Найти
26.01.2018 / 19:107РусŁacБел

В Давосе горячо обсуждали риски сверхсовременных технологий

У Давосе адкрыўся Сусветны эканамічны форум (СЭФ)— адна з найважнейшых падзей 2018 года. Але вялікая частка працы форуму адбываецца не на горных схілах швейцарскага Давоса, а ў амерыканскім Сан-Францыска. 

У апошнія гады члены форуму і ключавыя кампаніі пераключылі сваю ўвагу на рызыкі, звязаныя з развіццём тэхналогій.

У пачатку 2017 года ВЭФ наняў Звіка Крыгера, пасланца Дзярждэпартамента ЗША ў Крэмніевай даліне ў апошні год праўлення Барака Абамы, і Мурата Сенмеза, прадпрымальніка з Крэмніевай даліны, каб адкрыць свой першы буйны офіс за межамі Швейцарыі з амбіцыйнай назвай «Сусветны эканамічны форум — Цэнтр чацвёртай прамысловай рэвалюцыі». Філіял фінансуюць такія прадпрыемствы-гіганты, як Salesforce і Microsoft.

Офіс СЭФ у Сан-Францыска

Цэнтр, напрыклад, ужо дапамог Руандзе распрацаваць новую нацыянальную палітыку, накіраваную на запуск камерцыйнай індустрыі беспілотнікаў. Яшчэ адзін праект Цэнтра сумесна з кампаніяй-распрацоўшчыкам праграмнага забеспячэння для машын nuTonomy заключаецца ў ацэнцы таго, як гарадскія ўлады могуць адаптавацца да беспілотных аўтамабіляў. 

Тэхналогіі адбіліся ад рук

Заснавальнік СЭФ Клаўс Шваб мяркуе, што мы выйшлі за межы класічнага лічбавага веку і наблізіліся да нечага больш радыкальнага: з'явіўся штучны інтэлект, пры дапамозе тэхналогій можна рэдагаваць гены. 

Новыя тэхналогіі, такія як штучны інтэлект, крыптавалюты і беспілотныя аўтамабілі, настолькі моцныя, шырока распаўсюджаныя і развіваюцца з такімі тэмпамі, што могуць выйсці з-пад кантролю.

Гэта і з'яўляецца падставай для турбавання многіх удзельнікаў форуму. «Калі мы збіраемся будаваць лепшае грамадства, нам патрэбныя не толькі тэхналогіі. Мы павінны развіваць іх правільна і адказна», — сказаў Эндру Мэйнард, дырэктар Інавацыйнае лабараторыі ва Універсітэце штата Арызона.

Аўтаматызацыя можа пазбавіць многіх людзей працоўных месцаў. Інтэрнэт рэчаў з тэрмастатамі, аўтамабілямі і з усімі іншымі мажлівымі прыладамі, падлучанымі да сеткі, ужо стаў пляцоўкай для хакераў.

«У тэхналагічнай прасторы адбываецца нешта грандыёзнае, і трэба нешта з гэтым рабіць. Але, па-першае, мы не разумеем, што менавіта адбываецца, і, па-другое, мы не ведаем, што рабіць. Пра гэта кажуць і прэзідэнты, і прэм'ер-міністры, і члены ўрада», — кажа Звік Крыгер.

Звік Крыгер

Зараз у Цэнтры чацвёртай індустрыяльнай рэвалюцыі працуюць больш за 30 супрацоўнікаў. Каманды займаюцца праектамі ў дзевяці галінах тэхналогіі: штучны інтэлект, інтэрнэт рэчаў, блокчэйн, беспілотныя аўтамабілі, дроны, прыцэльная медыцына, міжнародны электронны гандаль і абарона навакольнага асяроддзя. Крыгер наняў экспертаў з урада, бізнэсу і некамерцыйных арганізацый, уключаючы Гандлёвую палату ЗША і мэрыю Нью-Ёрка.

Цэнтр падпісаў кантракт з 38 кампаніямі і чатырма краінамі — Руандай, Японіяй, Бахрэйнам і Даніяй. Урады адпраўляюць у Сан-Францыска супрацоўнікаў на стажыроўкі працягласцю ад 12 да 18 месяцаў, дзе тыя працуюць з экспертамі для распрацоўкі дзяржаўнага палітычнага курсу, які затым будзе тэставаць іх краіна.

На думку Крыгера, размовы на Форуме ствараюць матэрыял для заканатворчасці ў нацыянальных, рэгіянальных або лакальных урадах. «Мы не кансалтынгавая фірма, да якой дзяржава прыходзіць і кажа: «Можаце напісаць нам закон для беспілотных аўтамабіляў ці дронаў?» Мы ствараем каркасы, якія ўрады могуць пасля выкарыстоўваць для стварэння ўласных прававых нормаў».

Супрацоўніцтва з урадамі

Многія краіны з энтузіязмам ставяцца да працэсу. «Як толькі мы фармальна адкрылі Цэнтр ў сакавіку 2017 года, нас закідалі просьбамі ад урадаў.

Амаль кожны дзень да нас прыязджалі дэлегацыі, кіраўнікі ўрадаў, прэзідэнты, прэм'ер-міністры. І ўсе яны вельмі хацелі супрацоўнічаць з намі», — кажа Крыгер.

Мэта — не толькі супрацоўнічаць з найвялікшымі розумамі ў галіне тэхналогій, але і працаваць, як яны. Маецца на ўвазе вольнае, нефармальнае асяроддзе, амаль без іерархіі, але з мноствам ідэй, што лунаюць вакол. Так выглядаў першы вялікі мазгавы штурм Цэнтра, у якім бралі ўдзел дзясяткі прадстаўнікоў бізнэсу і новыя супрацоўнікі, каб скласці кароткі спіс праектаў, над якімі будуць працаваць у кожнай з абласцей тэхналогіі.

На мазгавым штурме заснавальнік блокчэйн-стартапа StoreCoin Крыс МакКой прадказаў, што блокчэйн стане механізмам, якім беспілотныя грузавікі і дроны будуць карыстацца для кіравання рухамі. Робат, які пераносіць тэрміновую пасылку, можа прапанаваць іншаму робату-дастаўшчыку невялікі плацёж у абмен на пропуск наперад. А гэтая транзакцыя можа быць запісаная ў блокчэйне.

Цэнтр чацвёртай індустрыяльнай рэвалюцыі заахвочвае такія разважанні пра будучыню.

Крыгер кажа, што гэта моцна адрозніваецца ад працы ўрадаў зараз: замест прагназавання яны рэагуюць на факт, які адбыўся. Роля ўрада і бізнэсу мае заключацца ў тым, каб «пракладваць траекторыю для тэхналогій».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера