Найти
03.07.2018 / 13:3641РусŁacБел

Дашкевич мирит Пальчевского и Пальчиса: «Я заколебался участвовать в профанациях»

Хочацца мне сёньня напісаць пра двух братоў — Пальчэўскага і Пальчыса. Першы зь іх, які Сяргей, абрынуўся з крытыкай на фестываль «Наш Дзень», наведвальнікі якога не пайшлі абараняць Курапаты.

Другі, які Эдуард, абурыўся на абурэньне брата. Як вынік — два самаахвярныя патрыёты пасварыліся на радасьць ворагам. Хоць рацыю, канцэптуальна, меў і першы, і другі.

Мне абсалютна зразумелы эмоцыі Сяргея Пальчэўскага, якога зьядае рэўнасьць па праўдзе, які з болем глядзіць на тое, як два дзясяткі патрыётаў бароняць нацыянальны нэкропаль. Але давайце разьбярэмся з галоўным: адкуль гэты боль?

Па-першае, боль гэты ад неадэкватна ацэненай абстаноўкі.

Калі мы зыходзім з таго, што нас тысячы і за Курапаты народ стане на сьмерць, то, натуральна, у нас узьнікаюць абгрунтаваныя прэтэнзіі: калі вы, тысячы, за Курапаты ня сталі, то вы — мудакі, як заявіў любімы мой брат Сяргей Пальчэўскі. Але праўды ў тым, што стаяць у Курапатах гатовы ў лепшым выпадку дзясяткі патрыётаў, сотні гатовы ім дапамагаць, тысячы гатовы ім суперажываць чытаючы навіны. І калі мы будзем зыходзіць з рэальнасьці, а ня выдумкі, у нас зьнікне расчараваньне і неабгрунтаванае абурэньне; мы будзем радавацца кожнаму новаму змагару ля Курапатаў, а не праклінаць тысячы, якія не далучыліся.

Па-другое, крыніца болю — неадэкватная шкала патрабаваньняў да іншых людзей, якая звычайна базуецца на асабістай шкале. Я сам часта гэтым грашыў. Я лічыў: калі я магу сабраць за дзень дзьвесьце подпісаў — кожны можа; калі я магу тузацца з АМАПам — кожны павінен; калі я іду ў турму — кожны з маіх паплечнікаў мусіць быць гатовы. І гэта разбуральная філасофія. Бо кожнаму Бог даў сваю меру магчымасьцяў і сваю шкалу патрабаваньняў.

Якое я маю права сказаць «мудак» на 17-гадовага падлетка, які ўпяршоў прыйшоў на беларускамоўны фэст? Хіба асабістая шкала ацэнкі дазваляе мне сказаць «вата» на маладую сям’ю, якая ўзьняла бел-чырвона-белы сьцяг на фэсьце, а не ў Курапатах? Калі мы зразумеем, што кожны патрыёт робіць нешта ў меру сваіх магчымасьцяў, а не ў меру магчымасьцяў умоўнага супергероя, мы будзем радавацца кожнай праяве Беларушчыны — і сьцягу ў Курапатах, і сьцягу на фэсьце.

Па-трэцяе, крыніца болю — гэта разбор паводзінаў іншых, а не разбор самога / саміх сябе.

А давайце паспрабуем разабраць сябе? Давайце паспрабуем адказаць на пытаньне, чаму да грамадзкага (не палітычнага нават) чыну ў Курапатах не далучаюцца тысячы? А я лічу, што мы самі зрабілі многае, каб тысячы не далучаліся. Я сказаў адзін раз, другі і скажу трэці: для чаго гэтыя дзясяткі ці ўжо нават сотні бессэнсоўных пратаколаў? Мы не пусьцілі машыну ў бульбашжор, панаехала міліцыі з даішнікамі састаўляць пратаколы, а наведвальнік пайшоў жраць пешшу, а прадукты кіроўца разгружае рукамі і вязе іх на калымажцы ў кабак. Дык я не разумею, у чым сэнс гэтай недарэчнай радыкалізацыі? Мы сапраўды думаем, да тагога фармату далучацца тысячы? Гэта што датычна фізычных рухаў, пра якія можна гаварыць доўга. Але ж ёсьць яшчэ і словы, якія таксама багата на што ўплываюць.

Ведаеце, калі я прыняў рашэньне не ўдзельнічаць у «маршах недармаедаў»? Спачатку я ставіўся да гэтай ініцыятывы з супярэчлівымі пачуцьцямі: з аднаго боку добра, што людзі пачынаюць за нешта змагацца, а з іншага — яны ж змагаюцца толькі за пуза, а такая барацьба ніколі ня дасьць вынікаў. І супярэчнасьці мае прыбраў артыкул на «Хартыі’97», які агітаваў мяне на марш: «Вырашальны дзень у гісторыі беларускага супраціву!» А я ж ужо 17 год у хіп-хопе, я ж ужо разумею, што гэта ні фіга ня будзе вырашальным днём у гісторыі беларускага супраціву, а калі ня будзе, то ўсё гэта — прафанацыя. А я закалябаўся ўдзельнічаць у прафанацыях.

І што будзе, калі гэта прафанацыя стане відавочнай усім? Будзе яшчэ большае расчараваньне і яшчэ большая дэмаралізацыя тысяч актывістаў, якіх мы хочам далучыць да змагарскага руху. Таму, сябры,

калі мы ў Курапатах ці дзе іншым месцы гукаем прыгожыя гучныя лозунгі, адарваныя ад жыцьця, мы павінны разумець, што гэта не павялічвае нашыя сілы, але наадварот — памяншае.

Стан нашага грамадзтва і патрыятычных сілаў — гэта тая прычына, дзякуючы якой бульбашжор працуе, а не наадварот. Было б грамадзтва ў іншым стане, ён бы і пабудавацца ня мог, ня тое што працаваць другі месяц. Мае рацыю Сяргей, калі абураецца такім станам рэчаў? Мае, хоць гэта і зроблена ў няправільнай форме і груба, за што, па-нармальнаму, трэба выбачыцца.

А мае права Эдуард абурацца няправільнай формай і абразам? Напэўна, мае — ён больш за многіх пасьвяціўся Курапатам і ў 2017, і ў 2018, арганізуючы паралельна і «БНР-100», і «Наш дзень». І па сутнасьці ўсё патлумачыў Эдуард правільна, але таксама зрабіў гэта груба.

У выніку: два пасьвячоныя чалавекі, і нават браты, сварацца на радасьць ворагам. Ці гэта ня дзіка? Давайце, сябры, выбачымся адзін перад адным — і будзем рухацца далей. Кожны ў меру сваіх магчымасьцяў, кожны адказваючы толькі за сябе.

Я таксама выбачаюся, што распавядаю тут вам, як трэба і як ня трэба — гэта проста маё меркаваньне, а адказваю я толькі за сябе.

Facebook.com/zm.dashkevich; фота Асамблеі НДА Беларусі

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера