каралёў. Так было ў 1575, 1587, 1697 і 1733 гадах. У гэтым выпадку лёс кароны вырашалі ўжо вайсковая сіла і ўдача.

Часам трон доўга заставаўся ў руках аднаго роду: адзін за адным яго займалі тры прадстаўнікі шведскай дынастыі Вазаў і два — саксонскіх Вецінаў. Аднак некаторым не шанцавала асабліва. Так, Габсбургі, якія былі двойчы абраныя на падвойных элекцыях (так называлася сітуацыя, калі адначасова дзве групоўкі аб’яўлялі каралём розных кандыдатаў), але так і не здолелі заняць трон, настолькі не палюбіліся шляхце, што сойм у 1590 годзе ўвогуле забараніў прадстаўнікам гэтай дынастыі вылучаць свае кандыдатуры.

Зразумела, шансы на абранне каралямі мела і мясцовая шляхта. У свой час былі абраныя Міхал Карыбут Вішнявецкі, Ян Сабескі, Станіслаў Ляшчынскі і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Элекцыя Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Карціна Бернарда Белота, 1778 год. Апошняя вольная элекцыя Рэчы Паспалітай, якую, аднак, вельмі цяжка назваць сапраўды «вольнай», бо праходзіла яна пад пільным наглядам расійскага войска.

Сярод гістарычных анекдотаў згадваюць байку пра Шаўля Юдзіча Валя — заможнага берасцейскага яўрэя, якога шляхта падчас доўгага бескаралеўя 1587 года нібыта абрала валадаром на адну ноч. Той нібыта за гэты час нават паспеў выдаць шэраг прывілеяў для яўрэяў. Аднак на самай справе аўтарства апошніх належыць Жыгімонту ІІІ Вазу.

 

Што абяцалі выбарцам у Рэчы Паспалітай

Каб спадабацца шляхце, кожны з кандыдатаў раздаваў шчодрыя абяцанні. Так, у складаных умовах Інфлянцкай вайны трансільванскі князь Стэфан Баторы абяцаў вызваліць занятыя маскоўцамі землі ВКЛ. Вядомы мецэнат, ферарскі герцаг Альфонса, які неаднаразова браў удзел у элекцыях, прапаноўваў за ўласны кошт вучыць дзяцей шляхты ў знакамітых італьянскіх універсітэтах.

Не абыходзілася і без подкупу. Так, падчас выбараў 1648 года каралевіч Караль Фердынанд Ваза адкрыў у сваім невялікім палацы на Вісле карчму для таго, каб паіць, карміць і весяліць там шляхту. На «падарункі» ён патраціў тады, па чутках, больш за мільён злотых.

Кандыдат, які змог спадабацца шляхце, мусіў падпісаць «Генрыкавы артыкулы» і дадатковае пагадненне — pacta conventa. Апошні дакумент уяўляў сабой спецыфічныя «перадвыбарчыя абяцанні» манарха, якіх ён надалей мусіў пільнавацца.

Такія палітычныя гульні давалі магчымасць шматлікім групоўкам адстаяць свае інтарэсы. Напрыклад, ліцвіны ў сітуацыі бескаралеўя некалькі разоў імкнуліся дамагчыся частковага перагляду асобных умоў Люблінскай уніі, якія яны лічылі несправядлівымі. Менавіта няпэўнасць пазіцыі Жыгімонта ІІІ у Літве пасля падвойнай элекцыі падштурхнула таго ў 1588 годзе зацвердзіць знакаміты Статут ВКЛ.

 

Крызіс сістэмы

Шляхта на працягу доўгага часу лічыла выбарнасць манарха слушным элементам палітычнай мадэлі. Аднак яе мары пабудаваць на грунце Рэчы Паспалітай «Паўночныя Афіны», дзе б арганічна злучыліся галоўныя палітычныя інстытуты, не спраўдзіліся. З другой паловы XVII стагоддзя краіна ўсё больш цярпела ад прыватных інтарэсаў магнацкіх груповак і ўмяшання замежных дзяржаў. Увесь гэты перыяд грамадскае жыццё было напоўнена рэспубліканскай рыторыкай і прыгожымі разважаннямі пра вольнасць, якія з кожным дзесяцігоддзем на фоне заняпаду дзяржавы гучалі ўсё менш пераканаўча. Асабліва гэта было заўважна ў першай палове XVIII стагоддзя, калі розныя галіны ўлады аказаліся амаль паралізаваныя.

Неаднойчы рабіліся спробы выправіць сітуацыю, але яны не мелі поспеху. У Канстытуцыі 3 мая 1791 года ў VII раздзеле было канстатавана, што выбарная манархія прыводзіць да крызісу ўлады і адкрывае добрую магчымасць для ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай замежных краін, у сувязі з чым прадугледжваўся пераход да спадчыннай манархіі. Але было ўжо запозна. Рэчы Паспалітай заставалася існаваць лічаныя гады.

Кирилл Карлюк

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930