Найти
22.10.2017 / 13:4021РусŁacБел

Истории нескольких жителей Браслава, которые не дают городу стать зомби

Турыстычны летам Браслаў восенню нібыта вымірае: мясцовыя параўноўваюць яго з зомбі, які ў гэты час сыходзіць на пакой. Без уласнага басейна, кінатэатра, з райпа, што загінаецца, горад-дзесяцітысячнік не засынае зусім толькі дзякуючы неабыякавым людзям. Іх няшмат, але гэтыя адзінкі робяць працу вялікіх аддзелаў культуры.

Браслаў. Фота Галляш Сялява.

Мы зганялі ў край азёр, каб пазнаёміцца з тымі, хто не з’ехаў з Браслава, бо любіць горад настолькі, што гатовы рабіць гэта нават без узаемнасці.

Юля Цярэнцьева і беларуская кавярня-арт-прастора

Юля Цярэнцьева.

Хутка будзе чатыры гады, як Юля з трыма дзецьмі і мужам Станіславам прамяняла Мінск на вёску Зарачча, што пад Браславам. Пераключыцца з журналістыкі на гаспадарчыя справы было няпроста, але цяпер відавочна, што ўся сям’я асвоілася на новым месцы. Мала таго, што Юля ўзгадала дзіцячыя майстар-класы ад бабулі і дала рады карове, дык яшчэ і шчыльна занялася грамадскімі справамі. Зусім нядаўна з яе ініцыятывы каля Браслава адкрылася «Кавярня», а летась яна дапамагала ладзіць першыя беларускамоўныя курсы для мясцовых.

Але пра ўсё па парадку.

Гісторыю пераезда Юлі, Стася і іх траіх дзяцей, Элі, Лілі і Марка, мы друкавалі амаль два гады таму. Былая журналістка і практыкуючы адвакат абмянялі кватэру ва Уруччы на домік на беразе возера Рака. Уцяплілі яго, адрамантавалі санвузлы. Завялі птушку, трусоў, авечак. Сёлета ў доме з’явілася карова, і Юля пачала рабіць хатнія тварог і масла: для гэтага спецыяльна набылі сепаратар. Паўнавартаснымі гаспадарамі ў доме можна лічыць двух чорных котак, рудое кацяня і сабак.

 

Развядзенне алабаяў з'яўляецца дадатковай крыніцай заробкаў у сям'і.

Крыху далей, амаль на мяжы з Латвіяй, на старым хутары сям’я трымае пчол, а за дзясятак кіламетраў ад роднага дома, у вёсцы Пеліканы, Юля з мужам выкупілі стары будынак школы часоў Пілсудскага, дзе ўжо паспелі замяніць вокны і старую падлогу. Жанчына не губляе надзеі стварыць там цэнтр сямейнага адпачынку, але разумее, што гэта можа зацікавіць толькі мясцовых. Вёскі працягваюць пусцець, а дабірацца з горада па разбітых дарогах — не самая ўдзячная справа. Акрамя таго, ёй прыйшлося шмат пабіцца з паперкамі для розных інстанцый, і яна нават паспела пашкадаваць, што ў гэта ўвязалася.

«Ведаеце, для такіх вось сітуацый у нашай краіне не хапае людзей, якія б працавалі як заспакаяльнае і казалі: «Супакойся, у цябе ўсё атрымаецца». У нас любяць ныць самі, а ў іншых не вераць ні свае, ні чыноўнікі. У такіх умовах нават з добрымі намерамі апускаюцца рукі», — разважае Юля.

…У дрэннае надвор’е браслаўскія землі падтапляе: сыходзіць пад ваду пляж на беразе Дрывятаў, а ў вёсках складана абысціся без галёш. Бруд хлюпае пад нагамі, ногі вязнуць у жыжцы. Юля жартуе, што для некаторых гарадскіх гасцей гэта становіцца сапраўдным выпрабаваннем. Але яе і дзяцей такія рэчы даўно не пужаюць.

Дзеці.

«Мінск маёй маладосці я вельмі любіла і не разумела раней, чаму людзі кудысьці з’язджаюць. Але тады горад быў іншы. Цяпер ён ператварыўся ў вечныя спаборніцтвы за найлепшае месца ў дзіцячым садку, на паркоўцы, на дарозе, у чарзе… А ў вёсцы я адчуваю свабоду духа. Нармальна жыць там, дзе ты яе адчуваеш», — дзеліцца гаспадыня.

Юля сцвярджае, што вёска зрабіла іх больш адказнымі: каб нешта з’есці, трэба гэта вырасціць; каб было цёпла — набыць дровы і вытапіць печ. У дзяцей знікла спажывецкае стаўленне да бацькоў «мама, купі!». Калі яны хочуць печыва, то разам з маці бяруць і гатуюць.

 

Малодшы сын Юлі Марк.

«Многія раіліся са мной, як асвоіцца ў вёсцы. Але давайце шчыра: калі ў вас няма грошай ці вы не ўмееце працаваць як фрылансер, то жыць выключна з агародаў ці гаспадаркі цяжка. Працы на месцы няма, фермерства ці жывёлагадоўля — даволі складаны і дарагі працэс. Адзіны варыянт — зарабляць у іншых гарадах, але каб быць сапраўды мабільным, трэба мець уласны транспарт, інакш дабрацца да патрэбных пунктаў праблематычна», — працягвае Юля.

Яе муж Станіслаў, у сваю чаргу, жартуе, што куды танней было б, калі б Юля была проста гаспадыняй дома. Але ўнутранага стартапера ў ёй не задушыць. У пачатку кастрычніка яе намаганнямі ў Браславе запрацавала «Кавярня» проста на беразе Дрывятаў. І яна ўжо думае над наступнымі праектамі: як стварыць у горадзе парк медытацыі і аб’яднаць фермераў, якія хочуць прадаваць сваю прадукцыю турыстам.

 

Кавярня стаіць проста на беразе возера.

Гэты будынак пуставаў ад 2013 года. Шмат хто да яго прыглядаўся, але нічога не рабіў. Летам вырашылася спытаць пра арэнду Юля. Кошты гаспадар запрасіў мінскія, але губляць такі ўтульны куток было шкада, таму яна прынялася за збор патрэбных дакументаў на адкрыццё.

У кавярні ёсць свой камін. Фота Галляш Сялявы.

«Адразу ў галаве ў мяне сядзела ідэя стварэння хатняга кафэ з арт-прасторай на другім паверсе, аднак хутка мае мары адна за другой пачалі разбівацца аб санітарныя нормы. Паводле іх стэлажы і мойкі на кухні павінны быць толькі з нержавейкі, у якасці ануч — рыззё, хаця ўсе даўно карыстаюцца мікрафібрай. Паўсюль трэба клеіць налепкі: дзе мыць рукі, дзе рэзаць гародніну (повар, відаць, дурны і сам не разумее, дзе гэта рабіць?). Апроч таго, у мяне і ў браслаўскіх фермераў шмат сваіх яблыкаў, бульба, малако тое ж, але па нормах мы не можам гэта выкарыстоўваць, бо зрабіць сертыфікаты на кожную маленькую партыю нерэальна. Яшчэ адна з прычын — наша памяшканне не дазваляе абсталяваць асобны пакойчык пад чыстку і мыйку гародніны. Таму мы вымушаныя закупаць паўфабрыкаты і гатаваць дранікі не па рэцэпце мужа, а па тым, які прапісаны ў санітарных правілах.

Пра якую аўтарскую кухню можа ісці гаворка ў нашай краіне? Як аднаўляць кулінарную спадчыну і частаваць турыстаў незвычайнымі стравамі, калі нормы ў нас застаюцца з далёкіх савецкіх часоў?», — наракае Юля і не разумее, чаму пры ўсіх абяцаннях паслабленняў да прадпрымальнікаў усё адно ставяцца так, быццам яны ад самага пачатку хочуць зрабіць нешта дрэннае, а не наадварот.

Што да коштаў, то самымі дарагімі рэчамі ў выніку сталі прафесійная кававарка, рэчы для кухні і банкаўскае абсталяванне. Амаль уся мэбля дасталася ад былых гаспадароў. Юля раіць усім, хто захоча паспрабаваць сябе ў грамадскім харчаванні, мець у кішэні каля пяці тысяч даляраў.

Дзякуючы «Кавярні», у Браславе ўпершыню з’явіліся кебабы, смачныя пірагі і кактэйлі, але галоўнае, што ў мясцовых будзе ўласная пляцоўка для правядзення культурных імпрэзаў.

У новым кафэ Юля і каманда будуць прадаваць сувеніры з мясцовым каларытам, ладзіць джазавыя вечарыны і імпрэзы з беларускім каларытам.

Галляш Сялява і моўныя курсы

Галляш ці па-простаму — Ілья — гэта мясцовы актывіст, які цягам пяці гадоў займаецца напаўненнем адзінай альтэрнатывы дзяржаўнай газеце «Браслаўская звязда» — сайтам Браслаў.бай.

Галляша ў Браславе, здаецца, ведаюць усе.

«Я некалькі гадоў працаваў у раёнцы, адміністраваў сайт газеты і паралельна зацікавіўся фатаграфіяй. З’яўлялася шмат рэпартажаў, акрамя афіцыйных здымак, дзе, напрыклад, мужчына сядзіць за сталом з дыпломамі. Але для сайта раёнкі гэта быў не фармат, таму я стварыў свой асобны партал. Аднагрупнік дапамог з вёрсткай, дызайнам, астатняе я ўжо дарабляў сам», — згадвае Галляш.

У 9-м класе ён пайшоў на заняткі, як звычайна, а вярнуўся дамоў, размаўляючы па-беларуску. Проста задумаўся, чаму ёсць мова, якой не карыстаюцца. Бацькі лічылі, што хлопец дурачыцца, але ён і не збіраўся. Хутка да мовы з яго вуснаў прызвычаіліся і сваякі, і сябры, а хлопец працягнуў яе вывучаць на філфаку.

Галляш вярнуўся ў Браслаў ужо пасля таго, як адслужыў у памежных войсках. Здаецца, ён ведае тут усіх і ўсё (як і яго іншыя) і з задавальненнем расказвае пра мясцовых герояў. На пытанні пра сябе адказвае сціпла, хаця менавіта ён ладзіў тут акцыі з прыбіраннем смецця, дапамагаў з арганізацыяй інтэлектуальных гульняў «ІнтэлDrive», праводзіў экскурсіі па Браславу ў межах Фэста экскурсаводаў… Летась Галляш перамог у шоу «Горад» з праектам «Дзіцячы лабірынт»: так у Браславе з’явілася першая нармальная дзіцячая пляцоўка. Там жа яны пазнаёміліся з Юляй, цяпер яна запрасіла працаваць Галляша беларускамоўным бармэнам да сябе ў кавярню.

Амаль ніякай падтрымкі ад мясцовых улад пад усе гэтыя ініцыятывы яны не атрымалі. Наадварот, аддзел ідэалогіі кожны раз тэлефанаваў Галляшу і папярэджваў: «Вы не ўзгаднілі з намі культурна-масавае мерапрыемства — гэта можа дрэнна скончыцца». А ў выніку з інтэлектуальнымі гульнямі ўвогуле атрымалася весела. Калі ў райвыканкаме ўбачылі, што яны сталі вельмі папулярнымі, то прапанавалі рабіць гэта ад імя БРСМ. Галляш адмовіўся.

«Стварэннем моўных курсаў у Браславе пасля наведвання такіх у Мінску загарэлася карэктарка «Браслаўскай звязды» Жанна Бялько. Прыбегла да мяне з прапановай рабіць свае. Я правёў апытанку сярод мясцовых людзей — многіх гэта зацікавіла. Праўда, першапачаткова я думаў, што буду толькі дапамагаць ініцыятыве, а ў выніку ўся арганізацыя засталася на мне», — расказвае Галляш.

Моўныя курсы пакуль наведвае не больш за 10 чалавек. Але з новым сезонам, разам з падтрымкай «Мовы Нанова», арганізатары вераць у тое, што людзі падцягнуцца, бо ў цэлым для моладзі тут забаў амаль няма: ні свайго кіно, ні басейна, дыскатэка раз на тыдзень на турбазе… Ды і ўсё, у прынцыпе.

Пры гэтым Галляш лічыць, што Браслаў — ідэальнае месца для творчасці: «Тут вельмі спакойна і можна рэалізоўвацца ў любым накірунку, бо па факце ніхто нічым нязвыклым у горадзе не займаецца. З іншага боку, вельмі складана знайсці каманду аднадумцаў. Калі шчыра, я не ведаю, чым цікавяцца мае аднагодкі: на рэдкія выставы прыходзяць адны і тыя ж людзі, астатнія жывуць у нейкім сваім свеце».

У такіх умовах мясцовыя альбо з’язджаюць, альбо сыходзяць у хатняе падполле, альбо робяць нешта самі, насуперак абставінам.

Сям’я Шакеляў і спорт

Апошнім шляхам пайшла сям’я Шакеляў. Юрый і Кацярына 12 гадоў таму заняліся агратурызмам. У сваёй сядзібе «На ўскрайку» яны прымаюць гасцей з Расіі і блізкіх гарадоў. Адзначаюць, што калі раней сюды наведваліся звычайныя работнікі прадпрыемстваў выпіць за выходныя некалькі скрыняў гарэлкі, то цяпер такіх няма. Прыязджаюць у асноўным прадпрымальнікі на ціхі адпачынак з сем’ямі.

Юрый і Кацярына Шакель.

Шакелі захапляюцца спортам: Юрый самастойна падрыхтаваў сына Глеба да дзясяткаў спаборніцтваў па лыжным спорце (Глеб — неаднаразовы чэмпіён краіны). Цяпер хлопчык вучыцца ў школе алімпійскага рэзерву, а Юрый даўно хоча перадаваць свае веды іншым дзецям і дарослым. Побач з іх сядзібай знаходзіцца невялікі гарысты лясок — ідэальнае месца для экстрэмальных трэніровак раварыстаў і лыжнікаў.

«Гадоў дзесяць мы прапаноўваем нацыянальнаму парку «Браслаўскія азёры» і ўладам зрабіць на гэтым рэльефным месцы лыжа-ролерную трасу, каб развіваць у Браславе спартыўны турызм, аднак вынікаў нуль. З адным кіраўніцтвам на нешта дамовішся — на яго месца прыходзіць іншае. І так па коле.

А чым нашы дзеці горш за мінскіх, чаму ў іх няма магчымасці ні ў басейн схадзіць, ні на лыжах пакатацца? Тут што, не людзі жывуць?» — задаецца пытаннем Юрый.

Тэрыторыю пад спаборніцтвы Юрый Шакель цалкам даглядае сам. Фота Кацярыны Шакель.

Пакуль адказаў няма, ён самастойна абкошвае гэты ўчастак, абразае кусты, вывозіць адтуль смецце і ладзіць сезонныя спаборніцтвы амаль на чыстым энтузіязме. «Я для сябе вырашыў, што ў гэтым жыцці буду такой справай займацца», — тлумачыць Юрый. Летам у межах фэсту «VivaBraslav» Шакелі арганізавалі крос-кантры марафон, напрыклад.

Браты Лабуці і фестываль «VivaBraslav»

«VivaBraslav» — гэта яшчэ адна падзея, якая дае жару гораду. Сённяшні буйны музычна-спартыўны оўпэн-эйр пачынаўся са звычайнай дыскатэкі на стадыёне, якую арганізавалі двое братоў Жэня і Алег Лабуці з вёскі Урбаны, што амаль на мяжы з Латвіяй. Тады замест 600 чалавек патанчыць у Браславе прыйшлі каля 2 тысяч. Праз некалькі гадоў іх мерапрыемствы наведвалі ў 10 разоў больш.

Жэня Лабуць, адзін з арганізатараў «VivaBraslav». Хлопец паспеў папрацаваць начальнікам аддзела спорту і турызму, але сышоў, бо не бачыў развіцця.

«Мясцовая ўлада разумее, што мы прасоўваем рэгіён. З намі ёсць праблемы, канечне, але ўсе пытанні абмяркоўваюцца. Мы два гады ішлі да таго, каб фэст пусцілі на пляж: чыноўнікі баяліся, што моладзь можа ўтапіцца. Пяць гадоў працавалі над тым, каб на фэсце дазволілі прадаваць піва. У будучыні было б добра, каб Браслаў зрабілі бязвізавай зонай, тады мы б маглі канкураваць нават з замежнымі фэстамі», — марыць Яўген.

Яшчэ ён марыць пра тое, што беларусы навучацца ўжываць алкаголь, бо кожны год назірае адну і тую ж карціну: людзі напіваюцца перад мерапрыемствам дома і прыходзяць ужо «лунацікамі». Добра, што ў сур’ёзныя злачынствы гэта пакуль не вылілася, хаця на будучы год, хутчэй за ўсё, прыйдзецца падключаць да аховы парадку не толькі віцебскую, але і мінскую міліцыю.

Падрыхтоўка да новага «Віва» ўжо пачалася: прычым, калі ў першыя гады браты займаліся фэстам ў вольны час, то цяпер — наадварот. Надаюць яму нават больш увагі, чым працы. Браслаўскі раён не прамысловы, таму патэнцыйных партнёраў прыходзіцца шукаць па ўсёй Беларусі: так браты і ездзяць на машыне з горада ў горад. Але таму, кажуць, і не сумуюць.

«У мяне няма памкнення жыць у вялікім горадзе. Хаця, калі б я хадзіў толькі на працу і больш нічога не рабіў, мне б хацелася нешта змяніць. Час ад часу адчуваецца, што ў нас не хапае месцаў, дзе можна правесці вольны час: я не пра кафэ нават, а пра кіно ці тэатр», — Жэня, як і іншыя героі, пакуль не хоча з’язджаць з гэтых краёў.

І гэта, безумоўна, таму, што жывуць іх уласныя праекты. Аднак ніхто з гэтых людзей, на жаль, не ўпэўнены ў заўтрашнім дні. Ніхто не можа сказаць дакладна, што будзе, калі скончыцца энтузіязм, а пачуццё любові да роднай зямлі і адданасці зменіцца выключна на цвярозы разлік.

Фота на застаўцы Галляша Сялявы.

Кацярына Карпіцкая

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера