Знайсці
15.10.2012 / 09:536РусŁacБел

Беларуская глыбіня. Бяляцкі. Піша Павел Севярынец.

    ...І асвяціце пяцідзясяты год,
    і абвясціце свабоду на зямлі
    ўсім жыхарам яе:
    хай будзе гэта ў вас юбілей.
    Лявіт 25:10

Галасаваў я ўпершыню ў жыцці менавіта за Бяляцкага.

Улетку 1994, калі ўся наша сям’я пазначыла ў бюлетэнях выбараў першага прэзідэнта Зянона Пазняка, мне было толькі сямнаццаць з паловай. А ў 1995, на выбарах у Вярхоўны Савет, наш студэнцкі інтэрнат насупраць Палаца спорту апынуўся ў акрузе Бяляцкага. Геолагі-першакурснікі БДУ, мы самі змайстравалі бел­-чырвона­-белы сцяг і пайшлі на сустрэчу з кандыдатам у сквер на Пляцы Волі.

Тады для нас, захопленых студэнтаў, гэты малады і снежна-сівы, сціплы і ў той жа час поўны ўнутранага гонару фронтавец увасабляў само Адраджэнне.

Потым на Соймах, у Музеі Багдановіча, на мітынгах Вясны­-96 і ўрэшце ў «Вясне» ягоная нешматслоўная дзелавітасць і простасць толькі пераконвалі: у эпоху незалежнасці хіба з Бяляцкага і варта было пісаць карціну «Беларус».

Гэта ён, дэпутат Мінгарсавета, першым занёс на сесію бел­-чырвона­-белы сцяг, каб узняць яго на Плошчы Незалежнасці.
Гэта ён у 1990 згуртаваў Беларускую Грамаду — рух, што спрыяў беларусізацыі Касцёла. Гэта ён узначаліў Літаратурны музей Багдановіча ў Траецкім — сталічны культурны агмень, з якога многія супрацоўнікі пасля перайшлі ў «Вясну».

Бяляцкі цярплівы. Гаворыць рэдка, нягучна, але цвёрда, асабліва не ўгаворвае ды не перапытвае. Сказаў — далей думай сам. Бяляцкі спакойны. Раздражнёным, у гневе, пакрыўджаным бачыць яго не даводзілася. Бяляцкі белы — бездакорна сівыя хвалістыя валасы толькі падкрэсліваюць рэпутацыю.

Памятаю, на фронтаўскіх Соймах Бяляцкі выступаў рэдка, больш слухаў і, як ад зубнога болю, моршчыўся кожнага разу, калі чуў пафас, амбіцыю ці фальш. Па­-беларуску не выпінаўся, а рабіў, рабіў, рабіў…

І зрабіў.

«Вясна», створаная Бяляцкім, цяпер насамрэч — адзін з найбольш трывалых і жыццяздольных арганізмаў падтрымкі незалежнага грамадства.
Рэдкая сярод беларусаў агульнанацыянальная талака дзеля дапамогі ў бядзе сапраўды незаменная. Перадачы вязням, падтрымка сем’яў, аплата адвакатаў у палітычных справах — Бяляцкі займаўся тым будзённым ды надзённым клопатам, трываласць і спор якога вызначае моц паняцця «Салідарнасць».

Заходні свет таму і патрабуе хорам вызвалення Бяляцкага, бо ведае кошт маральнай салідарнасці, стагоддзямі выхоўванай у еўрапейцаў Касцёлам ды Дамамі малітвы.

Якраз на 50-ты дзень народзінаў Алеся мне ў каменду, на агульны таксафон, патэлефанаваў колішні куплінскі «хімік», які паехаў ад нас на бабруйскую «зону» і перасёкся там з Бяляцкім. Бяляцкаму там цяжка. Чапляюцца да любой дробязі, пазбаўляюць спатканняў, перадачаў… «Усе ведаюць, што мужык, што церпіць за праўду, — казаў суразмоўца, — але, сам разумееш: толькі падыдзеш парай словаў перакінуцца — у атрадзе выдзернуць і апрацуюць».

У «зоне» Бяляцкі вырабляе міліцэйскія пагоны. Думаю, шмат хто з ягоных турэмшчыкаў здагадваецца: знак.
Лёс іхніх «зорачак» неўзабаве будзе вызначацца тым, праз чые рукі яны прайшлі.

«Час цяпер такі, што праваабаронцу самае месца ў турме» — напісаў Алесь у адным са сваіх лістоў.

Час… І вось сустракае ў «зоне» Бяляцкі сваё 50-годдзе. Юбілей. Першакрыніца паняцця юбілею — Біблія, кніга Лявіт, дзе ідзецца пра святарства і асвячэнне: на пяцідзясяты год кожны з выбранага Богам народа мусіў вяртацца ў сваё валоданне і вызваляць прададзеных у рабства. Каб юбілею вызвалення ўрэшце дачакаўся ўвесь народ — камусьці дадзена лічыць гэтыя гады. Дзень пры дні. Самотна.

У апошнім лісце, датаваным якраз днём свайго юбілею, 25 верасня, Алесь згадвае: «Жыццё, як ранішні туман… Сцелецца па лагах, то гусцее, то рвецца на камякі, а як пачынае днець — танчэе, мадзее і знікае ўрэшце. І застаецца ад яго пару кропель расы, а потым і яна высыхае. Марнасць марнасцяў, рэха ў бясконцасці, крык птушкі нябачнай…»

Амаль Эклезіяст.

І менавіта гэтым туманам пачынаецца вечнасць, каторая нас чакае і вымяраецца ўжо не гадамі.

Бяляцкі, праз якога ў пару «Вясны» дапамогу атрымалі тысячы пераследваных беларусаў, цяпер сам у турме і мае патрэбу ў салідарнасці. Закон жыцця. Зараз беларускае нацыянальнае адраджэнне жыве цярпеннем і пакутай за ўвесь народ.

Але без гэтага шлях да вызвалення беларусам не прайсці — і каталік Бяляцкі гэта цудоўна ведае.

Бо менавіта так, дарогаю дапамогі людзям, трыванняў і болю да збавення ад зла, да праўды і любові, да перамогі над гвалтам пад белым-­белым сцягам з крываваю паласой калісьці праз Свайго Сына прайшоў па гэтай зямлі Сам Бог.

Павел Севярынец, Куплін

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера