Найти
17.01.2018 / 13:1719РусŁacБел

«Биткоины — будущее? Что за херню ты несешь?». Крипто-мыльные-пузыри. Часть 1: душа Коэна

Піша Мардэхай Валошка.

На жаль, большасць шляхоў зарабіць грошы займае шмат часу. Калі вы станеце багатым, вы ўжо будзеце застарым, каб атрымліваць ад гэтага асалоду.

Ян Флемінг. Goldfinger

Папярэджанне. Гэты тэкст не з’яўляецца парадаю ці прапановаю інвестыцый у крыптавалюты ці іншыя інструменты, якія звязаны з тэхналогіяй «блокчэйн». Любыя супадзенні ў імёнах і падзеях выпадковыя. Аўтар можа змешваць агульнавядомыя факты, што ёсць у свабодным доступе, з уласным досведам ды мастацкай выдумкай у любым парадку, як яму далі ў галаву нявыяўленыя рэчывы. Будзьце асцярожныя.

Яркія сонечныя прамяні весела гралі ў сіні марской вады, у шыбах і на метале машын, прымушалі прыкрываць вочы акулярамі і нацягваць бейсболкі на нос мінакоў, бегуноў і раварыстаў, заганялі ў цень катоў, бамжоў, а таксама прыбіральшчыкаў, якія нешта гаманілі сабе па-іспанску. Побач гудзела бясконцым патокам Ціхаакіянская аўтастрада, заглушаючы гоман чаек, спевы вулічных музыкаў ля гандлёвага цэнтра і сам акіян.

Я піў каву і чакаў свайго старага знаёмца, Ары Коэна. Я сам даўно хацеў трапіць у Лос-Анжэлес, таму, апынуўшыся ў ЗША, з радасцю прыняў яго прапанову змяняць прэрыі на залаты бераг.

У той год «Каралі» выйгралі Кубак Стэнлі, таму чорны колер быў у трэндзе пасярод лета. Тут любяць пераможцаў, усялякіх герояў сённяшняга дня і лёгка забываюцца пра былых. Навокал былі хіпстарскія кавярні, крафтавае піва, фалафельныя, барбершопы і ўсе магчымыя эклектычныя студыі фітнэсу. У гэты горад карысна прыязджаць хіба для таго, каб даведацца, што ў нас будзе папулярным паслязаўтра.

Калі раптам вы вырашыце карыстацца турыстычным аглядальнікам, памятайце, галоўнае — гэта ўмець прабівацца праз шчыльныя, добра арганізаваныя натоўпы кітайцаў. Бо яны паўсюль будуць пераследаваць вас: ля абсерваторыі Грыфіта, у мастацкім музеі і на Галівудскім бульвары. Нават у шэдэўры постмадэрнісцкага дойлідства, якім ёсць каталіцкі катэдральны сабор, вы ад іх не схаваецеся. Хіба толькі ў падземных тунэлях, у якія, дарэчы, можна трапіць літаральна праз дарогу на Тэмпл-стрыт.

У горадзе я ўжо быў другі дзень і выканаў сваю турыстычную праграму: сэлфі з бюстам Джэймса Дына, парк, марыхуана, віла Джона Геці, Трапікана-бар, кіно на 70 мм, агляд горада з хмарачоса, пабег з пакоя-пасткі, бар, марыхуана… Але ўсё навокал нагадвала кіно і цытаты, як з гарызонту нікуды не падзенеш вядомы з дзяцінства пірс Санта-Монікі. У галаве ў мяне гучаў Дэні дэ Віта з уступам да бліскучага L.A. Confidential (у нас вядомы як «Сакрэты Лос-Анжэлеса»; папярэджанне: у гэтым фільме грае Кевін Спэйсі)… Тут выдатнае жыццё. Тут рай на зямлі. Ха-ха! Гэтак вам яго прадаюць.

Ары патэлефанаваў і сказаў, што спазняецца. Каб заняць час, я стаў вылічваць сярод людзей на вуліцы паненак савецкага паходжання. Яны незалежна ад узросту занадта старанна надзімаюць свае вусны ды імкнуцца «лукам» перагнаць Одры Хэпберн разам з Вандэрбільдзіхаю, нават калі проста выйшлі ў краму ці прагуляць свайго сабачку. На жаль, не было побач з кім пабіцца аб заклад, таму, засумаваўшы, я зрабіў тое, што робяць усе — палез у тэлефон, каб пакінуць у інтэрнэце які-небудь каментар пад якой-небудзь фоткаю ці навіною.

Неўзабаве з’явіўся Ары. Добра загарэлы, паджары, з доўгімі цёмнымі кучарамі і кароткай акуратнаю барадою, з невялікім заплечнікам у руцэ і са сваёю бязмежнаю ўсмешкаю.

Ары Коэн быў усім тым, чым я, падаецца, быць хацеў. Яго бацькі з’ехалі ў свой час у ЗША і працягнулі працаваць на абаро…сучасную навуку, мае ж засталіся ў новай старой краіне, чыёй перадавою навукаю стала двайная бухгалтэрыя і мноства валютных курсаў. Ён выбіраў паміж МІТ і Стэнфардам, я — паміж БДУ і БДУІР. Ён лятаў ад берага да берага ды шукаў цікавыя праекты, я — тыя кампрамісы, што маглі зрабіць чалавеку з наборам постсавецкіх абрэвіятур «правільнае рэзюмэ» і адначасова пракарміць сям’ю. Карацей кажучы, вобразы «да» і «пасля» прыёму прэпарату пад назваю «American dream» (англ.: амерыканская мроя). Але галоўным было не гэта. У Ары была абсалютна падкупаючая ўсмешка. Тая самая, якую вы сустракаеце толькі некалькі разоў у жыцці. Усмешка, якая збірае ў сабе ўсе хараство сусвету і потым праецыруе яго на вас, дае надзею, што вас абавязкова пачуюць і зразумеюць. Нехта ўкладвае ўсю душу ў скульптуру ці пейзаж, у яго яна была ва ўсмешцы:

— Здарова, Мордке! Як там the old country?

[Анг.: старая краіна.]

Разам з Ары было яшчэ тры амігос, гэткіх жа загарэлых і жыццярадасных. Ва ўсіх была лёгкая расслабленая паходка людзей, у якіх у жыцці ўсё ну вельмі добра. Усе хлопцы былі апранутыя па-пляжнаму ў шорты і футболкі ды нагадвалі мальчуковы гурт, што сабраўся 15 год апасля.

Яны прадставіліся, маўляў так і гэтак. Імёны я цяпер магу паблытаць, таму пазначу іх як герояў фільма. Містар Бландзін і містар Руды былі мацёрыя стартаперы, а трэці быў партнёрам венчурнага фонду, містар Белы. Я вырашыў, што ён — албанец, з-за ненатуральна скарочанага імені, смуглаватай знешнасці, а таксама жэстаў і манеры размаўляць, якія лёгка выдавалі балканскія корні. Ну а я, мабыць, быў містэр Карычневы. Ары адрэкламаваў мяне, маўляў, кансерватыўны як бляшанка таматнага супу і заўжды дакалупваецца да любой драбніцы — быццам нехта кланаваў амерыканскага актуарыя з 1950-х і дэсантаваў у пост-савок 2000-х.

Хлопцы заказалі па розным жудасна правільным соку з вычварэнскімі назвамі кшталту «Выбух здароўя» ды з сумнага колеру вадкасцямі, поўнымі кале, бурака, гурка, авакада ды чорт яго ведае чаго яшчэ. Ары, як звычайна, з места ў кар’ер пачаў размаўляць пытаннямі і воклічамі:

— Мордке, што ты ведаеш аб крыптавалютах? Гэта новая рэвалюцыйная тэхналогія разлікаў у інтэрнэце! Гэта будучыня! Сістэма піраў, як торэнты, але для грошай!

— Га?

— Біткойн! Ты што, не чуў? Дэцэнтралізаваная сістэма для анлайн-плацяжоў! Крыптавалюта…

— Крыпта чаго? — кожнае слова па асобку было зразумелым, але разам усе яны нешта ніяк не камбінаваліся ў адзіны малюнак. Я адчуў сябе чуваком, якога звалі Лебоўскі. — Што за херню ты нясеш?

Ары дастаў з заплечніка планшэт і адкрыў прэзентацыю. Пагартаўшы яе туды-сюды, я зразумеў, што нейкі матэматык з японскім псеўданімам стварыў сістэму плацяжоў, заснаваную на строгіх формулах. Асноўнаю навацыяй была адсутнасць якогась цэнтральнага органа, усе ўдзельнікі працэсу (піры) хранілі журнал транзакцый, каб у любы момант праверыць балансы паміж сабою — ніхто не скарастае грошы, якіх у яго фактычна няма. Адпаведна, любая змена дасягаецца выключна кансэнсусам паміж гэтымі журналамі. Гэта і ёсць блокчэйн [анг.: block chain — ланцуг блокаў] — бесперапынная паслядоўнасць зацверджанных запісаў. Стварэнне новых блокаў, кожны памерам 1 мегабайт кожныя 10 хвілін, узнагароджваецца эмісіяй манеты, прычым узнагарода паслядоўна змяншаецца, у два разы праз кожныя 4 гады. Людзі даюць свае вылічальныя магутнасці пад падтрымку працы сістэмы, тая дае манету. Колькасць манет абмежавана 21 млн.

Пасля я паспрабаваў сфармуляваць усё гэта яшчэ раз ўслых. Хлопцы слухалі і ківалі. Надышла паўза.

— Ну, што думаеш? — запытаўся містар Бландзін.

— Я не ведаю, з якога боку да гэтага падысці, — адказаў я. — Яшчэ раз… Гэта плацежная сістэма.

— Так, — кіўнуў містар Бландзін. — Да таго ж транзакцыі, эээ, там праходзяць ананімна.

— А-на-нім-на, — смакаваў містар Белы. — Усё, што хочаш, можна набываць. Усё.

— І тыя, хто падтрымлівае яе працу, атрымліваюць ва ўзнагароду манеткі, — працягваў я.

— Так, — падхапіў Ары. — А манеткі і ёсць сродкам транзакцый, гэта значыць валютаю ўнутры сістэмы.

— Узнагарода цвёрда фіксаваная і яе здабыча зваротна прапарцыянальна ўжо атрыманай узнагародзе, а цяжкасць атрымаць новую — наадварот, адпаведна падтрымлівальным магутнасцям сістэмы.

— Так, — пагадзіўся містар Руды.

— Манеткі існуюць унутры сістэмы. Навошта іх тады набываць мне? Вы ж не набываеце манеткі, што выпускаюць для сваіх устаноў «Дысней» ці «Чак І. Чыз»?

— Таму што гэта зменіць усю экасістэму анлайн-эканомікі, — суха прамовіў містэр Руды. — Назаўжды. Хто будзе валодаць манеткамі, да таго прыйдуць тыя, хто будзе рабіць транзакцыі. Тысячы іх.

— Окей. Я разумею матэматыку. Я не разумею фізіку працэсу. Гэта сродак [vehicle — анг.] інвестыцый ці аб’ект?

Над сталом зноў навісла паўза. Я зразумеў, што зайшоў не з таго боку:

— Вось у кожным сперматазоідзе — некалькі мегабайт інфармацыі. Інфармацыя — гэта аб’ект, а сперматазоід - гэта сродак. Калі вы канчаеце, вы — робіце транзакцыю. Ну, калі ў жонку — гэта інвестыцыя. Інакш вы проста выдаткоўваеце грошы на курваў і блэкджэк. Карацей, вам не патрэбен сам па сабе сперматазоід. Вам патрэбна праз яго ствараць новыя аб’екты.

— А дзеці — гэта дывідэнды? — не вытрымаў Ары. — Ці інтарэс?

— Блін, а колькі гэта інфармацыі выходзіць, калі канчаеш? — з усёй сур’ёзнасцю пяцігадовага дзіцяці, які даведаўся аб непазбежнасці смерці, раптам запытаўся містэр Белы.

— Да дзесяці тысяч тэрабайт, — адказаў я. — З хуткасцю паўтары тысячы тэрабайт за секунду.

— Ні фіга сабе! Вось гэта таўшчыня канала ў кожнага!

— Ну, у эвалюцыі было некалькі мільёнаў год, каб развіць гэты прадукт. Таму і вынік крыху круцейшы за ананімнага матэматыка. Вяртаючыся да біткойна, чаму гэта — валюта?

— Таму што можна рабіць транзакцыі, сродак абмену, — сказаў Ары.

— Але ўласная каштоўнасць грошай раўна нулю. Адпаведна, грошы як аб’ект інвестыцый нічога не даюць, ім патрэбен пасярэднік. Сродак, з дапамогай якога нарадзяцца новыя грошы.

— У гэтым уся штука, эээ, — містар Бландзін цягнуў з сябе словы, быццам вудзіў вялікую рыбу. — Тут сродак ёсць аб’ектам, эээ. Грошы ёсць удзелам. А сістэма ёсць гарантам даверу.

— І вялікі брат — не больш як твой сусед, — жартаваў Ары.

— Канвергенцыя — працягваў містар Бландзін. — Калі чалавек неадрыўны, эээ, ад свайго спосабу спажывання, тады чаму грошы абавязкова павінны існаваць асобна ад спосабу транзакцыі?

— І хто на сёння прымае гэты спосаб транзакцыі?

— Пакуль яшчэ мала хто, але шмат хто плануе, — Ары хуценька знайшоў слайд, на якім былі лагатыпы кампаній на фоне часавай лінейкі, хто калі пачне прымаць біткойн.

— А колькі сістэма апрацоўвае транзакцый? — спытаўся я.

— Эээ, — містар Бландзін уключыў рэжым чакання.

— Прыкладна 6 за секунду, — ведаў містар Руды.

— А колькі можа «пэй-пэл»? А колькі могуць картачныя сістэмы?

— Зараз пашукаю, — Ары палез у «гугл».

- Віза, падаецца, 20 ці нават болей… тысяч транзакцый. — я сам адказаў на сваё пытанне. — Таму як і хто гэтым будзе карыстацца? Ніша ананімнасці. Окей. А што можа быць яшчэ, акрамя матэматычнай элегантнасці і ананімнасці?

— Захоўванне вартасці, эээ, — адказаў містар Бландзін. — Самарэгуляваная суполка з абмежаванай прапановаю будзе, эээ, куды лепей захоўваць вартаць за друкаваныя, эээ, па незразумелых законах дзяржаўныя грошы.

— Пардонце?

— Ну, гэта як залаты стандарт, толькі лічбавы, — дадаў містар Руды. —Да фізічнага золата людзі змогуць дадаць лічбавае.

— Смарагдавы горад — усміхнуўся я і пачаў напяваць. — We’re off to see the wizard, the wonderful wizard of Oz! [Анг.: Ідзём мы да чараўніка, дзівоснага чараўніка краіны Оз!)

— Чаго?

— Фрэнк Баўм пісаў сваю казку як памфлет на карысць біметалічнага стандарту супраць залатога. І падаецца, тэма чараўніка тут будзе цэнтральнаю. Ніхто не разумее, што гэта, але абавязкова будзе крута! Трэба толькі дайсці, і ўсе жаданні збудуцца.

— Менавіта, пасля крызісу 2008 года ніхто не давярае гэтым трыльёнам, якія ўрады скідваюць на банкі з верталётаў, — усміхнуўся містар Руды. — Тыя самыя банкі, якія зрабілі гэты крызіс. Колькаснае змякчэнне, вашу маць.

— Біткойн — гэта, эээ, адказ на попыт з боку соцень тысяч разгневаных мужчынаў, — уставіў містэр Бландзін.

