Найти
16.12.2017 / 19:495РусŁacБел

Святлана Куль. Кальварыя

«Пішу далей. Сябры, хто сочыць за гэтым, і хто мяне чытае, вельмі для мяне важныя вашыя думкі пра напісанае. Тэма мне баліць. Многа думак і асацыяцый, многае ўплятаю ў радок. Баюся, што накручу, што не зразумела будзе. А не хочацца дрэнь напісаць, бо будзе абраза для тэмы. То прашу, пішыце ў каментары, ці зразумелыя вобразы, ці не памылілася я», — напісала ў фэйсбуку Святлана Куль і апублікавала новы верш.

Кальварыя

Як ад вугла ісці, за следам след,
І абысці перыметрам навокал,
У вязніцы напішацца санет,
Бо тут па сценцы — чатырнаццаць крокаў.

1
На першым кроку — крыжык ля імя,
Ці птушачка, што ўжо закрыта справа,
Без выбару між вамі, між двума —
Хто з вас прарок, а хто між вас — Варава.

2
Без рэшты і без выбару паміж,
Адным шыхтом, адным для ўсіх прысудам
Аднолькавы на ўсіх наклалі крыж —
На геніяў, прарокаў і на Юдаў.

3
Не разбярэш, хто здрадзіў, хто герой.
Рабілі Юдаў. Кожнага ламалі.
Для ўсіх адзіны шлях перад гарой,
Адзіны шлях да безлічы кальварый.

4
Даўно здабыты зэкамі свінец
На кулі для прарокаў і паэтаў.
Яшчэ з дзясятак крокаў — і канец,
Ні плашчаніц не будзе вам, ні п’етаў.

5

Ні ланцужкоў, сатканых з васількоў,
Ні вашы залатыя бранзалеткі, 
Ніхто не панясе ў растрэльны роў, 
Не кіне ў яму палявыя кветкі.

6

Ніхто не пашкадуе вас ніяк,
Кроў не сатрэ з ілба духмянай хусткай.
Не будзе дрэва — выразаць імя,
Будоўля будзе, біты шлях і пустка.

7

Данесці крыж да самае гары,
Упасці і падняцца. Не скарыцца.
Так цяжка паміраць у трыццаць тры,
Таксама, як у сорак або трыццаць.

8
Ты спіш, народзе, летаргічным сном,
Якія сны ты бачыш пад прыцэлам?
Зарытую ў раве пад курганом
Душу, ампутаваную ад цела?

9
Ці чуеш ты, як твой нявечаць дом,
Як ганьбяць і балююць на руінах,
Ці ўспомніш, як пад катаўскім крыжом
Не захацеў плячо падставіць сыну?

10
Гаротны край пасеклі папалам,
Ён лёгка аддае сваіх герояў.
Каля распяцця камісар і хам
Яго майно падзеляць між сабою.

11
Кальварыя з мяжы і да мяжы,
клады, клады ў равах, на кожнай горцы,
і Беларусь, нібыта на крыжы,
распятая на бальшавіцкай зорцы.

12
Не будзе вызваліцеля, не кліч.
Даўно на дровы парубілі Спаса.
У храмах пасміхаецца Ільіч
І з ім ЦК — замест іканастаса.

13
Калючы дрот цярновага вянца
Цвікі і боль. Чаму? За што? Навошта?
Ты пройдзеш шлях крыжовы да канца, 
За ўсіх заплаціш найвялікшым коштам

14
Твае радкі схаваюць пад замок,
Нібы ў труну — нікому не дабрацца.
І гэта будзе той, апошні крок
Тваёй дарогі —
Роўна чатырнаццаць.

12.12—15.12

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера