Написать новость
Найти
21.07.2018 / 23:12 9

Еще один Костюшко!

Летась у выдавецтве «Тэхналогія» ў серыі «Нашы славутыя землякі» выйшла кніга А. Раманчук і В. Ярмоленкі «Архонт мёртвага горада. Кароль Касцюшка-Валюжыніч», прысвечаная вядомаму археолагу, заснавальніку і першаму дырэктару музея старажытнага Херсанеса Каралю Касцюшку-Валюжынічу.

Увеличить изображение

Кароль Касцюшка-Валюжыніч у працоўным кабінеце. Здымак пачатку ХХ стагоддзя.

Пачатак жыццёвага шляху

Каро́ль Касцюшка-Валюжыніч нарадзіўся 2 мая (20 красавіка ст. ст.) 1847 года ў родавым маёнтку Новае Сяло Дрысенскага павета Віцебскай губерні (цяпер Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці) у беларускай шляхецкай сям’і.

Атрымаўшы добрую хатнюю адукацыю, у жніўні 1859 года, у 12 гадоў, Кароль Касцюшка-Валюжыніч паступіў на падрыхтоўчае аддзяленне Інстытута Корпуса горных інжынераў у Пецярбурзе. У той час гэта была прэстыжная закрытая вайсковая навучальная ўстанова, якая славілася высокім роўнем адукацыі.

Няма сумневу, што Кароль Касцюшка-Валюжыніч з часам стаў бы выдатным горным інжынерам. Для гэтага ў яго было ўсё — і здольнасці, і імкненне. Але скончыць Горны інстытут яму не давялося. 20 верасня 1865 года ён быў звольнены з 5-га падрыхтоўчага класа — магчыма, праз свае «касцюшкаўскія» ідэалы, а паводле іншых сведчанняў — проста як сваяк (няхай сабе і далёкі) вядомага правадыра паўстання.

Праца на чыгунцы

Паводле аўтабіяграфіі, вярнуўшыся ў Новае Сяло, Кароль «працаваў на сельскай гаспадарцы ў бацькоўскім фальварку». Ён добра ведаў нямецкую мову, і гэта дапамагло праз тры гады, у 1868 годзе, уладкавацца на працу ва ўправу Дынабург-Віцебскай чыгункі на пасаду памочніка галоўнага інжынера. Праца была звязаная з улікам матэрыяльных каштоўнасцяў. Касцюшку-Валюжынічу даводзілася наведваць Каўказ і Урал, Сярэднюю Азію і Сібір — грузы з таварных цягнікоў у Расеі, як і цяпер, часта прападалі, і ён выязджаў на неабсяжныя прасторы імперыі па судовых справах.

Гады вучобы ў сырым Пецярбургу, неспрыяльныя ўмовы працы, няспынныя пераезды цягнікамі драматычна адбіліся на ягоным здароўі. У 1879 годзе Кароль змушаны быў паехаць у Севастопаль лячыцца ад хваробы лёгкіх. Там пачаў працаваць ва ўправе Лазова-Севастопальскай чыгункі (спачатку на пасадзе канторшчыка, а пасля — старшага бухгалтара-рахункавода). Увосень 1881 года ён пакінуў службу з уласнага жадання, а налета перанёс цяжкую аперацыю: з прычыны абсцэсу яму было выдалена лёгкае. Лекары рэкамендавалі назаўжды пасяліцца ў Крыме, і ён набыў дом у Севастопалі, дзе і пражыў да канца жыцця.

Страбон памыляўся?

Мы не ведаем, калі дакладна ў нашага земляка ўзнікла цікавасць да Антычнасці, але ўжо ў 1882 годзе ён заснаваў Гурток аматараў гісторыі і старажытнасцяў Крыма з музеем і бібліятэкай.

У 1888 годзе, паводле рэкамендацыі віцэ-прэзідэнта Адэскага таварыства гісторыі і старажытнасцяў У. Юргевіча, яго запрасілі да вядзення работ у Херсанесе. Касцюшка стаў памочнікам выдатнага расейскага візантыніста Н. Кандакова, кіраўніка раскопак да 1891 года.

Каб прадэманстраваць важнасць раскопак і прыцягнуць да іх увагу ўплывовых асобаў, а найперш — імператарскай сям’і, трэба было адразу сабраць як мага больш цікавых знаходак. Касцюшка гэта добра разумеў. Ужо ў першы год работ яму ўдалося выявіць сведчанні ранняга існавання Херсанеса на беразе Каранціннай бухты. І хоць гэта былі яшчэ не самыя старажытныя знаходкі, яны выклікалі сумнеў у сведчанні старажытнагрэцкага географа і гісторыка Страбона, які пісаў пра два Херсанесы — старажытны і новы.

Касцюшка-Валюжыніч адзначаў: «Невялікія раскопкі 1890 года і тапаграфія мясцовасці паказалі, што ранні Херсанес мог быць толькі на невялікім паўвостраве ў вышнявіне Казачай бухты. Ці доўга існаваў? Ці быў шматлюдным? Адказы адмоўныя. У III стагоддзі да нараджэння Хрыстова Херсанес знаходзіўся ўжо там, дзе мы яго бачым у цяперашні час». У ходзе дыскусіі, на вынік якой у значнай меры паўплывалі археалагічныя даследаванні 1888—1891 гадоў, было даведзена, што Херсанес ад самага пачатку існаваў на тым самым месцы, што і ў рымскім і візантыйскім перыядах.

Сенсацыйныя знаходкі

У 1889 годзе Касцюшка-Валюжыніч распачаў даследаванні адкрытай ім «базілікі ў базіліцы», якая атрымала такі назоў ад таго, што пазнейшы храм (Х стагоддзя) пабудаваны тут на руінах даўнейшага (VІ стагоддзя).

Бадай, самая сенсацыйная эпіграфічная знаходка Караля Касцюшкі-Валюжыніча — мармуровая стэла з Прысягай херсанесцаў III стагоддзя да Нараджэння Хрыстова. Верхняя і ніжняя часткі былі знойдзеныя ім у 1890—1891 гадах, а невялікі фрагмент — у 1899 годзе. Даследнік гэтага ўнікальнага помніка В. Латышаў пісаў, што сваёй захаванасцю «клятва херсанесітаў перасягае афінскую», а паводле паўнаты зместу ёй няма роўных на ўсім абшары старажытнагрэцкай цывілізацыі.

Увеличить изображение

Мармуровая стэла з Прысягай херсанесцаў III стагоддзя да Нар. Хр.

У 1893—1894 гадах Касцюшка-Валюжыніч адкрыў фрагмент старажытнага абарончага муру ў паўднёва-заходнім куце гарадзішча і пачаў яго планамернае вывучэнне. Фартыфікацыйную агароджу Херсанеса да апошніх дзён жыцця ён лічыў адным з самых важных аб’ектаў даследаванняў.

У 1897 годзе Касцюшка раскапаў вялікі крыжападобны храм, пабудаваны на месцы антычнага амфітэатра. Гэтая старажытная пабудова атрымала назоў «храм з ківотам», бо ў ім быў знойдзены рэліквар з мошчамі.

Увеличить изображение

Крыжападобны храм («храм з ківотам»), пабудаваны на месцы антычнага амфітэатра. Сучасны аэрафотаздымак.

У 1898 годзе Касцюшка-Валюжыніч распачаў першыя археалагічныя даследаванні так званай Вежы Зянона — аднаго з ключавых элементаў фартыфікацыі Херсанеса. Вежа атрымала назоў на імя візантыйскага імператара, які ў 488 годзе фундаваў умацаванне гарадскіх сцен, пра што сведчыць знойдзены на вежы надпіс. Гэта абарончае збудаванне вельмі добра захавалася, што робіць яе каштоўнай гістарычнай крыніцай і выдатным архітэктурна-гістарычным помнікам.

