Знайсці
26.10.1998 / 13:00РусŁacБел

ПАМЁР САКАЛОЎ-КУБАЙ

№ 20 (117) 1998 г.

ПАМЁР САКАЛОЎ-КУБАЙ

 

18 кастрычнiка пасьля цяжкай хваробы пайшоў з жыцьця вядомы беларускi мастацтвазнаўца, настаўнiк i мастак Генадзь Сакалоў-Кубай.

Нарадзiўся ён 23 студзеня 1942 году. У 1961-м скончыў навучаньне ў менскай Мастацкай вучэльнi iмя Глебава, у 1969-м — мастацкае аддзяленьне Беларускага тэатральна-мастацкага iнстытуту, у 1977-м — асьпiрантуру Iнстытуту мастацтвазнаўства АН Беларусi. Працаваў начальнiкам бюро эстэтыкi завода iмя Ленiна (1969-74), мастаком Менскага мастацкага вытворчага камбiнату (1974-80), загадчыкам аддзела выяўленчага мастацтва Навукова-мэтадычнага цэнтру Мiнiстэрства культуры Беларусi, з 1986 году — старэйшы выкладчык Менскага iнстытуту культуры (цяпер Беларускi ўнiвэрсытэт культуры). На працягу апошнiх гадоў выкладаў гiсторыю мастацтваў у мастацкай вучэльнi iмя Глебава, у Беларускай акадэмii мастацтваў, супрацоўнiчаў з спэцыялiстамi Iнстытуту сучасных мастацтваў.

Генадзь Сакалоў-Кубай на працягу многiх гадоў выкладаў гiсторыю мастацтва ў Рэспублiканскай школе-iнтэрнаце iмя Ахрэмчыка, дзе праявiў сябе ня толькi як таленавiты пэдагог, але й як сейбiт iдэяў нацыянальнага адраджэньня. Ён наладзiў разам з вучнямi выданьне беларускай газэты, дзе дзецi асьвятлялi падзеi з нацянальнай гiсторыi, пiсалi пра лёсы нашых славутых землякоў, тлумачылi абрадавую i сэмантычную сутнасьць беларускiх народных сьвятаў. Зерне адраджэнскiх iдэяў Сакалоў-Кубай закладаў ва ўсiх студэнцкiх калектывах, дзе яму даводзiлася працаваць на працягу трыццацi апошнiх гадоў.

Як мастацтвазнаўца ён — выдатны спэцыялiст у галiне беларускага сармацкага партрэту, гэта й тэма яго кандыдацкай дысэртацыi, якую, на жаль, з аб’ектыўных прычынаў дасьледчык не пасьпеў абаранiць. Сакалоў-Кубай аўтар болей за 200 мастацтвазнаўчых артыкулаў у беларускiм пэрыядычным друку, энцыкляпэдычных i папулярызатарскiх выданьнях Беларусi.

Слынны ён у Беларусi i як выдатны мастак. Акрамя iншых твораў у розных вiдах i жанрах выяўленчага мастацтва, ён найбольш вядомы разам з сваiм суаўтарам — жонкай Нiнай Сакалоў-Кубай — як адраджэнец беларускай выцiнанкi. Iх сумесныя выставы выцiнанкi набылi шырокую вядомасьць.

Сакалоў-Кубай быў з самага пачатку ўтварэньня актыўным сябрам мастацкай суполкi «Пагоня», што зьяўляецца вызвольнай альтэрнатывай адмiнiстрацыйна-пралукашэнкаўскай «машыны» Саюза мастакоў.

Яшчэ ў 80-я гады побач зь iншымi беларускiмi актывiстамi ён распачаў вялiзную працу па вяртаньнi беларускай мовы ў нашыя школы. На працягу многiх гадоў Сакалоў-Кубай займаў пасаду кiраўнiка рады Таварыства Беларускай Мовы Першамайскага раёну г. Менску.

З самага пачатку ўтварэньня Беларускага Народнага Фронту Генадзь Сакалоў-Кубай быў актыўным яго сябрам i не прапускаў нiводнай ягонай акцыi.

Усе мы глыбока смуткуем з прычыны беззваротнай страты. Выказваем глыбокiя спачуваньнi сям’i памерлага.

Па даручэньнi сяброў i калегаў
Генадзя Сакалова-Кубая —
Тацяна Гаранская, Валянцiна Трыгубовiч, Мiхась Баразна, Яўген Шунейка, Вацлаў Арэшка, Пётра Васiлеўскi, Мая Янiцкая

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930