Знайсці
21.09.2012 / 10:016РусŁacБел

Што важна разумець пра «Дажынкі»

Як выкарыстаць гэтую традыцыю з максімальнай карысцю?

Як снежань немінуча прыносіць Новы год, так верасень — рэспубліканскія «Дажынкі». Ізноў будуць СМІ надзьмуваць з двух бакоў два супрацьлеглыя медыйныя вобразы падзеі. Афіцыйныя — як дасягненні новых вышынь у гарадскім добраўпарадкаванні ды праявы клопату пра селяніна. Незалежныя — як чарговую забаўную праяву трэшу і «аграгламуру». Будзе шмат пафасу, шмат жартаў і фотажаб, але чарговы раз не прагучыць нешта вельмі важнае.

Сёлетнія «Дажынкі» стануць шаснаццатымі. Час не тое што падсумоўваць назапашаны вопыт — можна дысертацыі спакойна пісаць.

Перадусім важна адзначыць заганнасць практыкі «святочнага» добраўпарадкавання, калі можна гадамі нічога (ці амаль нічога) не рабіць з горадам, не ўкладаць у інфраструктуру, а потым за год усё перарабіць.
Добраўпарадкаванне робіцца на хуткую руку, з парушэннем пэўных нормаў, часам насуперак генплану, нерацыянальна, бо ў шалёнай спешцы не было часу элементарна паразважаць. Любы разумны чалавек пры тым разумее, што метадычнае і прадуманае ўкладанне грошаў нашмат больш эфектыўнае. Разумеюць, але не робяць? Больш за тое, правядзенне «Дажынак», Дзён беларускага пісьменства сведчыць пра тое, што гэтая практыка «святочных» рамонтаў вельмі добра замацавалася і культывуецца. Адказ на пытанне, чаму так сталася, можа быць больш складаным, чым падаецца. Па-першае, відаць, у пэўны момант паступовае планамернае развіццё горада пачало даваць збоі, выявіла сваю неэфектыўнасць.
Гарады прыходзілі і прыходзяць у заняпад, з якога якраз «Дажынкі» нібыта мусяць ратаваць.
Па-другое, па ўсім выглядае, што існуе выразнае чынавенскае лобі, для якога «святочнасць» мае аб’ектыўныя і суб’ектыўная перавагі над планамернасцю.
Як перавесці гарады на планамернае, эфектыўнае развіццё — вялікая метадалагічная задача, што патрабуе сур’ёзнай міждысцыплінарнай навуковай распрацоўкі, падуладнай хіба кангламерату даследчыкаў, з прыцягненнем аналітыкі Дзяржкантролю і г.д.

Сама паслядоўнасць выбару гарадоў для чарговых рэспубліканскіх «Дажынак» сведчыць, што хутка канцэпцыю свята давядзецца істотна перапрацоўваць, бо дасюль сістэма ішла па нарастаючай — кожная вобласць імкнецца выставіць на «Дажынкі» як мага большы горад.
Мінская — Нясвіж і Маладзечна, Віцебская — Полацк і Оршу, Магілёўская — Горкі і 200-тысячны Бабруйск, Гродзенская — Ваўкавыск і Ліду… Сёлетні канфлікт паміж Гомелем і Рагачовам за права правядзення наступных «Дажынак» сведчыць пра тое, што стаўкі растуць. Але ж буйныя райцэнтры заканчваюцца. Засталіся яшчэ абласныя гарады, але ж гэта ўжо выглядае дзікавата. Цяпер падумайце: як можна засвоіць, скажам, у Наваполацку сёлетнія 595 млрд руб. пры тым, што Лядовы палац там ужо ёсць? Міжнародны аэрапорт збудаваць? А яшчэ ж трэба дбаць і пра мэтазгоднасць выдаткаў. Таму «Дажынкі» будуць рэфармавацца.

І яшчэ колькі словаў пра набалелае — пра помнікі.

Гэтым летам даследчая група «Лятучага ўніверсітэта» вырашыла засяродзіцца на распрацоўцы пытання захавання спадчыны і трансфармацыі гарадской ідэнтычнасці падчас падрыхтоўкі да «Дажынак».
Сіламі энтузіястаў было праведзенае даследаванне фактычнага матэрыялу, зладжаныя некалькі экспедыцый у постдажынкавыя гарады. Галоўным пытаннем было тое, ці можна ўкруціць, умантаваць у своеасаблівы дажынкавы стандарт (лядовы палац, набярэжная, амфітэатр, пешаходная зона і кілатоны тратуарнай пліткі) яшчэ і беражлівае стаўленне да архітэктурнай спадчыны, актуалізаваць і дзе трэба — аднавіць, адрэстаўраваць помнікі? Высновы несуцяшальныя. Мясцовая адміністрацыя, будаўнікі не бачаць спадчыны, амаль не заўважаюць яе, калі толькі гэта не руіны ў цэнтры горада, што мулялі вока гадамі (як у Оршы). І тое часам прасцей знесці. Падчас экспедыцый мы размаўлялі не з чынавенствам, а з актывістамі, мясцовымі журналістамі, краязнаўцамі, то бок людзьмі з актыўнай пазіцыяй, вельмі добра ўкаранёнымі ў гарадскую паўсядзённасць. І што? У 80% гэтыя людзі таксама не заўважаюць спадчыны. «Усё вайна знішчыла», — адзін і той адказ мы атрымалі ў Кобрыне, Маладзечне і нават Бабруйску — гарадах з захаванай комплекснай гістарычнай забудовай (асабліва сваімі бясконцымі шэрагамі дарэвалюцыйных габрэйскіх дамоў уразіў Бабруйск).

Праблема, як заўсёды, шматгранная. Не хапае высокакваліфікаваных гуманітарных кадраў, адмыслоўцаў па захаванні спадчыны, якія б ажыццяўлялі ідэю аб беражлівым абыходжанні з помнікамі, даводзілі адказным асобам, што акрэслены і актуалізаваны гістарычны цэнтр робіць істотны ўнёсак у падвышэнне якасці жыцця, лакальнага патрыятызму і, урэшце, уплывае на эканамічны ўзровень. Так жыве ўся Еўропа — адтуль да нас транслюецца ідэя надзвычайнай каштоўнасці спадчыны, каштоўнасці старога. У Беларусі гэтую ідэю ўспрынялі хіба толькі абласныя цэнтры, ды й тое, пакуль што моцна кульгаюць у гэтым плане.

У райцэнтрах выразна дамінуе каштоўнасць новага, свежага, пачышчанага.
Архітэктары, якія праектуюць пераўтварэнні, і якія мусілі б па ідэі рупіцца пра карэктнае абыходжанне са спадчынай, не маюць патрэбнай кваліфікацыі, часта паходзяць з іншых гарадоў, не валодаюць мясцовай семантычнай спецыфікай прасторы. Навуковыя кіраўнікі аб’ектаў, унесеных у спісы, не праяўляюць прынцыповасці (часцей за ўсё самі жывуць у Мінску). Ды што там казаць,
мясцовая гісторыя не ўспрымаецца жыхарамі як нешта роднае.
Хутчэй гэта абстрактны тэкст з разумнай кніжкі, які ў іх свядомасці не стасуецца з роднай вуліцай і шэрагам двухпавярховых камяніц. На пытанне «Каму было б варта паставіць помнік у горадзе?» часцей за ўсё ідзе: «Вой, ды шмат каму! Напрыклад, гэтаму… як яго… недзе ж напісана пра іх…» І ў выніку стаіць Гулівер (Орша), камандзіровачны (Ліда), боцман (Кобрын) і г.д. Што праўда, ёсць і людзі, якія ўсё ж называюць сапраўды выбітныя імёны. Дарэчы, ніводнага разу не называлі агульнанацыянальных герояў — Каліноўскага, Быкава, Купалу — хоць цяжка ўявіць што пра іх не ведаюць…

Падсумоўваючы, хочацца сказаць што

«Дажынкі» ў сённяшніх рэаліях робяцца выпрабаваннем для горада. Не толькі для чынавенства, але і для грамадзянскай супольнасці
(калі верыць у яе існаванне). «Дажынкі» — гэта шанец, «залаты дождж», які льецца раз на 100 гадоў для рэалізацыі самых смелых пражэктаў, самых патаемных мараў што да ўласнага горада. «Дажынкі» — своеасаблівае «акно магчымасцяў» для самых розных групаў, гатовых прасоўваць свае інтарэсы. Але ж няма навыку мэтапакладання. Можна бясконца цягнуць старую песню пра тое, што калі б былі грошы, магчымасці і г.д., мы б такое зрабілі, што ах.
А як прыходзяць грошы, дык амаль адзіныя хто з іх карыстаецца, — будаўнікі лядовых палацаў ды вытворцы пліткі.
А хацелася б большага! Ну, а пакуль прапаную даследаваць наяўныя феномены, сур’ёзна аналізаваць і распрацоўваць метадалогію дасягненняў — прынамсі 50 райцэнтраў у нас яшчэ ў запасе ёсць!

Сцяпан Стурэйка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930