Знайсці
21.09.2012 / 10:3141РусŁacБел

Адкрыты ліст дацэнта Чарнякевіча прарэктару Агіявец

«Акрамя самога А. А. Васіленкі, у кабінеце прысутнічаў прадстаўнік Камітэта дзяржаўнай бяспекі, які прадставіўся як «Сан Саныч».

Першаму прарэктару

Гродзенскага дзяржаўнага

ўніверсітэта імя Янкі Купалы

Агіявец С. У.

Адкрыты ліст

Паважаная Святлана Уладзіміраўна!

У панядзелак, 10 верасня, я быў тэрмінова выкліканы па тэлефоне начальнікам Цэнтра кадравай і прававой работы ГрДУ А. А. Васіленкам на размову. Прычыны для такой сустрэчы мне пры гэтым не патлумачылі. Акрамя самога А. А. Васіленкі, у кабінеце прысутнічалі кіраўнік аддзела бяспекі ўніверсітэта С. А. Рыбчанка і прадстаўнік Камітэта дзяржаўнай бяспекі, які прадставіўся як «Сан Саныч». Зусім нечакана асноўнай тэмай сустрэчы стаў мой удзел у працы аўтарскага калектыва па выданні падручніка «Гродназнаўства». Сама гутарка па форме хутчэй нагадвала допыт і не мела, на мой погляд, прамога дачынення да маіх прафесійных абавязкаў. На маё пытанне адносна прычыны такой павышанай цікавасці да кнігі, якая перад гэтым ужо двойчы выходзіла нават у выдавецтве самога ўніверсітэта, адказу атрымана не было. Такім самым чынам былі праігнараваныя і мае шматразовыя нагадванні адносна неабходнасці правядзення мною лекцыі, у выніку чаго я не здолеў своечасова патрапіць на заняткі ў корпус факультэта псіхалогіі.

Якое ж было маё здзіўленне, калі літаральна праз два дні пасля згаданай размовы ў тым жа самым кабінеце, у прысутнасці А. А. Васіленкі і С. А. Рыбчанкі мне прадставілі для азнаямлення ДВА (!) акты аб маёй адсутнасці на працоўным месцы падчас заняткаў. У першым выпадку я затрымаўся хвілін на пяць у дэканаце факультэта матэматыкі і інфарматыкі, удакладняючы расклад заняткаў, а ў другім затрымка складала яшчэ меншы час, прытым я сам папрасіў студэнтаў крыху пачакаць, маючы неабходнасць прыняць лекі (у актах тэрміны дадзеных спазненняў выраслі адпаведна да дзесяці і пяці хвілін). Такім чынам, дзвюх паперак, падпісаных асобамі, якія напярэдадні фактычна сарвалі мне занятак, хапіла для таго, каб я атрымаў заўвагу (першую за адзінаццаць гадоў працы) і быў звольнены.

З Гродзенскім універсітэтам мяне звязваюць амаль дваццаць гадоў вучобы і працы. Тут таксама вучыўся і працаваў мой бацька. Лічу, што я ніколі не даваў нагоды для таго, каб узнікалі сумневы ў маім прафесіяналізме. Хвіліна затрымкі на лекцыю напярэдадні ПЯЦІ параў запар тымі людзьмі, якія самі калісьці выкладалі, наўрад ці будзе разглядацца ў якасці нейкага злачынства.

Атрымліваецца, што адзінай прычынай таго, што здарылася, з’яўляецца выхад кнігі па гісторыі Гродна. Магу яшчэ раз падкрэсліць, што мне не сорамна за сваю працу. Ведаю, што Вы з самага пачатку былі ў курсе ўсёй справы і лічу сваё звальненне праявай абсурду, які вынікае з фармалізму і службовага імпэту асобных службовых асоб, вартага іншага ўжывання.

Шчыра разлічваю на перагляд рашэння і адмену зробленай мне заўвагі.

З павагай,

Дацэнт кафедры эканамічнай тэорыі ГрДУ, кандыдат гістарычных навук

Чарнякевіч Андрэй Мікалаевіч

21.09.2012

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера