Даслаць навіну
Знайсці
10.10.2003 / 13:00

Эх, каб цёмен ня быў…

Езьдзіць па Пружанах машынай сёлета было сапраўднаю прыгодай, асабліва ў жніўні. Дарогі перакопваліся вокамгненна. Любы кампутарны квэст адпачывае: выехаўшы з двара, ужо ня ведаеш, якой дарогай будзеш вяртацца назад, колькі часу змарнуеш на гэтае вяртаньне і ўвогуле ці трапіш ва ўласны двор. Будаўнічыя краны, здавалася, сагналі сюды з паловы Беларусі (другую палову адправілі на будаўніцтва бібліятэкі). Дом, дзе мае бацькі жывуць, у шляхетны выгляд прыводзілі дзьве брыгады: уздоўж фасаду на лябёдцы каталіся будаўнікі з Баранавіч, а з боку двара ўзьвялі магутныя рыштаваньні слонімцы. Сьпяшаліся, працавалі цэлы сьветлавы дзень.

Ля нашага дому зруйнавалі старыя «графскія» стайні (карысьці яны не прыносілі і на помнік мінуўшчыны падобныя не былі). Да іх пацягнуліся цугам аўто: гаспадары набівалі багажнікі старажытнаю цэглай, вельмі ўжо добраю. Тады я ўпершыню пачула пра тое, што Пружаны — гэта маленькі Багдад: «Спачатку разбурылі, а цяпер дабро расьцягваюць».

Горад прычасалі і нават пагалілі. У пераддажынкавай гарачцы выразана каля 300 дрэваў: старых каштанаў, таполяў, клёнаў, ліпаў. Горад нібы аблысеў. Казалі, калісьці, гледзячы зь верталёта на Пружаны, не адразу можна было здагадацца, што ляціш над горадам: дахі дамоў хаваліся ў зеляніне. А вось з таго верталёта з чырвона-зялёнымі колерамі на бартах, што зрабіў кола над горадам у самы разгар сьвята, «пасажыру нумар адзін», напэўна, былі добра відаць сьвежая дахоўка і новы брук на ходніках.

А вось помнік «Зьліцьцё рэкаў Мухі і Вецу», пастаўлены напярэдадні сьвята, на думку мясцовых жыхароў, ня надта цнатлівы. Рака-дзяўчына, здаецца, і адхіснулася, і рукі адвяла за сьпіну ў характэрным жэсьце «не замай!», але грудкі ўверх тырчаць і твар дзёрзкі-дзёрзкі...

Сьвяткаваць Пружаны пачалі ў пятніцу. Здавалася, у цэнтар гораду прыйшлі ўсе дваццаць тысяч пружанцаў і чаканыя пяць тысяч гасьцей сьвята. На эстрадзе лавіў «птушку шчасьця» вечна малады Гнацюк. Прычым я ўпершыню пабачыла сьвята бяз п’яных. Стыхійныя дыскатэкі проста на дварэ доўжыліся да сярэдзіны ночы.

Зранку ў суботу стомлены горад хутка ачуняў, падбадзёрыўся. І пачаў жартаваць. Бар, які я ўсё сваё жыцьцё памятаю пад назваю «Палескія легенды», нечакана ператварыўся ў «Палескія паданьні». Манэкены, што ўпрыгожвалі павільён сталічнага «Дому на Нямізе», былі зробленыя, відаць, яшчэ ў 80-я. Вытанчаныя, далікатныя, з блакітнымі вачыма, утаропленымі ў сьветлую камуністычную будучыню, яны нечакана пераапрануліся ў сялянскія строі і пачалі няўлоўна нагадваць Алеся Загорскага на дзядзькаваньні.

Асабліва сымпатычныя лёзунгі мелі гандляры мясам з Камянецкага раёну, куды, відаць, яшчэ не дабраліся актывісты «Грынпісу»:

Учора бегаў парсючок,

Сёньня — добры шашлычок.

І сапраўды, шашлыкамі Пружаны прапахлі на некалькі месяцаў наперад. І ня толькі шашлыкамі, як сьведчыў наступны сьлёган:

Сёньня будзе вам ня лішак

І гарэлачкі кілішак.

Апроч «буслоў» алькагольных, былі прэзыдэнцкія. У адпаведны момант выступу Лукашэнкі над сцэнаю на бела-блакітных балёніках узмыў бусел. Ён драпежна пакалыхваў белымі крыламі і зьнізу быў болей падобны да каршуна. З даху рэстарану падхапілася стая галубоў і, зьбіўшыся ў купку, пачала спалохана намотваць колы...

Нават калі на цэнтральныя вуліцы Пружан нарэшце пусьцілі машыны, каб вывозіць сталы, крэслы, лядоўні, недараспраданыя тавары, народ ня верыў у сканчэньне сьвята. Толькі была сярод тых дваццаці пяці тысяч людзей ладная частка, для якой сьвята сталася цяжкімі працоўнымі буднямі. Некалькі сур’ёзных штацкіх падыходзяць да групы мясцовых міліцыянтаў: «Ну што, «адстраляліся»?» — «Ды не, «адстраляемся», толькі як вы зьедзеце».

А наступнага дня горад ізноў стаў самім сабою — ціхім і нялюдным, толькі трошкі чысьцейшым і прыгажэйшым.

Марына Шода

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30