Найти
09.02.2018 / 00:483РусŁacБел

Конфликт романтиков и терпил в белорусской деревне: в Купаловском очередная премьера ФОТО

Ад Камернай сцэны Купалаўскага тэатра амаль заўсёды чакаеш выклікаў і эксперыментаў. Часам яны паддаюцца разгадцы не з першага разу, але прем’ера «Зямля Эльзы» у выкананні Алены Ганум атрымалася досыць роўнай. У добрым сэнсе гэтага слова.

Сама рэжысёрка Ганум вызначае жанр «Зямлі Эльзы» як «жыццё», тым больш сюжэтная лінія п’есы, што была пакладзена ў аснову, для яе сапраўды досыць рэалістычная: у нечым, як расказала Алена, яна падобная да лёсу яе бабулі.

Сюжэт пастаноўкі амаль цалкам паўтарае аднайменную п'есу расейскага драматурга Яраславы Пуліновіч, якая на дадзены момант з'яўляецца вельмі папулярнай тэатральнай аўтаркай на прасторы СНД. У Беларусі іншую візуаліацыю тэкстаў Пуліновіч на дадзены момант можна паглядзець, напрыклад, у Новым драматычным тэатры («Як я стаў…»). Нехта мог бы спытаць: навошта такая цікаўнасць да чужых аўтараў, калі ў нас і сваіх хапае? Але што зробіш, калі ў Пуліновіч атрымліваюцца такія добра выпісаныя вобразы і сцэны? «Свет мастацтва шырокі. Я лічу, што трэба слухаць час, а не выбіраць драматурга па яго тэрытарыяльнай прыналежнасці», — кажа Алена Ганум.

Дзеянне спектакля разгортваецца ў беларускай вёсцы Завяззе Віцебскай вобласці. Гэта тое сваё, што Алена Ганум прыўнесла ў п’есу з дазволу аўтаркі: перанесла дзеянне ў Беларусь, замяніўшы геаграфічныя каардынаты і дадаўшы нашых народных песень (само сабой, тэкст перакладаўся на беларускую мову — рабіла гэта Вольга Бабкова).

Галоўная гераіня Эльза — 76-гадовая жанчына, якая нядаўна пахавала мужа. На думку яе аднавяскоўцаў і сям’і ў складзе дачкі і ўнучкі з праўнучкай, з гэтай нагоды Эльза мае смуткаваць і бедаваць, сядзець перд партрэтам нябожчыка суткамі і не знаходзіць сабе месца. Але так склалася, што Эльза, дачка немцаў, што іпераехалі ў СССР, не бачыла шчасця ні да замужжа (бацьку, які хоць і быў камуністам, расстралялі), маці накіравалі ў працоўную армію, а яе — у дзіцячы дом. Будучы муж быў тыранам і скнарам, які не шкадаваў толькі абразаў (накшталт «фашысткі») і пабояў для жонкі. Таму, калі яго не стала, жанчына, можна сказаць, упершыню ўздыхнула спакойна і атрымала магчымасць пажыць для сябе. З банальнага — набыць туфлі на абцасах, чаго раней сабе дазволіць не магла.

Вытанчаная Эльза (Зінаіда Зубкова) і хіпстар Васіль Ігнатавіч (Уладзімір Рагаўцоў).

Зразумела, гэта не даспадобы вясковым плеткарам, шэрым, усім, як на адзін твар. Іх рэжысёрка вельмі добра ілюструе гукамі і позамі курыц: як гэта — пахавала мужа і не ўбіваецца — кококо! Яшчэ больш суседзяў распальвае навіна, што Эльза знайшла супольную мову з пажылым настаўнікам, што нядаўна пераехаў у вёску. Абое — удаўцы, абое не бачылі ў жыцці святла, яны хутка пачынаюць разумець адзін аднаго.

Дадатковая асалода для вушэй у спектаклі — беларускія песні.

«Калі я жыла ў дзіцячым доме, я чакала маму і верыла, што далей усё будзе значна лепш. Потым мы жылі з мамай, я была школьніцай і ведала, што вельмі хутка ўсё зменіцца. А потым, калі мы пажаніліся з Пецем і я нарадзіла сваю Вольгу, я перастала верыць. Зразумела, што нічога не будзе лепш. Што жыццё — яно як паёк ў дзіцячым доме. Далі табе міску з пахлёбкай, і еш яе. Не хочаш — іншай не будзе», — тлумачыць Эльза новаму знаёмаму Васілю (які ў пастаноўцы вельмі паходзіць на тыповага хіпстара).

Але ён пераконвае яе ў тым, што верыць у лепшае ніколі не позна. Асэнсаваўшы сваю супольную сілу, яны вырашаюць ажаніцца і паехаць вандраваць, прадаўшы маёмасць. І вось у гэтым побытавым моманце свой выскал праяўляюць сваякі старых. Ім пляваць на шчасце тых, хто ўпершыню на яго вырашыўся, яны перажываюць за свае азадкі, якія могуць згубіць дадатковыя рэсурсы для бесклапотнага існавання.

Ярчэй за ўсё ў спектаклі гэты выскал праяўляецца ў выкананні Марыны Гардзіёнак, якая грае Волю, пяцідзесяцігадовую дачку Эльзы. Яна, як малое дзіця, кідаецца ў ногі маці, патрабуе кінуць дурное, жыць, як і жылі, не пакідаць крывінак у імя незнаёмца і тым больш забараняе прадаваць хату (хоць у яе ёсць свая). Яна скуголіць і ўключае істэрыку. Нічым не лепш паводзяць сябе сваякі Васіля.

Знаходка творчай каманды — цэлафанавыя пакеты на галаву замест спецыяльных шапачак для водных працэдур.

Сямейна-грашовыя канфлікты аднавяскоўцы вырашаюць у лазні.

У п’есы ёсць свой адначасова чаканы і нечаканы фінал, пра які не варта спойлерыць. 

Спектакль з яго лініяй кахання і рамантыкай мог бы паходзіць на танную меладраму, але гэтага ў Ганум, дзякуй богу, не выйшла. А выйшла пра моцных і добрых людзей, на якіх хочацца быць падобнымі (і лепей усё ж не адкладаць важныя змены да пенсіі).

Кветкі і віншаванні з прэм'ерай.

Дарэчы, гэта не першая пастаноўка Алены Ганум для Купалаўскага: ужо як два гады на Камернай сцэне можна паглядзець яе «Шабаны» па кнізе Альгерда Бахарэвіча. Цяпер жа яна працуе яшчэ з адным беларускім творам: ставіць «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» паводле Уладзіміра Караткевіча са студэнтамі Акадэміі мастацтваў (курс Вячаслава Паўлюця).

Пра папярэднюю прэм'еру ў Купалаўскім чытайце тут:

«Да нас едзе рэвізор!» Як на сцэне Купалаўскага Пінігін паставіў Гогаля на трасянцы і з жанчынамі ў леапардавым

Катерина Карпицкая

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера