Найти
03.06.2018 / 16:1218РусŁacБел

Сидоревич о работах историкаРыгора Лазько: Действительно, Ленин думал о Беларуси

Калі наступіла гарбачоўская перабудова і калі стала модна быць антыкамуністам, не адзін фацэт іранізаваў і кпіў з Генадзя Бураўкіна, аўтара паэмы «Ленін думае пра Беларусь». І вось, на пачатку ХХІ стагоддзя доктар гістарычных навук, прафесар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Рыгор Лазько, як бы палемізуючы з тымі, хто кпіў з паэта і з Леніна, піша: сапраўды, Ленін думаў пра Беларусь. І сказ завярашае клічнікам. І заклікае сваіх чытачоў са сферы ідэалогіі і эмоцый перайсці ў навуковую сферу і кіравацца фактамі.

Абвергнуць міф

Нехта (не памятаю, хто) пісаў: Ленін таму і перамагаў сваіх апанентаў і праціўнікаў, што жыў палітыкай і ў палітыцы 24 гадзіны на суткі. Як пісаў паэт, «он сотней губерний в черепе ворочал». І натуральна, што не мог не зацікавіцца беларусамі і Беларуссю. Нехта з нашых даследчыкаў выявіў, што ў бібліятэцы бальшавіцкага лідэра мелася брашура Антона Луцкевіча «Белорусы» (1909). А гісторык Недасек (ён жа Антон Адамовіч) у адной сваёй публікацыі выклаў пачутае ад Вацлава Іваноўскага: увосень 1918 г. Луцкевіч ездзіў у Маскву і сустракаўся з Леніным.

Так нарадзіўся міф. І гэты міф падмацоўваўся публікацыяй у часопісе «Чырвоны Шлях», што выходзіў у Петраградзе, гутаркі Луцкевіча з Халімонам з-пад Пушчы (Яўгенам Хлябцэвічам). Была тая гутарка змешчана ў канцы лістапада 1918 г. і пачыналася словамі «Приехавший из Вильно…».

Прачытанае ў Недасека і ў «Чырвоным Шляху» спарадзіла своеасаблівы «ланцуг». Аб перамовах Луцкевіча з Леніным пісалі даволі масцітыя гісторыкі. Развеяць гэты міф узяўся Рыгор Лазько. У сваім артыкуле «»Перагаворы» Антона Луцкевіча ў Маскве як міф беларускай гістарыяграфіі» ён паказаў, што тэкст гутаркі Луцкевіча з Хлябцэвічам перш друкаваўся ў кіеўскай газеце «Белорусское Эхо», потым у «Чырвоным Шляху», а на пачатку снежня 1918-га быў апублікаваны і ў газеце «Дзянніца», якая выходзіла ў Маскве. Паказаў таксама, што супрацоўнік «Дзянніцы» (ці не рэдактар Зміцер Жылуновіч?) у першым сказе таго тэксту ўдакладніў: «Прибывший из г. Вильны в Киев…». Але доктару Лазько мала было паказаць, што гутарка Луцкевіча і Хлябцэвіча адбывалася не ў Маскве, а ў Кіеве, куды Луцкевіч быў накіраваны ў якасці кіраўніка дэлегацыі БНР. Спасылаючыся на крыніцы, ён напісаў, што ў лістападзе 1918-га сапраўды адбыліся беларуска-расійскія перамовы. Толькі вёў іх (разам з Рамуальдам Зямкевічам) Тамаш Грыб. І не з «прэм’ер-міністрам» РСФСР Леніным, а з «правай рукой» Леніна, «прэзідэнтам» Якавам Свярдловым.

Артыкул Р. Лазько апублікаваны ў «Беларускім гістарычным часопісе» ў 2007 годзе, але міф па-ранейшаму жыве, яго тыражуюць.

Унутраныя і вонкавыя чыннікі

Калі пісаць пра ўклад Р. Лазько ў луцкевічазнаўства, то нельга не згадаць, што ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрцыі ён выявіў 16 лістоў лістоў прэм’ер-міністра БНР. 15 з іх — пад загалоўкам «Лісты Антона Луцкевіча з часу Парыжскай мірнай канферэнцыі» — гісторык апублікаваў (з грунтоўнай прадмовай) у часопісе «Arche». Развіваючы тэму, ён апублікаваў таксама артыкул «Антон Луцкевіч у Парыжы летам 1919 г.».

Разважаючы, чаму на нашых абшарах не ўсталявалася БНР, Р. Лазько шукаў адказ на гэтае пытанне як унутры Беларусі, гэтак і вонкі яе. Першае і другое, што ён адзначыў, — брак сродкаў і кадраў. Беларускае грамадства, страціла сваю арыстакратыю з усімі яе магчымасцямі, у ім ва ўмовах нацыянальнага ўціску не склаўся моцны прадпрымальніцкі клас, зацікаўлены ў стварэнні сваёй дзяржавы і гатовы падтрымліваць яе нараджэнне ўласным капіталам. Я б дадаў сюды і рэлігійны чыннік, тую фатальную ролю, якую ў палітычнай гісторыі Беларусі адыгралі праваслаўная і рыма-каталіцкая канфесіі. Уласна беларускае хрысціянства пачало складвацца толькі на пачатку ХХ ст.

Усё-такі не так слабасць руху, не так невядомасць Беларусі былі вырашальнымі фактарамі драмы БНР, як тое, што адкол Беларусі і Украіны ад Расіі «ўспрымаўся заходнімі дзяржавамі як шкоднае для іх інтарэсаў аслабленне даваеннага саюзніка». Францыі, якая ўклала ў Расію каля 5 млрд франкаў, прост нявыгадна было падтрымліваць незалежніцкія памкненні Беларусі і Украіны. І, нааадварот, морская дзяржава Брытанія, падтрымаўшы краіны Балтыі, мела з гэтага выгаду.

Саюз, якога не магло быць

З Леніным і Свярдловым прэм’ер-міністр БНР не сустракаўся, а з кім сустракаўся, дык гэта, не лічачы літоўскіх дзеячаў, з Томашам Масарыкам, прэзідэнтам Чэхаславакіі, з Паўлом Скарападскім, гетманам Украіны, з Хрысціянам Ракоўскім, з 1919 г. старшынёю Савета Народных Камісараў Украінскай ССР, з Сяргеем Сазонавым, міністрам замежных спраў Расійскай імперыі і ва ўрадзе адмірала Аляксандра Калчака, з Ігнацым Падарэўскім, прэм’ер-міністрам Польшчы, з Юзафам Пілсудскім, начальнікам Польскай дзяржавы.

З Леніным у Луцкевіча не было патрэбы сустракацца, бо ад Ракоўскага ён ведаў, што РСФСР прызнае БНР толькі тады, калі ў Беларусі будзе савецкая канстытуцыя і будзе абвешчана федэрацыя Беларусі і Расіі. У выніку перамоваў у Кіеве ўкраінцы аказалі беларусам істотную фінансавую дапамогу. У Празе Масарык абяцаў беларусам і Беларусі падтрымку і слова сваё стрымаў. З Сазонавым Луцкевіч не адзін раз сустракаўся ў Парыжы. І вынікам стала тое, што расійскі дыпламат публічна прызнаў права беларусаў на аўтаномію. Гэта быў відавочны прагрэс.

У Парыжы Луцкевіч сустрэўся і з Падарэўскім. Польскі прэм’ер запрасіў беларускага ў Варшаву. І Луцкевіч, які глядзеў на Польшчу як на сілу, варожую беларускай дзяржаўнасці, але прытрымліваўся прынцыпу, што перамовы трэба весці з усімі, паехаў у польскую сталіцу. Трэба было пачуць, што скажа Пілсудскі. Варшава стала для Луцкевіча пасткай. Палякі фактычна інтэрнавалі яго і пазбавілі магчымасці вярнуцца ў Парыж.

Да гэтага сюжэту Р. Лазько звярнуўся ў артыкуле «Спробы заключэння беларуска-польскага саюза ў 1919 г.» (2001). На жаль, новыя яго публікацыі на гэтую тэму я не сустракаў. Мне вельмі цікава, ці памяняў гісторык свой погляд на Пілсудскага як на федэраліста.Нехта ж паверыў і пусціў чутку, што інтэнцыяй начальніка Польскай дзяржавы было «ажыццяўленне ідэі федэрацыі з Польшчай тых дзяржаў, якія нараджаліся на ўсходніх тэрыторыях былой Рэчы Паспалітай». І гісторыкі паўтараюць гэты тэзіс як мантру. Вялікадзяржаўнік Пілсудскі вёў палітыку манеўраў, хітравання, падману. Гісторык сам піша пра тое, як Пілсудскі хацеў учыніць пераварот у ковенскай Літве. Агульнавядома, як ён абышоўся з украінскімі саюзнікамі. Натуральна, што прызнаць БНР як незалежную дзяржаву Варшава была «абсалютна не гатовай». Напісаўшы гэта, Р. Лазько піша і пра тое, што дзеля міру Расія была гатовая аддаць Польшчы значную частку Беларусі. І Пілсудскі выдатна гэта ведаў. Які мог быць у Пілсудскага федэралізм? А вось у каго федэралізм мог быць, дык гэта ў бальшавікоў, перш-наперш у Леніна.

Нацыянальная палітыка як сродак

Нацыянальнай палітыцы бальшавікоў, тэме «Ленін і Беларусь» Р. Лазько цягам апошніх гадоў прысвяціў шэраг артыкулаў. Ён адзначае, што нацыянальная палітыка разглядалася Леніным як сродак палітычнай барацьбы, што гэтай палітыцы ўласцівыя «маральны і тактычны рэлятывізм, непераборлівасць у сродках дзеля дасягнення пастаўленай мэты». Гэтая палітыка зведала эвалюцыю. Гісторык звяртае ўвагу на такія этапныя дакументы, як рэзалюцыі Паронінскай нарады 1913 г. і VII (Красавіцкай) канферэнцыі РСДРП(б) 1917 г.

Нагадаю, што на Паронінскай нарадзе бальшавікі прызналі права прыгнечаных народаў на самавызначэнне аж да аддзялення і ўтварэння самастойных дзяржаў. Але гэта была чыстай вады дэмагогія. Ленін у лісце да Сцяпана Шаўмяна так патлумачыў прыроду гэтай рэзалюцыі: мы прызналі права нацый на самавызначэнне таму, што ўсе астатнія агульнарасійскія партыі выказваюцца супраць яго. Партыйнаму таварышу Ленін прызнаваўся, што насамрэч ідэалам з’яўляецца цэнтралізаваная дзяржава.

У падобны спосаб Ленін дзейнічаў і ў 1917-м. У адным з артыкулаў Р. Лазько спасылаецца на ўспаміны беларускага сацыяліста-рэвалюцыянера Яўсея Канчара. Яму Ленін прызнаўся, што ён станоўча ставіцца да лозунгу аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай дэмакратычнай рэспублікі, бо разглядае яго як сродак барацьбы з Часовым урадам.

Калі дзеячы Часовага ўраду ва ўпор не жадалі бачыць беларускі рух і прыслухоўвацца да патрабаванняў беларусаў, то бальшавакі да яго прыглядаліся пільна. У жніўні 1917-га, звяртае нашу ўвагу Р. Лазько, Іосіф Сталін, якога Ленін выбраў экспертам у нацыянальным пытанні, пісаў пра «з’езды украінцаў, фінаў, беларусаў». А сам Ленін у працы «Ці ўтрымаюць бальшавікі дзяржаўную ўладу?» у кастрычніку 1917 г. пісаў «пра немедленное аднаўленне поўнай свабоды для Фінляндыі, Украіны, Беларусі, для мусульманаў і г. д.».

Р. Лазько піша: тое, што Ленін паставіў Беларусь у адзін шэраг з Фінляндыяй і Украінай, «дысануе з ацэнкамі беларускага руху, як недастаткова развітага ў параўнанні з рухамі іншых народаў, а такія ацэнкі нярэдкія ў нашай гістарыяграфіі». Мы ж дадамо: яшчэ да кастрычніцкага перавароту Ленін ведаў, што перайграе ўсе іншыя палітычныя сілы Расіі, а заадно і Польшчу ў нацыянальным пытанні[1]. Іншая справа, што ніякай «поўнай свабоды» народам Расіі ад бальшавікоў чакаць не даводзілася.

[1]Пішучы, што бальшавікі, забраўшы 16 студзеня 1919 г. у склад Расіі тры ўсходнія беларускія губерні, рэшту Беларусі былі не супраць аддаць Польшчы ў абмен на мір, Р. Лазько цытуе словы Леніна пра тое, што «польскім памешчыкам і капіталістам чужыя землі не ўтрымаць». І Ленін як у ваду глядзеў, скажам мы. Заходнюю Беларусь Польшча не ўтрымала.

Бальшавікі і Усебеларускі з'езд

Бальшавіцкі пераварот паскорыў уцёкі народаў ускраін ад расійскага цэнтру, — піша Р. Лазько. 30 лістапада 1917 г. рэзалюцыю аб незалежнасці Эстляндыі прыняў Нацыянальны камітэт Эстоніі, 11 снежня Тарыба абвясціла аб аднаўленні незалежнасці Літоўскай дзяржавы, нацыянальныя арганізацыі Латвіі ў тыя дні выступілі з дэкларацыяй аб стварэнні Балтыйскай дзяржавы у складзе Курляндыі, Ліфляндыі і Эстляндыі. А раней, 20 лістапада, была абвешчана Украінская Народная Рэспубліка. (Праўда, украінцы, як потым і беларусы, не адразу заявілі аб разрыве дзяржаўнай еднасці з Расіяй.)

Р. Лазько зацікавілі два пытанні: чаму петраградскія бальшавікі далі згоду і грошы на правядзенне Усебеларускага З’езду і чаму менскія бальшавікі З’езд разагналі? «Цяжка паверыць,— піша ён, — што Саўнаркам Заходняй вобласці і фронту… быў здольны выступіць супраць цэнтральнага органа ўлады — ленінскага Саўнаркама».

Р. Лазько згодны са сваім калегам Станіславам Рудовічам: дазвол на правядзенне Усебеларускага з'езду бальшавікі далі і таму, што іх улада яшчэ не ўмацавалася, і ў гэтай сітуацыі ім не выпадала рэзка супрацьпастаўляць сябе нацыянальным рухам, у якіх істотную ролю адыгрывалі сацыялісты. Быў і разлік на раскол гэтых рухаў.

Як вядома, ініцыятарамі Усебеларускага З’езда былі Вялікая Беларуская Рада і Беларускі Абласны Камітэт пры Усерасійскім Савеце Сялянскіх дэпутатаў. Народны камісар нацыянальнасцяў Сталін выбраў БАК. Бальшавікі, якім яшчэ не ўдалося манапалізаваць сялянскі рух, глядзелі на Усебеларускі з’езд як на з’езд сялянскіх дэпутатаў і жадалі, каб яго арганізатары супрацоўнічалі з Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў у Мінску. Вынікам з’езду павінна было стаць стварэнне Краёвага Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Гэта было вельмі важна для бальшавікоў, бо адзінага Савета рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў ўсерасійскім маштабе яшчэ не было.

Намер БАКа стварыць аўтаномную Беларусь не палохаў петраградскіх бальшавікоў, бо яны спадзяваліся, што БАК у супрацы з Абласным выканаўчым камітэтам Заходняй вобласці (Аблвыкамзахам) створыць Беларускую савецкую рэспубліку.

Немалаважная дэталь і тое, што «Сталін даў сваю згоду на скліканне Рады (насамрэч З'езду. — А. С.) толькі пры той умове, што гэта рашэнне будзе санкцыянавана Саветам Народных Камісараў Заходняга фронту» (Карл Ландар, якога цытуе Р. Лазько, чамусьці не лічыў патрэбным згадаць і так званую Заходнюю вобласць).

Такім чынам, дазвол на правядзенне Усебеларускага З’езду даваў і СНК Заходняй вобласці і фронту на чале з Ландарам. Адчуваючы сябе гаспадарамі, менскія бальшавікі накіравалі ў левую фракцыю З’езду свае прапановы. Адна з іх: «З’езд прызнае ўладу Абласнога Выканаўчага Камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходніяй вобласці і фронту і вылучаных ім органаў». І ніякай Беларускай Рэспублікі, нават савецкай. Самае большае, на што маглі пайсці менскія бальшавікі, дык гэта стварыць камісарыят па беларускіх нацыянальных справах пры Аблвыкамзаху. На гэта не згаджаліся нават тыя сацыялісты, якія называлі сябе беларускімі бальшавікамі (Фабіян Шантыр, Усевалад Фальскі ды іншыя).

Р. Лазько нагадвае нам, што на пачатку снежня 1917 г. бальшавікі спрабавалі навязаць сваю волю Усеўкраінскму з'езду Саветаў. Калі гэта ім не ўдалося, яны са сваімі сатэлітамі пераехалі з Кіева ў Харкаў і там правялі альтэрнатыўны з’езд. На Усебеларускім жа З’ездзе у бальшавікоў не было такой колькасці прыхільнікаў, каб стварыць альтэрнатыву яму. Таму яны палічылі за лепшае разагнаць З’езд. Праўда, Р. Лазько піша, што бальшавікі мелі намер правесці ў лютым 1918 г. нейкае падабенства Усебеларускага З’езду, але не здолелі. Справа тут, пэўна, у жалюгодным стане Паўночна-Заходняй бальшавіцкай арганізацыі, які склаўся па стану на той месяц.

Беларусь як Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка

Большасць удзельнікаў Усебеларускага З’езду яшчэ захоўвала лаяльнасць да Расіі. А з тае прычыны, што гэтая большасць складалася амаль выключна з сацыялістаў, то лаяльная была яна і да бальшавікоў. Было спадзяванне, што Петраград, што самыя высокія інстанцыі не ўхваляць дзеянняў Савета Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту, які распарадзіўся разагнаць З’езд. 

Гэтаму сюжэту і прысвечаны нядаўна апублікаваны артыкул Р. Лазько «Беларускае пытанне на ІІІ Усерасійскім з'ездзе Саветаў: канец ілюзій».

Гэты з’езд Саветаў адбыўся ў студзені 1918-га — адразу пасля разгону Усерасійскага Устаноўчага Сходу. Як і ў 1917 г., сваю антыбеларускасць на з’ездзе Саветаў прадэманстраваў Міхаіл Фрунзэ. Яго інфармацыю пра Усебеларускі З'езд Зміцер Жылуновіч «па гарачых слядах» назваў хлуслівай. Выступіў і Ландар, якога вельмі не задаволіла прамова Тамаша Грыба. А Ленін у сваёй прамове назваў дэмакратыю формай арганізацыі буржуазнага грамадства, якую падтрымліваюць здраднікі сапраўднага сацыялізму. Атрымлівалася, што Жылуновіч і Грыб, якія адстойвалі дэмакратыю, — здраднікі.

Улада бальшавікоў яшчэ не была дастаткова трывалая, таму Ленін сустракаўся з дэлегацыямі і нават наведваў дэлегатаў у інтэрнаце. Ад дэлегатаў Магілёўскай губерні ён пачуў пытанне: як яму ўяўляецца будучыня Беларусі і які лёс чакае беларускі народ? Далей цытую: Ленін «сказаў сваім суразмоўцам, што асабіста не ўяўляе Беларусь інакш, як толькі свабоднай савецкай сацыялістычнай рэспублікай: настане такі дзень, калі яна будзе створана, як ужо створана Украінская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка». Сказаўшы гэта, Ленін дадаў, што «беларускі народ здольны будзе стварыць сваю свабодную дзяржаву толькі ў саюзе і пры непасрэднай дапамозе рускага народа».

Такім чынам, ідэя БССР існавала ў галаве Леніна як мінімум за 11 месяцаў да яе абвяшчэння. Са словаў Леніна таксама вынікала: без «падтрымкі» і «дапамогі» Расіі дзяржаўнае будаўніцтва Беларусі асуджана на няўдачу, бо Расія не дасць яму адбыцца.

Новы паварот у бальшавіцкай палітыцы. Белнацкам

ІІІ Усерасійскі з'езд Саветаў азначаў пэўную стабілізацыю новага рэжыму ў Расіі. Дзякуючы часовым саюзнікам, левым эсэрам, бальшавікам удалося правесці яго не як з'езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, а як з'езд Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Можна сказаць, што сялянскі рух у пэўнай меры перайшоў пад бальшавіцкі кантроль. Заставалася толькі паралізаваць абедзве эсэраўскія партыі. Цяпер можна было шчыльней узяцца і за нацыянальнае пытанне. ІІІ з'езд Саветаў ухваліў палажэнне аб федэрацыі савецкіх рэспублік РасііасііРасРас. А ў самой дактрыне па бальшавіцкай партыі па нацыянальным пытанні адбыўся кардынальны зрух: кіруючыся ленінскім вучэннем пра тое, што ў кожнай сучаснай нацыі ёсць дзве нацыі, бальшавікі вырашылі замест права народаў на самавызначэнне прызнаваць толькі права на самавызначэнне «працоўных масаў» (рабочых і сялян) асобных нацый.

Беларускі рух не дазваляў бальшавікам забыць пра яго. Але ў гэтым руху адбыўся істотны падзел. Калі беларускія дзеячы ў Менску (у падполлі) і ў Вільні выяўлялі сваё непрыманне бальшавізму, дык тыя, хто жыў у самой Расіі, пасля разгону Устаноўчага Сходу і расправы з жыхарамі Петраграда, якія выйшлі яго падтрымаць, зразумелі: бальшавікі, адстойваючы ўзурпаваную ўладу, не спыняцца перад брутальнымі метадамі. Вось у гэтай атмасферы, праз два тыдні пасля ІІІ Усерасійскага з'езду Саветаў, ленінскі ўрад прыняў дэкрэт аб стварэнні пра народным камісарыяце нацыянальнасцяў (наркамнац) Беларускага нацыянальнага камісарыяту (Белнацкам, БНК).

Як піша Р. Лазько, для адных дзеячаў праца ў БНК была пытаннем апартуністычнага выбару, бо не было іншага выйсця, а яшчэ для адных — выбару ідэалагічнага, прынцыповага. Аб'ядналіся ў БНК «і будучыя дзеячы БНР (як К. Дуж-Душэўскі), і шчырыя камуністы-рамантыкі, як І. Лагун), і прагматыкі (як З. Жылуновіч, А. Чарвякоў)». Былі ў ім і эсэры, і сацыял-дэмакраты, і камуністы, і беспартыйныя.

У артыкуле «Белнацкам і Наркамнац: першы прыкры вопыт узаемаадносін (студзень — чэрвень 1918 г.)» Р. Лазько паказвае, што за адносіны склаліся паміж ведамствам Сталіна і падведамным яму БНК. Адносіны ж склаліся такія, што 15 траўня БНК быў пастаўлены пад непасрэдны кантроль наркамнаца, а 25 траўня камісар Аляксандр Чарвякоў сышоў у адстаўку. Пасля яго было аж 4 камісары.

Р. Лазько піша, што БНК ствараўся дзеля правядзення ІІ Усебеларускага з'езду. Абставіны склаліся так, што з'езд скліканы не быў.

Ці быць Камуністычнай партыі Беларусі?

Нягледзячы на шчыльную апеку сталінскага наркамата нацыянальнасцяў, піша Р. Лазько, «перакоўка» беларускіх сацыялістаў (і марксістаў, і народнікаў) на бальшавіцкі лад ішла марудна. Дастаткова сказаць, што Жылуновіч далучыўся да Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) толькі ў кастрычніку 1918-га, але яго бальшавізм заўсёды выклікаў сумненні.

Як вядома, яшчэ ў снежні 1917-га паўстала арганізацыя «РСДРП(б). Сацыял-дэмакратыя Украіны». У красавіку 1918 г. стала называцца Камуністычнай партыяй (бальшавікоў) Украіны. Ці не пад уплывам гэтых падзей у траўні пачалося стварэнне беларускіх секцый РКП(б). 25 мая Чарвякоў ды іншыя выпрацавалі праект стварэння беларускай секцыі пры Цэнтральным Камітэце РКП(б). З гэтай секцыі, павінна была паўстаць Камуністычная партыя Беларусі. Новай партыі належала замяніць сабою Паўночна-Заходнюю арганізацыю РКП(б). Праект быў аддадзены на кансультацыю Ландара, які займаў ужо пасаду наркама кантролю ў Маскве. Натуральна, што Ландар гэты план запароў.

Яшчэ адзін паварот. Ленін забыў пра Беларусь?

Ствараць у Беларусі партыю бальшавікі яшчэ не былі гатовыя. Нішто не падганяла іх. Сітуацыя стала мяняцца з 9 лістапада 1918 г., калі ў Нямеччыне адбылася рэвалюцыя і немцы пачалі паволі пакідаць тэрыторыю раней захопленых земляў, у тым ліку Беларусі, Эстляндыі, Ліфляндыі, Курляндыі, Літвы, а таксама выходзіць з Украіны. І Р. Лазько паказвае, што ў сувязі з рэвалюцыяй у Нямеччыне пачынаецца новы этап бальшавіцкай нацыянальнай палітыкі.

13 лістапада ў пастанове Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта (УЦВК), якою быў дэнансаваны Берасцейскі трактат, запісана: «Працоўныя масы Расіі, Ліфляндыі, Эстляндыі, Польшчы, Літвы, Украіны, Фінляндыі, Крыма і Каўказа, вызваленыя германскай рэвалюцыяй…, закліканы цяпер самі вырашаць свой лёс». Праз чатыры абзацы у той самай пастанове гаворыцца пра будучы магутны саюз народаў Расіі, Польшчы, Фінляндыі, Украіны, Літвы, Прыбалтыкі (Латвіі ды Эстоніі), Крыма, Каўказа, Германіі і Аўстра-Венгрыі.

Як бачым, у пераліку краін, якім прызначался роля «першых звёнаў сусветнай савецкай федэрацыі» (тут я цытую Р. Лазько), Беларусь адсутнічае. Адсутнічае яна і ў вядомай тэлеграме Леніна ад 29 лістапада на імя галоўнакамандуючага ўзброеных сілаў РСФСР Якіма Вацэціса. Гаворка ў ёй пра Украіну, Літву, Латвію, Эстляндыю.

Як мы ведаем (і гэта добра паказвае Р. Лазько), у канцы лістапада 1918 г. бальшавікі прыступілі да стварэння савецкіх урадаў Украіны, Эстоніі, Латвіі, Літвы.

Гэтаму папярэднічала стварэнне асобных нацыянальных аддзелаў у Чырвонай арміі. Яны ствараліся дзеля таго, каб пазбавіць, як пісаў Ленін, «шавіністаў» названых краін «разглядаць рух нашых войскаў як акупацыю».

Чаму ж тады Беларусі не было ні ў пераліку краін у дэкрэце ад 13 лістапада 1918 г., ні ў тэлеграме на імя Вацэціса? Чаму Ленін забыў пра Беларусь?

Ісак Рэйнгальд — «бацька» Літбела

10 снежня 1918 бальшавікі прыйшлі ў Менск. 13-га старшыня Менскага рэвалюцыйнага камітэта Ісак Рэйнгальд даносіў у Смаленск: тут рай на зямлі, ёсць і хлеб, і бульба. У выніку кантактаў з камуністамі, якія дзейнічалі на паднямецкай тэрыторыі Беларусі і ўжо звыкліся са словамі «Беларуская Рэспубліка», у яго нарадзілася ідэя… Літоўска-Беларускай Рэспублікі. Ідэю падтрымаў сябар Цэнтральнага Камітэта РКП(б) Мікалай Бухарын, які аб той пары знаходзіўся ў Менску. І 20 снежня Рэйнгальд адпраўляе адпаведную тэлеграму Свярдлову. Праектаваны ім Літбел Р. Лазько разглядае як антытэзу БНР.

Супраць ідэі Рэйнгальда выступілі дзеячы Аблвыкамзаха. Яны хацелі пакінуць Заходнюю камуну і пашырыць яе на захад і поўнач, з уключэннем у яе склад этнічнай Літвы. Само сабой зразумела, гэта не магло не спарадзіць канфлікт з літоўскімі камуністамі.

Што стрымлівала Маскву

Рэйнгальд адбіў тэлеграму Свярдлову 20 снежня, а 21—23 снежня ў Маскве адбылася канферэнцыя беларускіх секцый РКП(б). Было абрана Цэнтральнае Бюро. На чале яго стаў былы старшыня Цэнтральнага Камітэта Беларускай Сацыялістычнай Грамады Жылуновіч. У склад ЦБ увайшлі былыя сябры БСГ Язэп Няцецкі і Чарвякоў. Кандыдатам у сябры ЦБ абралі былога старшыню ЦК БСГ Язэпа Дылу.

Канферэнцыя скончылася 23 снежня — у той самы дзень, калі УЦВК прызнаў савецкія рэспублікі Балтыі і Украіны, а ўжо 24 снежня, як пішуць некаторыя, ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб утварэнні БССР і КП(б)Б.

Пратакола пасяджэння бальшавіцкага ЦК няма. Акадэмік Іларыён Ігнаценка лічыў, што адмысловае рашэнне аб утварэнні БССР (а дакладней ССРБ — Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі) не прымалася, што ССРБ стваралася на падставе агульнага рашэння аб аддзяленні Савецкай Расіі ад капіталістычнага свету ланцугом савецкіх рэспублік. І Р. Лазько пагаджаецца з гэтай думкай. Гэтая выснова пацвярджаецца апублікаванымі матэрыяламі ЦБ КП(б)Б за студзень—люты 1919 г. ССРБ разглядалася як рэспубліка-буфер, піша Р. Лазько.

25 снежня а 13-й Сталін ужо гутарыў з беларускімі дзеячамі ў Маскве, а 15-й — са старшынёю Аблвыкамзаха Аляксандрам Мясніковым. Да публікацыі Маніфесту Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі заставалася 7 дзён.

…Дык чаму ж Ленін і бальшавікі пачалі ствараць ССРБ пазней за іншыя савецкія рэспублікі на захадзе былой імперыі? У артыкуле «Першая спроба стварэння Беларускай Савецкай Рэспублікі» Р. Лазько адзначае, што ў бальшавіцкай партыі ў Беларусі «кадры карэннага паходжання амаль цалкам адсутнічалі». І яшчэ раз: ствараць савецкую рэспубліку ў Беларусі не было з кім, бо не было «надзейных, цалкам «сваіх», да таго ж уплывовых і вопытных людзей, здольных не толькі успрыняць ідэю нацыянальнай савецкай рэспублікі, але і пагадзіцца з яе падпарадкаваным, тактычным характарам».

І цікавае назіранне Р. Лазько: калі латышскія, літоўскія і некаторыя ўкраінскія камуністы з асцярогай ставіліся да ідэі нацыянальных рэспублік, бо гэта, маўляў, запаволіць рух іх краін да камунізму, то дзеячы левага крыла БСГ на чале з Жылуновічам, Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, узначаленай А. Чарвяковым, і нават левыя эсэры, якія паходзілі з Беларусі, «прынцыпова ставіліся да ідэі Беларускай савецкай рэспублікі», бо разглядалі яе «як сродак агульнага цывілізацыйнага ўздыму беларускага народа».

Нагадаю, што менавіта з былых сябраў названых палітычных арганізацый паўсталі беларускія секцыі РКП(б). Свежаспечаныя камуністы, стаўшы у канцы снежня 1918 г. сузаснавальнікамі КП(б)Б, складуць у ёй аснову нацыянал-камуністычнай плыні, якая нямала зробіць дзеля таго, каб Беларусь была беларускай.

Анатоль Сидоревич

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера