Знайсці
19.09.2012 / 21:408РусŁacБел

Палітыка ўдару кулаком у твар

Улада, што трымаецца на кулаках, мае слабыя шанцы на мірны адыход у гісторыю.

Што яднае свежы нумар «Нашай Нівы» з «НН» №3 ад 24 студзеня 2003 года? У абодвух выпусках на першых палосах змешчаныя фотаздымкі збітых людзей. Вядомых людзей.

17 студзеня 2003 года невядомыя зламыснікі збілі на горкі яблык акадэміка Радзіма Гарэцкага. 18 верасня 2012-га ўдар кулаком у твар атрымаў фатограф Associated Press Сяргей Грыц, які ў той момант асвятляў перадвыбарчы пікет.

Магчыма, хтосьці скажа, што адзінае падабенства паміж гэтымі гісторыямі — фота на першай паласе. Радзім Гарэцкі стаў адной з ахвяр невядомых нападнікаў, якія на пачатку 2000-х зладзілі сапраўднае паляванне на прадстаўнікоў інтэлігенцыі. А Сяргей Грыц, магчыма, атрымаў па твары выпадкова. На яго месцы мог апынуцца любы з калегаў, што разам з ім здымалі пікет. Але гэтая выпадковасць не адмяняе той факт, што пад раздачу трапіў адзін з лепшых беларускіх фатографаў.

Расказваючы пра інцыдэнт, Сяргей папрасіў: «Не трэба рабіць з мяне героя. Гэта звычайныя нашы працоўныя будні». Вытрымцы чалавека, які здымаў вайну ў Іраку і Афганістане, можна толькі пазайздросціць. Але ці павінны мы прызвычайвацца да сітуацыі, калі кожнаму з нас супрацоўнік міліцыі беспадстаўна і беспакарана можа ўдарыць кулаком ў твар? Ці мы ўжо прызвычаіліся і змірыліся?

Паміж атакамі на інтэлігентаў і «праверкай дакументаў» у Грыца было мноства іншых удараў. Удары адпрацоўваліся нават на жанчынах — Святлану Завадскую спецназавец ударыў па твары, Маі Абромчык перабілі нагу.

Дзесяць год таму нам далі зразумець: ад удару па галаве не абаронены ніхто — ні акадэмік, ні просты рабацяга. Цяпер можна смела казаць: удар пастаўлены, атрымаць па акулярах можа сапраўды кожны. Для ўлады, якая трымаецца другі дзясятак гадоў у тым ліку і на кулаках, гэта дзейсны сродак. Але варта памятаць, што такі рэцэпт палітычнага даўгалецця моцна змяншае шанцы на мірны адыход у гісторыю.

Сямён Печанко

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930