Знайсці
26.10.2012 / 10:192РусŁacБел

У дольшчыкаў элітнага «Гольф-клуба» з’явіліся пытанні да дырэкцыі

Дольшчыкі аднаго з самых амбіцыйных дэвелаперскіх праектаў, беларускага «Гольф-клуба», сумняюцца, што іх немалыя ўкладанні асвойваюцца эфектыўна і што сам аб’ект будзе пабудаваны ў тэрмін.

Прычыну праблем яны бачаць у новай дырэкцыі будаванага аб’екта.

2012 год выдаўся нядрэнным для Беларусі, і краіна трохі прыйшла ў сябе пасля хвалі нядаўняга крызісу. Паступова размарожваюцца будаўнічыя аб’екты, рыхтуюцца новыя інвестыцыйныя праекты і завяршаюцца пачатыя будоўлі. Канец года ў Беларусі і асабліва восень — традыцыйна самы гарачы час для здачы гатовых аб’ектаў.

«Гольф-клуб» — бадай, самы амбіцыйны праект на карце жылой нерухомасці краіны. Гэта больш за 300 га зямлі, на якой размесціцца спартыўна-турыстычная інфраструктура, што ўключае гольф-палі са штучнымі азёрамі, клубны дом для сябраў гольф-клуба і элітны катэджны пасёлак «Грынвіч», абсталяваны ўсім, чаго душа пажадае. Заказчыкам праекта стала СТАА «Гольф-Клуб», за якім стаяць інвестары з Украіны.

«Беларускі гольф-клуб — найлепшы праект Еўропы» — раней выказаўся адзін з найлепшых дызайнераў гольф-палёў Еўропы Пол Томас, сын знакамітага гальфіста і грынкіпера Дэйва Томаса. Праект жылога пасёлка «Грынвіч» распрацоўваўся ў Лондане фірмай «Чапмэн Тэйлар», якая ўваходзіць у пяцёрку самых вядомых сусветных дызайн-кампаній. Такі перспектыўны праект не мог не прыцягнуць у свае шэрагі дольшчыкаў, сярод якіх — вядомыя і ўплывовыя беларусы.

Аднак іх уплыў заканчваецца перад агароджай, за якой будуецца комплекс.
Напрыклад, некаторым дольшчыкам адмаўляюць у доступе на аб’ект, запраектаванае побач з домам аднаго з дольшчыкаў возера проста знікла з праекта. Больш за тое, затрымліваюцца тэрміны здачы ў эксплуатацыю важных сістэм нармальнага функцыянавання аб’ектаў, напрыклад, сістэм электра-, вода- і газазабяспечання. У дольшчыкаў узнікае лагічнае пытанне: ці будзе аб’ект здадзены ў тыя тэрміны, як гэта прапісана ва ўказе прэзідэнта? «Ежедневник» пагутарыў з дольшчыкам і нават работнікам «Гольф-клуба», якія пралілі святло на некаторыя прычыны рознагалоссяў.

Сяргей Парфёнаў, дольшчык.

— Што заахвоціла вас заключыць інвестыцыйную дамову на будаўніцтва жылля менавіта ў катэджным пасёлку гольф-клуба?

— Вы ведаеце, жыллё ў экалагічна чыстым прыгарадзе — прэстыжным і элітным — было маёй марай з дзяцінства. І, на жаль, на сённяшні дзень яе рэалізацыя пад вялікім пытаннем.

— І ў чым праблема?

— У тым, што я сёння вымушаны спыніць плацяжы па дамове долевага будаўніцтва праз парушэнні тэрмінаў будаўніцтва аб’ектаў інфраструктуры. Гэта значыць, праз поўную адсутнасць сістэм электра-, газа- і водазабяспечання. І ў мяне ўзнікае пытанне: куды патрачаныя мае грошы? Нізкая эфектыўнасць кіравання праектам, на маю думку, відавочная. Акрамя гэтага, з канца верасня 2012 года мне адмовілі ў наведванні будаўніцтва з фармальнай прычыны. Але ў той жа час новыя кліенты, пакупнікі катэджаў, якія збіраюцца заключыць дамовы, прыязджаюць на будаўніцтва гольф-комплексу ў любы час. Я ведаю, і вы напэўна чулі, колькі дольшчыкаў у Расіі, ва Украіне засталіся ў выніку і без катэджаў, і без грошай. У Беларусі таксама былі такія выпадкі. Таму ўсё, што сёння адбываецца на аб’екце, проста не можа не наводзіць на пэўныя думкі.

Пры заключэнні дамовы долевага будаўніцтва ў праекце пасёлка было 4 возеры, а нядаўна я даведаўся, што праз эканомію сродкаў два з гэтых азёраў з каскадамі вадаспадаў ля ўчасткаў з нумарамі дамоў 1–4 выключаныя з праекта. Я ўжо баюся думаць, якія аб’екты пасёлка яны яшчэ збіраюцца выключыць.

— Гэта значыць, парушаюцца тэрміны будаўніцтва і ўводу гольф-палёў?

— Так. Праект быў зацверджаны Указам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 56 у 2007 годзе, і гэта выклікала пэўны давер да забудоўшчыка. У снежні 2012, згодна з указам, павінныя быць пабудаваныя гольф-палі (вялікае і малое), цэнтр навучання гольфу, інжынерная і транспартная інфраструктура, клубны дом, будынак гольф-акадэміі. У сярэдзіне верасня 2012 года я наведваў будпляцоўку гольф-комплексу. Там няма ні клубнага дома, ні будынка гольф-акадэміі, ні гаспадарчай зоны. Гольф-палі, па-мойму, будуць будаваць не менш за два гады, а жылы пасёлак, спартовы і гасцінічны комплексы — яшчэ даўжэй.

Будучым дольшчыкам, калі б яны да мяне звярнуліся па параду, я б параіў не спяшацца расставацца з грашыма, а пачакаць як мінімум да сярэдзіны наступнага года.

Адзін з супрацоўнікаў «Гольф-клуба» Канстанцін Дайнека расказаў наступнае:

— Шмат што з таго, што непакоіць дольшчыкаў, сапраўды мае месца. Пры цяперашняй дырэкцыі (яна прызначаная ў студзені 2012 года — рэд.) колькасць штатных супрацоўнікаў вытворча-тэхнічнага аддзела «Гольф-клуба» скарацілася да аднаго. Уяўляеце, такая маштабная будоўля кантралюецца адным чалавекам. І цяпер яму цяжка кантраляваць якасць будаўніцтва: у яго проста няма часу, ён увесь сыходзіць на тэхнічнае падпісанне актаў, працэнтовак.

Украінскае кіраўніцтва штотыдзень лётае ў Кіеў, з’яўляецца на аб’екце ў аўторак, а ляціць назад у чацвер або пятніцу. Пры гэтым іх зарплата складае некалькі дзясяткаў мільёнаў рублёў, а гэта грошы тых жа дольшчыкаў. У той жа час асноўная маса супрацоўнікаў «Гольф-клуба» атрымлівае заробак 4–5 мільёнаў рублёў.

Ці ведаюць пра гэта інвестары — заснавальнікі праекту? Мяркуючы па ўсім, не.

realty.ej.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930