— І ў колькі вы ацэньваеце рынак?

— У 5—6 мільёнаў карыстальнікаў толькі у Паўночнай Амерыцы. — адказаў ён без запінкі.

Ары хуценька знайшоў слайд, на якім былі характэрныя для ўсіх стартапаў графічныя «клюшкі», з раптоўным ростам кліенцкай базы, хутка-хутка, ўжо ў самай бліжэйшай будучыні.

— Адпаведна, — я працягваў думаць услых, — вы ствараеце фонд, патэнцыйныя кліенты будуць накапліваць буйныя пазіцыі, а потым перапрадаваць у розніцу гэтым самым карыстальнікам. Так?

— Усім ахвотным пакупнікам па рынкавым кошце, як тое заўжды вялося ў гэтай краіне, — падсумаваў містар Белы нібыта вікарый з катэдры.

— Тады гэта commodity [анг.: тавар], інвестыцыйны прадукт сам па сабе, выключна для далейшае спекуляцыі.

— Але ж будзе сінэргетычны эфект ад карыстання сеткаю, — уставіў Ары. — Людзі будуць купляць і прадаваць. Вось нават каву. І манета будзе праз гэта даражэць як мера вартасці ўсёй сістэмы.

— Ці ўсё ж security [Анг.: забеспячэнне, паручыцельства, каштоўная папера]? Навошта валодаць тым, што патрэбна толькі ўнутры механізму транзакцый? Мы нешта ходзім кругамі.

— Няхай сабе ўсё адразу: і механізм, і прадукт. Галоўнае, каб людзі верылі, — знайшоўся містар Белы. — Чым больш, тым лепей. Людзі, якія вераць у Смарагдавы горад даляраў, павераць і ў гэта.

— Окей. Тады да прадукту. Алгарытм здабычы увесь час робіць яе больш складанаю, адпаведна, магутнасці павінны расці. А цяпер здабываюць па большасці аматары, адпаведна эфектыўнасць здабычы зніжаецца, выдаткі растуць.

— Так, але ўжо з’явіліся і прафесійныя майнеры [анг.: miner — шахцёр]. Гэта расце ў сапраўдную асобную індустрыю, — распавёў містар Бландзін.

— І яна будзе тут, у ЗША?

— Не, навошта? Іх з радасцю будуць здабываць там, дзе шмат таннае электраэнергіі.

— У Кітаі, — дадаў містар Руды. — Амерыканская мроя — няхай усю брудную працу робяць «жаўтапузыя», а нам — здымаць вяршкі, ха-ха.

— Але цяпер здабыча вугалю на максімумах, — разважаў уголас я. — Кітай трымае нізкія цэны на электрычнасць, каб стымуляваць рост прамысловасці ва ўнутраных раёнах. Карацей, любое спажыванне аплачваецца дзяржаўнымі пазыкамі.

— Так, мясцовыя ўжо на гэтым танным вугалі здабываюць біткойны, — усміхнуўся містар Белы. — І магутнасці растуць як снежны ком, як толькі жывыя грошы ідуць у сістэму.

— Тады апошняе пытанне. Што стрымлівае з’яўленне копій? Падаецца, тут няма нічога, што было б абаронена. Бяры і малюй сваю манету.

— Эээ, нічога, — адказаў містар Бландзін. — Але суполка біткойна ужо існуе, таму будзе большай за любую ствараную новую. Адпаведна, іншыя будуць прыхадзіць праз гэтую суполку. Уся, эээ, экасістэма будзе толькі з-за гэтага расці.

— Хто першы, той і рынак? Але і майнеры змогуць пераключацца, і публіка.

— Так і няхай сабе. Гэта толькі, эээ, дыверсіфіцыруе партфель.

— Карацей, ваш праект — гэта прыватны фонд для куплі квазі-актыву, у аснове якого матэматычная сімуляцыя залатога стандарту, якая вырабляецца як імітацыя кітайскага экспарту. У вас будзе камісія з кожнага інвестара, а ў іх — лічбавыя манеткі для спекулятыўнага продажу шырокім масам. Выдаткі, якія ёсць, кладуцца на бяздонны баланс Кітайскага народнага банка.

— You f**king cockblocker! You nailed it! You f**king nailed it! [англ: Ты хрэнаў струкакрут! У самую цюцельку! У самую, туды яе, цюцельку!] — містар Белы пачаў ляпаць мяне па плячы і вельмі задорна смяяцца.

Усе выпілі за гэтую формулу поспеху. Ары прапанаваў зрабіць мяне часткаю крыпта-суполкі. Праз пару хвілін ў мяне быў уласны кашалёк ды 1 біткойн. Больш за тое, мне прапанавалі камісійнае пагадненне на толькі што абмеркаваны праект. Але нічога не бывае задарма.

Хлопцам я быў патрэбен як ёсць — правінцыйны адвакат д’ябла, 100% аўтэнтычны old school, old fashioned, old economy [анг.: старая школа, старамодны, старая эканоміка]. Анты-ўсё чым ёсць яны. Для гэтага Галівуд і існуе, каб кожны мог сыграць сваю ролю. Мая была — тыповы еўрапейскі злодзей у вячэрнім касцюме, для прамовы пары «нятленак» і поўнага фіяска ў канцы. Не, містар Бонд, я чакаю, што вы памрэце!

Так, цябе карыстаюць, а ты ўсміхайся і атрымлівай ад гэтага асалоду… Гэтым мы і займаліся ўвесь наступны тыдзень на розных тусоўках, дзе за вясёлай музыкай, кактэйлямі і пустымі размовамі грошы сустракаюцца з магчымасці. І калі мы паўтаралі свой спектакль для новай аўдыторыі, мяне здзіўляла, якія часам вялікія грошы слухалі гэтыя, як мне падавалася, эфемерныя магчымасці. Вось ён які — Арыстоцелеў прынцып адзінства часу, месца і дзеяння! Тое, што ўчора падавалася зусім далёкім, вось яно побач — падыдзі і вазьмі.

Наогул, менавіта стаўленне да грошай і багацця найлепш адрозніваюць замкнёнае ў свойскасці артадаксальнае грамадства ад больш развітых і адкрытых. У нас трэба толькі адзін раз грошы дастаць, зарабіць, скрасці, «хапнуць», а потым схаваць за вялікім плотам і вялікі замок павесіць. Далей не вашая справа, не лезьце ў чужую кішэню, не зайздросцьце! Грошы — гэта мур, абарончы роў і гайдукі з дубінамі. Заплаціў каму трэба, і няма праблем. Хэпі-энд. Там грошы — гэта дзверы, які перад табой адчыняюцца. А далей ўсё залежыць толькі ад цябе — як і з кім ты будзеш сацыялізавацца, хто цябе ведае, што ты зрабіў і каму ты дапамог. «Цвёрды кэш» спрыяе развіццю «мяккіх навыкаў», але ні ў якім разе іх не замяняе. Можна рэгулярна праплачваць «джынсу» ўсім часопісам горада і ўсё адно назаўжды застацца пасмешышчам і парыяй, ніякія піяршчыкі за цябе гэта не выправяць. А паказчыкам багацця ёсць магчымасць рабіць для людзей тое, што не набудзеш праз Амазон.

Так, скарыстаўшыся сваімі абавязковымі 15 хвілінамі славы, я паглядзеў культавы фільм Дона Сігела сярод галівудскай кіношнай аўдыторыі, трапіў на студыю «Фокс», паручкаўся з прафесійнымі баскетбалістамі ды атрымыў падпісаны вініл тады малавядомага Ніка Уотэрхауса. І зразумела, глыбока падтрымліваў барацьбу за diversity [анг.: разнастайнасць] і мір на ўсім свеце.

Па сканчэнні гэтай каруселі славалюбства я вярнуўся ў Еўропу, дзе навокал бясконцыя геапалітычныя гульні, цэны на вуглевадароды, даўгавыя крызісы ды барацьба за тры цэнты на даляр прадукцыі — сумная старая эканоміка. Добра арганізаваная руціна захапляльна ўмее нішчыць час.

Потым я набываў трохі біткойнаў сабе ды з астаткаў свабодных грошай сумеснага са старымі знаёмцамі маленькага фонду. Але ў той праект мы не пайшлі, мабыць, таму што я не здолеў на пальцах растлумачыць старэйшым таварышам, што ж добрага ў гэтых лічбавых манетках ёсць, акрамя рызыкоўнай спекуляцыі. Я і сам не вельмі разумеў.

Недзе праз год кошт біткойна стаў расці. Чорта ён расце? Таму што попыт расце хутчэй за прапанову, і пакупнікі гатовыя плаціць усё болей. Рэзкі ўзлёт пачаўся, калі будучая патэнцыйная прапанова складала прыкладна палову ад усіх манет. Гэтак сама як пазней ужо ў 2017 годзе, калі — палову ад паловы, г.зн. усяго толькі чверць. Дзінь-дзінь, чатыры гады. Налятай хутчэй, а тое ўсё разберуць! Калі ў вас прадукт працуе адпаведна строгім матэматычным формулам, чакайце падобныя статыстычныя заканамернасці.

Не спрачайцеся з цаною, карыстайцеся ёй — старажытны запавет усіх на свеце спекулянтаў. Я нават не зацікавіўся, хто і чаму купляе, проста ўспомніў аб Ары і трох амігос, падумаў, што напэўна такіх зазывалаў свабодных грошай цяпер гастралюе не адна тысяча. Я прадаў біткойны, атрымаўшы недзе ў 40 разоў болей за сярэдні кошт куплі. І напісаў нешта стрыманае, што тэхналогія вельмі цікавая, але дагэтуль не зусім зразумела, як жа менавіта яна будзе змяняць свет. Маўляў, не для нас, артадоксаў. Давайце паглядзім лепей на рынак цэменту ў Індыі.

Пасля гэтага пра біткойн я зусім забыўся, пакуль зноў не сустрэў Ары недзе праз паўтара года. Ён адпачываў на Мальдзівах, а мне туды было две гадзіны ляцець з Качына, таму мы дамовіліся сустрэцца на выхадных. Ары, як заўжды бронзавы і жыццярадасны, сустрэў мяне ля пірса, до якога чоўны і паромы прыходзяць у аэрапорт. Не паспеў я залезці ў човен, як ён адразу стаў браць мяне «ў работу»:

— Слухай, тут ёсць проста прарыўная тэхналогія! Гэта будучыня! Гэта бляск! Гэта рэвалюцыя! Можна аўтаматызаваць кантракты і нават цэлыя арганізацыі. Завецца этэрыум!

— А што з біткойнам? — запытаўся я.

Ары мяне не слухаў ды далей «прадаваў» свой pitch [анг.: падача, кідок]:

— Платформа на прынцыпе блокчэйна, з дапамогаю якой можна ствараць анлайн-прылады, кшталту пагадненняў ці ордараў. Разумныя кантракты! З іх можна будаваць ланцугі складаных прадуктаў, камбінаваць любыя эканамічныя зносіны! У рэальным часе! Можна прадаць нешта з Украіны ў Гватэмалу, і застрахаваць гэта, і юрыдычна зафіксаваць! Уяўляеш?

— Цікава, вядома. Гучыць як песня. Дык а што там сталася з біткойнам?

— А! — адмахваўся Ары і пачаў адкрываць нейкія файлы на сваім планшэце. — Усе тэхнічныя ідэі стаяць на месцы два гады. Там цяпер засталіся толькі венчурныя хлопчыкі. Да гэтых фінансавых гульняў у меня не ляжыць душа! Ты лепш вось паглядзі сюды! Гэта ж можна замуціць такое…

І жадна адпіваючы з вялікага кубка какосавую ваду з пладамі лічы, Коэн працягнуў з імпэтам маляваць перада мною новы фантастычны сусвет.

Мардэхай Валошка

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера