Знайсці
01.12.2012 / 09:314РусŁacБел

Кастусіны банькі, альбо У пошуках болю

Піша Сяргей Ваганаў.

Скруціла спіну.

Такое аднойчы ўжо было — не зварухнуцца…

Тэрапію назначала бабка Кастуся: «Трэба ставіць банькі…»

На ўсю вёску банькі, калі хто яшчэ памятае што гэта, былі толькі ў Кастусі.
Акрамя банькаў у яе былі яшчэ доўгія дамскія цыгарэты «Femina» з пазалочаным абадком і водка «Wyborowa» — усё, што засталося ад польскага часу, калі Кастуся трымала невялічкую краму.

Але спірту, каб паставіць банькі, у яе не было. Была газа.

Ажно тыдзень я ляжаў, уціснуты ў ложак, нерухомы, бы калода, слухаючы, як шустраць за падранымі шпалерамі мышы, і дыхаючы салодкімі выпарэннямі газы…

Пазней я даведаўся, што банькі Кастуся ставіла ад усіх хвароб.

…Прайшло паўстагоддзя.

Што і казаць — шчаслівы чалавек, якому круціць спіну раз на паўстагоддзя.

Але вельмі няшчасны чалавек, якому так баліць…

Кастуся, агу-у-у!

Замест Кастусі слухаўку зняў Віктар Іванавіч — загадчык аддзялення, адзіны з маёй лякарні, да каго я ў рэшце рэшт датэлефанаваўся. Тэлефоны, па якіх выдаюць талоны, на працягу гадзіны былі то занятыя, то нехта браў слухаўку і адразу ж кідаў…

«Інтэрнэтам карыстаецеся? — спытаў Віктар Іванавіч. — Да нас можна папасці і праз інтэрнэт…»

О, інтэрнэт! Ні да аднаго доктара талонаў не было аж да сярэдзіны снежня.

«А вы не чулі, што лекараў не хапае? — заўважыў Віктар Іванавіч. — Хочаце параду? Заплаціце 20 тысяч — і вы ў лекара без аніякай чаргі… Ці ж то грошы?.. Толькі нікому на мяне не спасылайцеся, мне год да пенсіі…» — «Добра, не спашлюся. Але парайце, да каторай з дзвюх вашых доктарак паўзці, якая лепшая…»

Віктар Іванавіч назваў прозвішча: «…хутка таксама за мяжу з’едзе, ужо афармляецца…»

…Ад раніцы я ледзь дапоўз да лякарні. І ўжо на падыходзе адчуў сорам і жах.
З усіх бакоў цягнуліся да дзвярэй старыя людзі, шчаслівыя ўладальнікі запаветных талонаў. Хто кульгаў, абапіраючыся на палкі, хто самастойна ледзьве перастаўляў ногі, хто бокам-бокам, бы параненая качка, але ж узбіраўся на чарговую прыступку…

Нідзе і ніколі я не бачыў такой колькасці старых і нямоглых.

Ужо таўкліся дзве доўгія чаргі да рэгістратуры і гардэроба, а старыя ўсё ішлі ды ішлі, з асцярогай соўгаючыся па слізкаватай падлозе.

«Шапкі з сабой! Шапкі мы не прымаем!» — віскатліва крычала хударлявая, ужо ад раніцы ўся на апошнім нерве гардэробшчыца. Я працягнуў сваю. «Вы што, не чуеце?! Закон аднолькавы для ўсіх!» — і з нейкім гадзючым імпэтам тыцнула ўгару, дзе на паперцы быў намаляваны «закон».

Ляскаў дзвярыма, бы гільяціна, падрапаны ліфт, заціскаючы кожнага, хто не прыспешваў хаду. «Трымайце, трымайце чорную кнопку!» — лямантавала чарга. Бабульцы ў самавязаным какетлівым барэце ледзь не заціснула галаву…

З шапкай пад пахай я накіраваўся ў «кабінет платных паслуг»…

«Тут баліць? — спытала лекарка, якая хутка з’едзе за мяжу. — А тут?»

Тут баліць.

Нідзе, мусіць, так не баліць, як тут.

Вядома, ніхто яшчэ не навучыўся абязбольваць старасць.

Але што рабіць з болем пакалення, якое, ледзь трымаючыся на нямоглых нагах, падлічвае апошнія грошыкі перад аптэкарскімі акенцамі?

Куды ён падзеўся, боль за старасць?

Словы, словы, словы… Паклоны, паклоны, паклоны… Крыхі, крыхі, крыхі…

Тут нават прыклады не патрэбны, у кожнага старога чалавека свая гісторыя хваробы, больш жахлівая, чым мая. Што мая? Так, дробязь — «чаму сурвэткі не прынеслі?».

У пошуках адказу на пытанне, чаму ў паліклініках няма нават папяровых сурвэтак, я зазірнуў у «сацыяльна арыентаваны» бюджэт на 2013 год. Сілавікі ды суддзі — 10 з паловай трыльёнаў рублёў. Ахова здароўя — удвая менш. Паміж імі — войска, «эфектыўная» сельская гаспадарка і абслугоўванне дзяржаўнай пазыкі, у якім, дарэчы, на вяртанне старым савецкага доўгу ані капейчыны. Мусіць, чакаюць, пакуль зусім не стане каму вяртаць…

Не, не знайшоў я ў гэтым утварэнні жыруючых у раскошы «вечна маладых» болю за старасць.

Знайшоў дзяржаву, дзе людзям з дубінкай плацяць больш, чым за лячэнне наступстваў лупцавання.

Знайшоў абрабаванае пакаленне, якое сышло ў нябыт яшчэ пры жыцці.

«…Хвароба прыходзіць знянацку, — заспакойвала Кастуся, — а праходзіць вой як марудна…»

І праўда, марудна.

Ужо амаль 20 гадоў…

Сяргей Ваганаў, [email protected]

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера