Даслаць навіну
Знайсці
28.06.1998 / 13:00

Зянон Пазьняк. КУРАПАТЫ. ДЗЕСЯЦЬ ГАДОЎ ПАСЬЛЯ

№ 12 (109), 1998 г.

Зянон Пазьняк.

Курапаты. Дзесяць гадоў пасьля


Калi я зьвярнуўся да Зянона Пазьняка з
прапановай успомнiць i напiсаць, як былi адкрытыя Курапаты, узгадаць гiсторыю публiкацыi, я меў на ўвазе ўзнаўленьне кантэксту — той нядаўнi час ужо стаў завершанай асобнай эпохай. Мы праскочылi яе на надзвычайнай хуткасьцi. Мы не пасьпявалi тады азiрнуцца — так з самалёту зямля ўнiзе выглядае роўнай i гладкай; пры пасадцы любая купіна ператвараецца ў Манблян.

Наўрад цi хто памятае, што артыкулу «Курапаты. Дарога сьмерцi» ў ЛiМе у 1988-м, апроч прадмовы Васiля Быкава, папярэднiчаў эпiграф з пастановы ХIХ Усесаюзнай партканфэрэнцыi. У праграмных дакумэнтах антыкамунiстычных арганiзацыяў можна знайсьцi спасылкi на Ленiна i пастановы партзьездаў. Рэчаiснасьць дваiлася i траiлася. Нас i дагэтуль трасе i кiдае ў бакi — мы ня можам узьляцець.

Курапаты сталi вядомыя сьвету дзесяць гадоў таму. З таго часу толькi два парлямэнты заканадаўча асудзiлi камунiстычны таталiтарызм: у лiпенi 1993-га гэта зрабiлi ў Празе, у чэрвенi сёлета — у Варшаве.

Курапаты былi першай тэрыторыяй нашай свабоды. За мiнулыя дзесяць гадоў яна павялiчвалася i памяншалася; зараз яна сьцiснулася амаль да межаў самых Курапатаў. Камунiзму няма куды адступаць, бо за iм Курапаты...

Аляксандар Лукашук


 

Калi я цяпер азiраюся на дзесяць гадоў назад, дык не магу пазбавiцца вострага адчуваньня спрэсаванага часу. Якраз у гэтае дзесяцiгодзьдзе адбылiся ў нас падзеi, якiя фармуюць будучыню, выклiкаюць перамены асноваў. Адной з такiх падзеяў, я лiчу, было адкрыцьцё праўды пра Курапаты.

У гiсторыi кожнай нацыi ёсьць свой лёс, свая ўдача, сваё наканаваньне, якiя абумоўленыя i вынiкаюць з характару людзей. Тут ня трэба нiчога шукаць звыш. Звыш дадзена толькi жыцьцё. I тым ня менш у гэтым фiзычным, сацыяльным, духоўным жыцьцi ёсьць падзеi, зьявы i нават прадметы, якiя набываюць знакавае, вызначальнае, сымбалiчнае значэньне для цэлых эпохаў. Такiм вызначальным сымбалем i знакам зьяўляюцца для беларусаў Курапаты.

Лёгiка падказвае, што, каб перамянiць грамадзтва, дастаткова зьмянiць яго знак. I я пагаджаюся з гэтым.

Дык iдземце ж у Курапаты i пабудуем там Беларускi Храм, дзе будзе гучаць вечны рэквiем тым, якiх забiлi, тым, што маўчалi й вечна маўчаць.

Калi мы гэта зробiм, i калi гэта станецца, то мы заўважым ужо iншае грамадзтва, iншыя дачыненьнi i iншы народ.

* * *

Пра знакавае значэньне Курапатаў падсьвядома я здагадваўся даўно, яшчэ ў 70-х гадох. Я разумеў, што трэба берагчы таямнiцу. Iнакш камунiсты зьнiшчылi б гэтае месца. Такi досьвед я меў пазьней у гiсторыi з Лошыцай пад Менскам — месцам, такiм жа, як Курапаты. Сьляды Лошыцкiх расстрэлаў энкавэдысты зьнiшчылi ў 1988-м, прасачыўшы, я думаю, накiрунак маiх дасьледаваньняў.

Забыцьцё гiсторыi прыводзiць да зьнiкненьня культуры. Страта памяцi пра генацыд — да бездухоўнасьцi i паўтарэньня забойстваў.

На шчасьце, былi беларусы, якiя рупiлiся пра памяць. Першай працай, якая расказала свету пра ленiнска-сталiнскi Гулаг, стала кнiжка ўспамiнаў салавецкага вязьня Францiшка Аляхновiча «У кiпцюрах ГПУ», выдадзеная ў сярэдзiне 30-х гадоў i адразу перакладзеная на шмат якiя эўрапейскiя мовы. Я прачытаў яе ў бiблiятэчным спэцфондзе ў Вiльнi ў пачатку 70-х гадоў, калi ўжо ведаў пра Курапаты. Кнiга ўразiла мяне мастацкiм узроўнем i iнтэлiгентнасьцю мовы, уменьнем пра турэмную рэчаiснасьць расказаць спакойна, з вышынi культурнага чалавека.

Кнiга Аляхновiча, размовы зь незабыўнай Ларысай Генiюш i iншымi вязьнямi мяне найбольш умацавалi ў думцы, што трэба абавязкова давесьцi сьвету праўду пра Курапаты. Але як? Як гэта зрабiць у краi, дзе бязьмежна пануюць КПСС i КГБ?

* * *

З усёй гiсторыi пасьлясталiнскай саветчыны 70-я гады мне падаюцца найбольш задушлiвымi. Гэтая духата, здавалася, вiсела ў паветры, гайдалася й гусьцела пад п’яныя песьнi здэнацыяналiзаваных людзей. Залаты час намэнклятуры. Ён асацыюецца ў мяне чамусьцi з вернападданскай фiзiяномiяй першага сакратара ЦК КПБ Машэрава, зь яго тандэнтным акторствам i выступамi пра «камунiстычную цывiлiзацыю». Гэты манкурт i «друг пiсацелей» iмкнуўся першым прывесьцi Беларусь да камунiзму: пазачыняў амаль усе беларускiя школы, паўсюдна ўвёў расейскi «язык» i вывеў беларускую мову з афiцыйнага ўжытку; ён асабiста iнiцыяваў зьнiшчэньне гiстарычных цэнтраў беларускiх гарадоў i старажытнай вулiцы Нямiга ў цэнтры Менску.

4.10.1980, едучы зь недазволенай хуткасьцю ў партыйным картэжы, машына Машэрава ўрэзалася ў прычэп з бульбаю. Зьявiўся iншы царок, потым — iншы, потым яшчэ iншы. Усе яны аднолькава любiлi ўладу. Усе яны аднолькава не любiлi Беларусь.

* * *

У пачатку 70-х я жыў у мiкрараёне Менску ля Лагойскай шашы па вулiцы Кальцова. Адсюль адкрываўся вiд на палi й далёкi лес. Побач, справа ад жытнёвага поля — вёска Зялёны Луг.

Неяк, гаворачы зь зялёналускiмi дзядамi, я й наштурхнуўся на тое, што хавалася ў тым недалёкiм лесе — месца расстрэлаў НКВД. Потым пра тое ж мне расказваў мой добры знаёмы iнжынэр Яўген Шмыгалёў, якi даўно ўжо чуў апавяданьнi вяскоўцаў. Калi мы першы раз прыйшлi ў гэты лес восеньню, пад нагамi шапацела апалае лiсьце, што зьдзiмалася ветрам у западзiны ямаў. Ямаў было безьлiч. I гэта мяне ўразiла, як маланка.

Памятаю, як доўга тады ў Курапатах хадзiлi мы па гары, спаласаванай магiламi расстраляных. Пiк камунiзму.

Зрэшты, кожны генсек рабiў свой Пiк камунiзму. Не пашанцавала толькi Гарбачову. Гэты, наслухаўшыся пра эўракамунiзм, пачаў сумяшчаць несумяшчальнае: камунiзм i дэмакратыю, рынак i сацыялiзм, галоснасьць i партыйнасьць, сувэрэнiтэт i iмпэрыю.

Стала зразумела, што расказаць людзям пра Курапаты можна паспрабаваць якраз цяпер, перад XIX-ай партканфэрэнцыяй, калi сэрвiльная партбiлетная публiка была псыхалягiчна спаралюшаваная з-за няпэўнасьцi арыентыраў, а верхнiя бонзы хацелi засьведчыць прыстойную мiну, гэткi камунiзм — «з чалавечаскiм лiцом».

* * *

Зiмою 1987 году я заплянаваў археалягiчныя раскопкi на пачатак траўня 1988 году i адразу пачаў апытаньне сьведкаў у Менску i ў вёсках вакол Курапатаў. У гэты ж час паабапал дарогi пачалi высякаць просеку ў Курапацкiм лесе. Зьбiралiся пракладаць трубу газаправоду. Ня выключана, што пры пракладцы трубы маглi закрануць i магiлы (так яно потым i здарылася). Усё прысьпешвала выступiць менавiта ў гэты час.

За паўгады я ўсё грунтоўна й дакумэнтальна падрыхтаваў. Апiсаньне вынiкаў археалягiчных раскопак, акрамя навуковай справаздачы, я аформiў яшчэ пратаколам з прыцягненьнем сьведкаў i афiцыйна заверыў у мясцовым органе ўлады. Гэтага рабiць не патрабуецца, але я зрабiў, i кiраўнiкоў мясцовай улады запрасiў на месца раскопак, каб сваiмi вачыма ўбачылi, што падпiсваюць.

Артыкул «Курапаты — дарога сьмерцi» быў напiсаны i ўдакладнены зь Яўгенам Шмыгалёвым за два днi, i аднесены ў рэдакцыю «Лiтаратуры й Мастацтва». Рэдактар А.Вярцiнскi быў у доўгай замежнай камандыроўцы. Намесьнiк рэдактара Мiкола Гiль адразу вырашыў артыкул друкаваць i зьвярнуўся да Васiля Быкава з прапановаю напiсаць прадмову. Ён шукаў падтрымкi перад ЦК КПБ, бо газэта цэнзуравалася ў ЦК. Там праглядалi зьмест кожнага нумару «ЛiМа» i маглi запатрабаваць для чытаньня й спынiць любы матэрыял.

Адразу ж пачаўся шалёны цiск на Мiколу Гiля. Патрабавалi зьняць матэрыял. Але рэдакцыя, якая стала на мой бок, супрацiўлялася. Справа даходзiла да таго, што па распараджэньнi ЦК спынялi нават палiграфiчныя машыны, калi павiнен быў выйсьцi нумар з артыкулам. Час цягнуўся не на маю карысьць.

I тады, вiдаць, упершыню за ўсю гiсторыю газэты, узбунтавалася рэдакцыя «ЛiМа». На агульным сходзе абмеркавалi сытуацыю, выказалi абурэньне й падтрымалi рашэньне друкаваць артыкул. Здарылася неверагоднае. У ЦК прамiргалi. Трэцяга чэрвеня артыкул быў надрукаваны.

Я бачыў, што камунiсты мяне недаацэньваюць. Мяне зьдзiўляла, чаму яны робяць усё так, як мне трэба, а не па-свойму? Яны, як i трэба было, стварылi Дзяржаўную камiсiю, перадалi справу ў пракуратуру. Пракуратура пачала сьледзтва i вырашыла зрабiць эксгумацыю з прыцягненьнем сiлаў рэспублiканскай пракуратуры, Мiнiстэрства ўнутраных справаў, Акадэмii Навук, Мiнiстэрства абароны, грамадзкiх назiральнiкаў, прадстаўнiкоў мясцовай улады й сьведкаў.

У акадэмiчны iнстытут гiсторыi прыслалi афiцыйны лiст з просьбай: «для ўдзелу ў выбарачнай эксгумацыi вылучыць супрацоўнiка iнстытута — спэцыялiста ў галiне археалёгii». Дырэктар iнстытута наклаў рэзалюцыю: «Прыняць удзел З.С.Пазьняку».

Перад пачаткам працы сабралася нямала людзей: кiраўнiцтва Пракуратуры БССР, адказныя чыноўнiкi Мiнiстэрства ўнутраных справаў, журналiсты, члены Дзяржаўнай камiсii. Прыехалi Васiль Быкаў i Алесь Адамовiч. I вось мы пачалi. Што будзе ў зямлi —я ўжо ведаў. Амаль да двух мэтраў iшоў чысты пусты пясок, у якiм часам траплялiся фалянгi чалавечых пальцаў. Для археоляга гэта ўжо званок, што грунт быў пераварушаны празь некалькi гадоў пасьля засыпкi магiлы. Але сярод афiцыйных асобаў, якiя не адыходзiлi, запанавала ўзбуджэньне. Яны сталi голасна размаўляць памiж сабой, сьмяяцца, адпускаць жарцiкi, маўляў: «нiчэво нет». Пракурор БССР Тарнаўскi пакруцiўся i бадзёрым крокам пашыбаваў да машыны i паехаў у сваю пракуратуру дакладваць.

Паказалiся нiжнiя пласты забiтых: прастрэленыя чарапы зь дзiркамi ў патылiцы, рэвальвэрныя гiльзы, кулi, гумовыя галёшы, пазначаныя 1937 годам з маркаю фабрык «Красный богатырь» i «Резинтрест». Запанавала цiшыня. Твары чыноўнiкаў сталi сур’ёзнымi. Раптам яны зразумелi, што тут не да жартаў.

* * *

Далей на працягу паўмесяца была толькi праца. Вынiкi яе вядомыя. Я распавёў потым пра iх у артыкуле «Шумяць над магiлай сосны» i ў справаздачы аб археалягiчных раскопках. Аналiз вынiкаў паказаў, што магiлы ў Курапатах пазьней, дзесьцi ў канцы 40-х гадоў, былi раскапаныя, а косьцi зь iх —выбраныя. Хто б мог такое зрабiць? Пэўна той, хто зацiкаўлены схаваць злачынства.

Пасьля выпадку з Катыньню (вёскай у смаленскай Беларусi, дзе расстрэльвалi беларусаў з 1935 году i пра якую сьвет даведаўся пасьля расстрэлу там польскiх афiцэраў) Берыя i Цанава, а магчыма, i Сталiн, маглi зрабiць высновы i даць загад аб выбарцы трупаў у Курапатах. Самаўпэўненыя i нават агрэсiўныя паводзiны камунiстаў перад археалягiчнымi дасьледаваньнямi Курапатаў тлумачацца, на мой погляд, тым, што яны мелi iнфармацыю з пэўных крынiцаў, быццам бы ў Курапатах нiчога няма.

Камунiсты фатальна прайгралi. Схаваць забойства цяжка, а масавае — немагчыма. Хофць камунiсты ўвесь час рупiлiся пра схаваньне сваiх крывавых таямнiцаў. Рупiлiся рознымi спосабамi.

У 60-х гадах, напрыклад, калi кiраўфнiцтва савецкiх партызанаў, якiя апанавалi ўладу ў Беларусi, узмоцнена пампавала тут партызанскi культ, узьнiкла iдэя стварэньня паказушнага помнiка спаленай немцамi беларускай вёскi. Выбралi вёску пад назовам Хатынь, бо назва яе пераклiкалася зь вядомай ужо смаленскай Катыньню. Назва другой вёскi павiнна была зацьмiць сваiм зьместам назву першай. На гэта былi кiнутыя велiзарныя сродкi й падключана велiзарная прапагандысцка-турыстычная машына. Эфэкт быў дасягнуты. Мiт створаны.

Але нiчога не ўратавала бальшавiкоў. Знайшлiся дакумэнты пра смаленскую Катынь. Стала вядомая праўда i пра менскую Хатынь.

Хатынь была спаленая ў вынiку сьвядомай правакацыi савецкiх партызанаў. Такiх правакацыяў стварылi яны ў Беларусi шмат. Каля ахвярнай вёскi спэцыяльна забiвалi немца цi абстрэльвалi нямецкую машыну (як каля Хатынi), а сьляды рабiлi ў вёску. Па сьлядах iшлi нямецкiя карнiкi й палiлi паселiшча, часта разам зь людзьмi. Такiм чынам партызанскiя энкавэдысты й iх штаб у Маскве ўзбуджалi ў беларусаў нянавiсьць да немцаў i заганялi людзей у партызаны.

За вайну, калi верыць савецкай статыстыцы, у Беларусi было спалена больш за 9 тысячаў вёсак i iншых паселiшчаў. Такi вынiк расейска-нямецкай камунiстычна-фашыстоўскай супольнай працы па вынiшчэньню беларусаў. Нагадаю, разам яны забiлi амаль трацiну беларускай нацыi.

* * *

— А харашо стрэляць врагов народа, — выхваляўся мясцовы энкавэдыст Грышка Бацян, глушачы самагонку з цнянскiмi камунiстамi, — как врэжэш iз нагана, так шчэпкi лецят.

Гэтыя словы пераказалi мне старыя цнянцы. Грышку добра памятае Галiна Сьцяпанаўна Жукоўская (1924 году нараджэньня, па мужу — Сiдзякiна). Гэты Грышка — жыхар вёскi Цна. (Дарэчы, рэдкая зьява, што ён быў мясцовы, бо ў НКВД ў Беларусi былi амаль выключна расейцы). Дык вось, гэты Грышка забiў у Курапатах бацьку й мацi Галiны Сьцяпанаўны i выхваляўся потым перад цнянцамi:

— Жуковскiх я сам стрэлял.

Памёр забойца Григорий Ботян у 1954 годзе сваёй сьмерцю.

* * *

Восеньню 1989 году, туманным днём, праз 50 гадоў пасьля падзеяў, я йшоў з кiнарэжысэрам Мiхаiлам Жданоўскiм i апэратарам па вулiцы Цны. Здымалi фiльм «Дарога на Курапаты». Гэта выдатны фiльм. Але як толькi ён быў гатовы (а гэта яшчэ пры Шушкевiчы-Кебiчы), стужку тут жа, пасьля першага прагляду, арыштавалi i паклалi на палiцу. Там яна й цяпер ляжыць. Калi толькi ня зьнiшчылi, цi ня скралi.

Шкада, што фiльм ня ўбачылi людзi. У некаторыя кадры нават цяжка паверыць, што яны дакумэнтальныя. Тым ня менш, гэта так. Напрыклад, сядзiць за сталом забойца: тлусты круглы твар. Ён есьць, чаўкае, п’е гарэлку й расказвае пра сваю працу. Размова гучыць прыблiзна так:

— Я не стрэлял. Я вазiл. Да. Была дзела. Я шафёрам служыл в НКВД. А стрэляць — не стрэлял. Нет.

— А калi б вам загадалi страляць у людзей, вы стралялi б? —гучыць пытаньне за кадрам.

— Есьлi бы прыказ, тагда бы, канешна, стрэлял.

За сэанс расстрэлу дабраахвотнiкам адразу выдавалi дзесяць рублёў. Прыехаўшы з Курапатаў, каты «атаварвалiся» ў сталоўцы. Сядзелi тут i выпiвалi.

У Лошыцы дабраахвотнiкам пастраляць ў патылiцу давалi толькi 50 капеек, але гэта не кадравым энкавэдыстам, а энтузiястам: грамадзкiм стукачам, камсамольцам, членам ДСААФ й iншым аматарам, якiя круцiлiся каля энкавэдыстаў i расстрэлаў у Лошыцкiм раёне.

* * *

Маёр Бачкоў — расеец, жыў у Дроздаве й быў жанаты зь мясцовай дроздаўскай дзеўкай. Мелi дваiх дзетак. Бачкоў расстрэльваў у Курапатах i кожны дзень (цi ноч, як трапiць па графiку) хадзiў на працу. Дадому з працы прыходзiў п’яны. Бывала: прыйдзе ноччу, паесьць — i да жонкi. Прырода клiча. А яна яго адпiхвае:

— Адыйдзi, ты п’яны, памыйся, ад цябе крывёй пахне.

Як кажуць расейцы, «такая любов». Простая савецкая сям’я ўзору 37-га году. Ня ведаю, як было, калi бацька прыходзiў з работы ўдзень, i яго сустракалi дзецi. Можа, пыталiся, колькi ён сёньня забiў: восемдзесят цi дзевяноста.

Пра ўсё гэта мне расказвалi дроздаўскiя людзi, у тым лiку — i сваякi Бачкова. Сам забойца з пачаткам вайны кiнуў дзяцей i ўцёк у Расею. Там i памёр у 1978 годзе. Жонку яго, якая зьвязалася з партызанамi, застрэлiлi немцы ў пачатку лiпеня 1944 году.

Бывала, што энкавэдысты з каманды, якая расстрэльвала ў Курапатах, пасьля зьмены, узбуджаныя алькаголем i сьвежа пахнучыя крывёю, прыходзiлi на танцы ў Дроздава цi Зеляноўку. Некаторыя дзеўкi вельмi хацелi выйсьцi замуж менавiта за энкавэдыстаў. Да забойцы ставiлiся са страхам i павагай.

На адну такую зь Зеляноўкi, якая выйшла за бандыта, я хадзiў паглядзець у 1988 годзе. Дародная бабуля — паўрота залатых зубоў. «Муж работал в НКВД», — сказаў мне гэты рот. На сьцяне — фота забойцы.

Потым я знайшоў яго магiлу й помнiк на ёй з чорнага палiраванага лабрадору з сэнтымэнтальным надпiсам ад жонкi й дзяцей. На плiце — фотагравiроўкi — клясычная фiзiяномiя энкавэдыста, абагульнены тып. Фатаграфiя з гэтага помнiка зьмешчана ў Менскiм выданьнi маёй кнiжкi «Курапаты». Там я адрэзаў прозьвiшча бандыта й эпiтафiю, бо некрытычна прымаў iлжывую сэнтэнцыю, што дзецi быццам бы не адказваюць за забойствы бацькоў. Прозьвiшча ката — Друзь. Расеец з Украiны. Колькi ён асабiста забiў людзей — невядома. Усяго ж у Курапатах было замардавана каля чвэрцi мiльёна чалавек.

* * *

Мяне ўразiла маўклiвая пакорнасьць i поўнае неразуменьне таго, што адбываецца, у тых, каго забiвалi камунiсты. Быццам гэта былi ня людзi, а мурашкi, быццам гэта быў не народ. «За што?» — iх традыцыйнае пытаньне перад расстрэлам. I нiхто (амаль нiхто) не iмкнуўся ўцячы.

На што чалавек спадзяваўся, калi пытаў «За што?», бачачы, што прывезьлi яго забiваць? На справядлiвасьць? На цуд? На лiтасьць катаў?

Людзi не ўсьведамлялi сутнасьцi генацыду й сэнсу расстрэлаў, бо гэта было вышэй iхнага разуменьня. Яны рэагавалi на забойства, як маральныя хрысьцiянскiя асобы, выхаваныя ў такiх паняцьцях, як «справядлiвасьць», «грэх», «вiна», «пакараньне». Яны ўспрымалi бальшавiкоў, як начальства, як уладу i не разумелi, як можна караць невiнаватых.

Ноччу ня спалi. Прыслухоўвалiся, цi не загудзе машына. Бо забiралi ноччу. Але, калi машына гула, то не хавалiся, не ўцякалi. Муж зьбiраўся, дрыжачымi пальцамi зашпiльваў гузiкi й глухiм голасам казаў жонцы: «Гэта памылка, дарагая, разьбяруцца — i я вярнуся». Пасьля такiх дзяжурных i фальшывых словаў чалавек зьнiкаў назаўсёды.

Страшны досьвед Курапатаў павiнен навучыць кожнага. Народ ня можа быць безабаронным. Людзi павiнны разьбiрацца ў падзеях i адрозьнiваць свайго ад чужога. Калi сьляпыя й глухiя, то могуць перабiць усiх, а тыя — яшчэ падзякуюць за забойства: «спасiба парцii». Але галоўнае — супрацiўляцца, не маўчаць, ня жалiцца ворагам, нiчога ў iх не прасiць. Народ, якi змагаецца, — перамагае акупацыю ня сiлаю, дык духам, ня зброяй, дык розумам.

Беларусы пад бальшавiкамi былi ў большасьцi пазбаўленыя нацыянальнай iдэi. Таму яны ня ў стане былi змагацца. Грамадзтва пiсала даносы на сваiх. Займалася самаедзтвам. Задавала пытаньне: «за што?»

За што? За тое, што былi беларусамi. Аднак гэта беларусам было цяжка зразумець.

* * *

Скончыўшы археалягiчныя дасьледваньнi Курапатаў, а празь нейкi час i сьледзтва, камунiсты загналi сябе ў глыбокi кут. Дзяржаўная камiсiя, якую яны стварылi, нiчога не хацела прызнаваць i не прымала рашэньняў.

У гэты час iнфармацыя пра Курапаты пайшла за мяжу. Пачаўся наплыў журналiстаў i здымачных групаў з усяго сьвету. Я нiкому нi ў чым не адмовiў. Амаль год працаваў разам зь iмi, вазiў па мясьцiнах расстрэлаў, паказваў доказы, рэчы, знаёмiў са сьведкамi. Бывала, быў заняты цэлымi днямi й тыднямi. Я разумеў, чым больш людзей будзе ведаць праўду, тым менш застанецца месца для хлусьнi.

У гэты ж час спачатку эстонцы, а потым латышы стварылi народныя франты i пачалi змаганьне за незалежнасьць. Гэта быў такi радасны час, што здавалася — вырастаюць крылы. Адчувалася, што надыходзiць канец камунiзму, канец iмпэрыi зла.

У канцы жнiўня 1988 году група людзей, куды, акрамя мяне, уваходзiлi Мiхась Дубянецкi, Алег Белавусаў, Алесь Лукашук i яшчэ некалькi чалавек, пачала рэгулярна зьбiрацца й працаваць над статутам новай грамадзкай арганiзацыi, прысьвечанай змаганьню за гiстарычную праўду i выяўленьню сталiнскiх злачынстваў супраць народа. Рабочая назва арганiзацыi была «Камiтэт-58». Меўся на ўвазе 58-ы артыкул Крымiнальнага кодэксу СССР, па якiм арыштоўвалi й каралi ворагаў народа.

Устаноўчая канфэрэнцыя адбылася 19 кастрычнiка 1988 году ў Менску ў Чырвоным касьцёле Сымона й Алены, у якiм тады разьмяшчаўся Дом кiно. Дэлегаты прыехалi з усёй Беларусi.

Я папрасiў, каб абслуга канфэрэнцыi прыйшла ў Дом Кiно за дзьве гадзiны да пачатку, каб кантраляваць сытуацыю i запабегчы захопу будынка кагэбiстамi. Як у ваду глядзеў. Нашы людзi прыйшлi першымi. Але тут жа пачалi зьяўляцца тыпы ў аднастайных шэрых касьцюмах зь нейкiмi сабачыма вачыма. Неўзабаве iх назьбiралася ўжо 70 чалавек. Моўчкi шныралi па закутках i зыркалi на нас. Але мы кантралявалi ўсе iх перамяшчэньнi. Яны, аказваецца, хацелi пранiкнуць у залю без запросiнаў i заняць месцы.

Пачалi прыбываць дэлегаты канфэрэнцыi. Мы зразумелi, што людзей будзе шмат i вырашылi пусьцiць у залю сабакавокiх. Галасоў нам хопiць, думалi мы. Аднак потым валам павалiла рэспублiканская пракуратура, амаль у поўным складзе на чале з намесьнiкам пракурора, прыйшлi iнструктары ЦК, гарвыканкамаўскiя чыноўнiкi, райкамаўскiя дамы ў строгiх касьцюмах i «нецерпяшчыя вазражэнiй».

З прыблiзна 350-370 прысутных больш за сто асобаў былi камунiстычнае начальства i сабакавокiя. Яны тут жа далi нам бой, але прайгравалi пазыцыю за пазыцыяй. Калi справа дайшла да галасаваньня, начальнiкi й агентура запатрабавалi дэмакратыi, каб галасаваць усiм прысутным, i iм таксама. Мы згадзiлiся. Нас гэта не палохала, бо дыскусiя, якую мы выйгралi, паказала, што 2/3 прысутных у залi — за нас.

Кiраўнiцтва новай арганiзацыi было выбрана. Статут прынялi, таварыства стварылi. Назвалi яго — «Мартыралёг Беларусi».

* * *

Але самае цiкавае здарылася ў канцы, дзеля чаго й зьбiралася гэтая канфэрэнцыя па стварэньнi «Мартыралёгу». Было прапанавана стварыць тут Арганiзацыйны камiтэт Беларускага Народнага Фронту. Начальнiкi трапiлi, што называецца, як мухi ў патаку. I, зразумеўшы, куды ўскочылi, «палезьлi на сьцяну», але гэта выклiкала толькi сьмех. Заля раўла ад захапленьня й пачуцьця сваёй перавагi. Я прапанаваў сьпiс кандыдатаў у Аргкамiтэт.

Нейкi начальнiк з ЦК КПБ па прозьвiшчу Бузук кiнуўся на трыбуну, вырваў мiкрафон i, як сапраўдны бальшавiк, паспрабаваў павесьцi сход за сабою. Заля ашалела ад такога нахабства. Бузук, заiкаючыся, бубнеў сваё. Яго спынiў Васiль Быкаў, якога мне рэдка прыходзiлася бачыць у гневе.

— А дземакрацiя! — адчайна залемантаваў нехта з «падначальства», — гдзе дземакрацiя?

— Дэмакратыя на месцы, — адказаў я, — вашыя прапановы? Каго вы прапануеце ў Аргкамiтэт БНФ? — Падначальнiк асекся. Ён быў не падрыхтаваны. Не пракурора ж выстаўляць, не начальства з райкаму.

— Прапануйце сябе, — падказаў я яму, — а мы прагаласуем.

— Нет, я нет, — адмовiўся «таварышч».

Прапановы з залi былi, i да майго сьпiсу дабралi яшчэ 12 чалавек. Але гэта былi людзi, якiх ведалi, i тыя, хто трэба.

Перамога была поўная.

* * *

А назаўтра газэты разьнесьлi нас ушчэнт. Аказваецца, мы няправiльна разумелi «перастройку». Але генэральны разнос быў наперадзе. Стала вiдавочным, што камунiсты, атрымаўшы па носе, ад нечаканасьцi зусiм страцiлi арыентацыю.

Рэч у тым, што яшчэ ўлетку, калi толькi стварылiся прыбалтыйскiя народныя франты, першы сакратар ЦК КПБ Яфрэм Сакалоў урачыста запэўнiў Маскву, што ў Беларусi «нiкакова фронта не будзет». Але пасьля адкрыцьця Курапатаў «запахла» Фронтам i ў Беларусi. Тады 8 жнiўня цэкоўскiя мудрацы сабралiся на бюро ЦК i па прыкладу дрэннай памяцi расейскага жандармскага генэрала Зубатава рашылi самi стварыць Народны Фронт, каб павесьцi народ да перабудовы.

Таемнае рашэньне ЦК аб стварэньнi Беларускага Народнага Фронту было прынятае, а справа арганiзацыi яго даручана Пятру Краўчанку, тагачаснаму сакратару па iдэалёгii Менскага гаркама КПБ i цяперашняму паслу ў Японii. Усё спачатку iшло для камунiстаў быццам бы «харашо». I раптам нечакана Народны Фронт ствараецца не камунiстамi. Пры тым — сапраўдны Фронт. Было ад чаго замiтусiцца. На цэкiсцкiх мудрацоў хапiла прастаты.

Пра стварэньне Фронту тады ў Беларусi паўсюдна гаварылi i розныя маргiналы, i перабудовачныя «казнадзеi», i проста агентурныя правакатары. Стварыць звычайным спосабам прадстаўнiчы i варты даверу Аргкамiтэт у такiх умовах было немагчыма. Таму намi былi, што называецца, вытрыманыя ўсе правiлы. I галоўнае, пры падрыхтоўцы з нашага боку не было нiякiх намёкаў пра Фронт. Калi ўзьнiкалi размовы, то я тут жа нешта казаў супраць арганiзацыi Фронту. Усё гэта, безумоўна, лавiла чуйнае вуха агентуры.

Калi ўжо ўсё было падрыхтавана, тады зь плянам стварэньня Фронту былi пазнаёмленыя два чалавекi, на слова якiх можна было абаперцiся, як на рыцарскае кап’ё, — гэта Мiхась Дубянецкi й Васiль Быкаў. Яны ведалi ўсё, i з гэтага часу мы дзейнiчалi разам.

Заля Дому кiно была ўжо перапоўненая. Пара пачынаць. Я адвёў у бок уласьнiка залi, Старшыню Саюзу кiнематаграфiстаў Вячаслава Нiкiфарава й сказаў:

— Мой абавязак вас папярэдзiць: на канфэрэнцыi будзе створаны Аргкамiтэт Беларускага Народнага Фронту.

— Тут Бузук сядзiць у мяне ў кабiнэце, — упалым голасам сказаў Нiкiфараў.

— Дык вось i скажыце яму, а мы пачнем канфэрэнцыю.

Я ўвайшоў у залю й папярэдзiў некалькi чалавек пра тое, што мае быць. У гэты час падышоў Васiль Уладзiмеравiч Быкаў i кажа, што там Бузук з ЦК клiча мяне ў кабiнэт.

— Толькi спакойна, — парадзiў Быкаў.

Спакойна не атрымалася. Бузук з цэкiсцкiм аплёмбам пачаў гаворку ў стылi «Кто дал права?» i «Кто вы такой?» За сьпiнай нецярплiва шумела заля, гублялася хвiлiна за хвiлiнаю, i мне нiчога не заставалася, як рэзка спынiць аплёмб начальнiка.

* * *

Праз тыдзень разгарнулiся падзеi больш сур’ёзныя. За сваю някемлiвасьць, правалы й паразы камунiсты вырашылi адпомсьцiць. Iм хацелася, як сказаў тады Яфрэм Сакалоў: «Даць, каб ня ўсталi!»

Штаб апэрацыi ўзначалiў тагачасны сакратар ЦК КПБ па iдэалёгii Валеры Пячэньнiкаў. Плян быў просты: 30 кастрычнiка, у час першага масавага адзначэньня «Дзядоў», якое зьбiралiся правесьцi прыхiльнiкi Народнага Фронту, сiлы камунiстычнага парадку намервалiся справакаваць бойку. Потым павiнны былi ўмяшацца ўнутраныя войскi i «пусьцiць кроў» — пабiць людзей. Адказнасьць за правакацыю й за ахвяры звалiлi б на беларускiх «нацыянал-фашыстаў, якiя арганiзавалi Народны Фронт». Пасьля гэтага камунiсты меркавалi разграмiць усё i, што можа галоўнае, — спадзявалiся атрымаць пахвалу з Масквы, а магчыма, таксама пасады i ўзнагароды.

Прыблiзна праз год пасьля правалу «апэрацыi» адзiн афiцэр мiлiцыi перадаў мне копiю пляна дзеяньняў, якi быў «даведзены» аднаму зь Менскiх раённых аддзелаў унутраных справаў. З гэтага пляну шмат што высьветлiлася. Людзей павiнны былi выцесьнiць ад Усходнiх могiлак у стары няплодны сад (што раскiнуўся побач гектараў на сто) i пабiць.

Мабiлiзаваная была мiлiцыя з усёй Беларусi, акрамя таго —аддзелы амону, унутраныя войскi, ДАI й ваенныя пажарныя часткi, курсанты мiлiцэйскiх вучэльняў, КГБ, работнiкi райкамаў партыi й камсамолу. Працавалi суды й пракуратура (хоць быў выхадны дзень), палiклiнiкi й мэдыцынскiя пункты, дзяжурылi на пагатове машыны «хуткай дапамогi», у райкамах i судах сядзелi людзi з аўтаматамi. Усе дарогi вакол Менску былi перакрытыя мiлiцыяй i ДАI. Курапаты акружылi ўнутраныя войскi, а падыходы заблякавала мiлiцыя. Нiкога не прапускалi. Нiкому не далi паставiць сьвечку, а самых актыўных — хапалi альбо зьбiвалi.

Каля Ўсходнiх могiлак сабралася прыблiзна дзесяць тысяч чалавек. Але мiлiцыi й спэцвойскаў, вiдаць, было ня менш. Мiлiцыя й пераапранутыя агенты пачалi адцiскаць i таптаць людзей, хапаць актывiстаў Фронту, Мартыралёгу й тых, на каго паказвалi агенты ў натоўпе.

Упершыню менчукi ўбачылi ваенныя пажарныя машыны з вадзянымi гарматамi, мноства велiзарных фургонаў з закратаванымi вокнамi, салдатаў у плястыкавых шлёмах i мiлiцыю з газавымi балёнчыкамi. Дэманстрацыя сiлы была ўнушальная, але стала зразумела, асаблiва пасьля таго, як пачалi нападаць на людзей, што гэта ня толькi дэманстрацыя сiлы. Рыхтавалася нешта вельмi змрочнае. Да маладых мужчын падскоквалi тыпы ў цывiльным i нi з таго нi зь сяго пырскалi з газавых балёнчыкаў у вочы «Чаромхай» i адскоквалi.

Нейкая вiжаватая «дамачка» з райкаму камсамолу, як можна здагадацца, зь лёгкiм кагэбiскiм стажам, падляцела да маладога мужчыны, ударыла яго рукой па твары й чакала рэакцыi ў адказ. Рэакцыi, вядома, не было нiякай. Але ўсiм стала зразумела, што робiцца вялiкая правакацыя.

* * *

Людзям удалося дамовiцца, што нiхто не павiнен адказваць сiлай на сiлу, нiхто не павiнен паддавацца на правакацыю. Натоўп мiлiцыянтаў клiнам урэзаўся ў людзкую масу. Клiн прайшоў праз тлум, як нож праз масла, i ўсё засталося па-ранейшаму. Вiдаць было, што выканаўцы правакацыi крыху разгубiлiся.

У гэты час частка людзей, тысячы са тры, аддзялiлася й пайшла на Курапаты. Зараўлi машыны з амонам i, пераганяючы дэманстрантаў, рынулiся ў Курапацкi лес. Вiдаць, паехалi займаць на подступах баявыя пазыцыi. Не даходзячы да Курапатаў, шэсьце завярнула ў поле, дзе на схiле пагорка за горадам адбыўся мiтынг. Каб бачыць прамоўцаў, усе апусьцiлiся на каленi, або прыселi. Тут упершыню, амаль што праз паўстагодзьдзя падсавецкага iснаваньня быў разгорнуты i ўзьняты беларускi бел-чырвона-белы сьцяг.

Пайшоў першы сьнег. Шумеў вецер, падымаў i ўзносiў палымяныя словы прамоўцаў. Неўзабаве нас акружылi батальён унутраных войскаў i безьлiч мiлiцыi. Напасьцi павiнны былi з узгорка, дзе паставiлi курсантаў i пануквалi iх таптаць сядзячых людзей. Курсанты не маглi скрануцца. Вiдаць, зь непрывычкi. Тады iх перавялi на бакавы фронт, а з узгорка паставiлi афiцэраў. Тыя па камандзе лавiнай кiнулiся на сядзячых манiфэстантаў. Мы ўсе тут жа падхапiлiся i, як дамовiлiся, шчыльна сашчапiлiся рукамi. Маса людзей стала нiбы адзiн сплецены кошык, клубок. Расчлянiць яго й распарушыць людзей на полi мiлiцэйскаму войску так i не ўдалося. Бо мы разгадалi iхныя намеры. Арганiзаванасьць i кiруемасьць вялiкай масы людзей тады мяне вельмi зьдзiвiла. Я сам бачыў, як хлопцы гадоў па 16-17 хапалi камянi, каб кiдаць у салдат, а iншыя, такiя ж, як яны, падбягалi да iх i казалi: «Выкiдайце, загадана не кiдаць, правакацыя!»

* * *

Зiмой 1989 году Дзяржаўная Камiсiя па Курапатах вымушана была прызнаць факт сталiнскiх расстрэлаў мiрных жыхароў у Курапацкiм лесе. Але гэта не азначала, што камунiсты й НКВД складуць зброю.

КГБ нiколi не забываўся пра Курапаты й пра крывавыя справы сваiх папярэднiкаў. Яскравы прыклад — Лошыца пад Менскам. На правым беразе ракi Лоша — глыбокi зарослы яр. Тут расстрэльвалi ўвесь час на працягу 1937 году. У 1988-ым я некалькi разоў размаўляў са сьведкай Лошыцкiх расстрэлаў спадарыняй Верай Шумскай, якой тады ўжо iшоў дзявяты дзясятак. Вязьняў на расстрэл вязьлi крытымi грузавiкамi ў шэсьць гадзiнаў ранiцы i тут жа расстрэльвалi. Закопвалi ў вялiкiх ямах. У 1988 годзе, у час археалягiчных дасьледаваньняў Курапатаў, я вырашыў адначасна дасьледаваць i Лошыцу. Калi я прыехаў сюды з камандай археолягаў, то не паверыў сваiм вачам... Яроў не было. Не было вялiкiх марэнных узгоркаў, на якiх раней рос яблыневы сад. Не было i саду. Яр, плошчай каля трох гектараў, быў засыпаны мокрым галечным жвiрам i ўтрамбаваны валкам. Узгоркi ссунутыя бульдозэрам у яр, сад высечаны, яблыневыя дрэвы сьцягнутыя ў кучы.

За паўкiлямэтра — кантора прыгараднага калгаса. Старшыня быў вельмi зьдзiўлены, калi даведаўся, што яр засыпаны. Яшчэ два тыднi таму ён быў. Нехта прарабiў тытанiчную працу. Потым я даведаўся, што некалькi месяцаў назад гэтую тэрыторыю забралi з калгаса i перадалi ў валоданьне гораду Менску. Горад хуценька пачаў рабiць тут стаянку для машын (на магiлах, на касьцях). Цяпер гэта ўсё пакрыта асфальтам, стаяць аўтамабiлi, пабудавана прахадная, у якой сядзiць вечны адстаўнiк — былы палкоўнiк савецкай армii, i правярае дакумэнты.

Я ўвачавiдкi пераканаўся, што калi КГБ трэба, дык i горы скапаюць, i рэкi засыплюць. На гэта раз яны пасьпелi. Дасьледаваць Лошыцкiя магiлы практычна ўжо немагчыма. Засталiся толькi галасы сьведкаў на магнiтнай стужцы i Боскi Суд для забойцаў.

* * *

Камунiстам, вэтэранам i энкавэдыстам Курапаты былi, як бяльмо ў воку. З пачаткам палiтыкi гэбiсцкага рэваншу трэба было чакаць захадаў да зьнiшчэньня Курапатаў. Так яно й атрымалася. Першымi паднялi шум камунiсты-сталiнцы, цьвёрдыя бальшавiкi. Яны пачалi адмаўляць сталiнскiя расстрэлы, сьцьвярджаць, што такога не было й што ў Курапатах немцы, маўляў, расстрэльвалi жыдоў. Тое, што гэта выдумка, ведалi i ў пракуратуры, i ў следзтве, i ў Акадэмii навук, i ў вёсцы Цна. Тым ня менш, С.Шушкевiч падпiсаў рашэньне аб праверцы вынiкаў дасьледаваньняў. Зноў усчалi сьледзтва.

Бальшавiкi сабралi мноства падстаўных сьведкаў i проста ненармальных людзей, пасьля чаго, вобразна кажучы, пасадзiлi сябе ў лужыну. Новае сьледзтва пацьвердзiла высновы пра Курапаты.

Але цьвёрдыя бальшавiкi зноў пайшлi ў атаку. Вынiк зноў быў такi ж самы. З усталяваньнем дыктатуры яны рушылi ў наступ яшчэ пры падтрымцы рэжыму. Цяпер, калi энкавэдысты захапiлi ўладу ў Беларусi, iм адчынiлiся, як яны думаюць, шанцы ўсё забаранiць i ўсё вярнуць.

Яны яшчэ больш, чым раней, сталi дэманстраваць адкрыта зьневажальныя адносiны да Курапатаў. Вывернулi й пахiлiлi Крыж Пакуты, пазьбiвалi надпiсы i ўказальнiкi, панакiдалi сьмецьця, сталi выводзiць на месца расстрэлаў выгульваць сабак, а ў магiльных ямах зноў разьмясьцiлiся аматары пiкнiкоў, выпiць i закусiць, пасмажыць шашлыкi.

Памятаю, зiмой 1994-га, у час спатканьня ў Курапатах, прэзiдэнт ЗША Клiнтан спытаўся ў мяне:

— А чаму мясьцiна, якая павiнна быць сьвятой, у недагледжаным стане?

— Таму што ў Беларусi кiруюць нашчадкi тых, што тут забiвалi, — адказаў я.

* * *

Што здарыцца зь беларусамi, калi забудуцца пра Курапаты? (Я казаў у пачатку пра знакавае значэньне гэтага месца для Беларусi.) Цi будзем мы ўвогуле нацыяй? На што больш страшнае i больш сымбалiчнае можна яшчэ нам забыцца, каб духоўна памерцi навек? I што ёсьць у нашай памятнай гiсторыi больш пакутнiцкае i больш жахлiвае, чым ленiнска-сталiнскi генацыд?

Вось ужо дзесяць гадоў па начах, а то й днём, нейкiя людзi раскопваюць магiлы на Курапатах. Яны сквапна перабiраюць пакутныя косьцi, дзiравыя боты на стаптаных абцасах, галёшы, самаробныя бахiлы — рэшткi бедных людзей. Iх перад расстрэлам не абрабавалi нават энкавэдысты, бо ведалi, як пiсаў бальшавiцкi паэт: «Нищие, что с вас сжулить». Аж не, знайшлiся нашчадкi, што абкрадуць нават труп жабрака, выцягнуць ягоны шкiлет з брацкае магiлы.

Тут я не зьбiраюся абагульняць. Раскопваюць магiлы псыхiчна хворыя на нэкрасындром i падонкi. Але робiцца гэта ўсё, як i смажаньне шашлыкоў, на вiду ў людзей вось ужо дзесяць гадоў запар. Усе мае захады, пачынаючы з 1988 году, да мiлiцыi, пракуратуры, у мiнiстэрствы, да мясцовых органаў улады з патрабаваньнем выявiць злачынцаў i спынiць раскопваньне магiлаў, нi да чаго не прывялi. Тыя, да каго я зьвяртаўся, нiчога не хацелi, i нiчога ня хочуць рабiць.

Але гэта было б паўбяды, калi б грамадзтва паводзiла сябе iнакш, чым паводзiць улада. На жаль, паводзiны аднолькавыя, i тут нiчога ня зьменяць i не дапамогуць нiякiя энтузiясты.

* * *

Мне здаецца, што не было ў нас больш няшчасных людзей, чым людзi з пакаленьня 20-30-х гадоў, якое трапiла пад генацыд. Iхнае жыцьцё — гэта пекла на зямлi, несправядлiвасьць i сатанiнская жорсткасьць, якая перасьледуе iх нават пасьля сьмерцi. Гэта рок, праклён маўклiвых. Ён ня скончыцца, пакуль ня будуць пакараныя забойцы, пакуль не разбурыцца iхнае царства, не зруйнуюцца бабiлёнскiя вежы.

Тут, у Беларусi, яны захавалiся; i Берасьцейская крэпасьць, i вулiцы з iмёнамi бандытаў, i савецкiя танкi на пастамэнтах.

Мiхась Дубянецкi расказваў мне, як яго бацька Хведар сядзеў у берасьцейскай крэпасьцi, дзе была турма НКВД. Расказваў, як дапытвалi, як вазiлi на расстрэл. 22 чэрвеня 1941 году, калi немцы ўдарылi па Берасьцi, узьнiкла панiка. Вязьнi пачалi разьбягацца, i азьвярэлыя энкавэдысты расстрэльвалi iх з наганаў. Хведар Дубянецкi, уцякаючы ў натоўпе, выбег якраз на энкавэдыста. Той наставiў на яго рэвальвэр.

— На хлеб, на! — закрычаў з попрыску Дубянецкi i сунуў у рукi забойцу кавалак турэмнага хлеба. Хвiлiна замяшаньня — i Дубянецкi праскочыў на выхад. Энкавэдысты перастралялi вязьняў, колькi здолелi, але самi апынулiся ў пастцы, бо немцы занялi горад.

Iм удалося потым выбрацца з казэматаў, пасьля чаго i быў створаны прапагандысцкi мiт пра «гераiчную» абарону берасьцейскай крэпасьцi савецкiм гарнiзонам. Турму НКВД назвалi «Брестская крепость-герой».

* * *

Як нi дзiўна, але самыя цяжкiя душэўныя пакуты ў сувязi з Курапатамi я перажыў у 70-х гадах. Камунiстычная ноч тады здавалася бясконцаю. Iшлi гады, горад спакваля будаваўся, падступаў да расстрэльнага лесу. Трывога, што страшная памяць пра мардаваньне нацыi намарна згiне, перапаўняла й прыгнятала мяне. Я не знаходзiў тады нi месца, нi спакою. Памятаю, неяк гаварылi са Шмыгалёвым, каб неўпрыкмет паставiць там крыж.

У бяссонныя ночы мне часта марылася, што скончыцца камуна i ўсе даведаюцца пра магiлы. Мне ўяўлялася, як тысячы людзей у жалобе нясуць на руках вялiкi пакутнiцкi крыж. Прыносяць i ставяць яго ў тым лесе над магiламi расстраляных. Усе даведалiся, i ўвесь народ здрыгануўся. Гэтая карцiна, нiбы сон, доўгiя гады жыла ва ўяўленьнi.

Рэдка такое бывае ў жыцьцi, але гэтае ўяўленьне ажыцьцявiлася. У 1989 годзе восеньню на Дзяды дзясяткi тысячаў людзей, моц народу, з харугвамi i беларускiмi бел-чырвона-белымi сьцягамi пранесьлi праз увесь горад ад Усходнiх могiлак i да Курапатаў сямiмэтровы Крыж Пакуты. Яго ўкапалi й паставілi пад гукi ўрачыстага рэквiему, i словы малiтвы зьлiвалiся з шумам дрэваў.

* * *

Якiмi я ўяўляю мэмарыяльныя Курапаты? Маё ўяўленьне простае, разьлiчанае на духоўны рост беларускае нацыi. Ня будзе росту — ня будзе й мэмарыяльных Курапатаў. Я ўяўляю, што кожны беларус, кожны чалавек, якi ў нейкiм пакаленьнi роду пацярпеў ад камунiстычнага генацыду, цi проста кожны той, хто мае сэрца й веру, жаласьць i любоў да свайго народу, той хай прыносiць у Курапаты свой крыж i ставiць яго, дзе захоча. Я ўяўляю мэмарыяльныя народныя Курапаты, дзе над магiламi сасновы лес дрэваў i лес рукатворных крыжоў. Калi iдзеш ад шашы па дарозе ў гару да магiлаў — паабапал калюмны крыжоў. Iх тысячы, iх дзясяткi, сотнi тысячаў, прынесеных беларусамi i ўкапаных у пакутную, палiтую нявiннай крывёю зямлю. Яны стаяць паабапал Дарогi Сьмерцi: крыжы-людзi, крыжы-беларусы зь iмёнамi расстраляных, забiтых, замучаных продкаў, што сабралiся тут перад Страшным Судом.

Кожны нясе сюды свой крыж. Колькi яго прыйдзецца несьцi кожнаму? Год? Два? Цi, можа, пятнаццаць? Цi цэлую вечнасьць?

Колькi яго прыйдзецца несьцi ўсiм? Невядома.

Пакуль што ў Курапатах чатыры крыжы. Чатыры крыжы...

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2019 2020 2021
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31