Даслаць навіну
Знайсці
08.02.1999 / 13:00

Ігар Кузьняцоў: 600 тысяч ахвяраў — прыблізная лічба (Інтэрвію карэспандэнту "НН")

№ 03 (124) 1999 г.


Ігар Кузьняцоў:

600 000 ахвяраў – прыблізная лічба

 

На адкрыцьці прысутнічаў беларускі гісторык Ігар Кузьняцоў. Ён адказаў на некалькі нашых пытаньняў.

— На які час прыпадае пік рэпрэсіяў у Заходняй Беларусі? Да пачатку вайны ці пасьля яе?

— Самая масавая хваля рэпрэсіяў — з канца верасьня 1939-га да чэрвеня 1941 г. Цягнікі з дэпартаванымі з Заходняй Беларусі адыходзілі на Архангельск, у Сібір, Казахстан. Другая хваля — 1944 год, вызваленьне Беларусі. У той час органы СМЕРШ, НКВД дабівалі тых, каго не дала арыштаваць вайна.

Напачатку вывезьлі толькі асаднікаў, лясьнічых, пасьля ўжо арыштоўвалі ўсіх. Падставаю для высылкі магло быць нават тое, што ты “жыў на тэрыторыі буржуазнай Польшчы”.

Тых, хто выказваў незадавальненьне, нейкае спачуваньне дэпартаваным, таксама арыштоўвалі. Але такіх было няшмат. Усе ўжо ўяўлялі, з кім маюць справу. Таму непасрэдных заклікаў супраць савецкай улады не праяўлялася. Справы фабрыкаваліся органамі НКВД на падставе даносаў і сыстэмы сакрэтных інфарматараў, якая ўсталявалася пасьля прыходу савецкіх войскаў. Было 4 хвалі даваеннай дэпартацыі:

— верасень 1939-га — лістапад 1939-га (самая масавая),

— пачатак 1940-га,

— канец 1940-га,

— вясна 1941-га.

Існуюць розныя ацэнкі лічбы дэпартаваных. Нябожчык прафэсар Хацкевіч сьцьвярджаў, што ня больш за 200 тысяч чалавек. Іншыя дасьледчыкі лічаць — значна больш. Я, напрыклад, раблю высновы з дапамогай такога аналізу — толькі на тэрыторыі сучаснай Томскай вобласьці Расеі ў пэрыяд з 1939-га па 1941 г. апынулася каля 25 000 нашых землякоў. Але высылалі таксама ў Кемераўскую, Новасібірскую, Архангельскую вобласьці, Казахстан, на Далёкі Ўсход, Калыму. Выходзіць, ня менш за 300 000 “заходнікаў”.

Зараз спрабуюць маніпуляваць лічбамі: бяруць афіцыйную справаздачнасьць, колькі было выслана па Баранавіцкай вобласьці, Вялейскай і г.д. Атрымоўваецца агулам 60—80 тысячаў. Але патрэбна ўлічваць, што адных высылалі сьпісамі, іншых па лініі органаў НКВД без афармленьня дакумэнтаў. Таму ў гэтую афіцыйную статыстыку ня ўсе патрапілі. Далей. У 1941 годзе пачалася вайна. У Беларусі прасоўваньне немцаў было настолькі імклівым, што архівы НКВД не пасьпявалі вывозіць і зьнішчалі. Былі таксама пастановы мясцовых саветаў, якія прымалі рашэньні на сходах. Пастанавілі: гэткія сем’і выслаць — і высылалі. У гэтым цяжкасьць дасьледаваньня праблемы. Але можна пэўна сьцьвярджаць, што хваля дэпартацыі вырвала сотні тысячаў чалавек.

Размова ідзе пра масавае высяленьне. Гэта не адзінкавыя факты, што во нехта памыліўся, і чалавека выслалі. Знаходзяцца аднак артадоксы, якія сьцьвярджаюць, што рэпрэсіяў наагул не было, а рэабілітацыя незаконная. Мы прыйшлі з вызваленчай місіяй, кажуць яны, вызвалілі “заходнікаў” ад палякаў. Вызваліць-то вызвалілі. Але ў якім страху людзі сталі жыць пасьля гэтага вызваленьня!

— Ці ёсьць нейкія зьвесткі пра колькасьць беларусаў, якія служылі ў польскім войску ў 1939 годзе і трапілі ў савецкі палон? Колькі зь іх не вярнулася дахаты?

— Некаторых, хто служыў у польскім войску ці ў ваенізаваных структурах і быў інтэрнаваны, першапачаткова адразу адпускалі. Толькі недзе ў лістападзе 1939-га Берыя даў загад, каб вызвалялі толькі тых, каму больш за 55 гадоў, ці тых, хто ня мае дачыненьня да войска. Яшчэ праз пэўны час выйшаў жудасны загад наагул нікога не вызваляць з 24 000 афіцэраў. Але афіцэры — паняцьце адноснае. Былыя інжынэры, настаўнікі-запасьнікі, якія надзелі афіцэрскую форму на пачатку вайны — таксама афіцэры. У чым была іх віна?

З гэтых 24 000 на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў палон было захоплена 65—70% — каля 15 тысячаў. Сярод іх этнічных беларусаў — да 30—40%.

— Пасьля вайны рэпрэсіі супраць падпольных антыбальшавіцкіх арганізацыяў, нацыянальнай партызанкі мелі масавы характар?

— Антысавецкі супраціў пасьля вайны меў хутчэй ачаговы характар. Не было такога паўстанцкага руху, як у 1920-м на Случчыне. Дзейнасьць МГБ была скіравана на лякалізацыю гэтых ачагоў. Антысавецкія атрады былі нешматлікімі й па складзе: дзясятак, максымум сотня чалавек.

У пасьляваенны пэрыяд рэпрэсіі праводзіліся больш асьцярожна й былі не такімі масавымі, як даваенныя. Ужо ня тыя ўмовы былі, ужо вайна прайшла... У людзей заставалася зброя, і ўлады баяліся справакаваць яшчэ больш моцны супраціў. Рэпрэсіі былі скіраваныя збольшага супраць моладзі, тады як перад вайной — супраць сярэдняга й старэйшага пакаленьня. Пасьля вайны ў моладзі абуджалася імкненьне й жаданьне супрацьдзейнічаць уладзе, сыстэме, якая не адпавядала іх памкненьням. Вось чаму выніклі незалежніцкія арганізацыі моладзі. Моладзь не адчувала страху, які быў у старэйшых. Моладзь лічыла, што змагаецца за слушную справу й нават не ўсьведамляла, што ёй пагражае, грэбавала кансьпірацыяй, таму большасьць суполак улады выявілі й разграмілі.

Часта самі бацькі стараліся не пускаць сваіх сыноў і дачок удзельнічаць у якой-кольвек барацьбе. Як толькі яны пра гэта даведваліся, дык адразу прымалі нейкія захады, каб ізаляваць, ня даць удзельнічаць, каб дзеці ня трапілі нават пад падазрэньне МГБ. Маштабнага супраціву таму й не было, што людзі былі ўжо навучаныя горкім досьведам і стараліся зьберагчы сваіх дзяцей.

— Ці праўда, што баранавіцкая турма “Крывое кола” была адной з самых жудасных у Беларусі?

— Ня ведаю, ці можна так казаць — гэткіх турмаў было шмат. З адных крыніц — слуцкая турма была самага жорсткага абыходжаньня; іншыя кажуць — менская ўнутраная турма НКВД. У Баранавічах, асабліва ў пасьляваенны пэрыяд, знаходзілася вялікая групоўка войскаў НКВД, якія цяпер называюцца ўнутранымі войскамі. Прысутнасьць вялікай колькасьці войскаў, а таксама ўправы НКВД заўсёды заахвочвала да жорсткасьці.Сыстэма была пабудаваная, каб ламаць людзей, прыніжаць іх, прымушаць здацца.

— Ці зьвязаная прысутнасьць у Баранавічах вялікай групоўкі войскаў НКВД з тым, што ў горадзе пад час нямецкай акупацыі актыўна дзейнічалі нацыянальныя ўстановы і жыло шмат нацыянальна сьведамых людзей?

— Найперш, вядома, таму, што Баранавічы былі чыгуначным вузлом, цэнтрам транспартных камунікацыяў. Але тутака таксама быў вышэйшы адсотак інтэлігенцыі, зьвесткі сюды даходзілі хутчэй, як з Польшчы, так і зь Менску, тутака была тая рошчына, якая патрабавала пільнай увагі з боку органаў. Супраціў у Баранавічах быў больш бачным, чым дзейнасьць аналягічных групаў у Менску. На фоне вялікага гораду гэта ня так заўважна.

— Колькі ўсяго ў Беларусі рэпрэсавана людзей і колькі ахвяраў камуністычнага рэжыму яшчэ жывыя?

— Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў усяго жыве яшчэ каля 15 тысячаў чалавек. Паводле афіцыйнай статыстыкі, рэпрэсавана каля 600 тысяч, але гэтая лічба прыблізная, паводле зьвестак 1993 году. Прайшло пяць гадоў, і на аснове апошняй інфармацыі гэтая лічба павялічваецца да 700 тысячаў. А калі падлічыць сасланых пад час калектывізацыі ў Расею й пасьля ўжо там рэпрэсаваных, дык лічба павялічыцца пагатоў.

600 тысячаў — гэта лічба інфармацыйна-выліковага цэнтру МУС. Але як быць з тымі, хто ня трапіў ні ў якія сьпісы? Колькі было зьнішчана дакумэнтаў у 1941 годзе?! Прадстаўнікі органаў любяць сьцьвярджаць: “У нас не адна справа ня зьнікла!” Я разумею, калі гэта сьцьвярджаюць недзе ў Сібіры, куды не дайшла вайна. Апроч таго, вядома, што існавалі сакрэтныя загады на зьнішчэньне асобных справаў, якія маглі скампрамэтаваць кіраўніцтва (напрыклад, у 1953 годзе).

Рэабілітавана ж ня больш за 60—65% ад афіцыйнай лічбы рэпрэсаваных па палітычных матывах.

Гутарыў Руслан Равяка,
Баранавічы


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31