Знайсці
05.10.2012 / 10:5942РусŁacБел

Заняпад усіх цывілізацый пачынаўся з адмены ўсеагульнай вайсковай павіннасці, або Адкуль бяруцца эліты?

Нядаўна ў ТВ-кадры ў рэпартажы пра ваенныя дзеянні ЗША ў адным з «гарачых пунктах» на Сярэднім Усходзе не заўважыў ніводнага «англасаксонскага» твару: спрэс афраамерыканцы, «лацінасы», кітайцы… Апошнія нядаўна нават свята праводзілі — кітайскіх ветэранаў амерыканскай арміі. Улічваючы, што Кітай — адзін з найбольш імаверных патэнцыйных праціўнікаў, выглядала тое трохі іранічна. Не, я не расіст. І не маю пад рукой дакладнай статыстыкі — выхадцы з якіх этнасаў і сацыяльных пластоў служаць у амерыканскім войску.

Гэта чыста суб’ектыўнае ўражанне, падмацаванае гістарычнай эрудыцыяй: рана ці позна багатая і ўплывовая эліта любой дзяржавы пачынае «адкупляцца» ад вайсковай службы і іншых непрыемных дзяржаўных абавязкаў, наймаючы для іх выканання людзей з сацыяльных нізоў, часта імігрантаў.

Прыгадалася гісторыя доўгага гніення і распаду Рымскай Імперыі.

Дасягнуўшы найбольш магчымага дабрабыту (для тагачаснага ўзроўню матэрыяльных і сацыяльных тэхналогій), рымская кіруючая эліта пачала трапляць ва ўсё большую і большую залежнасць ад легіёнаў, набраных з «варвараў». Неабдымная прастора Імперыі вельмі таму спрыяла: каб рабіць кар’еру, весці буйныя гаспадарчыя справы, быць у курсе ўсіх модных і эратычных навінаў, трэба стала жыць у сталіцы, а войска вядзе войны на далёкай перыферыі і нават высокая камандная пасада — не гарантыя, што цябе не заб’юць.

«Аўтсорсынг» можа быць часовым рашэннем, але варвары пачынаюць рабіць вайсковую кар’еру, усталёўваюць сувязі са спадчыннымі элітамі, а калі дзяржава слабне — як правіла, таму што не можа выканаць абавязкаў перад усімі сацыяльнымі пластамі, усталяваных у «тлустыя» гады — кідаюць выклік істэблішменту і захопліваюць уладу.
Часта гэта распачынае чараду бясконцых пераваротаў і ўзурпацый, што перамяжаюцца рэстаўрацыямі.

Зрэшты, так распалася не толькі Рымская імперыя.

Старажытная Русь сталася лёгкай здабычай Арды найперш таму, што ўжо была аслабленая працяглымі княскімі міжусобіцамі, у якіх усё большую ролю адыгрывалі розныя «нацмены», — ад цюркаў да літоўцаў. Па іншым сцэнары, але з захаваннем пэўнай агульнай заканамернасці, занепадала і Рэч Паспалітая.

Тэарэтычна, падставай для беспрэцэдэнтных прававых і гаспадарчых ільготаў, якія мела шляхта Рэчы Паспалітай, быў абавязак вайсковай службы. Але на самой справе, ужо ў XVI стагоддзі наёмнае войска, набранае пераважна ў Цэнтральнай Еўропе, але нават і з Шатландыі і іншых частак Старога Свету, адыгрывала ўсё большую ролю ў ваенных кампаніях, а ўласная эліта ўсё ў большая ступені засяроджвалася на карыстанні тымі самымі льготамі, а зброю ўжывала найбольш, каб падзяліць іх паміж сабой.

І хаця варвары-наёмнікі ў Рэчы Паспалітай ніколі не ўзводзілі сваіх стаўленнікаў на каралеўскі трон, фактычная абыякавасць прывілеяваных грамадзянаў да вайсковых і іншых грамадзянскіх абавязкаў ў выніку перадвырашыла непазбежнасць падзелаў Рэчы Паспалітай.

Падаецца, што над сучаснымі гіперспажывецкімі грамадствамі ўжо навісла дамоклавым мячом падобная пагроза.
Пакуль што цяжка прадказаць тэмпы і механізм яе рэалізацыі. Тым больш што грамадская структура і геапалітычнае становішча кожнай з краін «Залатога Мільярду», а таксама і посткамуністычных дзяржаваў былога ўсходняга блоку, што ім наследуюць, істотна адрозніваюцца.

Невядома, дзе негатыўныя трэнды будуць развівацца хутчэй.
А званкі ўжо звіняць: на мінулым тыдні амбіцыйны расійскі віцэ-прэм’ер ры Дзмітры Рагозін агучыў планы «каршакоў» ва ўрадзе, каб забараніць усім, хто ўхіляецца ад вайсковай службы, займаць адказныя дзяржаўныя пасады.

Дарэчы, гэтую ініцыятыву трохі раней упершыню агучыў ўплывовы функцыянер «адзінаросаў», наш славуты зямляк Франц Клінцэвіч. Зрэшты, іншы віцэ-прэм’ер, Уладзіслаў Суркоў, адразу ж запярэчыў калегу-канкурэнту, што такія заканадаўчыя ініцыятывы супярэчаць Канстытуцыі.

Ці ўдасца Рагозіну, каардынатару лобі расійскага ВПК, рэальна падвысіць прэстыж вайсковай службы і згуртаваць эліты нашага магутнага суседа вакол інстынкту баявога братэрства — пакажа час.

Чыста па-філасофску — цяжка тое ўявіць, улічваючы, як далёка зайшла эвалюцыя расійскага грамадства: у той час калі багатыя не тое што ў войску не служаць, але і імкнуцца прыстроіць сваіх дзяцей вучыцца ў Лондане, але нават і працаваць у Сіці, ледзь не ўсю некваліфікаваную працу ў Маскве, ад уборкі вуліц да абслугоўвання фастфудаў, робяць таджыкі і іншыя працавітыя нацмены з адной шостай часткі сушы. Між іншым, чакаецца, што доля беларусаў сярод іх праз крызіс можа істотна вырасці — праўда, нам свецяць і трохі больш перспектыўныя, на ўзроўні менэджэраў сярэдняга звяна, пасады. Але калі расійскае грамадства працягне распаўзацца па швах з такой самай хуткасцю, як гэта адбывалася апошнія 20 гадоў — дык сапраўды, мінеральнымі багаццямі Еўразіі яшчэ на працягу нашага жыцця пачнуць кіраваць эліты зусім не рускага паходжання.

Хто будзе дэградаваць хутчэй — расійскія ці амерыканскія эліты?

Тым часам, сумесная пастанова Міністэрства абароны і Міністэрства аховы здароўя Беларусі ад 1 жніўня 2012 № 33/85 забрала права на адтэрміноўку вайсковай службы ў гіпертонікаў і людзей, якія пакутуюць на скаліёз 2-й ступені, а таксама «язвеннікаў»,
калі няма перфарацыі і крывацёку, а абвастрэнні здараюцца не часцей за адзін раз у год. Так што ўжо ў гэтым кастрычніку гіпертонікі, язвеннікі і сутулыя стануць «пад ружжо». Абгрунтоўваецца гэта «паляпшэннем стану беларускай медыцыны» (майму неспрактыкаванаму воку ў паліклініках незаўважнаму).

Што гэта — тое самае імкненне да доўгатэрміновай кансалідацыі грамадства, якой дамагаецца і Рагозін? Ці страх беларускага кіраўніцтва перад сярэднетэрміновай ваенна-палітычнай сітуацыяй у свеце?

Відаць, у найбліжэйшы час такія «мабілізацыйныя» навіны будуць трапляцца ў зводках усё часцей.
Сірыя, Іран-Ізраіль, Кітай-Японія…. Агмяні наяўных і патэнцыйных ваенных канфліктаў працягваюць множыцца, прычым пакуль што заходняй цывілізацыі ўдаецца ўтрымліваць іх у рэчышчы «кантраляванага хаосу».

Утрымліваючы канфлікты на перыферыі, англасаксы пакуль што захапляюцца вытанчанай пачуццёвасцю: ўсе рэкорды папулярнасці б’е бэстсэлер Эрыкі Леанард «50 адценняў шэрага».

Пераможныя, пакуль што, войны, як і BDSM-сэкс, — прыкметы дамінацыі заходняй цывілізацыі, найперш, англасаксаў.
Але ўлічваючы што твары яе штатных абаронцаў паступова робяцца ўсё менш белымі, наўрад ці гэтая дамінацыя будзе бясконцай. Усе цывілізацыі рана ці позна занепадаюць…

* * *

Алесь Белы, вядомы таксама пад сваім інтэрнэт-псеўданімам Gorliwy Litwin, — выдатны гісторык, доктар гістарычных навук, аўтар кнігі «Хронікі Белай Русі». Жыве ў Валожынскім раёне.

Алесь Белы

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера