Знайсці
15.10.2012 / 14:4091РусŁacБел

Максімюк, адарваны ад глебы

Піша Анатоль Сідарэвіч.

Чалавек працуе на амерыканскай радыёстанцыі «Свабода», у яе беларускай службе. І паводзіць сябе так, як паводзілі персанажы Максіма Гарэцкага, што выбіліся «ў людзі», як паводзілі сябе на нашай памяці дзеўкі і хлопцы, што з бяспашпартнай вёскі ды калгаснага беспрасвецця вырваліся ў горад і наведваліся ў родны кут.

Ён, што зарабляе за службу ў беларускай секцыі РС, звысоку глядзіць і на Беларусь, і на яе народ, і на беларускую літаратуру.
І ўжо інакш, як БЕЛЛІТ, яе не называе.

Спачатку я думаў, што гэта сцёб такі, разавая акцыя, але выяўляецца, што гэта тэндэнцыя, кірунак. І ў гэтым я бачу абразу маёй нацыянальнай годнасці. За абразу б’юць па мордзе і выклікаюць на двубой.

А наагул цікава (і гэта цікавасць натураліста) сачыць, як людзі робяцца інтэлектуальнымі гультаямі, як упала іх творчая актыўнасць. Як яны адарваліся ад глебы, Бацькаўшчыны і народа.
Як яны, яшчэ не старыя, спрабуючы быць нашымі ментарамі, у сваіх скрыптах слізгаюць па паверхні і дэманструюць няведанне найноўшых і нават задаўненых публікацыяў, адвечных і сучасных праблемаў літаратурнага жыцця.

Вось і наш герой, не ведаючы пра 6-томавы біябібліяграфічны даведнік «Беларускія пісьменнікі», прыдумаў у пачатку гэтага года цёмную камору беларускай літаратуры, у якой ад яго нешта хаваюць.
Дадаткова выявілася, што ён не чытаў даўно рэпублікаваны верш Янкі Купалы і, мабыць, не трымаў у руках 5-га тома Поўнага збору твораў Песняра (ці ёсць гэты Збор твораў у асабістай бібліятэцы амерыканскага службоўца — пытанне).

Гэтым разам чалавек, які ніколі не працаваў ў рэдакцыях перыядычных выданняў Беларусі, аддалены ад літаратурнай штодзённасці Беларусі, узяўся пісаць аб літаратурнай крытыцы.

1.

Пачнем з загалоўка, бо гэты загаловак — «Страх крытыкі: Беларускай літаратурнай крытыкі няма. Няма нават літаратурнай рэцэнзіі» — змусіў мяне ўспомніць пра адну размову.

Гадоў трыццаць таму Пятро Прыходзька рыхтык гэткімі ж словамі спрабаваў давесці мне, што рэцэнзіяў на добрыя творы няма і што крытыкі няма. Я ў адказ пачаў пытацца: «Вянок» крытыка не заўважыла, «Шляхам жыцця» прагледзела, «Людзей на балоце» праігнаравала, паэзію Аляксея Пысіна не ўбачыла? Пакажыце мне той выдатны твор, тую добрую кнігу, якія крытыка не заўважыла. Пятро Фёдаравіч не знайшоў што паказаць.

Так, бывае, што цікавыя творы і кнігі крытык пляжыць. І насуперак сваім інтэнцыям звяртае на іх нашу ўвагу. Напісаў Алесь Кучар «пра адну рэакцыйную аповесць» — і мы дасёння памятаем, што гэта пра «Лявона Бушмара» Кузьмы Чорнага. І ў новых абставінах па-новаму асэнсоўваем, хто такі мужык бушмараўскага тыпу і што такое бушмараўшчына.

Гэты прыклад з рэцэнзіяй я прыводжу, каб перайсці да матухны логікі.

Ян Максімюк, як мне помніцца, — матэматык паводле адукацыі. А ў матэматыкаў павінная быць адточаная логіка. Але відавочна што тут нават не так у логіцы праблема, як у адсутнасці літаратуразнаўчай і эстэтычнай падрыхтоўкі.

Пасылка першая: «Няма дзядзькоў і цётак, якія, прачытаўшы новае беларускае выданне, селі і напісалі б, што пра гэтае выданне думаюць ЯНЫ».

Пасылка другая: «…здараюцца яшчэ дзядзькі і цёткі, якія, прачытаўшы новую беларускую кніжку, сядаюць і пішуць, што пра яе трэба думаць НАМ».

Не жадаючы, каб крытыкі пісалі, што пра кніжкі ці творы «трэба думаць НАМ», Ян Максімюк жадае ведаць, што «думаюць ЯНЫ» пра пэўныя выданні ці творы.

Не будзем улазіць у нетры тэорыі. Адзначым: пішучы, ШТО пра пэўнае выданне «думаюць ЯНЫ», крытыкі, рэцэнзенты адначасна пішуць, ШТО пра твор ці кніжку «трэба думаць НАМ». Такая дыялектыка. Паверым мы крытыку ці не, залежыць ад яго майстэрства, ад аргументацыі.

Алесю Кучару не верылі нават тады, калі верыць належала, калі лічылася, што пяром крытыка вадзіла самая высокая аб’ектыўнасць, а не СУБ’ЕКТЫЎНАСЦЬ.

А цяпер іншы прыклад. У свой час чытач Янка Брыль выклаў на паперы, што ён думае пра пэўныя шэдэўры «сацыялістычнага рэалізму». Маскоўскі часопіс «Литературное обозрение» абвінаваціў чытача ў крайняй форме суб’ектыўнасьці — СУБ’ЕКТЫВІЗМЕ. І вось, людзі ў Маскве ды іншых расійскіх гарадох, якія не чыталі часопіс «Нёман», дзе быў апублікаваны пераклад нататак нашага пісьменніка, выстраіліся ў чаргу, каб пачытаць яго. Суб’ектывісту паверылі апрыёры.

І зноў пра матухну логіку.

Патрабуючы крытыкаў, якія б пісалі, што пра кнігу ці твор «думаюць ЯНЫ», і не пісалі б, што пра кнігу ці твор «трэба думаць НАМ», Ян Максімюк непаслядоўны.
Ён піша, што крытык усё ж павінен «дапамагчы ўсім тым, каго не задавальняе разгляданне карцінак у фэйсбуку, разабрацца… пра што і дзеля каго пішуць беларускія пісьменнікі. Так сказаць, дапамагчы аддзяліць зерне ад мякіны». Мала таго: «У сітуацыі перасыці на выдавецкім рынку — якраз такой, як сёння — крытык і рэцэнзент павінныя адыгрываць ролю галоўных дарадцаў чытача, падбіваючы яго зрабіць нешта большае, чым толькі адкрыць фэйсбук і паглядзець карцінкі з прэзентацыі».

Вось яно — тое нешта большае, што павінен зрабіць крытык:«Па сутнасці, рэцэнзія або крытычны агляд літаратурнага твору павінны быць ядром рэкламы і прасоўвання гэтага твора сярод чытачоў. Пагатоў, беларускамоўнага твора…» Што называецца, прыплылі.

Так напісана ў частцы 3-й скрыпту Максімюка. А вось з часткі 6-й мы даведваемся, што «пераважная большасць белліту — гэта нецікавыя стылістычныя практыкаванні або наогул чортведама што». І рэкламаваць няма чаго?

Калі ісці за стылем падляшскага філосафа, дык мушу далажыць яму, што і ў нямліце, і ў полліце, і ў расліце, ды ў іншых літах большасць апублікаваных тэкстаў — гэта нецікавыя стылістычныя практыкаванні або наогул чортведама што.

І тут жа, у 6-й частцы, Максімюковага скрыпту крытыкам дадзена да банальнасці каштоўнае ўказанне: рэкламаваць трэба шэдэўры. А яшчэ змешчанае нараканне на крытыкаў: «Ніхто, блін, не папракне ні аднаго графамана, калі толькі той настрачыў нешта па-беларуску».

Пра шэдэўры і проста добрыя кнігі і творы я напісаў ужо. Чамусьці атрымліваецца так, што цікавы твор, цікавая кніга абавязкова бываюць заўважаныя. Нават «у сітуацыі перасыці на выдавецкім рынку», калі выходзіць безліч самапальных кніжак, не заўсёды зафіксаваных Кніжнаю палатаю і бібліёграфамі Нацыянальнай бібліятэкі.

Што ж да крытыкі графаманаў, шэрых твораў і кніг, дык графаману, літаратурнаму прыстасаванцу, эпігону ўжо тое кара, што крытыка яго не заўважае. Менавіта яны — тыя, хто піша кепска і вельмі кепска, — больш за ўсё і наракаюць на крытыку.

Прышчэпкі ад графаманіі няма. І не будзе. У літаратурах і сярод «спажыўцоў» літаратуры заўсёды былі і будуць розныя паверхі, узроўні. Яну Максімюку варта было б пагартаць творы Петраркі, які піша пра натоўпы вершатворцаў. Згадаць, колькі рыцарскіх раманаў прачытаў слаўны ідальга і колькі кніг з ягонай бібліятэкі выкінулі падрэ і цырульнік. І гэта ў той век, калі пісьменных людзей было няшмат. Што ж казаць пра наш час? Сціжмы аўтараў выпускаюць самапальныя кніжкі, яшчэ больш тых, хто публікуецца пераважна або выключна ў інтэрнэце, які стаў адхланню для графаманаў.

Нагадаю напісанае Міхасём Стральцовым: крытыка павінная быць не станоўчаю, не адмоўнаю, а аналітычнаю. Калі твор, кніга не натхняе крытыка, не наводзіць яго на роздум, на параўнанні, на аналогіі, не выклікае цікавых асацыяцыяў, не ўражвае, якая можа быць крытыка, на якую рэцэнзію можа разлічваць аўтар?

2.

Я не разглядаю тут прароцтваў Яна Максімюка наконт будучыні нашай літаратуры.

Раю адно яму зірнуць, якімі накладамі выходзілі зборнікі паэзіі ў Народнай Рэспубліцы Балгарыі. Я сам, памятаю, быў здзіўлены. І раю пацікавіцца, якімі накладамі кнігі паэтаў, асабліва пачаткоўцаў, выходзяць у сучаснай Балгарыі.
Даўно не трапляліся мне зборнікі сучаснай польскай паэзіі. Але не думаю, што яны выходзяць шматттысячнымі накладамі. А вось аб крытыцы, рэцэнзаванні выкажу колькі думак.

Папрацаваўшы ў рэдакцыях «Літаратуры і мастацтва» і часопіса «Крыніца», я, здаецца, ведаю, што такое праблема рэцэнзавання. Рэдактары «Дзеяслова», «Верасня», «Літаратурнай Беларусі» ды «Нашай Нівы» таксама нешта могуць сказаць. (Бяру недзяржаўны друк, але ў дзяржаўных выданнях таксама амаль тыя ж праблемы).

Здольныя крытыкі нараджаюцца радзей, чым белетрысты. Такая заканамернасць. І іх, асабліва рэцэнзентаў, трэба цаніць, бо ўкласціся ў тры старонкі машынапісу (5400 знакаў — такі быў стандарт у «ЛіМе») і таленавіта напісаць пра твор ці кнігу трэба ўмець. На жаль, не ўсе рэдактары разумеюць, што рэцэнзента не толькі трэба пахваліць, але і падтрымаць рублём.
А ЦК КПСС гэта разумеў і ў свой час прыняў пастанову аб літаратурна-мастацкай крытыцы.

Яшчэ нядаўна на Радыё Свабода, на якім працуе Ян Максімюк, у перадачы «Дом літаратара» абавязкова гучала рэцэнзія на мастацкія кнігі і творы (5 хвілін; гэта каля 2,5 старонак машынапісу). Міхась Скобла можа сказаць, колькі рэцэнзій гучала за год. Але кіраўнікі беларускай службы Радыё Свабода вырашылі адмовіцца ад рэцэнзавання твораў і кніг. Замест рэцэнзіяў тыя ж 5 хвілін гучала нейкае «пяцікніжжа». Пэўна, так вырашылі павялічыць колькасць агляданых кніг, але на шкоду якасці, дэталёвасці.

Што да дружбацкіх рэцэнзіяў, дык яны былі і будуць вечна, але не яны робяць надвор’е ў крытыцы.
І не заказныя рэцэнзіі. Зрэшты, гледзячы якая заказная. Заказваюць рэцэнзіі і аўтары, заказваюць і рэдакцыі. І ў тым, і другім разе можа атрымацца і кампліментарная, набрынялая ялеем дружбацкая рэцэнзія, і ўзважанае слова пра кнігу (як водгук Антона Луцкевіча на «Шляхам жыцця Янкі Купалы»), і бліскучае эсэ (як прадмова Міхася Стральцова да двухтомніка Рыгора Барадуліна).

Ян Максімюк задае пытанне «Дзе беларускі адпаведнік нечага такога, як Times Literary Supplement, New York Review of Books або рубрыка „Bücher“ у Frankfurter Allgemeine Zeitung?» Відаць, што чалавек папросту не сочыць за тым, што друкуецца ў Беларусі. А між тым часопіс ARCHE ў свой час спрабаваў рабіць спецвыпускі «Крытыка». Цяпер час ад часу выходзяць нумары пад агульным дэвізам «Гуманітарны агляд».
Сёлета нумары чацвёрты (308 старонак) і пяты (284 старонкі) цалкам складаліся з рэцэнзіяў.

Мушу зазначыць, што ў тых двух нумарах пераважаюць, як і ва ўкраінскім часопісе «Критика», рэцэнзіі кніг з гісторыі, этналогіі, мастацтва, урбаністыкі, біблеістыкі… Мусіць, гэта тэндэнцыя такая, што fiction у наш час саступае non-fiction.
Ці не паказальна, што ў рэйтынгах, як правіла, на першыя пазіцыі выходзяць не кнігі белетрыстыкі, а з гуманітарных навук? Постмадэрнізм прывёў літаратуру ў тупік. Постмадэрністам, асабліва ў прозе — не мною заўважана, — няма чаго сказаць пра чалавека. Яны не ўмеюць адкрываць чалавеку чалавека. А літаратура заўсёды была прывабная сваім гуманізмам, чалавеказнаўствам.

Літаратурная крытыка ў Беларусі ёсць. І рэцэнзіі ёсць. Былі б творы, вартыя ўвагі і рэцэнзавання.

Анатоль Сідарэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930