Найти
21.12.2017 / 16:4630РусŁacБел

Минский инженер и его жена озвучивают фильмы по-белорусски

Год таму адна маладая мінская сям'я захацела паглядзець фільмы з беларускай агучкай, але амаль нічога не знайшла. Выйсце было толькі адно — пачаць рабіць яе… самім. Так з'явілася студыя «Gavarun_by». За час існавання ініцыятывы яе стваральнікі — муж і жонка Адам Трыпутнік і Таша Мурзэнштольц (творчыя псеўданімы) — агучылі больш як 30 поўнаметражных і кароткаметражных фільмаў, міні-серыял і шэраг ролікаў, сообщает «Звязда».

— У Расіі існуе шмат студый агучвання, і людзі адмыслова выбіраюць тыя галасы, якія ім больш падабаюцца. Ва Украіне таксама большасць касавых фільмаў і серыялаў перакладаецца. А ў нас, калі не лічыць аматарскія суполкі, — вакуум. Хоць кожны год з універсітэтаў выпускаецца шмат акцёраў і гукарэжысёраў, — заўважае Адам.

Чаму так? На думку суразмоўніка, справа ў тым, што мэтавая аўдыторыя, гатовая глядзець фільмы з беларускай агучкай, невялікая. «Але зараз трэнд на беларускасць. Тая ж вышыванка цяпер паўсюль. І попыт на фільмы на роднай мове расце».

Адам працуе інжынерам, але заўсёды быў творчым чалавекам: пісаў вершы, музыку. Яго жонка Таша па адукацыі рэжысёр і актрыса. Агучка кіно для іх — хобі. І дзейсны спосаб падцягнуць беларускую мову. З абсталявання яны маюць толькі старэнькі ноўтбук і мікрафон, замест прафесійнай студыі — пакой у звычайнай кватэры.

— Калі пачынаеш, нічога не ведаеш. Я не разумеў нават, як фільм разабраць на асобныя дарожкі (гукавую і відэа), як правільна трымаць мікрафон, якімі праграмамі для запісу карыстацца, — прызнаецца суразмоўнік. — Таму процьму часу мы з жонкай затрацілі на самаадукацыю: глядзелі відэаўрокі, чыталі артыкулы. Першыя фільмы, вядома, па якасці не параўнаць з апошнімі. Імкнёмся ў нашых умовах, «на каленцы», дасягнуць такога ж узроўню, як у прафесійнай студыі. Тэхнічна мы выціснулі з нашага абсталявання ўсё, што можна. Таму ўдасканальваем маўленне, падачу эмоцый.

Галасы пара запісвае паасобку і звычайна пагаджаюцца з тым, як кожны «падае» сваіх персанажаў. «Галоўнае, каб глядач верыў, каб не было перабольшанняў, — лічыць Адам. — Для мяне складана агучваць падлеткаў і дзяцей: цяжка перадаць тонкія высокія галасы, калі твой уласны даволі нізкі».

Каманда супрацоўнічае з рознымі перакладчыкамі і дызайнерамі (апошнія робяць постары да фільмаў). А даводзіць да ладу дыялогі персанажаў з нядаўняга часу дапамагае стыльрэдактар «Звязды» Леў Глушыцкі. Пераклад, дарэчы, робіцца з мовы арыгінала і мае пэўныя асаблівасці. Мала дакладна перадаць сэнс: трэба, каб фраза па працягласці супадала з зыходным варыянтам — тады на экране гэта будзе ўспрымацца арганічна.

— Беларусы такі народ: самі на роднай мове размаўляюць мала, але вельмі любяць крытыкаваць. Калі зробіш памылку, у каментарыях абавязкова потым пра гэта напішуць, — усміхаецца Адам.

Агучванне аднаго фільма займае паўтара-два тыдні. У скарбонцы каманды «Gavarun_by» ёсць такія вядомыя кінастужкі, як «Фантастычныя істоты і дзе іх адшукаць», «Час», «Апошні самурай», «Інтэрстэлар», «Капітан Фантастык». Хутка з'явіцца пераклад фінскага фільма «Калядная гісторыя». Пара агучвае кіно, якое ім самім падабаецца, але збіраюцца праводзіць і галасаванні, каб гледачы маглі паўдзельнічаць у выбары.

Беларускамоўныя варыянты карцін выкладаюцца ў сеціва ў свабодны доступ. Адзін фільм звычайна глядзіць анлайн да 300 чалавек і яшчэ каля сотні яго пампуе. Студыя дамаўляецца таксама на паказы кіно ў кавярнях і культурных пляцоўках. Пакуль гэта толькі Мінск і абласныя гарады, але ў планах — дайсці і да райцэнтраў.

— Ёсць меркаванне, што беларуская мова несучасная і не пасуе фантастыцы і фільмам жахаў. Хочацца паказаць, што гэта не так. Наша мова класна гучыць. У ёй таксама ёсць маладзёжны слэнг, пастаянна адбываецца ўтварэнне новых слоў.

Адам прызнаецца: складана рабіць усё на валанцёрскіх пачатках. Але адмовіцца ад любімай справы яны з жонкай не гатовы. Таму спадзяюцца з часам дарасці да паўнавартаснай студыі — зняць памяшканне з прафесійнай тэхнікай, прыцягнуць яшчэ пару акцёраў, каб рабіць шматгалосы пераклад, знайсці спецыяліста, які б займаўся прасоўваннем і перагаворамі з тэлеканаламі і інтэрнэт-парталамі аб паказе фільмаў. І радаваць беларусаў сусветнымі прэм'ерамі на роднай мове.

Наталля Лубнеўская,zviazda.by

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера