Знайсці
28.09.2012 / 15:2180РусŁacБел

Другі Кангрэс беларусістаў пачаўся весела: палітолаг Суздальцаў пакінуў залу

Тры сотні даследчыкаў Беларусі сабраліся ў Коўне.

Пачалося ўсё весела. Падчас даклада літоўскага навукоўца Зігмаса Кяўпы «Кароткае XVIII стагоддзе ў гісторыі ВКЛ» аўдыторыю пакінуў маскоўскі палітолаг Андрэй Суздальцаў. Яго абурыла фраза «Адсталая дзяржава Расія захоплівае куды больш перадавую — ВКЛ — і робіць з яе калонію».

Адкрывалі ж кангрэс прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў Літвы — гэта высокі гонар для канферэнцыі,
а таксама кіраўніцтва ковенскага ўніверсітэта імя Вітаўта Вялікага. Пры гэтым
літоўцы прабачыліся, што размаўляюць па-англійску, а не на беларускай мове — дзяржаўнай мове ВКЛ.

Падчас пленарнага паседжання, апроч даклада Кяўпы, меў прагучаць даклад выдатнага гарадзенскага гісторыка Сяргея Токця, што даследуе фармаванне нацыянальнай тоеснасці беларусаў і нацыянальнага руху. Тэма ягонага выступу гэтым разам была «Сялянства ў працэсе мадэрнізацыі традыцыйнага грамадства». Аднак Токць прыехаць не змог. Паводле некаторых звестак, камандзіроўку не дазволіла кіраўніцтва Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе ён выкладае.

Выступіў і адзін з ганаровых гасцей кангрэсу — вядомы расейскі гісторык Аляксей Мілер, які спецыялізуецца на гісторыі Расейскай імперыі.
Тэма ягонай прэзентацыі гучала так: «Гістарыяграфія Расійскай імперыі, ХХI стагоддзе».
Абмеркаванне выклікала ягоная тэза пра тое, што сучасная палітыка не мае патрэбы ў гістарычным абаснаванні, калі яна разумная».

Цяпер распачынаецца праца ў секцыях.

Сёлетні кангрэс атрымаўся нашмат маштабнейшым за леташні: апроч сацыяльных і палітычных навук, запрошаныя спецыялісты ў эканоміцы, тэалогіі і нават кіназнаўцы.

З зорак на кангрэс мелі завітаць айцец Аляксандр Надсан і славіст Арнольд Макмілін. З Беларусі на Кангрэс ехалі яскравыя навукоўцы і практыкі ад Валера Карбалевіча і Андрэя Казакевіча да Генадзя Сагановіча і Андрэя Кудзіненкі.

«Жывую трансляцыю» з кангрэсу многія прысутныя там — ад эканаміста Сяргея Чалага да палітолага Дзяніса Мельянцова — вядуць у Фэйсбуку.
Такім чынам сучасныя тэхналогіі дазваляюць калі не памнажаць веды, дык, прынамсі, адчуваць сябе прысутным.

Жывая трансляцыя з кангрэсу — тут.

ЮУ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера