Знайсці
20.09.2012 / 18:3914РусŁacБел

«Сівая легенда», або Латушкава беларусізацыя

Цяжка пісаць пра чыноўніка пры дыктатуры.

Калі ты (рэдактар незалежнай газеты) яго хваліш, гэта можа каштаваць яму нерваў. Калі ты яго ганіш, гэта таксама пярэчыць ягонаму самалюбству. Таму пра чыноўнікаў цяпер часта як пра жывых нябожчыкаў, маўчаць. Або (разумныя людзі) усё-такі ганяць: яно надзейней.

Таму не буду пісаць пра чыноўніка, буду пісаць пра оперу.

Нацыянальная опера — гэта падзея. Вядома, тэатр цяпер не адыгрывае той ролі, якую меў у ХІХ стагоддзі, якую адыгрывала пасля кіно ў першай палове ХХ стагоддзя і тэлебачанне — у другой яго палове. Гэтая роля цяпер — на шчасце ці на бяду, але па-мойму на шчасце — належыць інтэрнэту як платформе, дзе цэнтралізаваны кантроль, рэжысура цяжэйшая. І тым не менш, опера — гэта Опера — Твор, вялікі твор.

«Сівая легенда» паводле Караткевіча на адкрыцці сезона ў Оперы — гэта заслуга міністарства Паўла Латушкі.
Як і новыя помнікі, фэсты. Гэты вынік трох гадоў, у якія міністр Латушка паслядоўна, але асцярожна імкнуўся абмаладзіць, ажывіць, даць імпульс.

Музыка Смольскага магутная і, сапраўды, ні трохі не састарэла.
Музыка вартая таго, каб адкрываць кожны музычны сезон. Пра рэжысёрскія і вакальныя вартасці пастаноўкі вычарпальна напісаў аматар Оперы Сяржук Русецкі (пакуль ёсць такія людзі, як Русецкі, ёсць і культура).

Мяне ў «Сівой легендзе» найбольш уразіла тое, што з яе зусім знік сюжэт пра народнае паўстанне.
У Караткевіча гэта была опера пра паўстанне, а ў Панджавідзэ-Смольскага ў 2012-м гэта опера пра каханне.

Балазе хоць рэпліку пра «кляты Магілёў» не выразалі з Караткевічавай песні. А маглі б!

Менавіта кампазітар, Смольскі «зрэзаў з пастаноўкі тое, што не адпавядала рэаліям сённяшняга дня». «Тэмы народнага бунту, як у першай версіі і аповесці Караткевіча няма», прызнае маэстра ў праграмцы спектакля.

У новай версіі оперы няма ніякіх алюзій на сучаснасць, пераасэнсавання.
Гэта старанна адноўлены дакумент эпохі, з якога вычышчана ўсё, што можа навесці на «няправільныя» думкі.

Ролі народа ў гісторыі няма. Як народ выкарыстоўвае барацьбу эліт і як эліты выкарыстоўваюць народ у сваіх інтрыгах — тэма не раскрыта.
Ведаючы Караткевіча, можна смела сказаць, што ён бы скандаліў, калі б быў жывы. Зрэшты, калі б пражылі даўжэй Караткевіч, Геніюш, можа і гісторыя пайшла б іншай дарогай, і скаротаў да костак не было б?

Пастаноўка выйшла неглыбокая. Гэта не «Барыс Гадуноў» і не «Макбэт», хоць музыка — вялікі шэдэўр, а сюжэт — далёка не меладрамная гісторыя брадвейскага тыпу.
І народ — не фон, які немавед чаго вылятае з сякерамі. І найміты — яны і ў Афрыцы найміты.

І, тым не менш, гэта нацыянальная опера. І гэта геніяльна.

Павел Латушка, ходзіць мова, ужо атрымаў агрэман у якасці Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Францыі. Хто будзе ягоны наступнік, ці будзе ён гаварыць па-беларуску і якая будзе ягоная палітыка, у тым ліку і рэпертуарная палітыка? Ці захавае ён падыходы і «легенды», якія спавядаў Латушка? Гэта будзе залежаць і ад асабістых перакананняў гэтага чалавека, і ад палітычнага заказу, бо і тое, і другое мае значэнне пры гэтай сістэме.

Пакуль стваралася ўражанне, што Латушка — гэта хутчэй унікум, вынятак, а не рэпрэзентацыя пэўнай палітычнай групоўкі — якая служыць аўтарытарнаму рэжыму, але акрэслена бачыць нацыянальную лінію.

Андрэй Дынько

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930