Найти
06.06.2018 / 22:4763РусŁacБел

Бывший работник БНФ Николай Антипов разочарован словами Анны Смилевич: «ЛГБТ — модный тренд? Скажите это гею из Жодино»

«У пачатку сваёй дзейнасці мы адмаўляліся ад інтэрв’ю, каб СМІ не стваралі і не тыражавалі неадэкватны вобраз ЛГБТ-супольнасці. Але цяпер — адчайная сітуацыя. І сёння мы павінныя гаварыць адкрыта. Таму пагадзіліся і на гэта інтэрв’ю, — кажа Коля Анціпаў, актывіст ЛГБТ-супольнасці, сузаснавальнік праекта пра гендар і сэксуальнасць MAKEOUT. — Budzma.by — важная нацыянальная пляцоўка. Інтэрфейс MAKEOUT — беларускамоўны. І часта мы можам пачуць у свой адрас: «Не ганьбіце мову». Але гендарная і сэксуальная ідэнтычнасць — такая ж дадзенасць, як і нацыянальная прыналежнасць».

Пра негатыўныя стэрэатыпы, каментары Макея і Смілевіч, сутнасць праектаў для ЛГБТ-супольнасці — у інтэрв’ю budzma.by.

Бачнасць здымае страх

— Ці патрэбны сёння адкрыты медыйны спікер, які выступае за правы і ад імя ЛГБТ-супольнасці, каб прасоўваць гэтую тэму ў публічнай прасторы?

— Мы разумеем, што такі спікер патрэбны, бо гэта бачнасць, а бачнасць здымае страх, дае магчымасць зразумець, што за фантазіямі пра «нейкіх іншых, чужых» — рэальныя людзі, якія жывуць побач. У першыя гады развіцця ЛГБТ-супольнасці ў Беларусі ўсё менавіта канцэнтравалася вакол аднаго спікера і лідара. Але гэта вялікая адказнасць і небяспека. І выступы «ад імя» заўсёды дрэнна заканчваюцца, таму што ЛГБТ-супольнасць, як і любая іншая сацыяльная група, — гэта вельмі шырокая аўдыторыя, з рознымі патрэбамі, поглядамі, часам процілеглымі… Наогул, іерархічныя інстытуты зжываюць сябе. Наш праект працуе гарызантальна. Мы ствараем пляцоўку для падтрымкі і ўмацавання супольнасці — каб кожны ўзяў на сябе адказнасць і пачаў казаць ад сябе. У гэтым была і ёсць канцэпцыя MAKEOUT.

У 2014 годзе мы правялі першую выставу камін-аўтаў ў прасторы «Бэлькі», дзе былі прадстаўленыя 12 рэальных гісторый. Сёння на нашым сайце адкрыта распавялі свае гісторыі ўжо каля 60 людзей. І гэта нашмат больш эфектыўна, чым адзін медыйны спікер.

Можна казаць пра нейкага «страшнага бабая», «ворага», якому ты «дасі адпор, калі ён прыйдзе», але немагчыма ўжо слепа прадукаваць нянавісць, калі мы глядзім адно аднаму ў вочы. У Беларусі ёсць розныя людзі, адны могуць падабацца, іншыя — не вельмі, гэта суб’ектыўныя фактары. Але тое, што вакол, — жывыя людзі, і ні ў каго няма права дыскрымінаваць або знішчаць тых, хто ім не падабаецца, гэта аб’ектыўная рэчаіснасць. Важна заставацца ў рэальнасці, а не ў праекцыях.

— MAKEOUT існуе ўжо 4 гады. Якіх вынікаў дасягнуў праект акрамя росту адкрытасці ўнутры супольнасці?

— Мы адзначаем змены ў інфармацыйным полі. Раней тэма ЛГБТ выкарыстоўвалася беларускімі медыя для нарошчвання трафіку і дэгуманізацыі самой супольнасці, СМІ спрабавалі стварыць нейкі канструкт ЛГБТ-людзей, казалі — «гэта яны». Цяпер ёсць разуменне, што «гэта і мы». Раней мы не хацелі мець зносіны з журналістамі, таму што нам трэба было прымацоўвацца да іх спецыфічнай матрыцы. Напрыклад, медыя прасілі, каб мы падказалі ім героя, «які зрабіў карэкцыю пола, а потым пашкадаваў пра гэта». Мы не хацелі працаваць у гэтым шаблоне, не хацелі, каб гучала некарэктная і дэгуманізавальная лексіка, каб ствараўся неадэкватны вобраз. Цяпер сітуацыя мяняецца: менш мовы варожасці, тэму ЛГБТ нярэдка разглядаюць у кантэксце правоў чалавека. З’явілася новая генерацыя журналістаў, якія разумеюць, што іх прафесія нагружаная сацыяльнай адказнасцю. Спадзяемся, што ў гэтым ёсць і нашая заслуга.

ЛГБТ — модны трэнд? Скажыце гэта гею з Жодзіна

— Назавіце асноўныя стэрэатыпы, якія існуюць у беларускім грамадстве ў дачыненні да ЛГБТ. Я б прапанавала зрабіць гэта ў кантэксце нядаўна агучанага меркавання Ганны Смілевіч. Яна сказала наступнае: «Прапаганда сэксуальнай арыентацыі — вось што палохае больш за ўсё. З адстойвання правоў гэта ператварылася папросту ў навязванне ідэі, што нетрадыцыйная арыентацыя ёсць не проста нормай, а нават лепш». Калі казаць па-простаму, за гэтым выказваннем стаіць страх, што большасць будзе дыскрымінавацца меншасцю…

— Па-першае, мы верым, што большасці не існуе — важны кожны. «Большасць» — вынаходства палітычных структур, каб зменшыць значнасць той ці іншай групы людзей.

Па-другое, прапаганда сэксуальнасці — гэта глупства. Сэксуальнасць — норма. Любы від сэксуальнасці — гэта ўжо дадзенасць. І калі нехта кажа: «Я гей, і тым ганаруся», — гэта не можа быць прапагандай, таму што для гэтага чалавека гэта норма. А калі хтосьці спрабуе выключыць з рэальнасці нейкі від сэксуальнасці зыходзячы са сваіх уяўленняў, гэта і ёсць гамафобія. Я прапрацаваў у БНФ шмат гадоў, распрацоўваючы партыйныя сайты, і мне сумна, што старшыня «Моладзі БНФ» кажа такія словы, выкарыстоўвае рыторыку варожасці ў дачыненні да людзей з іншым колерам скуры, з іншай арыентацыяй. Такая пазіцыя аддаляе прагрэс партыі ў краіне, дзе сёння няма ніводнай палітычнай структуры з адкрытай антыдыскрымінацыйнай пазіцыяй.

Па-трэцяе, я ніколі не чуў у ЛГБТ-супольнасці рыторыкі, што «нетрадыцыйная» арыентацыя лепшая за «традыцыйную». Але што такое традыцыйныя адносіны? Нядаўна жанчыны не маглі галасаваць, сядзелі дома і абслугоўвалі мужчын, і гэта было традыцыйна. Людзі з іншай сэксуальнай ідэнтычнасцю былі заўсёды, таму жыццё ЛГБТ — гэта такая ж традыцыйная каштоўнасць.

Ёсць стэрэатып, што ЛГБТ — гэта трэнд, за ім стаіць нейкае магутнае лобі. Але калі хлопец з Жодзіна ці Баранавічаў баіцца, што бацькі, даведаўшыся пра яго «арыентацыю», выганяць яго з дома, я не думаю, што яго неяк супакоіць факт, што ён «у трэндзе». Я ведаю, з чым сутыкаюцца сёння ЛГБТ-людзі ў Беларусі. Мой партнёр дагэтуль баіцца, што яго бацька даведаецца пра яго ідэнтычнасць. Мы жывём са стыгмай. І гэта небяспечна, таму што за стэрэатыпам не бачаць асобу чалавека і абясцэньваюць яго жыццё.

— Яшчэ Ганна сказала: «Я хачу, каб маіх унукаў выхоўвалі бацька і маці, а не партнёр №1 і партнёр № 2». ЛГБТ-супольнасць прасоўвае гэтыя тэрміны?

— ЛГБТ-супольнасць прасоўвае ідэю, каб іх правы абараняліся нароўні з правамі іншых людзей. А сёння МУС Беларусі кажа: «Такія не пройдуць». Гэта азначае, што нашыя правы не будуць абараняцца. Што да «партнёра 1» і «партнёра 2» — гэта тая ж рыторыка страху, якая скажае рэальны кантэкст. Гаворка ідзе пра афіцыйныя дакументы. У грамадстве, дзе дазволеныя аднаполыя шлюбы і выхаванне дзяцей у такіх сем’ях, у дакументах, напэўна, не будзе графы «маці і бацька», а будзе, напрыклад, агульная графа «бацькі» альбо неяк інакш прыстасаваныя графы, якія улічваюць розныя опцыі. Але гэта не значыць, што дома дзіця будзе называць іх тата-1 або партнёр-2. Такія размовы —спроба звесці ўсё да абсурду, маўляў, паглядзіце, «у іх усё не як у людзей».

Злачынства і сэксуальная практыка — не адно і тое ж

— Існуе яшчэ адзін сур’ёзны стэрэатып: што сэксуальнасць «павінная быць» звязаная з сэксуальнымі злачынствамі, — працягвае Мікалай Анціпаў. — 1 сакавіка 1994 года ў беларускім заканадаўстве быў скасаваны артыкул за мужаложства. Але на жаль, у МУС дагэтуль засталіся старыя рэпрэсіўныя стэрэатыпы, і яны робяць недаравальную карэляцыю паміж ЛГБТ-супольнасцю і захворваннямі і злачынствамі.

Важна праводзіць мяжу паміж злачынствамі і сэксуальнымі практыкамі: ніякі гвалт не з’яўляецца сэксуальнай практыкай. Згвалтаванне нельга называць «любоўю да такога тыпу сэксу».

Вельмі часта можна пачуць, што людзі, якія здзяйсняюць сэксуальныя злачынствы, былі згвалтаваныя ў дзяцінстве. Але трэба разумець: незалежна ад гендарнай прыналежнасці гвалт застаецца гвалтам, гэта не сэксуальная практыка і не выбар. І прыпісваць на падставе такіх фактаў гэтым людзям нейкую сэксуальную арыентацыю, а потым яшчэ і экстрапаляваць на людзей з такой арыентацыяй схільнасць да гвалту — беспадстаўна. Праз тое, што ЛГБТ-людзі часта жывуць закрыта, баючыся дыскрымінацыі і цкавання, у іх павышаная рызыка самім стаць ахвярамі сэксуальных злачынстваў. Таму ў ЛГБТ-актывістаў вельмі высокая матывацыя займацца асветай аб недапушчальнасці сэксуальнага гвалту. А калі ад непісьменнасці ствараюцца ілжывыя лагічныя ланцужкі кшталту «ЛГБТ чалавек = сэксуальнае злачынства», гэта прыводзіць толькі да замоўчвання рэальных злачынстваў.

— Як вы ацанілі каментар міністра замежных спраў Беларусі з нагоды вышэйзгаданых выказванняў МУС?

— Гэта максімум, што мог сказаць міністр. Але я пазітыўна разглядаю гэты адказ. Гэта гаворыць аб тым, што беларуская ўлада — ужо не нешта аднастайнае, а складаецца з розных суб’ектаў з рознымі думкамі. Я падтрымліваю каментар, таму што міністр замежных спраў сказаў, што трэба думаць пра наступствы сваіх словаў, калі ты публічны чалавек. На самай справе выказванні МУС могуць справакаваць хвалю агрэсіі або суіцыдаў: паводле сусветнай статыстыкі, у ЛГБТ-падлеткаў рызыка суіцыду ў 2,6 разу вышэйшая.

Мы б яшчэ хацелі сказаць МУС, якое паспрабавала ў сваім каментары супрацьпаставіць вернікаў і ЛГБТ, што сярод нас шмат вернікаў, і веравызнанне не супярэчыць гендарнай і сэксуальнай ідэнтычнасці. Гэты стэрэатып таксама трэба пераадольваць.

Ганна Кручкова, Будзьма

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера