Найти
22.12.2018 / 22:011РусŁacБел

Сорок лет борьбы — двадцать два месяца власти. Судьба Свидригайло, одного из самых загадочных правителей Великого Княжества

Легко ли написать биографию средневекового князя и о чем в ней пойдет речь? Битвы, реформы, интриги? Самое трудное — рассмотреть за свидетельствами источников, чаще всего скупыми, живого человека с его характером. О малоизвестных фактах из жизни одного из самых загадочных правителей Великого Княжества Литовского пишет кандидат исторических наук Сергей Палехов.

Пячатка Свідрыгайлы 1420 года. Нацыянальны архіў у Кракаве. Адна з нешматлікіх прыжыццёвых выяў князя, аўтар якой дакладна бачыў Свідрыгайлу на свае вочы. За жыццё Свідрыгайла змяніў не менш за шэсць пячатак, але гэта адзіная з кірылічным надпісам. Каралеўская пячатка Ягайлы 1389 года (копія). Фота Нацыянальнага архіва ў Кракаве.

Нашы веды пра людзей Сярэднявечча рэдка грунтуюцца на іх уласных выказваннях пра сябе. Асабліва ва Усходняй Еўропе, дзе наратыўныя крыніцы — летапісы, хронікі, аналы — пераважаюць над дакументальнымі, а паведамленні летапісаў моцна залежаць ад інтарэсаў заказчыкаў і густу летапісцаў.

Так склаўся, напрыклад, пазітыўны вобраз Вітаўта. А вось яго шматгадоваму суперніку — Свідрыгайлу — пашанцавала менш. І Длугаш, і ананімны смаленскі летапісец, а пасля Мацей Стрыйкоўскі і Альберт Віюк-Каяловіч стварылі вобраз легкадумнага, вераломнага і жорсткага князя, а да таго ж п’яніцы, які мае схільнасць да «рускай веры і народу».

Імідж сыграў з князем злы жарт:

калі багатую эпісталярную спадчыну Вітаўта выдалі яшчэ ў канцы пазамінулага стагоддзя, то не менш багатая перапіска Свідрыгайлы, без якой немагчыма характарызаваць гэтага князя, дасюль слаба ўведзена ў навуковы абарот. Навошта марнаваць сілы на такога непрывабнага персанажа?

Абапірацца на меркаванні сучаснікаў у ацэнцы сярэднявечных дзеячаў таксама небяспечна. Сучаснікі жылі ў свеце чутак і нярэдка рабілі высновы на падставе іх. Яскравы прыклад — нямецкі храніст Эберхард Віндэке, які пісаў пра жаніцьбу Свідрыгайлы з кіпрскай прынцэсай і яго ўдзел у бітве з туркамі, хоць такога ніколі не было.

 

Любімы сын Альгерда?

Ёсць вялікая спакуса ацэньваць дзеянні той ці іншай асобы з пункту гледжання сучаснай псіхалогіі, але чалавечы светапогляд з часоў Сярэднявечча моцна змяніўся. Сярэднявечныя кіраўнікі дзейнічалі ва ўмовах абмежаванасці рэсурсаў, а дзяржава адрознівалася ад таго, што мы прывыклі называць гэтым словам цяпер: раней многае будавалася на асабістых сувязях, а фармаванне шматлікіх дзяржаўных інстытутаў толькі пачыналася.

Свідрыгайла, які нарадзіўся паміж 1369 і 1376, быў малодшым сынам вялікага князя Альгерда. Амаль праз паўстагоддзя, спрабуючы абгрунтаваць свае правы на пасад, ён сцвярджаў, быццам бацька, паміраючы, распарадзіўся: Свідрыгайла стане вялікім князем, калі Альгердаў спадчыннік Ягайла будзе каралём у іншай дзяржаве.

Мы не ведаем, якое распараджэнне насамрэч аддаў Альгерд перад смерцю, але многае паказвае на тое, што ў крытычны момант Свідрыгайла спрабаваў маніпуляваць пачуццямі свайго даўно памерлага бацькі да малодшага сына.

 

Праваслаўны памылкова

Вядома, што Свідрыгайла правёў дзяцінства і юнацтва ў Віцебску пад наглядам маці Ульяны, дачкі цвярскога князя Аляксандра Міхайлавіча, і старэйшага брата Ягайлы. Ён дакладна зведаў уплыў рускай культуры, але ўплыў гэты не варта пераацэньваць: Свідрыгайла насіў літоўскае, паганскае імя — у адрозненне ад сыноў Альгерда ад першага шлюбу, якія вядомыя выключна пад хрысціянскімі імёнамі (Андрэй, Фёдар, Уладзімір, Дзмітрый).

Меркаванне, быццам ён быў ахрышчаны ў праваслаўе пад імем Леў, памылковае: выдаўцы адной позняй крыніцы проста не паставілі коску паміж імёнамі князёў Льва Данілавіча і Свідрыгайлы… Затое вядома, што Свідрыгайла быў ахрышчаны ў каталіцтва пад імем Баляслаў і заставаўся набожным каталіком. Ён не раз звяртаўся да папы рымскага па пытаннях асабістай пабожнасці (напрыклад, прасіў дазволу хадзіць у лазню па святах і выхадных — бо лічылася, што лазня вядзе да граху). Вёў перамовы аб уніі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў і нават — нечуваная справа! — загадаў спаліць мітрапаліта ўсяе Русі Герасіма за кантакты са сваім супернікам Жыгімонтам Кейстутавічам.

 

Свідрыгайла? Людовік Венгерскі? Уяўны кіраўнік? Гравюра з «Хронікі Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні (1581). Гэты партрэт Свідрыгайлы надзвычай папулярны ў эпоху інтэрнэту, аднак дастаткова ўважліва пагартаць выданне, каб пераканацца, што тое ж клішэ, толькі без рамкі, было выкарыстана на некалькі старонак раней для выявы польскага і венгерскага караля Людовіка Анжуйскага, які, па словах аўтара, нічым асаблівым не праславіўся… Фота Bayerische staatsbibliothek.

Барацьба за вотчыну

Гэтымі трыма словамі можна апісаць жыццё Свідрыгайлы. З цягам часу Свідрыгайла разумеў вотчыну ўсё шырэй: ад Віцебска да Вялікага Княства Літоўскага. Пры гэтым ён шукаў падтрымкі ў суседзяў, «прыяцеляў» і сваякоў — у венгерскага караля, у Тэўтонскага ордэна, у мазавецкіх князёў, у аўстрыйскага герцага, у вялікага князя маскоўскага і нават у татарскага хана…

Адносіны з жыхарамі ВКЛ складваліся не так прадуктыўна. Нават найбуйнейшы яго поспех — уцёкі са зняволення ў Крамянцы і захоп Луцка — скончыўся бяздарна. Вітаўт затачыў Свідрыгайлу ў Крамянцы ў 1409 годзе за кантакты з Тэўтонскім ордэнам напярэдадні Грунвальдскай бітвы. Князь прасядзеў дзевяць гадоў, вызвалілі яго паплечнікі толькі ў 1418-м. Вызваліцелямі аказаліся князь Аляксандр Нос, праўнук князя Нарымонта, які яшчэ цешыў сябе спадзяваннямі на Пінск, і Дашка Астрожскі. Яны дапамаглі Свідрыгайлу ўцячы ў Луцк, але нешта пайшло не так. Урэшце князю прыйшлося ўцякаць праз Малдавію да Жыгімонта Люксембургскага і шукаць саюзнікаў за межамі ВКЛ.

Перыяды барацьбы за ўладу з братамі Вітаўтам і Ягайлам змяняліся прымірэннем. Свідрыгайла паспеў пакіраваць на Падоллі і ў чарнігава-северскіх землях. Гэтым ён быў абавязаны заступніцтву роднага брата Ягайлы, тады як Вітаўт некалькі разоў гатовы быў расправіцца з мяцежным стрыечным братам.

Усё змянілася, калі Вітаўт захварэў і памёр. Свідрыгайла заняў пасад насуперак пагадненням з Польшчай, пры падтрымцы шляхты ВКЛ. Тая, на хвалі «каранацыйнай буры», бачыла ў Свідрыгайлу кіраўніка, здольнага адстойваць самастойнасць іх краіны гэтак жа годна, як Вітаўт. Аднак хутка наступіла расчараванне.

 

Дробязнасць і пракрастынацыя

Такое ўражанне, што Свідрыгайла не вельмі разумеў, што рабіць з уладай, якая нарэшце ўпала яму ў рукі. Ён спрабаваў дзейнічаць па-старому, абапіраючыся на даўнія сувязі, зацягваючы і адкладаючы абмеркаванне наспелых пытанняў…

З Польшчай за некалькі месяцаў справа дайшла да вайны. Пры гэтым Свідрыгайла раз за разам адпрэчваў умовы прымірэння, якія прапаноўвала Польшча, і выяўляў дэманстратыўны недавер, згадваючы пра вераломства Ягайлы паўвекавой даўніны: тады Кейстут, што прыехаў для перамоў, быў зняволены ў Крэўскім замку, дзе пасля і памёр (або быў забіты).

Ён па-ранейшаму шукаў падтрымкі ў суседзяў, нярэдка абапіраючыся на тых жа людзей, што і ў часы барацьбы за ўладу. Пасля заняцця пасады ён пісаў Жыгімонту Люксембургскаму, што не забудзе «хлеб, з’едзены ў вашай літасці», а кантакты з Ордэнам ён выбудоўваў праз «старога маршала», а цяпер фогта Братыяна — Генрыха Хольта, з якім быў знаёмы яшчэ падчас уцёкаў у Прусію трыццаць гадоў таму.

Цяжка ўявіць сабе Вітаўта, які пісаў бы ў Ордэн, што іх не разлучыць нішто на свеце. Дый вайна з Польшчай, нягледзячы на ўсе напружаныя моманты, пры Вітаўце не разгарэлася і ўласнае асяроддзе не спрабавала скінуць яго.

Тэарэтычна, Свідрыгайла змог бы прадухіліць падпарадкаванне ВКЛ Польшчы. Аднак для гэтага трэба было мець стратэгічны план, якога якраз і не было. Гэта вельмі хутка зразумела асяроддзе. Свідрыгайла зацягваў пагадненне з Польшчай, што пагражала вайной. Вялікі князь, які дамагаўся трону амаль сорак гадоў, прасядзеў на ім толькі «два гады без двух месяцаў» (па словах летапісца): змоўшчыкі ўзвялі на трон Жыгімонта Кейстутавіча, брата Вітаўта. У ім яны бачылі больш згаворлівага і прадказальнага кіраўніка.

Змоўшчыкам, аднак, не ўдалося арыштаваць Свідрыгайлу, ён уцёк у Полацк. Так пачалася вайна, якая будзе доўжыцца шэсць гадоў.

Раней гісторыкі бачылі мудрагелісты разлік рускай шляхты ў тым, што яна падтрымала Свідрыгайлу пасля звяржэння. Маўляў, змагалася з літоўскай шляхтай за ўплыў на дзяржаву. Аднак аналіз кар’ер рускіх вяльможаў пры велікакняскім двары не пацвердзіў гэтай версіі. Няма нічога незвычайнага ў тым, што Русь падтрымала Свідрыгайлу: ён заставаўся для яе легітымным кіраўніком. Куды больш здзіўляе, з якой настойлівасцю змоўшчыкі падтрымлівалі Жыгімонта Кейстутавіча нават на краі катастрофы (напрыклад, падчас Свідрыгайлавых паходаў на Літву ў 1432 і 1433 гадах).

 

Даверчая грамата Свідрыгайлы паслу ў Прусію, 1438 год. Сакрэтны дзяржаўны архіў Прускай культурнай спадчыны, Берлін. За скупымі радкамі і ўрачыстым тытулам «вялікага князя літоўскага і рускага» стаіць трагедыя чалавека, які змагаўся за ўладу амаль чатыры дзесяцігоддзі, атрымаў яе воляю лёсу і ўсё страціў за некалькі гадоў. Фота Сяргея Палехава.

Спаліў мітрапаліта

Чаму ж у вайне перамог Жыгімонт Кейстутавіч, які доўгі час заставаўся даволі безаблічным, а потым заслужыў характарыстыку «вельмі дзіўнага гаспадара» (калі да яго прыбывалі паслы Тэўтонскага ордэна, выпускаў палонных лівонцаў, як толькі ад’язджалі — зноў закоўваў у кайданы)? За гэты час Жыгімонт многаму навучыўся, хоць яшчэ ў першы год вайны яго лічылі жорсткім вар’ятам

(казалі, нібыта ён звар’яцеў ад страху перад наступам Свідрыгайлы), у той час як Свідрыгайла ў 1432—1433 гадах дзейнічаў удала і слаў пераможныя рэляцыі вялікаму магістру Тэўтонскага ордэна Паўлю фон Русдорфу і польскаму каралю Уладзіславу Ягайлу.

Але Ягайла адмаўляўся прымірыцца са Свідрыгайлам на яго ўмовах (вяртанне княскага пасаду).

Русдорф спрабаваў лавіраваць, але пасля некалькіх ваенных няўдач заключыў «вечны мір» з Польшчай і Жыгімонтам, а Свідрыгайлу ў якасці суцяшальнага дару даслаў арбалет, пасля чаго перастаў адказваць на яго пасланні.

Падобны арбалет вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Паўль фон Русдорф даслаў Свідрыгайлу як знак прыхільнасці ў канцы 1437 года, пасля чаго абарваў усе кантакты. Малюнак з «Кнігі прыроды» Конрада фон Мегенберга, спіс каля 1442—1448 гадоў. Бібліятэка Гейдэльбергскага ўніверсітэта. Фота Universitätbibliothek Heidelberg.

Свідрыгайла сам адштурхнуў частку сваіх прыхільнікаў непапулярнымі мерамі.

З незразумелых прычын ён загадаў пакараць смерцю таленавітага і вопытнага палкаводца, кіеўскага ваяводу Міхаіла Гальшанскага, які вось толькі што разбіў Жыгімонтава войска. Праз два гады той жа лёс чакаў мітрапаліта Герасіма. Герасіма спалілі, абвінаваціўшы ў здрадзе: ён удзельнічаў у змове супраць Свідрыгайлы. Мэтай было перадаць Жыгімонту Свідрыгайлавы ўладанні, а самога яго забіць. Абвінавачанне не было беспадстаўным. Свідрыгайла сцвярджаў, што перахапіў «пераветныя граматы», і мне ўдалося знайсці адну з іх — яна прысвечана прызнанню царкоўнай улады Герасіма над уладаннямі Жыгімонта.

Падтрымка Свідрыгайлы падавалася ўсё менш перспектыўнай, асабліва пасля разгрому яго войскаў у Вількамірскай бітве (1435) і правалу пагаднення з Польшчай, якое магло б забяспечыць яму спакойную і нябедную старасць як кіраўніку Кіеўшчыны, Валыні і ўсходняга Падолля.

У Кёнігсбергскім архіве (знаходзіцца ў Берліне) захавалася даверчая грамата Свідрыгайлы, выдадзеная яго паслу ў Прусію Мікалаю Рагалю Падкраеўскаму ў каронным Пярэмышлі 6 снежня 1438 года. За скупымі радкамі і асыпанай пячаткай стаіць трагедыя: князь, які ўсё жыццё змагаўся за вотчыну, дамогся яе і страціў, але па-ранейшаму называў сябе «вялікім князем літоўскім і рускім». У грамаце ён звяртаецца да вярхоўнага маршала Тэўтонскага ордэна, нават не ведаючы яго імя, застаўшыся без уладанняў, без грошай і без былых прыхільнікаў — напэўна, у разліку на дапамогу, якой ужо не дачакаецца…

 

Сківіца выпадае, жонка ў палоне

Не варта забывацца: у час усіх гэтых падзей і Свідрыгайла, і Жыгімонт Кейстутавіч, і Ягайла былі вельмі немаладымі людзьмі, якія мелі сур’ёзныя праблемы са здароўем. Сучаснікі адкрыта казалі пра тое, што кароль Ягайла аслеп і стаіць адной нагой у магіле. Знакаміты саркафаг, які сёння можна ўбачыць на Вавелі ў Кракаве, быў амаль гатовы да сярэдзіны 1430 года. А Свідрыгайла ў 1433-м даверліва пісаў венцаноснаму брату, што ў яго «выпадае сківіца» (на думку лекараў, гаворка ідзе пра падвывіхі).

Прытым у Свідрыгайлы, у адрозненне ад яго братоў — роднага і стрыечнага, — па-ранейшаму не было нашчадкаў мужчынскага полу: адзіны сын, пра якога нешта вядома, памёр неўзабаве пасля нараджэння, а жонка Ганна (Соф’я), стрыечная сястра цвярскога князя Барыса Аляксандравіча, доўгія гады правяла ў палоне ў Жыгімонта Кейстутавіча.

 

Апошні шанец

Здавалася б, удача зноў усміхнулася Свідрыгайлу пасля забойства Жыгімонта Кейстутавіча. Відаць, гэта адбылося не без ведама старога вялікага князя, бо сярод забойцаў быў яго прыхільнік, князь Іван Чартарыйскі. Аднак паны кароннай Русі схілілі Свідрыгайлу да адмовы ад прэтэнзій на трон у абмен на ўладанні пад Львовам.

Нягледзячы на ўсе перыпетыі, у Свідрыгайлы заставаліся прыхільнікі. Калі малады кіраўнік дзяржавы Казімір Ягелончык ды літоўскія князі і паны, якія кіравалі ад Казіміравага імя, паспрабавалі зацвердзіць ягоную ўладу на Валыні, знайшліся незадаволеныя. Якраз яны — валынскія князі і баяры — запрасілі Свідрыгайлу княжыць у Луцк вясной 1442-га. Той пачаў зацвярджаць там свае пазіцыі, шчодра раздаючы землі і прывілеі. Луцкае княства, хоць і ўваходзіла ў ВКЛ, было вельмі самастойным, і нават вялікі князь не мог паўплываць на рашэнні тамтэйшай знаці.

Праз год стары князь прымірыўся з маладым каралевічам. Нам застаецца толькі здагадвацца, што адчуваў Свідрыгайла, сустракаючы пры двары Казіміра тых самых князёў і баяраў, якія некалі звяргалі яго з пасаду, а потым верай і праўдай служылі яго заклятаму ворагу Жыгімонту. Як бы там ні было, Свідрыгайла нарэшце змог пасля доўгага расстання ўбачыцца з жонкай, а Казімір — заручыцца падтрымкай дзядзькі, неабходнай для таго, каб Луцкая зямля пасля ягонай смерці апынулася ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, а не Польскага каралеўства.

Задумка ўдалася: пасля Свідрыгайлавай смерці 10 лютага 1452 года Луцкая зямля яшчэ больш за стагоддзе заставалася ў складзе Вялікага Княства Літоўскага (пакуль не перайшла ў склад Польшчы), а стары князь, які за два дзесяцігоддзі да таго займаў віленскі пасад, спачыў у кафедральным саборы ў Вільні, побач з Вітаўтам, Жыгімонтам Кейстутавічам і яго сынам Міхаілам (Міхайлушкам). Былыя супернікі і заклятыя ворагі пасля смерці аб’ядналіся ў пантэоне кіраўнікоў, каб увасабляць ідэю літоўскай дзяржаўнасці.

Сергей Палехов

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
ПНВТСРЧТПТСБВС
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031