Знайсці
03.10.2003 / 13:00РусŁacБел

Прывід камунізму*

Камунізм у Беларусі вяртаецца ў пачатковы стан — той самы, у якім ён, быццам джын з бутэлькі, выбраўся калісьці з «Маніфэсту» Маркса.

Усё радзей сустрэнеш у тралейбусе жывога артадокса, усё менш бабулек з чырвонымі сьцягамі ля помніка Леніну 7 лістапада, дый рэйтынг абедзьвюх кампартыяў ужо колькі гадоў, як генэральная лінія, вагаецца каля статыстычнае хібнасьці.

Нават на выбарах у Расеі прывід камунізму ўжо не такі жахлівы: усе ведаюць, што Зюганаў ніколі не пераможа, мала таго — будзе найзручнейшай апазыцыяй.

Але адначасова чырвоная здань матэрыялізуецца ў калідорах сёньняшняе беларускае ўлады. Адміністрацыйна-камандная сыстэма, плянавая эканоміка зь дзяржаўнай маёмасьцю, афіцыйна савецкая настальгія й левая рыторыка... Чырвань займае столькі ж месца ў цяперашняй Беларусі, колькі й на дзяржаўным сьцягу. Лукашэнка мае поўнае права абвесьціць: «Прашу лічыць мяне камуністам!»

Дзіўна, што пры гэтым пераемніца беларускай кампартыі, ПКБ Калякіна, трапіла ў пяцёрку самых дэмакратычных партыяў апазыцыі. Кажуць, што гэта ўжо зусім ня тыя камуністы, што яны больш падобныя да эўрапейскіх сацыялістаў. Што Калякін тыповы парлямэнцкі лідэр, які дасьць фору правым у сваім дэмакратызьме...

Можа, і так.

Але непамысна: як гэта — без пакаяньня за рэвалюцыйны тэрор, калектывізацыю, Курапаты, разбурэньне храмаў... Бязь зьмены лёзунгаў, арыенціраў і праграмаў... З партрэтамі Леніна й Сталіна.

Калі назіраеш апазыцыйныя шэсьці на той жа Ўкраіне, дзе чырвоныя сьцягі зь сярпом-молатам ды партыйнымі іконамі 70-х мяшаюцца з жоўта-блакітнымі ды УНСОўскімі палотнішчамі, — паціху, даруйце, шызееш. Не хачу хадзіць на Дзяды ці Чарнобыльскі шлях разам з фанатамі Палітбюро й НКВД! Не хачу ісьці агітаваць за «супольны брэнд» ці «супольны сьпіс» з капэ-эсэсаўцамі! Моташна. Сярод ідэйных камуністаў у Беларусі я дагэтуль бачыў толькі адно выключэньне — Валер’я Шчукіна. І менавіта яго, калі памятаеце, спадар Калякін выключыў з сваёй партыі «за нацыяналізм».

У любых умовах існуюць скрайнія межы, за якімі дэмакратыя перастае быць дэмакратыяй, палітыка — палітыкай, а апазыцыя — апазыцыяй. Гэта фашызм, камунізм, анархізм і тэрарызм. Фашыстоўскія й камуністычныя партыі трэба заканадаўча забараняць — інакш Гітлер або Сталін робяцца адно пытаньнем часу.

Камуністы й камсамольцы, выйсьці з шэрагу!

Або кайцеся й ружавейце — або будзьце праклятыя, таварышы!

Павал Севярынец

* Пазыцыі аўтараў паласы «Камэнтары й меркаваньні» могуць не супадаць з пазыцыяй Рэдакцыі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера