Знайсці
04.10.2012 / 09:433РусŁacБел

Аўтар эталона: ад 4 кастрычніка ў Гістарычным музеі — класічныя плакаты Уладзіміра Крукоўскага

Выстава, прымеркаваная да 75-годдзя, якое мастак адсвяткаваў сёлета ў сакавіку. У Гістарычным выставяць больш за сорак яго плакатаў з музейных збораў.

Выбраць музею ёсць з чаго: Крукоўскі падарыў яму 97 сваіх прац. Мастак не трымае твораў дома: «Мае плакаты ёсць амаль ва ўсіх музеях: у Музеі сучаснага мастацтва, у Музеі гісторыі літаратуры. У БНФ вісяць таксама… Я проста ведаю выпадкі, калі мастакі паміралі і невядома куды дзяваліся іх працы».

Затое ў светлай мансардзе на Ракаўскім, дзе знаходзіцца студыя Уладзіміра Крукоўскага, ёсць карціны Алеся Пушкіна. «Алесю не было дзе захоўваць свае працы, — тлумачыць Крукоўскі. — А калі хто-небудзь хоча купіць у яго карціну, то даводзіцца ехаць у Бобр, але гэта для заказчыкаў не вельмі зручна. Вось я яго і пусціў».

Плакаты Крукоўскага сталі класікай беларускага мастацтва. Аднак галоўным творам у жыцці Крукоўскі лічыць не плакаты, не эскізы талераў — грошай незалежнай Беларусі з выявамі гістарычных дзеячаў, — а эталон дзяржаўнага герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцяга, створаныя супольна з Яўгенам Куліком.

Стварэнне герба заняло тры месяцы, было шмат спрэчак. «Ёсць жа розныя варыянты „Пагоні“ — ад часоў князя Віценя да сімволікі беларускай эміграцыі, — кажа Крукоўскі. — Там і барочныя, і рэнесансныя, і мадэрновыя версіі. Але мы абралі за аснову гатычную, як на грабоўцы Ягайлы, бо менавіта такая „Пагоня“ была ў часы Грунвальдскай бітвы».

Аднак і да створанага герба выказваліся прэтэнзіі. «Чаму гэта ў вас конь такі цяжкі, на ім толькі зямлю араць, — казалі нам, — смяецца Крукоўскі. — Мы тлумачылі, што рыцарскія коні не былі легканогімі, бо і даспехі, і зброя важылі шмат. Пасля казалі, што шпора занадта доўгая. Мы на гэта адказвалі, што мы арыентаваліся на італьянскую статую кандацьера тых часоў, дзе шпора такая самая доўгая.

Яшчэ казалі, што крыж не роўнаканцовы. Але мы за эталон крыжа ўзялі крыж Лазара Богшы».

Ці падказвае новы час тэмы для новых плакатаў? Мастак лічыць, што плакатны жанр загінуў: «Гэты жанр забілі дызайнеры. Плакаты ствараюцца з таго, што дызайнеры знаходзяць у інтэрнэце. Кожны мастак, нават самы выбітны, абавязкова зробіць хаця б невялікую памылку ў сваёй працы, і менавіта гэтая памылка ажыўляе яе. А цяпер што? Ні сядзець, ні выдумляць нічога не трэба, ні алоўкам працаваць, ні пэндзлем».

З гэтага гледзішча найлепш, кажа Крукоўскі, яму працавалася за савецкім часам.
Хоць тады былі іншыя праблемы. Напрыклад, цэнзурныя мастацкія саветы, якія «зарэзалі» многія яго працы. Як афішу першай пастаноўкі оперы «Сівая легенда», створаную ў 1978 годзе. У мячы эксперты ад партыі разгледзелі крыж.

Цяпер Крукоўскі займаецца геральдыкай — рыхтуе перавыданне кнігі «Срэбная страла ў чырвоным полі», прысвечаную гербам беларускай шляхты. Мастак дапрацаваў яе, дадаўшы да 200 гербаў, што там былі, выявы яшчэ пяцідзесяці.

***

Выстава плакатаў Уладзіміра Крукоўскага «Старонкі гісторыі» пройдзе 4–25 кастрычніка ў Нацыянальным гістарычным музеі (Маркса, 12).

Гутарыў Юрась Ускоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930