Найти
04.04.2015 / 16:5030РусŁacБел

Тихий Запад: Сморгонь, Кушляны, Жупраны - путешествие + много фото

Мы адправіліся з Мінска ў Смаргонь у нядзелю. Ехалі цягніком Мінск—Вільня (94 тысячы каштуе), а на смаргонскім вакзале нас чакалі сябры з машынай. Вакол Смаргоні вандравалі з імі.

Назад вярталіся на перакладных электрычкай. Селі ў Солах на дызель да Маладзечна, а там пераселі на электрычку да Мінска (каштавала капейкі). Месцы сядзець былі і там і там, электроны былі запоўненыя студэнцкай і вучнёўскай моладдзю, што вярталася ў свае бурсы.

Увогуле, білеты да Смаргоняў на віленскі цягнік ўхапіць цяжка, бо народ масава ездзіць у нашу «крывіцкую Мекку» на выхадныя.

У Солах, дарэчы, цудоўны касцёл, варты агляду — там фрэскі 1930-х, на якіх абаронцы Польшчы б'юць бальшавікоў. Там таксама фрэскі пэндзля непаўторнага Пётры Сергіевіча, праўда, «палепшаныя», падмаляваныя нейкай мясцовай мастачкай, каб красіўша было.

Але мы ў Солах бывалі і раней, то гэтым разам і не заходзілі. Не заязджалі мы ў Крэва і Залессе — іншыя кляйноты Смаргонскай старыны.

Мы ж у гэты дзень абмежаваліся Кушлянамі, Жупранамі і самой Смаргонню. (Добры стары варыянт назвы — Смургоні, як у песні: «Я піў, І ты піла, Я казаў, Ты вадзіла Коні ў Смургоні». Або ў Багушэвіча: «Ехаў я раз ад Кіяны Ды ў Смургоні, і не п'яны, І даехаў на Ваўкелы, А конь добры быў — мой белы. Тыц! стаў конь, наравіцца!». ) Я таксама заўсёды так кажу: Смургоні.

Што глядзець у Смургонях? Варты наведвання касцёл у будынку старога пратэстанцкага збору, што тлумачыць ягоную сціплую, стрыманую архітэктуру, не частую ў краіне барока.

Касцёл у Смаргоні (на заднім плане) месціцца ў будынку колішняга пратэстанцкага збору, таму ён не зусім звычайны для Заходняй Беларусі.

У касцёле цікавыя новыя фрэскі нейкага польскага мастака. Але яны, я чуў, перакрылі фрэскі Пётры Сергіевіча. Ну і дурны ж пробашч тое зрабіў, калі так.

Шопінгу ў Смаргоні цікавага няма, але, у прынцыпе, у гэтым рэгіёне прадаюцца скрозь цікавыя кілбасы і вяндліны Ашмянскага мясакамбіната. Плюс ёсць гарадзенскае марожанае, якога ў Мінску я не сустракаю.

Коцікаў на вуліцах у Смаргоні шмат, і ўсё паласатыя.

На сцяне аднаго са шматпавярховікаў захавалася графіці беларускай патрыятычнай арганізацыі «Край».

Вырабаў мясцовых рамеснікаў у продажы практычна няма. У крамцы пры музеі ёсць кошыкі і сёе-тое глінянае, але ўсё ўбогае, тандэтнае, сувенірнае.

З вялікіх гарадоў у Смаргонь прыйшла традыцыя вешаць на посце замочак як сімвал вернага шлюбу без здрадаў.

Музейчык у Смаргоні, дарэчы, душэўны, людзі ў ім працуюць ветлыя.

З галерэі «Нашы славутыя землякі»: Арсень Ліс.

Нас уразіла, як моцна Смаргонь была разбураная ў Першую сусветную.

Руіны Смаргоні пасля таго як пад горадам у 1915—1917 праходзіла лінія фронту. Фота з музея Смаргоні.

Для гэтых гарадоў, на якіх лінія нямецка-расійскага фронту прастаяла два гады, Першая сусветная была Вялікай вайной. Смаргонь была проста сцёртая з зямлі.

Збор пасля Другой сусветнай заставаўся практычна адзіным будынкам у горадзе, ад якога нешта засталося. Фота з музея Смаргоні.

І касцёлы, і цэрквы, аказваецца, булі тут збураныя. Адносна захаваўся толькі былы збор, яго і выкарыстоўваюць каталікі. А праваслаўную царкву тут збудавалі ўжо за незалежнай Беларусі.

Пасведчанне пра сканчэнне гандлёвай школы часоў Другой сусветнай — справа беларускай лацінкай. Экспанат музея Смаргоні.

Яшчэ з вартага — у безгустоўна абрэзаным парку Смаргоні сабраны выдатныя скульптуры.

А гэта мы зноў на цэнтральнай плошчы:

Дошка гонару Смаргонскага раёна. Спадзяюся, гэты аб'ект льга фатаграфаваць?

Прыгожыя людзі жывуць на Смаргоншчыне.

Мы таксама разлічвалі паабедаць у прыватнай кавярні «Калі ласка». Гэтае месца было адным з першых прыватных за Мінскам, і калісьці, гадоў дзесяць назад, нам добра запомнілася сваёй якасцю. Раней тут было здорава. Цяпер нешта засталося, але аказаліся і спрэчныя моманты.

У абед у нядзелю ў кавярні быў заняты ўсяго толькі адзін столік, акрамя нашага.

Па-першае, тут цяпер «не ўсё ёсць». Мы заказалі вараны язык з хрэнам, а нам яго прынеслі з гарчыцай, бо «хрэн скончыўся, і нідзе ў крамах навокал няма». А я думаў, вы хрэн самі трэце… Ну, затое вараны язык сапсаваць немагчыма.

Цэны ў «Калі ласка» (меню толькі па-расейску, для «гаспод»).

Па-другое, усе стравы беларускай і небеларускай кухні тут вельмі тлустыя. Мы салатай і другой стравай наеліся так, што і ўвечары не галодныя былі і, у прынцыпе, беларуская старая кухня, сапраўды, была каларыйная. Але калі практычна ва ўсе стравы дадаецца маянэз, то смаку і вытанчанасці гэта не дадае. Дранікі былі не з мясам, а з мясам і салам. Фаршыраваны чарнасліў (дэсерт) быў бы танчэйшы, больш выразны на смак без рэзкай шакаладнай падліўкі. І гэтак далей.

У кавярні чыста, афіцыянткі прыязныя, але грае расейская папса.

Са Смаргоні паехалі мы ў мясціны Багушэвіча. Гэта ехаць, як на Ашмяны. Дарэчы, краявіды над Ашмянкай прыгожыя. Шыкоўная, хуткацечная рэчка — аматарам вады.

Жупраны вялікія і нябедныя.

Традыцыйная муроўка касцёла ў Жупранах. На шыльдзе абвестак храма — усё па-польску, ні слова на мове аўтара «Дудкі беларускай», які пахаваны тут побач. Гарадзенскія паланафілы вядуць рэй.

Не лепш і ў праваслаўных (на фота шыльда царквы ў Смаргоні). У каталікоў хоць частка службаў вядзецца па-беларуску нават у Гродзенскай дыяцэзіі, а ў праваслаўных усё суцэльна па-расейску. І гэта ў рэгіёне, дзе ўсе старшыя людзі дагэтуль гавараць суцэльна па-беларуску. Яўная палітыка — хрысціяне, а ненавіснікі. Рускія нацыяналюгі, ненавіснікі ўсяго беларускага.

Да Кушлян вяртаемся па той дарозе трохі назад. Музей-сядзіба — у Старых Кушлянах. Паваротка на іх — каля прыпынку направа.

Кушляны пакідаюць прыкрае ўражанне. Занядбаныя аграгарадковыя дамы, часам без плоту, без садочка каля хаты. П’яныя соваюцца каля дарогі, мурзатыя дзеці бегаюць.

Убогія лукашэнкаўскія домікі ў Кушлянах. Ім усяго пара гадоў, а па сценах пайшлі расколіны, тынкоўка месцамі адвалілася. Каб будавалі «для сябе», ніколі б не дапусцілі такой якасці работы. Вакол дамоў пуста, часам ні дрэўца. Плот стаіць з боку дарогі, а ззаду, бывае, і сеткі нямашака. Каля дамоў соўгаюцца п’янаватыя пралетарыі. Агромныя народныя грошы ўбуханыя ў дэкласаваных элементаў, але вялікая частка, магчыма, распіленая тымі, хто іх «асвойваў».

Музей-сядзіба — як іншы свет. Разумныя гаспадары калісьці выбралі прыгожае месца на гары, з відам на шырокія даліны. На двары сядзіба Багушэвічаў расце гіганцкая — метраў 10 увышкі — чарэшня.

У нядзелю ў музеі быў толькі вартаўнік, не было Алеся Жамойціна, анёла-ахоўніка багушэвіцкіх мясцін. Каб экскурсію зладзіў ён, прыязджайце на будні.

У Кушлянах ціха, музей адмыкае нам вартаўнік, падобны да Алеся Сушы, толькі памечаны вясковай безнадзёгай.

«Як скручу я дудку, Такое зайграю, Што ўсім будзе чутка Ад краю да краю!» Рукапіс «Маёй дудкі».

У Кушлянскім музеі захоўваюцца жалобныя стужкі з пахавання нацыянальнага паэта Беларусі. «Мацею Бурачку ад мужычкоў…» – надпіс лацінкай на адной з іх, ільняной.

Абвестка пра смерць Францішка Багушэвіча была апублікавана па-французску.

На гары ў лесе побач з сядзібай Багушэвіча восем камянёў — магчыма, неапаганскае капішча.

Камень Багушэвіча ў лесе за гарою. На ім выбіты надпіс «Памяці Мацея Бурачка».

Алея вакол старой дарогі ў Кушлянах.

Краявід у Кушлянах. 

Мікола Бугай

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930