Увеличить изображение

Вежа Зянона. Сучасны здымак

Канфлікты і перашкоды

Жыццё нашага героя было нялёгкім, а часам вельмі цяжкім. Яму даводзілася пераадольваць і супраціў манастырскага начальства, і абыякавасць Вайсковага ведамства, і нават неразуменне кіраўніцтва Археалагічнай камісіі.

Усё, што несла шкоду Херсанесу, ён успрымаў як асабістую драму — узвядзенне манастырскіх будынкаў, пабудова артылерыйскіх батарэй на гарадзішчы… Для манастырскага начальства ён, як каталік, быў чужым чалавекам. Яны трактавалі ўсю візантыйскую спадчыну як праваслаўную. Тым часам падзел хрысціянства на Усходнюю і Заходнюю цэрквы, як цярпліва тлумачыў ім Касцюшка, адбыўся толькі ў 1054 годзе. Але яго і слухаць не хацелі. Адзін з настаяцеляў манастыра пісаў даносы, вінавацячы яго, каталіка, у свядомай варожасці да праваслаўнага манастыра. А старшыня Археалагічнай камісіі граф А. Бобрынскі даводзіў яму, што інтарэсы Вайсковага ведамства (работнікі якога, дарэчы, нажываліся на продажы старажытных знаходак) стаяць вышэй за археалагічныя. Да таго ж некаторыя ганарыстыя навукоўцы, бываючы ў Херсанесе праездам, крытыкавалі ягоныя раскопкі, што, маўляў, вядуцца без пэўнага плана, і сістэму захоўвання экспанатаў у музеі.

Увеличить изображение

Кароль Касцюшка-Валюжыніч суправаджае імператара Мікалая ІІ з імператрыцай на экскурсіі па руінах Херсанеса. 1902 год.

Мара ўсяго жыцця

Зразумела, у тых умовах стварыць у Херсанесе музей было вельмі складана. І ўсё ж у 1892 годзе ў збудаваным на беразе Каранціннай бухты будынку адкрыўся Склад мясцовых старажытнасцяў.

На пачатку ХХ стагоддзя нарэшце было прынятае рашэнне аб узвядзенні спецыяльнага будынка для музея, але набліжалася расейска-японская вайна. І К. Касцюшка-Валюжыніч разумеў, што ў гэты час цяжка спадзявацца на саліднае фінансаванне будаўніцтва. «Жудасна становіцца ад думкі, — пісаў навуковец, — што не дажыву да новага музея. А мне так хацелася б самому ўсё ўладкаваць і спарадкаваць у новым будынку. Калі праект стварэння Херсанескай археалагічнай станцыі не сустрэне спачування, то справе далейшага навуковага даследавання Херсанеса будзе нанесены смяротны ўдар. Выхаваўчае значэнне раскопак будзе страчанае, і за Херсанесам застанецца толькі адна роля — пастаўляць матэрыялы для археалагічных архіваў».

«Я не здраджу Херсанесу…»

Пры канцы верасня 1907 года каля Ялты, на мысе Ай-Тадор, пачаліся раскопкі рымскай фартэцыі Харакс. У часе наведвання гэтых раскопак К. Касцюшка-Валюжыніч трапіў пад доўгую залеву і прастудзіўся, што мела трагічныя наступствы. Больш за месяц хвароба працякала вяла, але пад канец лістапада абвастрылася. Як на тое, у пакоі, дзе знаходзіўся хворы, было вельмі сыра і халодна. Моцны запаленчы працэс закрануў адзінае лёгкае. Самаахвярны даследнік не дажыў да адкрыцця асобнага адмысловага будынка для музея. 27 снежня К. Касцюшка-Валюжыніч памёр ад вострай пнеўманіі і сепсісу ў лякарні Чырвонага Крыжа.

Незадоўга да смерці даследнік напісаў старшыні Маскоўскага археалагічнага таварыства графіні П. Уваравай: «Як архонт мёртвага горада, я пасяліўся на яго руінах, заўсёды знаходжуся там і хацеў бы нават быць пахаваным у Херсанесе». І з горкай іроніяй дадаў: «…але, як паганец (паводле меркавання тутэйшых святых айцоў), вядома, не заслужыў такога гонару». Аднак жа сталася іначай. Касцюшку-Валюжыніча пахавалі ў двары манастыра, непадалёк ад цэнтральнай плошчы старажытнага горада. Гэта было прызнаннем яго вялікіх заслуг перад навукай.

На магіле, на сціплым пастаменце з шэрага каменю, узвышаецца мармуровая калона з раскопак Херсанеса. Яна стаіць як сімвал 20-гадовай працы дзеля аднаўлення гісторыі старажытнага горада.

З даўніх часоў у студэнтаў, якія прыязджаюць на археалагічную практыку ў Херсанес, існуе традыцыя: прамаўляць словы вернасці Херсанесу ля магілы К. Касцюшкі-Валюжыніча, паўтараючы Прысягу херсанесцаў: «Я не здраджу Херсанесу…». Гэтыя словы адлюстроўваюць жыццёвае крэда нашага героя. У адным з пасланняў у Археалагічную камісію ён пісаў: «Я так адданы справе даследавання Херсанеса і, як фанатык, так далёка зайшоў, што вяртання няма! Для мяне развітацца з Херсанесам — усё роўна, што развітацца з жыццём».

Вынікі навуковай дзейнасці

Ад самага пачатку раскопак у Херсанесе і да канца зямных дзён Касцюшка-Валюжыніч самааддана служыў любімай справе. За ўсю гісторыю вывучэння гарадзішча ніхто не адкрыў гэтулькі помнікаў, не пакінуў пасля сябе такога велізарнага ліставання і дасканалай, з пазіцый таго часу, дакументацыі, як К. Касцюшка-Валюжыніч.

Вынікі ягонай дзейнасці ўражваюць. Ён ажыццявіў маштабныя раскопкі плошчы старажытнага горада: адкрыў жылыя кварталы і вуліцы, крамы і майстэрні, грамадскія будынкі і багата дэкараваныя цэрквы з мазаічнымі падлогамі, сістэму водазабеспячэння і капітальныя абарончыя збудаванні.

Навуковая спадчына К. Касцюшкі-Валюжыніча складае велізарны архіўны фонд (больш за 5 тысяч адзінак захоўвання) — гэта копіі рукапісных справаздач, накіраваных у Археалагічную камісію, фатаграфіі і чарцяжы, якія дакументуюць працэс раскопак, ліставанне з вядучымі навуковымі ўстановамі, гісторыкамі і прыватнымі асобамі.

Увеличить изображение

Старонка справаздачы Караля Касцюшкі-Валюжыніча пра вынікі раскопак

Невычэрпная працаздольнасць Касцюшкі і бязмежная любоў да Херсанеса заклалі аснову вядомага цяпер на ўвесь свет запаведніка, які з’яўляецца ўнікальным гістарычным комплексам і нязменна вабіць да сябе шматлікіх гасцей з розных гарадоў. Гэта не толькі гарадзішча, унесенае ў 2013 годзе ў спіс аб’ектаў Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЭСКО. Херсанес стаў адным з найбуйнейшых навукова-даследчых цэнтраў, дзе працуюць гісторыкі з розных краін. Яшчэ не адно пакаленне гісторыкаў будзе звяртацца да навуковай і творчай спадчыны першага загадчыка гарадзішча, выкарыстоўваць сабраныя ім матэрыялы і даследаваць помнікі, адкрытыя нашым вялікім суайчыннікам.

Увеличить изображение

Экспанаты ў Сховішчы старажытнасцяў.

Паляк ці ліцвін?

Нашы заходнія суседзі па сваёй даўняй звычцы ўсіх беларусаў-каталікоў запісваюць у палякі. Не мінула такая доля і Караля Касцюшку-Валюжыніча. Для іх ён «польскі археолаг», «з старажытнага польскага роду», «гадаваўся ў польскай сям’і». А каб ні ў каго не заставалася сумневаў у паходжанні нашага героя, яны парупіліся зрабіць і падаравалі Херсанескаму музею бюст навукоўца з польскім надпісам. Што на гэта можна сказаць? Адказ даў сам Касцюшка. У адным з нядаўна знойдзеных архіўных дакументаў ягонай рукою пазначана «…не хаваю сваёй ліцвінскай нацыянальнасці і рымска-каталіцкага веравызнання».

Праблема ўшанавання памяці на радзіме

Дзіцячыя гады нашага героя прайшлі ў бацькоўскім маёнтку Новае Сяло, які размяшчаўся на правым беразе Дзвіны пры вусці рэчкі Росіца, паблізу сённяшняй беларуска-латвійскай мяжы, побач з мястэчкам Друя.

Цяпер гэтае некалі люднае паселішча дажывае свой век. Пад шатамі лісцёвага лесу — былога прысядзібнага парку — сёння можна пабачыць, але ў вельмі занядбаным стане, тое, што раней было панскай сядзібай, з сажалкай і невялікім азярцом сярод палявога раздолля. Дом у цэлым захаваў першапачатковы выгляд (размяшчэнне пакояў, аконныя і дзвярныя прахоны, ганак, варыстая печ — усё, як і раней), толькі даўнейшы гонтавы дах стаў шыферны. Аднак з фотаздымка, які пераслаў нам пасля выхаду кнігі «Архонт мёртвага горада» гісторык-краязнавец Антон Бубала, відаць, што стан гэтага дома сёння катастрафічны. Тэрмінова патрабуецца кансервацыя і наданне яму статусу ахоўнага аб’екта гістарычна-культурнай спадчыны.

Увеличить изображение

Сядзіба Касцюшкаў-Валюжынічаў. Здымак 2006 г.

Адзін з аўтараў кнігі «Архонт мёртвага горада» Валер Ярмоленка, вялікі энтузіяст аднаўлення родавай сядзібы нашага героя, не дачакаўся выхаду яе ў свет. 22 верасня 2015 года яго не стала. І цяпер няма каму ўзяць на сябе клопат у гэтай важнай справе.

А што далей?

Для мяне як для вядучага рэдактара гэтай кнігі цалкам відавочна, што Кароль Касцюшка-Валюжыніч — асоба, вартая ўшанавання. Таму я звярнулася ў Грамадскае аб’яднанне «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» да старшыні — Антона Астаповіча. Вельмі ўдзячная яму за хоць і песімістычны, але хуткі і шчыры адказ. Па ўсім відаць, што спадар Антон — чалавек слова, які стараецца не даваць пустых абяцанак. Ён аргументавана давёў, што перспектывы захаваць сядзібу вельмі змрочныя, што гэта амаль немагчыма. На яе аднаўленне патрэбны сродкі, а іх няма і не будзе. І нават калі здарыцца цуд і знойдзецца фундатар, ніхто не захоча даваць грошы, пакуль не вызначаны юрыдычны статус гэтага месца. Гаворка ідзе пра наданне статусу нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці месцу былой сядзібы Касцюшкі-Валюжыніча. У Таварыства займацца гэтай справай няма магчымасці ды матэрыяльных рэсурсаў, да таго ж ёсць план працы на год, а таксама некалькі праектаў, па якіх Таварыства мае абавязкі перад людзьмі і ўладамі.

Няўжо ўсё так змрочна і бесперспектыўна? Няўжо сярод амаль 10-мільённага народа не знойдуцца людзі — і сярод чыноўнікаў, і сярод бізнесоўцаў — якія возьмуць на сябе клопат і адказнасць разварушыць гэтую справу? Якая б занядбаная ні была сядзіба, але яна ёсць! Ад дома Тадэвуша Касцюшкі застаўся адзін падмурак, а яго ж адбудавалі. Лепей жа сёння хоць закансерваваць, чым заўтра ўзнаўляць на пустым месцы. Колькі на гэта трэба грошай? Мабыць жа, нямала, бо нічога не робіцца задарма. Але ж гэта не замак, не палац, а ўсяго толькі драўляны дом. Ці, можа, будзем чакаць, калі ініцыятыву праявяць палякі, якія і грошы знойдуць, і напішуць потым на мемарыяльнай таблічцы «вялікі польскі археолаг»?..

Цяпер шмат гавораць пра патрыятызм. Але без справаў гэтыя словы становяцца пустым гукам. Пацвярджайма сваю любоў да Радзімы канкрэтнай справай!

Алеся Станкевіч

0
Пацыфіст / ответить
22.07.2018 / 14:26
Черная Русь: "...«…не хаваю сваёй ліцвінскай нацыянальнасці і рымска-каталіцкага веравызнання» -ну и кто он, если не поляк? литвин? а это что за национальность?"                    Раю больш пачытаць пра насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага, яго гісторыю, а заадно параўнаць з часам узнікнення Расійскай імперыі!!! 

0
Рагнеда Вясёлка / ответить
22.07.2018 / 19:51
Страбон „памыляўся“. Гэта яшчэ нічога. Вось як „памыляўся“ антычны Пталямей пры апісаньні яго Еўрапейскай Сарматыі, во дзе памылкі. Кожны з Вас, паважаныя, можа знайсьці яго памылкі,  дастаткова ўмець прыбаўляць  адзінку. Вось адна зь яго памылак(задача на вечар): Пталямей: (2) Вусьці ракі Барыстэна 13  57°30' - 48°30'; вусьце ракі Хіпаніса 14          58°        - 48°30'; Тамірака 21                             59°20' - 48°30';  вусьце ракі    Каркініта        59°40' - 48°30'. За гэтым вусьцем ідзе пярэсмык22, які адзьдзяляе Херсанес Таўрычны23: берагавая яго лінія ў Каркініцкага заліва знаходзіцца пад 60o20 '- 48o20', а ля возера Біка24 пад 60o30 '- 48o30'…. (14) … Вышэй ракі Аксімака: Ардэс 57°- 48°30' “. –   Задача,  дакажыце, што: Ардэс 57°- 48°30'  (п. 14, Еўрапейская Сарматыя), гэта Качубей-Адэса=>14Вусьце Хіпаніса 58°        - 48°30' - гэта ўмоўнае вусьце П. Буга (Бускага ліман) =>13Вусьце Барыстэна 57°30' - 48°30'  (п. 2, Еўрапейская Сарматыя), гэта ўмоўнае вусьце дняпроўскага лімана (Кінбурн)=> 21Тамірака 59°20' - 48°30' (п. 2, Еўрапейская Сарматыя), гэта Рыбальча (Дняпроўскі ліман)=> 24 Кропка "ля возера Бік (укр. Бик, ням. Bic/Bik) (п. 2, Еўрапейская Сарматыя),  гэта Голая Прыстань (паварот Дняпра)         => возера Біка24, гэта рака Бык (прыток Самары) Падказка: Берагавая лінія ў Пталямея -  гэта Адэса-Кінбурн-вусьце Бускага лімана- Рыбальча- Голая Прыстань, яе каардынаты цяпер: Адэса (паварот берагавой лініі Чорнага мора )     30°43′40″  (  55°43′40″  )  у.д. - 46°30′ пн. ш.Кінбурн (Дняпроўскі ліман, Чорнае мора)                31°32′35″  (  56°32′35″  )  у.д. - 46°30′ пн. ш.Аджыго́льскі  мая́к (Дняпроўскі ліман)                     32°13′57″  (  57°13′57″  )  у.д. - 46°30′ пн. ш.                            Вусьце Дняпра (дняпроўскі ліман, Рыбальча )      32°17′14″  (  57°17′14″  )  у.д. - 46°30′ пн. ш.   / сучаснасцьРыбальча (Дняпроўскі ліман)                                        32°17′14″  (  57°17′14″  )  у.д. - 46°30′ пн. ш.Голая Прыстань (паварот Дняпра.)                           32°31′00″  (  57°31′00″  )  у.д. - 46°30′ пн. ш. Для разьлікаў Вам спатрэбіцца ► Выснова 1 (базавая): сучасная паралель 48°30′ супадае з паралельлю 48°30′ ў працы Пталямея. Абазначым яе праз 48°30′.У далейшых разважаньнях будзем лічыць, што паралелі Пталямея супадаюць з сучаснымі паралелямі.►Выснова 2 (базавая): сучасны мерыдыян 28° супадае з мерыдыянам 53° ў працы Пталямея. Абазначым яго праз 28°(53°).Адлік мерыдыянаў  будзем весьці ад мерыдыяна 28°(53°):53°Ptol =28°Real (базавы мерыдыян):54°Ptol =29°Real55°Ptol =30°Real56°Ptol =31°Real57°Ptol =32°Real58°Ptol =33°Real59°Ptol =34°Real60°Ptol =35°Real ...і паглядзім, што атрымаецца.Для таго каб знайсьці каардынаты вусьця Бускага лімана Вам спатрэбяцца каардынаты гарадоў: Смаленск  32°02′43″ д. 54°46′58″ ш.  -> 32° д. 54°50′  ш. -> 32°(57°)  54°50′  /мерыдыяна 28°/Чаркасы   32°03′35″ д. 49°26′40″ ш.  -> 32° д.  49°30′ ш. -> 32°(57°)   49°30′  /мерыдыяна 28°/Мікалаеў   32°00′00″ д . 46°58′00″ ш. -> 32° д.  47°      ш. -> 32° (57°)  47°     /мерыдыяна 28°/ Калі адолееце гэтую простую задачу,  паглядзіце на даўжыню Сіваша і ракі Бык.  Касцюшка-Валюжыніч - гэта залатая скарбонка беларусаў&літоўцаў (не летувісаў маю на ўвазе):Цытата: „ Die Litauer (poln. Litwini, russ. Litowzi)…“ -  гэта з слоўніка Brockhaus'  Konversations-Lexikon(мова нямецкая)
0
муха цэ цэ / ответить
27.07.2018 / 20:42
Такiх закiнутых-разрабаванных  сядзiбау сотнi у РБ....... Прыклад, у 1997г. у Краснай Звяздзе( П.....зде) ((Радзiвiльмоты) заснавана у 18-19-м стагодзi у гонар жонкi аднаго з Радзiвiлау iтальянкi Монты)) Клецкага раёну у маёнтку быу: часткова дах ,агромiстыя драуляныя калоны, аканiцы i уся планiроука усярэдзiне. у 2017г. --- паукруглыя астанкi сцен бакавых флiгеляу абнесенных слабенькiм плотам i ШЫЛЬДА мiнiстэрства культуры. Засталiся:часткова парк, як усюды зарозшыя-загаджаныя сажалк. Няведаю цi ёсць "сабачая горка"-штучная насып для трэнiроукi панскiх сабак. А "калгас" ня бедны дарэчы пазасяляу у гаспадарчых пабудовах маёнтка  сваiх-несваiх работнiкау. На здароу,е!  Былы палац у баку ад шляхоу рэспублiканскага значэння i у 24 км  ад Нясвiжа на пауднёвы захад.   
Показать все комментарии
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
2017 2018 2019
июль август сентябрь
ПН ВТ СР ЧТ ПТ СБ ВС
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30 31