Знайсці
17.10.2012 / 09:4864РусŁacБел

Антон Сурапін: Я не веру ў каханне, я веру ў сэкс

Студэнт журфака, які правёў летнія вакацыі ў СІЗА КДБ, расказвае, як слуцкія міліцыянты разбураюць дзіцячыя мары, як стаў мужчынам, чаму не гуляе болей у гульні, каму даў у нос і чым будзе займацца, пакуль людзі на плошчы крычаць «Жыве Беларусь!»

Цяпер не гуляю ні ў якія гульні, у наш час ёсць сацыяльныя сеткі

Я быў паслухмяным дзіцем. Нават выдатнікам быў у пачатковых класах. Пасля з’явіўся камп’ютар з інтэрнэтам, і з яго мяне было амаль немагчыма выцягнуць. Бацькі заўсёды сварыліся на гэты конт. Прымушалі ісці на двор, а я пытаў сябе: «Што ж мне там рабіць, гарэлку ісці піць?»

Да гарэлкі я дабраўся толькі тады, калі ў Мінску паступіў.

Камп’ютар быў усім жыццём. Я там гуляў у Counter Strike, рабіў сайты-праекты. Цяпер не гуляю ні ў якія гульні, у наш час ёсць сацыяльныя сеткі.

Я быў у нейкім сэнсе незамяняльным чалавекам у школе, бо ўдзельнічаў у розных прэзентацыях, таксама з камп’ютарамі дапамагаў школе: то ўсталяваць нешта патрэбна, то пераўсталяваць. Удзельнічаў у розных навуковых канферэнцыях. Пасля стварылі сайт пра СНІД «СПИД — право на жизнь». Ён дагэтуль у інтэрнэце вісіць. З гэтым сайтам заняў першае месца па вобласці, другое па рэспубліцы. Паслалі мяне з ім на міжнародную канферэнцыю ў Мінск. Цяпер бы зрабіў сайт па-іншаму, вядома ж, але тады было шмат гонару. Мне вельмі шчасціла, бо часта дзякуючы гэтым конкурсам я не хадзіў на заняткі.

Хацеў дапамагаць людзям, але пабачыў слуцкіх міліцыянтаў

Я ў далёкім дзяцінстве захапляўся Вітасам. А стаць марыў ці пажарным, ці міліцыянтам, ці доктарам, каб дапамагаць людзям. Але класа з 4-га я ўжо не мог стаць міліцыянтам, бо бачыў нашых слуцкіх, і ўсё жаданне стаць імі знікала.

Я яму нос разбіў

Не біўся класа з 5-га. У школе быў хлопец не зусім адэкватны, які чапляўся да нашай настаўніцы па ангельскай мове, ну вось я вырашыў яму растлумачыць, што гэта дрэнна. Дайшло да бойкі. Я яму нос разбіў. Пасля гэтага нас завялі да педагога-псіхолага, але нічога страшнага там не зрабілі. Дарэчы, бачыў некалькі гадоў таму гэтага хлопца, у яго быў вельмі бамжаваты выгляд.

Пасля я зноў увесь час сядзеў за камп’ютарам і тлусцеў. Больш не біўся, бо, па-першае, мне гэта было нецікава, а па-другое, я быў такі шырачэзны, што ўсе баяліся да мяне падысці.

Адны — на адным баку, другія — на іншым, і ўсе адно аднаго ненавідзяць

У 10-м класе, калі адгуляў у свой Counter Strike, я пачаў чытаць навіны ў інтэрнэце. І тады да мяне дайшло, што нешта тут не тое. Было дзіўна, бо ўсё жыццё глядзеў БТ і АНТ, а тут нешта іншае пачаў чытаць і разумець. Насамрэч было вельмі цяжка паверыць, што не ўсё так маляўніча, як паказваюць па тэлебачанні. Разрыў шаблонаў проста. Адны — на адным баку, другія — на іншым, і ўсе адно аднаго ненавідзяць.

Траўку курыць, напэўна, можна

Курыць я пачаў праз дзяўчат. Ва ўсіх бедах вінаватыя дзяўчаты. Бацькі да апошняга не верылі, што я куру. Нават калі ў лістах з СІЗА КДБ прасіў перадаць цыгарэты, мама лічыла, што гэта я не для сябе прасіў, а для сукамернікаў.

Я да ўніверсітэта вёў вельмі правільны лад жыцця. Шмат для каго сэнсам было ў класе 8-м пакурыць ці выпіць. У гэтым узросце ўсё забароненае вельмі цікавае і вабнае. Нехта падсаджваецца на наркату, але наркотыкі рознымі бываюць, для мяне гэта адчыненыя дахі. Калі казаць пра ЛСД, гераін, какаін, то ў ніякім разе. Траўку курыць, напэўна, можна, бо, як мне расказалі, яна не выклікае залежнасці.

Выхваляецца, як білі шкло ў аўдыторыях

З класа мала з кім падтрымліваю сувязь. Са школы ў мяне застаўся адзіны найлепшы сябар. Маю яшчэ стасункі са сваёй першай каханай, цяпер проста сябруем. Вяртаючыся да сітуацыі з КДБ, я зразумеў, што аднакласнікі мяне памятаюць. Яны і бацькоў падтрымлівалі, і мяне словамі, не чакаў такога.

Некаторыя пайшлі ў ПТВ. Быў у мяне аднакласнік. Для яго інтарэсам у тым, як бы вечарам выпіць. Ён выхваляецца, як з аднагрупнікамі білі шкло ў сваіх аўдыторыях. І калі чалавек прачынаецца з болем у галаве ад мінулай п’янкі, яны ідуць на вучобу, дзе кураць у аўдыторыях і ледзь не мацюкамі пасылаюць выкладчыкаў, то пра якую перспектыву можна казаць? Пасля ідуць на працу, дзе зноў-такі нічога не робяць, дзень зноў заканчваецца п’янкай, а з раніцы ўсё наноў. Непрыемна, што такіх людзей не робіцца менш.

Літаральна за паўгадзіны я абраў абсалютна іншы шлях

З восьмага класа я хацеў быць праграмістам. А ў 11 класе ў дзень адчыненых дзвярэй, да нас прыехалі людзі з БДУ і расказалі пра новую спецыяльнасць «Вэб-журналістыка». На той момант я працаваў фрылансерам, пісаў для аднаго сайта і падчас прамовы гэтых людзей з БДУ падумаў: «Ага, вэб-журналістыка, там і праграмаванне ёсць, і пісаць тэксты я люблю, значыць, гэта маё». Вось так за паўгода да паступлення літаральна за паўгадзіны я абраў для сябе абсалютна іншы шлях. Бацькі супраць не былі, што патрэбна было па падрыхтоўцы, мне набывалі, яны мне ніколі нічога не забаранялі, таму, магчыма, цяпер я не алкаш і не наркаман.

У цябе ўпіхваюць безліч інфармацыйнага бруду

У нас дзіўная сістэма адукацыі, калі другасныя прадметы здаць складаней за профільныя. Я разумею, што гэта патрэбна для ўсебаковай адукацыі, але калі гэтыя прадметы ўпіхваюць у першыя два курсы, каб чалавек як прафесіянал абсалютна не рос, але разбіраўся ў «ідэалогіі беларускай дзяржавы» — гэта ненармальна. У цябе ўпіхваюць безліч інфармацыйнага бруду, які ніколі не спатрэбіцца. Ёсць выкладчыкі, якія працуюць не другое і нават не трэцяе дзесяцігоддзе. Вядома, іх веды не заўсёды могуць развівацца паралельна сучасным тэндэнцыям у журналістыцы, а тым больш вэб-журналістыцы. Час іх месца заняць маладым і перспектыўным. Ды і ўвогуле варта скараціць лекцыі і зрабіць больш практыкі для журналістаў.

Расслабцеся і атрымлівайце асалоду

Трэба быць поўным ідыётам, каб не зваліцца у маральную бездань падчас бяды. Трэба быць ідыётам і ўсміхацца, глядзець у вочы небяспецы і выціскаць з сябе ўсмешку. Вось я абстрагуюся ад непрыемных думак з дапамогай рэлаксацыі, у кожнага яна свая. Я рэлаксую, калі згадваю музыку, можна сесці і глядзець у сцяну, слухаючы музыку ў галаве. А ўвогуле, кожнаму чалавеку патрэбна раз на год перанесці невялічкую дэпрэсію. Калі вы трапілі ў бяду, у вас безліч траблаў, жыццё сапсаванае, дык горш ужо не будзе. Хочаце жыць спакойна і больш-менш шчасліва ў сваім мікракосмасе? Не лезьце ў палітыку, жывіце з чаркай ды скваркай — і будзе вам шчасце. Расслабцеся і атрымлівайце асалоду.

Ніколі не пайду на плошчу, каб крычаць «Жыве Беларусь»

Ніколі не ўмешваюся ў развіццё падзей. Я ніколі не пайду на маўклівыя акцыі, каб пляскаць, і ніколі не пайду на плошчу, каб крычаць «Жыве Беларусь». Я буду стаяць там з камерай у руках і здымаць разам з калегамі, як робяць гэта іншыя. Разважаць на тэму палітыкі не люблю. Перыядычна магу паспрачацца з чалавекам, які падтрымлівае цяперашнюю ўладу, але ў такіх выпадках ты адразу станеш на чыйсьці бок. Аб’ектыўнасць — вельмі складаная рэч, але ў журналістыцы ты павінен яе шукаць.

З аднаго боку, я разумею, што трэба нешта змяняць, але я не прыхільнік рэвалюцый, бо ні адна з іх не прывяла да чагосьці добрага. Трэба, як тыя чарвякі, трапляць у сістэму і паступова падкопвацца пад яе.

Цяпер у Беларусі вельмі весела. Таму я не хачу з’язджаць.

Я ж не кадэбіст, каб трымаць тут людзей сілай

Калі не падабаецца нешта, дык не ный, не падабаецца — з’язджай, калі нічога іншага зрабіць не можаш. Але калі вось так усе з’едуць, дык будзе як у анекдоце: «Хто апошні, не забудзьцеся выключыць святло ў аэрапорце». Я ж не кадэбіст, каб трымаць тут людзей сілай. Бываюць розныя людзі і розныя абставіны, калі няма іншага выйсця. Але калі ты не маеш такіх праблем і можаш нешта рабіць, дык варта заставацца і рабіць. Ну, калі дарабіўся да таго, што пагражаюць і жыццём, і воляй, тады ўжо можаш думаць пра тое, каб з’ехаць.

Я не хачу з’язджаць, таму не разумею, чаму людзі абіраюць такі шлях. З душы не ідзе разуменне, а вось розумам ведаю, што калі б чалавек тут застаўся, яго маглі б тут і забіць, як рэдактара «Хартыі», і пасадзіць, як Алеся Бяляцкага, і абвінавачанні высунуць, як супраць Пачобута, але розныя людзі, розныя абставіны.

А што атрымліваецца з батанаў?

Я лічу, гэта прагрэсіўна, калі моладзь займаецца палітыкай. У нас такі стэрэатып, што калі чалавека называюць палітыкам, то адразу перад вачыма паўстае дзядзька гадоў 40–50 з вялікім пузам, такім жа тварам і нейкай барадой. Абывацель абавязкова ўявіць сабе сталага чалавека. У нас самы малады міністр Павел Латушка, а яму ўжо 39 гадоў. Калі ж паглядзець на цывілізаваныя краіны, то калі ты міністр і табе за 40, дык ты ўжо не першага гатунку. Там палітыкі маладыя, якія не баяцца рухацца наперад і прымаць нестандартныя рашэнні.

Моладзь таксама робіць свой выбар. Калі чалавек сапраўды мае мазгі, калі ён думае, а не проста імкнецца за натоўпам, нешта сапраўды карыснае робіць, дык малайчына, а тое, што ён забівае на навучанне, калі сапраўды жадае нешта змяніць, дык я гэта вітаю. А што атрымліваецца з батанаў? Яны ж нічога не ўмеюць, акрамя як выдатна выконваць загады.

Калі атрымалася не так дрэнна, дык усё — я радасны

Апошнім часам я жыву адным днём. Магу падысці да цягніка, які едзе на поўным руху і дакрануцца да яго. Пасля пальцы такія чорныя і страшэнныя, але не адарвала ж іх. Стаць на самым ускрайку даху і зняць сябе са спіны, не баючыся, што цябе можа здзьмуць. Ну звалюся і звалюся, быў я, няма мяне, якая розніца. Пасля апошніх падзей на многае гляджу па-іншаму. Спадзявайся на лепшае, разлічвай на горшае. Па жыцці я рыхтую сябе да горшага, таму калі атрымалася не так дрэнна, дык усё — я радасны.

Мой Бог — гэта зоркі і наша Сонца

У мяне свая рэлігія. Я веру ў звышмоц, але гэтая звышмоц ідзе з сусвету. Мой Бог — гэта зоркі і наша Сонца. Бывае, медытую на даху ці ў чыстым полі, я проста магу разлегчыся на полі, глядзець на зоркі і атрымліваць адказы на свае пытанні. Гэта адказы ад зор! Яны дапамагаюць мне. Таму мая рэлігія — не Ісус, не хрысціянства, а зоркі і сусвет.

Царква для мяне — проста намоленае месца, дзе заключаная вялікая сіла думкі. Думкі матэрыяльныя. Царква валодае такой сілай, бо там сканцэнтраваная вялікая энергія. А ўвесь апарат царкоўны — гэта бізнэс. Напрыклад, цэны на свечкі растуць следам за цэнамі на хлеб.

Я не веру ў каханне, я веру ў сэкс

Любоў можа быць да піва, да тэхнікі, да сяброў, а каханне можа быць толькі да дзяўчыны. А гэта складана. Калі казаць груба, я не веру ў каханне, я веру ў сэкс. Але калі я закахаўся ў дзяўчыну, то магу ісці на самыя бязглуздыя ўчынкі, я не ведаю, што магу зрабіць праз хвіліну. Ну вось як было з маім апошнім каханнем: падчас нашай першай сустрэчы (чытай — асабістага знаёмства) я вырваў травінку, скруціў яе ў пярсцёнак, надзеў на безыменны палец, паставіў туды рамонак, нібыта дыямент, і папрасіў яе рукі і сэрца, пасля чаго сказаў, што паўтару гэтую прапанову цягам 1,5 года.

Я веру, што каханне з першага позірку існуе, яно самае моцнае. Я ўвогуле драпежнік, і мне хутка робяцца нецікавымі стасункі. Але калі з першага позірку, то не істотна, замужам яна, мае дзетак ці не, ты проста нічога пра яе не ведаеш, але разумееш, што гэта сапраўды Тая Самая Дзяўчына. Але дзявочая логіка — гэта штосьці немагчымае. У некаторых выпадках у мяне розум выбухае ад таго, што яны вырабляюць.

Я лічу, што сяброўства паміж мужчынам і жанчынай магчымае толькі тады, калі ў аднаго з бакоў існуе надзея, што гэта нешта большае, чым проста сяброўства. Альбо калі гэта былыя ці будучыя каханкі. Хоць нават у маім жыцці ёсць адно яскравае выключэнне — цудоўная дзяўчына-мусульманка, цудоўны сябра, але я на яе не магу глядзець як на «дзяўчыну» ў плане стасункаў.

У нашай краіне з табой можа адбыцца што заўгодна

Цяпер я вольны студэнт, які можа пайсці пафатаграфаваць акцыю апазіцыі ці апублікаваць фота тых самых мішак. І я ведаю: што б са мной ні здарылася, за мяне дома будуць хвалявацца толькі бацькі. А калі ты ведаеш, што дома чакае жонка і дзеткі, гэта кардынальна змяняе стаўленне да працы. Тады з’яўляецца вялікая адказнасць. Шмат ведаю людзей, якія б пайшлі на тыя ж самыя акцыі ці на плошчу, але яны хвалююцца за сям’ю. Тое самае можа быць і ў журналістаў. Узнікаюць думкі: «А што, калі затрымаюць? А што, калі пасадзяць? А што будзе з сям’ёй? Як будуць жыць мае дзеці?» І таму я лічу, што мне сям’я будзе замінаць. Гэта вялікая адказнасць. А ў нашай краіне з табой можа адбыцца што заўгодна.

Bnp.by — усё маё жыццё

Выкладчык, які працуе цяпер на Tut.by, прапанаваў майму сябру стварыць сайт для моладзі, а мне — сайт фотанавінаў, каб чалавек пасля працы мог прыйсці дадому і не глядзець тэлевізар, які цісне на вушы, не чытаць шмат тэксту, а проста прагартаць фота, прачытаць тры сказы і даведацца пра тое, што адбывалася. Сайт я запусціў у 2010 годзе, але ў мяне не было сяброў з камерай і ў самога не было камеры, каб здымаць, таму праект я замарозіў да лепшых часоў. А потым пазнаёміўся з Сяргеем Ягелам, які здымаў акцыі і падзеі, але здымаў «у стол». Прайшоў час, у мяне з’явілася камера. Гэта цікавая гісторыя.

У бацькі была старэнькая машына Subaru Libero. Ён хацеў яе змяніць. Сабраліся яны з мамай браць крэдыт, каб набыць Renault. Адшукалі валютны. Я тады іх адгаварыў ад гэтага кроку, нібы адчуваў, што будзе праз паўгода з валютай у Беларусі. Бацькі крыўдавалі на мяне, але прыслухаліся і праз месяц знайшлі на нармальных умовах беларускія грошы. Ну вось, узялі яны крэдыт 10 млн рублёў. Перад гэтым я прасіў, каб далі мне траціну і на камеру. Ну і што? Не далі, бо машыну якраз за гэтыя 10 млн купілі. Тут ужо я пачаў крыўдаваць, але бацька сказаў: «Я аддаю табе Subaru, можаш рабіць што хочаш: ці прадавай за колькі захочаш і набывай камеру, ці здавай на правы і катайся на ёй сам…» Вядома, я прадаў машыну і напярэдадні Плошчы-2010 набыў камеру».

І вось стаялі мы з Сяргеем Ягелам ва ўніверсаме «Цэнтральны», пасля маўклівай рэвалюцыі, пілі нашую «Крыніцу» і я расказаў яму пра сайт, прапанаваў далучыцца да працы над ім, і ён пагадзіўся. Літаральна за тыдзень мы ўзнавілі праект. Ён некамерцыйны і за час існавання не прынёс ні капейкі. Таму людзей здзіўляе, чаму мне гэта трэба. Але гэты сайт — усё маё жыццё. Якім бы хворым я ні быў, як бы мне ні было дрэнна, я іду і здымаю.

Пасля гісторыі з мішкамі наш сайт стаў вядомы на ўвесь свет. Я глядзеў статыстыку, дык людзі з усёй Еўропы заходзілі глядзець. Вядома, мы плануем зрабіць яго камерцыйным, трэба расці і ў гэтым кірунку. Мяне натхняе думка, што мая праца і ўвогуле тое, што я раблю, карысна іншым. Усё гэта не дарма і калісьці прынясе плён.

Карыстацца сваёй свабодай па максімуме

Мяне зрабіла мужыком хвіліна, калі на мяне надзелі кайданы. Тады я адчуў, што дзяцінства скончылася. Я перайшоў на іншую прыступку ўнутранага ўзросту. Маральна пасталеў. І я яшчэ лепш зразумеў, што трэба карыстацца сваёй свабодай па максімуме. Нам перашкаджаюць жыць і працаваць унутраныя забабоны, няўпэўненасць у сабе і самацэнзура, якую мы самі сабе ставім. Можна рабіць усё, абы гэта не супярэчыла Крымінальнаму кодэксу. Лепш паспрабаваць, каб пасля крыўдна не было, што страціў магчымасць. Дрэнна, калі свабоду выкарыстоўваюць толькі на свае эгаістычныя патрэбы. Але чалавек павінен быць самаўпэўненым. Вось мая самаўпэўненасць шмат каго раздражняе. Але калі б яе не было, я шмат чаго не зрабіў бы ў гэтым жыцці. Па пашпарце мне 20 гадоў, а адчуваю я сябе на 24–25. За той месяц, што быў за кратамі, я пасталеў на 4 гады. Кожны дзень — як месяц.

Generation.by: Кім я стану, калі вырасту

generation.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930