Знайсці
16.03.1998 / 13:00РусŁacБел

А.Дзярновiч. Тэма свабоды

№ 6 (103) 16 сакавіка 1998 г.

Тэма свабоды

Экспэдыцыя Архiву Найноўшае Гiсторыi й «Нашай Нiвы» на Слонiмшчыну (12-13 лютага 1998)

 

Нашая дасьледчая група працягвае традыцыю экспэдыцыяў па рэгiёнах Беларусi. Першая такая выправа была арганiзаваная ў 1997 годзе на Вiцебшчыну да сяброў Саюзу Беларускiх Патрыётаў. Мы шукаем кантактаў зь людзьмi — жывымi носьбiтамi традыцыi i бясцэннай iнфармацыi, якую сёньня атрымаць у дзяржаўных архiвах амаль немагчыма. Запiс вуснай гiсторыi ня можа быць замяняльнiкам пiсьмовых дакумэнтаў, але фiксацыя ўспамiнаў адкрывае зусiм новыя магчымасьцi ў разуменьнi розьнiцы памiж гiстарычнымi эпохамi ды дае гуманiтарнае прачытаньне падзеяў.

Не вазьмуся сьцьвярджаць, што Слонiмшчына значна адрозьнiваецца ад усёй iншай Беларусi, але некаторыя сюжэты канфлiктнага з савецкiм ладам жыцьця тут прадстаўленыя ў канцэнтраванай форме. У Слонiме жывуць людзi, якiя спрабуюць вярнуць сканфiскаваную ў 1950 годзе маёмасьць сваiх бацькоў. Але ўлады прапанануюць, як, напрыклад, Леанардзе Раўкоўскай, 127 тысячаў рублёў у кампэнсацыю за бацькоўскую зямлю — 12,5 гектараў. Падобныя справы з раённых пераходзяць ужо ў абласныя суды. Час, калi адбывалiся масавыя рэпрэсii, усё больш аддалаецца, памiраюць людзi, якiя прайшлi ГУЛАГ. Але праблема свабоды й адстойваньня сваiх правоў набывае новае гучаньне — нашчадкi ўсё часьцей пачынаюць узгадваць пра свае маёмасныя правы.

Досыць падрабязна пра намаганьнi грамадзянаў Беларусi адстаяць свае правы распавядае «Газэта Слонiмская». Досьвед гэтай газэты па-свойму ўнiкальны па-за межамi сталiцы. Заснаваная Вiктарам Валадашчуком, ранейшым супрацоўнiкам «Свабоды», якi вярнуўся ў родны горад, «Газэта Слонiмская» досыць хутка заняла сваё месца ў iнфармацыйнай прасторы рэгiёну ды стварыла канкурэнцыю газэце мясцовай «вэртыкалi» «Слонiмскаму весьнiку». У вынiку — слонiмскай друкарнi было забаронена друкаваць «Газэту Слонiмскую» ўжо адразу пасьля першага нумару, i рэдакцыя вымушаная паслугоўваецца магчымасьцямi iншай друкарнi. Ужо зусiм сьвежыя падзеi — у Слонiме была скарочаная колькасьць гандлёвых кропак, дзе можна прадаваць «Газэту Слонiмскую». Здарылася гэта пасьля публiкацыi крытычнага для мэра гораду матэрыялу. Але, тым ня менш, газэта дынамiчна разьвiваецца, жыхары гораду й раёну пастаянна зьмяшчаюць там свае абвесткi й рэкляму. Як я зразумеў, маючы наклад 6.900 асобнiкаў, рэдактар, iмкнучыся захаваць хiсткi балянс у адносiнах з уладамi, цяпер наўмысна стрымлiвае рост накладу.

Яшчэ адзiн прыклад самацэнзуры — рэгулярна публiкуючы матэрыялы пра ўзброены паваенны антысавецкi рух, рэдакцыя часта пазначае iмёны людзей толькi iнiцыяламi. Многiя ахвяры й каты яшчэ жывыя. Ва ўмовах раёну гэтыя iнiцыялы збольшага прачытвацца чытачамi, але ўвесь комплекс асабiстых дачыненьняў з сацыяльнымi мэханiзмамi дзяржавы (зь яе пэнсiямi й афiцыйнымi героямi) прымушае ўтрымлiваць статус-кво. Такая дыстанцыя беларусаў ад рэалiяў сьведчыць пра тое, наколькi нашае грамадзтва яшчэ не гатовае да прызнаньня сваёй уласнай гiсторыi. Але не праробленая належная праца i самой беларускай гiстарыяграфiяй, якая альбо самаўхiлялася ад вострых тэмаў найноўшае гiсторыi, альбо займалася апалягетыкай (ня важна, якога кiрунку). У гэтай атмасфэры змрочнага замоўчваньня асобную мiсiю ўскладаюць на сябе незалежныя газэты — тыя ж «Газэта Слонiмская» i «Наша Нiва».

«Газэта Слонiмская» дапамагала нашай экспэдыцыi i ўвесь час з намi знаходзiўся яе супрацоўнiк Сяргей Ёрш, якi, апроч таго, — аўтар публiкацыяў у «НН» пра антысавецкi супрацiў 1944-1950-х гадоў i пра тэрор супраць цывiльнага жыхарства пад час Другой сусьветнай вайны. Бандытызмам займалiся i фармацыi, якiя залiчвалiся да савецкай партызанкi. Апублiкаваныя намi ў 1997 годзе факты былi надзвычай рэзкiмi й прымушалi любога чалавека адмовiцца ад тых спрошчаных уяўленьняў пра падзеi Другой сусьветнай вайны ў тыле, якiя былi навязаныя савецкай апалягетыкай i гiстарыяграфiяй. Пры сёньняшняй афiцыйнай палiтыцы рэсаветызацыi такое не даруецца, i летась «НН» атрымала папярэджаньне Генэральнай пракуратуры. Быў момант, калi перад нашай газэтай паўстала праблема магчымага закрыцьця.

Цяпер мы непасрэдна сустрэлiся зь людзьмi, чые ўспамiны зафiксаваў i падрыхтаваў для публiкацыi ў «НН» Сяргей Ёрш. Каб не пераказваць ужо апублiкаваны 10 сакавiка 1997 году ў «НН» матэрыял, прывядзем цытату з натарыяльна засьведчанага дакумэнту, якi паўстаў як адказ на дзеяньнi Генэральнай пракуратуры супраць «НН» i КГБ супраць Сяргея Ярша: «Я, Струпавец Васiль Васiльевiч, 1928 г. нар., ураджэнец вёскi Якiмавiчы Слонiмскага раёну, пацьвярджаю, што ўсе факты, прыведзеныя Сяргеем Яршом у артыкуле «Што яны выраблялi!» адпавядаюць сапраўднасьцi. Злачынствы над маёй сям’ёй, нада мной асабiста i над маiмi аднавяскоўцамi зьдзяйсьнялi партызаны савецкага атраду iмя Панамарэнкi: Iван Зайцаў, камандзiр атраду; Пётар Бухарэўскi, камандзiр роты; Iван Багуслаўскi, Азановiч — асабiста ды iншыя. Прыведзеныя ў газэтнай публiкацыi мае словы я гатовы пацьвердзiць у судзе, калi ў гэтым будзе патрэба...» У Якiмавiчах Iван Зайцаў з падручнымi замардаваў каля 50-цi чалавек.

Мы змаглi зрабiць свае запiсы сьведчаньняў на магнiтафон i вiдэакамэру, выяжджалi непасрэдна на месца трагедыi. Калi Васiль Струпавец падняўся на ганак дому, у якiм былi забiтыя ягоныя бацькi, да нас падыйшла спадарыня Яўгенiя Швайдзюк, чыю сям’ю напаткаў такi самы лёс. Дамы гэтых дзьвюх сем’яў стаяць адзiн супраць аднаго, праз вулiцу. Яны пакiнутыя й спусьцелыя.

Моцнае ўражаньне робiць тое, што ўсе паваенныя гады Васiль Струпавец iмкнуўся адстаяць права сваёй сям’i. Ён прайшоў раённыя, менскiя, маскоўскiя iнстанцыi; дайшоў да прыёмнай Мiкiты Хрушчова. Дамо слова далей спадару Васiлю:

«Прыяжджаў да мяне палкоўнiк КГБ зь Менску. Гаворыць мне, то Зайцаў у бальнiцы ляжыць, а Багуслаўскi недзе на рыбалцы, яго не знайшлi... I гэта мне гаворыць палкоўнiк КГБ! Я ня вытрымаў, кажу: «Я тады сам яго заб’ю!» Адказвае: «Отвечать будешь!» Ну дык давайце iх судзiць, народным судом, Зайцаў жа не адзiн такi!» — кажу. Палкоўнiк толькi сказаў: «Твоё дело». Потым я яшчэ восем гадоў змагаўся».

Фарс з дасьледаваньнем паўтарыўся ўжо ў наш час. Пасьля публiкацыi ў «НН» i папярэджаньня Генэральнага пракурора па «справе Струпаўца» ў Слонiме працаваў старшы сьледчы КГБ па Горадзенскай вобласьцi Барыс Рагiмаў. Як мы ведаем, ён змог сабраць толькi пацьверджаньнi апублiкаваных матэрыялаў. Але тады перад КГБ стаяла зусiм спэцыфiчнае пытаньне — узбуджаць цi не ўзбуджаць супраць Сяргея Ярша крымiнальную справу. Пазьней Барыс Рагiмаў вёў справу супраць Паўла Шарамета.

Генэральны пракурор праiгнараваў скаргу галоўнага рэдактара «Нашай Нiвы» на вынесенае папярэджаньне. Хоць адносна скаргi на папярэджаньне за публiкацыю Велiкоднага пасланьня мiтрапалiта Iзяслава сп. Бажэлка адказаў, што «знаходзiць абгрунтаваным афiцыйнае папярэджаньне». Але цяпер мы поўнiмся новымi ўражаньнямi й фактамi. Цяпер мы па-просту ня зможам забыцца на нашую экспэдыцыю й будзем патрабаваць ад Генэральнай пракуратуры разгледзець факты ваеннага злачынства.

Калi мы стаялi на ганку таго дому-сьведкi, Васiль Струпавец прамовiў сваю фразу пра свабоду. Усе гэтыя гады ён i яго суайчыньнiкi былi пазбаўленыя свабоды, таму ў яго не было магчымасьцi адстаяць правы сваёй сям’i. Ня можа ён гэтага зрабiць i цяпер. Падобныя думкi мне ня раз яшчэ прыходзiлася чуць пад час нашага падарожжа. Можа ў тым найбольш можна адчуць розьнiцу памiж Усходняй i Заходняй Беларусяй, што на Ўсходе мы сустракаем шмат дзейных людзей, але амаль выключна сярод новай генэрацыi. На Захадзе ж жывуць старыя людзi, якiя складаюць цэлую антысавецкую й антыкамунiстычную традыцыю Беларусi. Фактычна мы можам назiраць унiкальную соцыяпсыхалягiчную зьяву, калi ўражаньнi сьведкi тэрору трансфармавалiся ў адчуваньне катэгорыi свабоды, а не набылi статус начных кашмараў.

***

Паводле матэрыялаў нашай экспэдыцыi Севярын Квяткоўскi падрыхтваваў некалькi сюжэтаў для праграмы «Бумэранг», якая робiцца сумесна з Архiвам Найноўшае Гiсторыi й выходзiць на польскiм «Радыё 5», што прымаецца ў Беларусi. Адзьнятыя вiдэаматэрыялы складуць аснову нашых вiдэапраграмаў.

Алег Дзярновiч

Заканчэньне будзе

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера