Знайсці
17.11.2012 / 14:4127РусŁacБел

Як змяніўся Навагрудак да абласных Дажынак — фотарэпартаж

Адрамантаваныя дарогі, помнікі Высоцкаму і афганцам, недаробленыя вуліцы...

Навагрудскія ўлады выканалі абяцанне, сумясціўшы адменены раней рыцарскі турнір з абласнымі дажынкамі.

Адным з сімвалаў такога спалучэння стала часовая скульптурная кампазіцыя на ўездзе ў горад з боку Мінска: казачны замак з вежай, у падножжы якога ляжыць гіганцкі колас.
Карэспандэнт «НН» наведаўся ў Навагрудак, каб на свае вочы пабачыць, як змяніўся старажытны горад за год капітальнага рамонту.

Дажынкі ў тумане

Пятнічная раніца ў Навагрудку сустракала моцным туманам. Бабулі ў яркіх хустках, якія селі ў аўтобус недзе за Міром, жартавалі: «Будзем пад рукі хадзіць, каб не згубіцца». На плошчы разгортваўся святочны гандаль, з калонак даносіліся спевы пра хлеб і соль.

З вакзала іду ў цэнтр па вуліцы Савецкай. У вочы кідаюцца прыкметы аўральнай падрыхтоўкі, найперш — свежыя перакапаныя газоны. На месцы спілаваных ліпаў пасадзілі новыя дрэўцы. Насупраць аграрнага каледжа адрамантавалі спартыўны гарадок. Слупы металічнай агароджы ўздоўж яго паставілі на бардзюр, але цэментам яшчэ не замазалі.

Пара пенсіянераў, што таксама кіруецца ў цэнтр, з’едліва каментуе: «Цэлае лета ў іх было і не паспелі. Каб хоць каго не прыдушыла гэтым прыгожым плотам»

Помнік Уладзіміру Высоцкаму раніцай папулярнасцю не карыстаецца.

«Лепей бы Мулявіну паставілі, што нам той Высоцкі», —
дэманструе патрыятызм жанчына з высокай прычоскай. Праўда, пазней каля помніка заўважна паболела цікаўных. Раз-пораз адбываліся групавыя і адзіночныя фотасесіі.

Прыемны сюрпрыз чакае каля самай плошчы. На сцяне будынка крамы «Дзіцячы свет» намаляваная выява старажытнага Наваградка. «Паводле рэканструкцыі Віктара Сташчанюка», пазначана ў куце. Пазней насупраць будынку мясцовай міліцыі на вуліцы Міцкевіча знаходжу выяву гарадской ратушы, зробленую ў падобным стылі.

Дом культуры аднавілі,

а вось былую кавярню «Гасцінны двор», што месцілася ў будынку ХІХ ст., выратаваць не ўдалося, на яе месцы хутчэй за ўсё з’явіцца муляж. На час дажынак яе завесілі будаўнічай сеткай.

«Таварыш фатограф, пачастуйцеся ў нас!»

На плошчы даволі людна. У цэлым, афармленне падворкаў мясцовых гаспадарак і прадпрыемстваў мала чым розніцца ад традыцыйных для дажынак святочных пляцовак. Бутафорскія пластыкавыя свінні і буслы, сталы з кілбасамі і шашлыкамі, кіслымі гуркамі і капустай, а таксама сувеніры з дрэва і саломкі, папкорн, салодкая вата і маскі з фільма «Крык».

«Таварыш фатограф, ідзіце да нас пачаставацца!» — запрашае жанчына, наліваючы ў пластыкавы стаканчык мутнаватую вадкасць з бутлі.

«Хай бы быў і рыцарскі фэст, шкада, што адмянілі. Але добра, што хоць так зрабілі — святаў у нас і так небагата», —
па-філасофску ацэньвае ідэю сумясціць фэсты адзін з удзельнікаў свята.

«Мама, я выйграла ролтан!» — радуецца дзяўчынка. Да стала, за якім разыгрываецца імгненная латэрэя, адразу пачынаюць падцягвацца ахвочыя выпрабаваць лёс.

«Зніч» і вайсковы аркестр

Ад раніцы гасцей дажынак забаўляюць народныя калектывы. Іх спевы даносяцца з галоўнай пляцоўкі на плошчы. Трошкі пазней там з’яўляецца ўзорна-паказальны аркестр Мінабароны.

Музыкі ў форме робяць сапраўдны фурор,
у аўтобус па сканчэнні выступу іх праводзіць не адзін дзясятак гледачоў, засмучаных занадта кароткай праграмай.

На замчышчы ладзяцца конкурсы лучнікаў, двубоі. На выступ «Зніча» я спазніўся, але раскацісты голас Таболіча ўсё адно пачуў, блукаючы ў кактэйлі з туману і дыму ад мангалаў.

Тут варта зрабіць паўзу і адзначыць такі момант — працу міліцыі.

Гэтым разам не было ні дурных турнікетаў з металашукальнікамі, ні спецназаўцаў з аўтазакамі. Міліцыянты былі сама ветлівасць і гэта толькі дадавала святочнага настрою.

Фатаграфую зусім нядаўна адкрыты помнік удзельнікам вайны ў Афганістане. У гэты момант да яго кіруецца дэлегацыя чыноўнікаў. На чале групы першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Іван Жук і старшыня Навагрудскага райвыканкама Анатоль Маркевіч. Апошні пасля ўскладання кветак расказвае, што

помнік каштаваў 300 мільёнаў рублёў, 200 мільёнаў з якіх выдаткавала Навагрудская епархія БПЦ.
Пра помнік Міндоўгу, які не адзін год збіраюцца ўсталяваць у цэнтры горада, чыноўнік не згадвае. Адзін з варыянтаў будучай скульптуры можна пабачыць на плоце будаўнічай пляцоўкі будучага гатэля «Еўропа», які пачыналі будаваць яшчэ ў 2006-м.

Няроўны лёс ускраін

Іду да вайсковага гарадка, дзе нядаўна збудавалі новы жывы квартал, пра які пісала абласная газета ў артыкуле пра падрыхтоўку горада да дажынак. Сустракаю вайсковага пенсіянера, які выгульвае сабаку.

«Да дажынак, кажаце? Ды не, гэта прыватны кааператыў, людзі самі будаваліся», —
кажа ён. А вось у вайсковым гарадку парадак за гэты год навялі: зрабілі паркоўкі, адрамантавалі дарогі, уцяплілі сцены. У новым квартале, па словах суразмоўцы, не хапае месцаў для адпачынку і гарадскога аўтобуса. Зрэшты, кажа ён, магчыма хутка зробіцца і гэта.

У 3-м Мінскім завулку, на іншым ускрайку Навагрудка, некалі жылі мае дзед з бабуляй, адсюль пасля чатырох гадоў вучобы ў 2000-м з’ехаў і я. Дарога тут як была ў ямінах, так і засталася. Зрэшты, надзею дае суседняя вуліца Спартовая, якую хоць і не паспелі адрамантаваць да свята, але прынамсі ўзяліся аднаўляць.

Перад самым ад’ездам сустракаю сябра. Ён дзеліцца ўражаннямі ад капітальнага рамонту:

«Летам прыехала процьма будаўнікоў. Кажуць, што ім паабяцалі добрыя грошы. Але атрымалі першы заробак і большасць з’ехала. А горад ўсё лета быў нібы пасля бамбёжкі, людзі злаваліся».
Цяпер тая незадаволенасць пакрысе знікае — дарогі адрамантавалі, двары ўпарадкавалі.

Старажытны Навагрудак перажыў чарговы капітальны рамонт, падзяліўшы лёс іншых гарадоў, прызначаных сталіцамі агульных або рэгіянальных сталіцаў свята ўраджаю ці пісьменства. Пры гэтым статус былой сталіцы ВКЛ быў хутчэй сімвалічна падкрэслены з дапамогай пано ды білбордаў пры дарозе.

Хочацца спадзявацца, што дойдуць рукі і рэалістычных справаў: гораду, які год таму адзначыў 500-годдзе атрымання Магдэбургскага права, не хапае помніка Міндоўгу, бруку і кавярняў.

Сямён Печанко

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930