Знайсці
03.10.2003 / 13:00РусŁacБел

Модная птушка Кіпель

Вітаўт Кіпель прыехаў у Беларусь зь Нью-Ёрку на прэзэнтацыю кнігі «Беларускі й беларусаведны друк на Захадзе», якую ён напісаў разам з жонкай Зорай. Прэзэнтацыя адбылася ў пятніцу 26 верасьня ў бібліятэцы Дому літаратара. Распачалася яна сьпевам сурмы Ўладзімера Пузыні. Aхвотных «паглядзець на Кіпеля» было так многа, што сядзячых месцаў у бібліятэцы на ўсіх не хапіла: многім давялося стаяць усе тры гадзіны. Зрэшты, наведнікі гэтым асабліва не пераймаліся: нехта прысеў на падлогу, частка, утварыўшы асобныя купкі, абмяркоўвала свае справы.

Сам спадар Вітаўт нагадваў экзатычную драпежную птушку: арліны профіль, кароткі «вожык» валасоў... Гэткі амэрыканскі self-made-man, увасобленая мара савецкіх карыкатурыстаў. Распавядаў ён шмат і цікава. Ня дзіва: на зьбіраньне матэрыялаў для даведніка пайшло сорак гадоў яго жыцьця, у тым ліку дваццаць гадоў паездак. У кніжцы ўлічаныя ўсе беларускія эмігранцкія выданьні ад ХІХ ст. Адных пэрыёдыкаў там згадваецца 422. Кніжна-часопісны збор сям’і Кіпеляў займаў 147 скрыняў. Цяпер ён перададзены Нью-Ёрскай публічнай бібліятэцы. «Калі перадаеш кнігі проста так, дык бібліятэка мае права рабіць зь імі што захоча. А мы ўтварылі спэцыяльную фундацыю ў 25 тыс. даляраў на захаваньне нашага збору, каб паставіць свае ўмовы. Бібліятэка будзе клапаціцца пра выданьні, і ўвесь збор з часам мае быць сьфільмаваны і копіі перададзеныя некалькім бібліятэкам у Беларусі», — паведаміў В.Кіпель.

Складальнікі па магчымасьці расшыфравалі псэўданімы, пад якімі друкаваліся эмігранты. («Нашай мэтай было захаваць інтэлектуальны высілак людзей», — патлумачыў сп.Вітаўт.)

На вечарыне выступалі людзі спрэс славутыя: прафэсар Адам Мальдзіс, былы міністар замежных справаў Пятро Краўчанка, архівіст Віталь Скалабан ды інш. У зале былі заўважаныя таксама Радзім Гарэцкі, Вінцук Вячорка, Анатоль Сідарэвіч, Яўген Лецка. Уладзімер Арлоў падараваў В.Кіпелю кнігу «Краіна Беларусь»: адзін асобнік ён ужо дасылаў у Нью-Ёрк, але той «прысабечылі» Кіпелевы ўнукі. Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі падараваў сваю кнігу «Літаратура ад старажытнасьці да пачатку эпохі рамантызму»: «Арлоў падарыў кнігу, дзе распавядаецца пра беларусаў ад аўстралапітэкаў да сёньняшніх дзён, а я дару кнігу пра беларускую літаратуру ад эгіпэцкіх тэкстаў».

Ад падарункаў перайшлі да прызнаньняў. Народны паэт Ніл Гілевіч прызнаўся, што ў 1966 г. падпісаў зварот «Ня вам беларусамі звацца», скіраваны да супрацоўнікаў Беларускай службы радыё «Свабода». Згадцы пра гэты зварот і эмігранцкаму водгуку на яго знайшлося месца на старонках кіпелеўскага даведніка. «Прыйшоў да мяне камісарысты на той час Бураўкін і сказаў: «Падпішы, таварыш Гілевіч». Тыя беларусы з радыё «Свабода» за некалькі дзён да таго мае вершы пахвалілі. За што мне было сварыцца на іх? Яны ж добрую справу зрабілі для беларускай паэзіі… Але не падпісаць я ня мог, пагатоў пад зваротам стаяў ужо подпіс Васіля Быкава», — распавёў Ніл Сымонавіч.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў казаў пра дасягненьні сваёй арганізацыі ва ўздыме прэстыжу мовы: «Якраз сёньня да нас прыйшлі прадстаўнікі фірмы, якая выпускае жуйкі «Дырол», каб мы дапамаглі ім перакласьці па-беларуску надпісы на абгортках». У актыў ТБМ Трусаў занёс і яшчэ два адметныя факты. Першы: уся рэкляма «Галіны Блянкі» йдзе толькі па-беларуску нават у расейскамоўных газэтах. Прычына: ТБМ — адзіная ў сьвеце арганізацыя, якая падзякавала «Галіне Блянцы» за беларускамоўныя надпісы. Другі: з прыездам пасла Крола пасольства ЗША ў Беларусі перайшло на вядзеньне дакумэнтацыі ў дзьвюхмоўным рэжыме — на беларускай і ангельскай мовах. Раней шырока выкарыстоўвалі і расейскую.

Пры канцы вечарыны старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч уручыў В.Кіпелю тры сяброўскія білеты СБП: адзін — самому сп.Вітаўту, другі — жончын (пасьмяротна), трэці — для перадачы доктару Яну Запрудніку.

А напярэдадні прэзэнтацыі, падчас сустрэчы зь сябрамі ПЭН-цэнтру, В.Кіпель паведаміў, што Беларускі інстытут навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку падрыхтаваў да друку ангельска-беларускі слоўнік на 70 тыс. словаў. Прадстаўнікі беларускага пасольства ў ЗША асьцярожна «намацваюць»: ці пагодзяцца супрацоўнікі БІНіМу надрукаваць слоўнік у дзяржаўным выдавецтве ў Беларусі?

Адам Воршыч

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера