Знайсці
06.10.2012 / 09:539РусŁacБел

Азербайджан: маючы нафту, можна забыцца на дэмакратыю. Як патраціць мільярды даляраў з розумам?

«Вашае грамадства прадалося за $500», — папракаюць беларусаў. Што ж, азербайджанцы адракліся ад дэмакратыі і свабодаў за тую ж суму. Афіцыйны сярэдні заробак у Азербайджане пераадолеў запаветную мяжу літаральна месяц таму.

Сіндром Аліева

Адзначаць з помпай чарговы Дзень нафтавіка — адно з галоўных святаў Азербайджана — у Баку паклікалі сотні журналістаў з усяго свету, у тым ліку і з Беларусі.
Падчас адкрыцця нафтагазавай выставы да мяне падышоў карэспандэнт з мясцовай газеты з наборам стандартных пытанняў. «Як вам краіна?» — «Ведаеце, тут шмат партрэтаў былога прэзідэнта Аліева», — заўважыў я. «Канечне, Аліеў быў вялікім чалавекам!» — «Але гэта выглядае вельмі смешна…» У наступную секунду журналіст адскочыў ад мяне. Можа, ён падумаў, што сустрэўся з правакатарам-замежнікам, які імкнецца ачарніць дасягненні Азербайджана? Зрэшты, мясцовыя газеты так і пішуць: «як завяшчаў вялікі лідар Гейдар Аліеў…» Так ці іначай, але культам Аліева-бацькі прасякнуты ўвесь Баку.

Прайшоўшы па набярэжнай праз цэнтральны парк (вядома ж, імя Гейдара Аліева), можна налічыць некалькі дзясяткаў партрэтаў былога прэзідэнта, падпісаных цытатамі з яго прамоваў.
Раз-пораз сустракаюцца і плакаты з выявамі Аліева-малодшага. Менавіта ён шчыруе, каб азербайджанцы не забыліся пра яго бацьку.

У выніку ў сталіцы імя Гейдара Аліева атрымалі аэрапорт, праспект, культурны цэнтр, спартыўна-канцэртны комплекс, Акадэмія нацыянальнай бяспекі, нафтаперапрацоўчы завод… У краіне ёсць яшчэ ордэн, нафтаправод і нават горная вяршыня, названыя ў яго гонар.

Будаўнічы бум у Баку шакуе турыстаў. Офісныя хмарачосы чаргуюцца з гіганцкімі гатэлямі і кварталамі жылых шматпавярховікаў на тысячы кватэраў.
Шырачэзныя праспекты, якія маюць па пяць-шэсць палосаў для руху ў кожны бок, злучаюцца з новымі магістралямі. Пры гэтым нават скептыкі адзначаюць, што горад забудоўваецца з розумам, і гістарычная частка Баку застаецца некранутай. За чый кошт банкет? Тлумачэнне простае — Азербайджану надзвычай пашанцавала з геаграфічным знаходжаннем. Краіне дазволілі падняцца нафтавыя запасы.

Нафтавая падушка бяспекі

Грошы, атрыманыя ад продажу вуглевадародаў, сцякаюцца ў Дзяржаўны нафтавы фонд Азербайджана. На пачатак верасня там налічвалася $33 мільярды. А ёсць яшчэ і $11 мільярдаў рэзерваў Цэнтрабанка.
Для параўнання, Беларусь агулам назапасіла $8 мільярдаў, у 5 разоў менш.

Заслуга ў стварэнні спецыяльнага нафтавага фонду сапраўды належыць Гейдару Аліеву. Яшчэ ў сярэдзіне 1990-х ён заключыў так званы Кантракт стагоддзя, дазволіўшы дзясятку сусветных нафтавых карпарацый распрацоўваць радовішчы на Каспійскім моры. Гэтым была вырашаная дадатковая задача. Кампаніі лабіруюць інтарэсы Аліева за мяжой, фактычна прымушаючы краіны Захаду заплюшчваць вочы на парушэнні правоў чалавека ў Азербайджане.

Аб’ёмы здабычы дагэтуль строга кантралююцца ўладай. Аліеў-сын хоча падтрымліваць высокія цэны на сусветным рынку і расцягваць нафтавы рай для сваёй краіны.
Апроч таго, у найбліжэйшы час пачнецца тэндар, каб абраць аператара для здабычы азербайджанскага газу. А гэта — новыя мільярды.

Праўда, ёсць і іншыя меркаванні на гэты конт. Многія эксперты прадказваюць, што запасы нафты ў Азербайджане нашмат меншыя, чым было заяўлена ўладамі. Калі ўлічыць, што ў апошнія гады даходы ад экспарту нафты дасягалі амаль 50% ВУП краіны, заканчэнне нафтавай казкі можа прывесці да катастрофы. Што да газу, то існаванне радовішчаў пакуль даказанае толькі тэарэтычна.

Празрысты фонд і цьмяны фон

Па патрабаванні замежных карпарацый Дзяржаўны нафтавы фонд — надзвычай празрыстая арганізацыя. Падрабязныя справаздачы, якія знаходзяцца ў адкрытым доступе, дазваляюць даведацца, куды быў патрачаны кожны даляр.

Грошы пераважна ідуць на інфраструктуру. «За апошнія тры гады ў Азербайджане пабудавана 2200 новых школаў, сотні паліклінік, бальніц, тэатраў і музеяў»,
— пералічвае выканаўчы дырэктар фонда Шахмар Маўсумоў. Нядаўна пачаліся і выплаты па замарожаных савецкіх укладах. Уладныя эканамісты пралічылі, што на гэта трэба выдаткаваць каля $1,5 мільярда. Невялікія грошы для багатай краіны.

Не ў накладзе застаецца і сям’я прэзідэнта Аліева. Падчас прыватызацыі прадпрыемстваў, якія засталіся краіне з часоў СССР, найбольш атрымалі чыноўнікі, набліжаныя да прэзідэнта, і ягоныя сваякі. Дзве дачкі кіраўніка дзяржавы маюць кантрольны пакет радовішча золата, яны ж валодаюць прадпрыемствам па абслугоўванні авіяліній, банкам, крамамі Duty-Free… А вось на малодшага сына запісаныя некалькі маёнткаў у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. І гэта толькі вядомая журналістам вяршыня айсберга сямейнага бізнэсу.

Армянскае пытанне

Аснова ідэалогіі Азербайджана — тэзіс аб тым, што Гейдар Аліеў пабудаваў моцную самадастатковую багатую краіну. Усё было б у гэтай тэорыі гладка, калі б не няпэўная сітуацыя з Нагорным Карабахам і тэрыторыяй вакол яго. 20% плошчы Азербайджана кантралююць армянскія войскі.

Каб у 1990-х прыцягнуць у занядбаную краіну інвестараў, Аліеў-бацька быў вымушаны скончыць азербайджанска-армянскую вайну, фактычна пасля паразы ў ёй.
Аднак у стратэгічным плане рашэнне аказалася слушным. «Цяпер толькі нашыя вайсковыя выдаткі ўдвая перавышаюць увесь бюджэт Арменіі», — з гонарам заявіў днямі прэзідэнт Ільхам Аліеў. Пры маўклівай згодзе сусветнай супольнасці Азербайджан фактычна ізаляваў Арменію ад эканомікі рэгіёна, не дазваляючы краіне ўдзельнічаць у шматмільённых праектах.

Прапагандысцкая вайна з армянамі працягваецца дагэтуль. І для перамогі ў ёй улады гатовыя плаціць любыя грошы. Аліеў не пашкадаваў 2 мільярдаў еўра, каб набыць непрыбытковыя дзяржаўныя аблігацыі Венгрыі. За гэта венгры адпусцілі з турмы азербайджанскага афіцэра Раміля Сафарава. Той быў асуджаны на 30 гадоў турмы за тое, што падчас стажыроўкі ў Будапешце забіў сякерай свайго суседа армяніна, які нібыта абразіў азербайджанскі сцяг. «Сафарава, нашага нацыянальнага героя, памілавалі проста ў аэрапорце загадам прэзідэнта, — з гонарам расказвае адзін з уплывовых прапагандыстаў краіны, генсек Канфедэрацыі журналістаў Азербайджана Азер Хасрэт. — Дзяржава падарыла яму трохпакаёвую кватэру і выплаціла афіцэрскі заробак за тыя 9 гадоў, якія ён сядзеў у турме ў Венгрыі». «Але ён жа забойца?..» — рытарычна пытаюся я.

«Так павінен быў зрабіць кожны патрыёт, — перакананы Хасрэт. — Сафараў прыйшоў да армяніна з сякерай і патрабаваў прабачэнняў за абражаны сцяг.
Той спалохаўся і стаў выбачацца. Але Сафараў вырашыў, што гэтага недастаткова, таму і забіў армяніна». З пункта гледжання Хасрэта і азербайджанскай прапаганды, сітуацыя выглядае цалкам лагічнай.

Ягор Марціновіч, Баку—Мінск

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930