Знайсці
18.09.2012 / 14:027РусŁacБел

Гарадзенскі шмон 14 верасня: Як гэта было

Доўга не маглі паверыць, што «ARCHE» — гэта часопіс, а не кніга.

Прэзэнтацыя

На сайце «ARCHE» і гарадзенскага «Твайго стылю» абвесткі зьявіліся ў сераду-чацьвер, за пару дзён да самой імпрэзы. Сайт «Наша Нівы» парэклямаваў акцыю толькі зранку ў дзень яе правядзеньня.

Сама вечарына пачалася, а 18.40 і доўжылася каля 1 гадзіны 20 хв. Яна складалася з прэзэнтацыі гісторыка Яна Шумскага, і маёй карацейшай прамовы. Шумскі выступаў доўга і бліскуча. Свой выступ ён скончыў 19.35. Пасьля ўзяў слова я і гаварыў прыкладна да 20.00, г.зн. каля 25 хв.

Усю гарадзенскую сустрэчу нехта здымаў на тэлефонную відэакамэру. Магчыма, гэты «нехта» належаў да " рэйдавай групы».

Затрыманьне

Пасьля заканчэньня вечарыны гарадзенцы падыходзілі да мяне і цікавіліся кнігай Шумскага, а таксама некаторымі іншымі выданьнямі, найперш нумарамі «ARCHE». Гэта доўжылася хв. 10, каля 20.10. мяне затрымалі.

Адразу ў мяне не было яснасьці, чаму затрыманьне адбылося ў самым канцы, а не на пачатку імпрэзы. Яе можна было сарваць яшчэ да пачатку, бо 5–10 кніжак разышліся да таго, як Ян Шумскі пачаў выступаць. Варта адзначыць, што гарадзенская падаткавіца, якая мне ўручыла мечаныя купюры, круцілася ля мяне яшчэ да пачатку вечарыны. Яна не хавала, што яе цікавіць палітызаваныя выданьні, і я сам нараіў ёй нумар ARCHE «19 сьнежня 2010. Плошча» і выдадзеную ў 2007 годзе пад маёй і нябожчыка Віталя Сіліцкага рэдакцыяй кніжку «Беларуская палітычная сцэна і прэзыдэнцкія выбары 2006 году» (На сайце «Свабоды» памылкова была пазначана назва «Беларуская палітычная сцэна і прэзыдэнцкія выбары 2010 году»). Яна ўзяла таксама нейкае трэцяе выданьне, назву якога я забыўся ў пасьлейшай мітусьні.

Але вернемся да пытаньня, чаму затрыманьне адбылося ў самым канцы. Я нават адкрыта пытаўся пра гэта. Мне адказалі ў тым духу, што маўляў не было яснасьці, ці я прадаю ці раздаю бясплатна свае выданьні.
Цяпер мне здаецца, што лёгіка затрыманьня была іншая: тых, хто за гэтым стаіць, цікавіла, колькі чаго разышлося і што менавіта.

«Рэйдавая група»

Праз хвіліну пасьля т.зв. «кантрольнай закупкі» на мяне накінулася т.зв. рэйдавая група. Яна складался з двух супрацоўнікаў гарадзенскай падатковай інспэкцыі, а таксама з трох асоб, якія назвалі сябе міліцыянэрамі, і чыя рэальная ведамасная прыналежнасьць засталася мне незразумелай. Двое з гэтай пяцёркі паказалі мне на імгненьне свае «корачкі», у якіх, ясная рэч, немагчыма было нічога разабраць.

На выхадзе дзяжурылі яшчэ два зусім маладзенькія супрацоўнікі гарадзенскіх спэцслужб — гэта выявілася пасьля таго, як мяне і мае кнігі згрэблі і пасадзілі разам зь імі ў адну зь дзьвюх машын, на якіх прыехалі т. зв. падаткавікі. Адзін зь іх трымаў у руках нумар «ARCHE» — магчыма, той «кантрольна закуплены».

Пасьля таго, як усе кнігі павыграбалі з памяшканьня, дзе адбывалася стрэча, «рэйдавая група» абсьледавала на паркоўцы маё аўто і забрала адтуль усю засталую папяровую прадукцыю. Ужо падчас складаньня пратаколу я папытаўся, нашто было на аднаго чалавека насылаць столькі «міліцыянераў». Адказ быў у тым духу, што «а раптам вы б аказалі супраціў ці рашылі ўцячы».

Што канфіскавалі

Забралі розных 20–30 нумароў «ARCHE» (часам па некалькі асобнікаў, калекцыя за 2008–2012 гады), а таксама штук 30–40 розных кніжак (часамі таксама па некалькі асобнікаў, калекцыя за 2003–2012 гады). Усяго выйшла пад 200 асобнікаў.

Каго прыйшлі забіраць

Не было адчуваньня, што прыйшлі забіраць канкрэтна мяне. Выглядае, што гэты акт застрашэньня быў адрасаваны гарадзенскай публіцы, і знаходзіцца ў цеснай сувязі з інсьпіраваным спэцслужбамі звальненьнем Андрэя Чарнякевіча з Гарадзенскага ўнівэрсытэту і канфіскацыяй кнігі «Гродназнаўства» з гарадзенскіх кнігарняў. Тое, што забралі мяне, можа, нават і пракол: ня факт, што прыцягненьне ўвагі агульнанацыяльнай аўдыторыі да гэтай «апэрацыі» ўваходзіла ў пляны яе ініцыятараў.

Пра што пыталіся

Прыкладна ў 20.30 мяне даставілі ў цэнтральнае ўпраўленьне гарадзенскай падатковай інспэкцыі, дзе пачалося разьбіральніцтва.

Доўга не маглі паверыць, што «ARCHE» — гэта часопіс, а не кніга. Нейкі час ішла бессэнсоўная пікіроўка «Ну які ж гэта часопіс, калі гэта кніга». Пасьля згадзіліся, што гэта часопіс, і запісалі на нейкую паперку рэдакцыйны адрас плюс адрас друкарні.

Яшчэ пыталіся:

— Ці толькі ў той друкарні мы друкуемся.

— Каму належыць памяшканьне, у якім праходзіла вечарына.

— Зь якога году я знаёмы з Андрэем Пачобутам. (Адказаў, што з 2005).

— Як часта бываю ў Гародні. (Адказаў, што 2 ці 3 раз сёлета)

— многа разоў пыталіся пра каналы дастаўкі прадукцыі, грошы і падобныя матэрыі, але ў нейкі момант я пацікавіўся, ці гэта допыт ці руціннае складаньне пратаколу, і на гэтым апытаньне скончылася.

У падаткавіках наагул праглядалася зьбянтэжанасьць праз тое, што іх уцягнулі ў дурацкую сытуацыю. Разоў дзесяць мне сказалі, што гэта руцінная праверка, і пасьля мяне яны пройдуцца па негальных гарадзенскіх таксістах.

«Міліцыянеры», наадварот, адзначаліся ваеннай выпраўкай і выпраменьвалі рашучасьць выканаць любы загад. У першых і другіх пастаянна званілі тэлефоны, па якіх яны камэнтавалі ход разьбіральніцтва нейкаму вышэйстаячаму начальству. Начальства цікавілася выданьнямі грамадзка-палітычнай скіраванасьці, якія адклалі ў асобны стосік.

Падчас разбору пастаянна вялася фота- і відэаздымка. Пасьля таго, як у нейкі момант штатная відэакамэра «здохла», паявіўся яшчэ «міліцыянер» у сьветла-карычневым гарнітуры, які адзьняў прадукцыю яшчэ раз на сваю камэру. Гэты сьветла-карычневы «міліцыянэр» запомніўся тым, што ўвайшоўшы ў пакой адразу павітаўся са мной за руку. Фота- і відэаздымка яўна паказвала, што справе надавалася вялікая вага.

Чаму мы яшчэ на волі

Гэтае пытаньне мне задаюць ня першы год, асабліва людзі з Захаду. У мяне няма аднаго гатовага адказу. Магчыма, адзін з ідэалягічных міфаў рэжыму палягае ў тым, беларускамоўная культура ў сучасным высокатэхналягічным сьвеце сама загнецца, бо яна не цікавая адукаваным і патрыятычна настроеным беларусам. Публічна перасьледаваць яе носьбітаў — значыць пацьвярджаць яе жывучасьць і адпорнасьць на зьнешнія выклікі.

Да таго ж такія акцыі могуць успрымаюцца як замах на ўсю культуру, а ня нейкага аднаго канкрэтнага дзеяча.
А тады гэта мець нэгатыўны палітычны эфэкт — адно дзела электарат нейкага канкрэтнага ўзятага дэмпалітыка, які налічвае ў лепшым выпадку пару соцень тысяч чалавек, другое — прынамсі мільён тых, каму неабыкавы Купала з Коласам.

Прагнозы

Праз пару тыдняў у Гародні мае адбыцца суд, які ў якасьці пакараньня за «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць» можа прысудзіць штраф да 100 базавых велічынь з канфіскацыяй ці без затрыманай маёмасьці. Мяркую, што суд дасьць штраф ад 3 да 10 млн. (і будзе роўны выручцы з прэзэнтацыі (склала 950 тыс.) памножанай на 3,5 ці 10).

Кнігі і часопісы канфіскуюць, бо найхутчэй ужо цяпер яны не ў падатковай, а ў гарадзенскім КДБ.

Справа яшчэ раз ударыць па гарадзенскіх паляках, дзякуючы якім і адбылася пятнічная стрэча. Наагул, у цяперашніх лёсах гарадзенскіх палякаў і беларускамоўных беларусаў шмат супольнага.

Ці будзе справа мець нейкі працяг, будуць рашаць у Менску на падставе рапарту, складзенага гарадзенскімі спэцслужбамі.

Высновы

Гарадзенская падатковая інспэкцыя даведалася страшную тайну — на прэзэнтацыі прадалося ад 25 да 30 нашых кніжак і часопісаў, што і зафіксавана ў пратаколе.

Сама «апэрацыя» паказвае, што беларускае грамадзтва знаходзіцца ў стане «халоднай» грамадзянскай вайны, калі ў савецкіх традыцыях кніга ўспрымецца як «арудзіе» варожага ўплыву.
Хоць любы беларус хоць тры разы на дзень можа езьдзіць у Польшчу ці Літву і абсалютна легальна прывозіць адтуль груз да 50 кг. (у тым ліку кніг), гарадзенскія спэцслужбы па-ранейшаму высьвятляюць каналы пастаўкі, імёны пасярэднікаў, крыніцы фінансаваньня.

Пра тое, што мэдыйная сытуацыя ў сьвеце істотна зьмянілася, у прыватнасьці суполка «ў кантакце» «Надоел нам Лукашенко» налічвае да 40 тыс. удзельнікаў, а антылукашэнкаўскія ролікі на youtube.com набіраюць дзясяткі тысяч наведваньняў, гарадзенскія спэцслужбы, падобна, яшчэ не здагаваюцца.

Разам з тым, няма сумневу, што іх рашучыя дзеяньні будуць пазыўна адзначаныя ў Менску.

Валер Булгакаў, arche.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера