Знайсці
03.10.2003 / 13:00РусŁacБел

Як было ў Залесьсі

Ідучы да залескага палацу Агінскіх, разумееш, што свае алеі — усе гэтыя гіганцкія зыркія жоўта-чырвоныя клёны і таполі — князь Міхал задумляў з разьлікам на бабіна лета. З надвор’ем залескаму сьвяту, што адбылося ў гэтую нядзелю, пашэнціла. Асабліва калі згадаць леташні дубар і слоту.

За год у зімовым садзе маёнтку зьявілася электрычнасьць і сьціпленькая выстава з партрэтамі радзіны Міхала Клеафаса, радаводным дрэвам і макетамі палацаў. А перад фасадам «вырас» валун з гербам Агінскіх і дароўным надпісам скульптара Грушы. Сядзіць гузаком і псуе ўсю панараму. Што зробіш — дораны камень...

Бардаўска-фальклёрна-этнічны канцэрт некалькі разоў перарываўся кулінарнымі інтэрмэдыямі, што дадавала яму жывасьці. Конкурс на найлепшую канапку шчасьліва праваліўся, бо мала хто з гасьцей адважыўся выкласьці на агульны стол свае ссабойкі. Усё болей трушчылі па кутох. Тым прыемнейшыя былі выключэньні. Напрыклад, гатычны торт-ялінка, падораны віленчукамі, і кавун ад менскае фірмы «Чырвоная лінія», якая ці ня ў поўным складзе прыехала на сьвята ў Залесьсе.

Пад заслону некалькі параў станчылі палянэз. І хай сабе толькі адна пані ведала, як гэта робіцца, і ціхутка давала каманды астатнім танцорам: аплядысмэнты зарабілі. І за танец, і за сьвята.

Цень К.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера