Знайсці
31.10.2012 / 11:505РусŁacБел

Праект турэцкага гатэля з казіно і начным клубам у цэнтры Мінска вынесены на грамадскае абмеркаванне

Пра тое, што на скрыжаванні вуліц Валадарскага і Гарадскога Вала ў цэнтры Мінска турэцкі інвестар збіраецца пабудаваць 16-павярховы гатэль, паведамлялася ў чэрвені гэтага года.

Тады эскізы комплексу з’явіліся на сайце прадпрыемства «Творчая майстэрня — 7». Паводле інфармацыі «Анлайнера», на той момант меркаваны заказчык яшчэ вёў перамовы з Мінгарвыканкамам. Мяркуючы па ўсім, гарадскія ўлады пайшлі насустрач турэцкім бізнэсоўцам: з учорашняга дня ў Мінску пачалося грамадскае абмеркаванне гэтага неадназначнага праекта.

Гэтым разам абмеркаванне праходзіць у вельмі дзіўнай форме. Ні заказчык, якім выступае ЗТАА «Арас-інвест», ні архітэктары, ні чыноўнікі не толькі не пажадалі сустракацца з мясцовымі жыхарамі, але нават не суправадзілі эскізы тэкставай інфармацыяй. З размешчаных у холе адміністрацыі Маскоўскага раёна праектных матэрыялаў незразумела, якія спадарожныя аб’екты будзе ўключаць гатэль, колькі ствараецца машына-месцаў і г.д.

Незразумела і тое, чаму гэтым разам не прадугледжаная урна для заўваг па праекце.
Арганізатар грамадскага абмеркавання прапануе накіроўваць прапановы ў адміністрацыю Маскоўскага раёна па адрасе: Мінск, пр. Дзяржынскага, 10. Пры гэтым па пазначаным у абвестцы тэлефоне аддзела архітэктуры (200-57-60) з раніцы ніхто не адказвае.

Застаецца толькі яшчэ раз прывесці інфармацыю, размешчаную раней на сайце «Творчай майстэрні — 7». Паведамлялася, што два падземныя паверхі комплексу адведзеныя пад гараж-стаянку на 78 машына-месцаў. На першым паверсе размесцяцца вестыбюль, кавярня-бар з летняй тэрасай і SPA-цэнтр. Другі паверх зойме казіно, на трэцім акрамя гатэльных нумароў размесціцца рэстаран. 4–14 паверхі аддадзеныя пад нумары, на 15-м запраектаваны шматфункцыянальныя залы, а на 16-м — начны клуб.

У цяперашні час на месцы меркаванага гатэля гасцініцы размяшчаецца аўтастаянка МУС.

Нагадаем,

супраць будаўніцтва турэцкага гатэля ў цэнтры Мінска выступіла Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

«Ужо на дадзеным этапе праектавання парушаны артыкул 29 Закона „Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь“, які забараняе распрацоўку горадабудаўнічай і землеўпарадкавальнай дакументацыі без нанясення ўсталяваных зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў, — пісаў у ліпені старшыня гэтага грамадскага аб’яднання Антон Астаповіч. — А тут і мяжа гістарычнага цэнтра, і будынкі на Валадарскага 1, якія маюць статус помнікаў, але не маюць усталяваных зон аховы».

Заўвагі і прапановы па праекце да 22 лістапада можна накіроўваць у адміністрацыю Маскоўскага раёна Мінска.

realt.onliner.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930