Знайсці
14.10.2012 / 16:5275РусŁacБел

Аўтар «Маладафронтаўкі»: Гэта апавяданне пра людскую подласць і памылкі

Віктар Шукеловіч тлумачыць, з чаго яны бяруцца.

Апавяданне «Маладафронтаўка» — гэта складанка сітуацыйных фрагментаў, пэўны «пазл» здарэнняў, што будуюць уяўную рэчаіснасць. Усе кавалкі твора звязаныя паміж сабой, але адначасова кожны з іх мае сваю пэўную аўтаномію, паколькі няма тут плыннага пераходу ад адной сітуацыі да другой.

Кожны фрагмент нібы вырваны з мазаікі, якую мы называем жыццём.
Гэта ў сваю чаргу дапускае інтэрпрэтацыйную свабоду, робячы самога чытача суаўтарам апавядання, якога аўтар ставіць перад неабходнасцю дадумаць тое, пра што толькі намякнуў. Менавіта так, паводле задумы, павінна была адбывацца інтэракцыя паміж аўтарам і чытачом.

У творы паказана канфрантацыя двух светапоглядаў і дзвюх каштоўнасных сістэмаў.
Таня — пасіянарый, яна прадстаўніца беларусаў, зараджаных энергіяй змянення свету да лепшага. Яна — нібы тая чыстая і светлая платонаўская ідэя, зрынутая ў асяроддзе людской недасканаласці. Але
Таня не бесцялесная і беспачуццёвая істота. Гэта чалавек з плоці і крыві, які закахаўся.
Хто не кахаў у 17 год?

Вясковыя хлопцы — антыпасіянарыі, што ўжо ў арыстоцелеўскім духу ўпісаныя ў рэчаінасць без «прыўкрас».
Яны — звычайныя прадстаўнікі масы, якім бракуе творчай энергіі. Дзімка — найбольш адкрыты з іх, ён рэагуе на прыгажосць і найбольш схільны да інтуітыўнага, а не эмпірычнага спазнання свету (у апавяданні ён адчувае, што падабаецца Тані). Ягоныя сябры таксама заўважаюць гэта, не разумеючы ягонай «іншасці», а ў нечым зайздросцяць, што потым выльецца ў трагедыю.

Такім чынам, свет ідэяў сустракаецца ў апавяданні са светам прыземленым, звычайным і жорсткім.
Яны ўзаемадзейнічаюць, уплываючы адно на аднаго і змяняючы супрацьлегласць.
Асяроддзе паглынае Таню.
Ці хопіць ёй сілаў, каб адной супрацьстаяць масе? Ці адзін у полі воін? Ці заўсёды мы з’яўляемся героямі паўсядзённага жыцця? Так, часцяком мы бяром на сябе ролю ваяўніка, але ці ўсе мы — героі? Няхай кожны адкажа сабе сам.

Таня ж дапускае памылку — яна спрабуе паводзіць сябе так, як ейныя новыя сябры.
Асяроддзе паглынае асобу. Дзяўчына давярае, але памыляецца. Дзяўчына знікае пасля спажыцця алкаголю, да якога яна нязвыклая. Піць — гэта была яе фатальная памылка.
Відавочна, што ёй стала дрэнна, магчыма, яна самлела, бо нават бываламу Дзімку кепска ад самагонкі.
Дзімка чамусьці не шукае Тані — дрэнна пачуваецца, яму лянота. Перад гэтым жа ён увесь вечар танцаваў толькі з Таняй, раўніва зіркаючы на сяброў, што запрашалі яе да танцу.

Сябры — вось галоўныя героі нашага рамана! Яны добра ведалі, што дзяўчына падабаецца хлопцу. Дзе ж была іх адданасць той ноччу? Куды падзеўся мужчынскі гонар?
Дзе прапала людскасць? Яны ўсведамлялі многае, але што кіравала імі — атуманеныя дурманам мазгі ці прымітыўнае імкненне дамінаваць?

Хачу запытацца, адкуль чытач узяў, што Таня сапраўды «давала»? Словаў апавядача пра гэта зусім няма, але чытач больш схільны верыць Лёньку? Чаму?
Бо Лёнька і Віцька — гэта нашыя суседзі і родзічы, гэта ўрэшце мы ўсе, што топчам і бэсцім, ачарняем і плюем ў твар, не змушаючы сябе да элементарнага высілку — падумаць, варухнуць мазгамі.

А ў кустах магло быць усё, што хочаце.
Нават і нічога магло быць — Лёнька мог з вераломства прыдумаць такое, і ён спецыяльна, з зайздрасці зачапляў Дзімку з тым прэзерватывам. Але ж мы верым Лёнькам!

Праблема людской подласці — далёка не адзіная ў творы.
Але ці пра ўсё аўтар павінен казаць упрост? Ці апавяданне павінна быць навуковым артыкулам?

Мае рацыю спадарыня Наста Палажанка, што маладафронтаўка — гэта метафара нашай Беларусі, той Беларусі, якую мы маем у сваіх сэрцах.
Я хацей бы выказаць падзяку спадарыні Насце за разуменне тэксту, высакароднасць і зычлівасць.
Я ні ў якім разе не хацеў пакрыўдзіць дзяўчатак-маладафронтавак, якіх ведаю, паважаю і шаную. Выкарыстаны мною вобраз быў ужыты ў мастацкіх мэтах, каб паглыбіць трагізм прафанацыі «ідэальнага».
Мне хацелася б толькі пажадаць маладафронтаўкам, каб у нашай краіне прыкладам быў іншы Дзімка, які б не даў пакрыўдзіць Беларусі.

Многія чытачы не зразумелі нават, чаму апісаная мною гісторыя з’яўляецца ўнікальнай. Я думаў, што гэта відавочна — вядома, што з-за феномену «Маладога фронту»,
які абумоўлены ў сваім паўстанні і існаванні беларускай спецыфікай.

Віктар Шукеловіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930