Знайсці
05.09.2012 / 08:547РусŁacБел

«Поле цудаў» застаецца самай папулярнай праграмай АНТ

«Наша Ніва» даведалася рэйтынгі перадач, якія глядзяць беларусы.

Тэлебачанне працягвае заставацца звыклым спосабам бавіць час. Колькі б людзі ні абураліся тым, што па тэлебачанні паказваюць — тэлевізар можна знайсці амаль у любой кватэры.

Мы прапануем вашай увазе Топ-10 перадач за чэрвень, складзены каналам АНТ. Паколькі АНТ працуе не толькі з беларускім кантэнтам, а таксама з праграмамі расійскага Першага канала, рэйтынг атрымаўся змешаным.

Варта адзначыць, што АНТ — найбольш рэйтынгавы з беларускіх каналаў.

10 месца. «Чакай мяне» — 8.3%

Праграма «Чакай мяне», якую вёў Ігар Кваша, заставалася адной з найпапулярнейшых з моманту з’яўлення на экране — нездарма яна заўжды ішла ў прайм-тайм. У студыю прыходзяць людзі, якія імкнуцца знайсці сваіх блізкіх, сяброў і іншых людзей, якія зніклі альбо чые кантакты згубіліся канчаткова.

9 месца. «Вялікая розніца» — 8.5%

Гумарыстычнае шоу Івана Урганта і Аляксандра Цыкала з пародыямі на ўсе магчымыя тэлепраграмы, фільмы, серыялы і масавую культуру ў цэлым, настолькі папулярнае, што ў Беларусі была створаная свая версія перадачы пад беларускамоўнай назвай «Вялікая розніца», з тымі самымі вядучымі.

8 месца. «Чакай мяне. Беларусь» — 9,1%

Беларускі аналаг расійскай перадачы, куды больш актуальны для беларускай аўдыторыі.

7 месца. «Фабрыка зорак» 9.6%

Новая версія некалі звышпапулярнага шоу, з той розніцай, што цяпер змяніўся сэнс перадачы: замест стварэння канвеерным шляхам у анлайн-фармаце зорак з простых грамадзян гледачам прапануецца параўнаць поспехі украінскіх і расейскіх выпускнікоў былых «Фабрык». Апроч таго, у чэрвені такі самы рэйтынг мела перадача «Творчы вечар Эдуарда Хіля» — пасля смерці спевака ягоны бенефіс паказалі па АНТ не адзін раз.

6 месца. «Контуры» — 9.7%

Аўтары перадачы вызначаюць яе жанр як «Інфармацыйны арт». Пакінем такую ацэнку на іх сумленні.

5 месца. «Музычныя вечары ў Мірскім замку» — 9.9%

Трохдзённы музычны марафон у Мірскім замку штогод становіцца адной з самых рэйтынгавых перадач канала — рэч у тым, што на гэтую музычную імпрэзу абавязкова завітваюць музыкі, якія маюць статус легендарных, а пасля іх канцэрты з вялікім поспехам транслююцца ў вячэрнім эфіры.

4 месца. «Нашы навіны» у 20.30 — 10.7%

У рэйтынг трапілі вечаровыя навіны, якія ідуць адразу пасля расійскай нваінай праграмы «Время». Што цікава, «Время» мае большую папулярнасць сярод гледачоў АНТ, чым беларускія навіны.

3 месца. «Время» — 12.6%

Магчыма, беларускія гледачы стаміліся ад досыць аднолькавых беларускіх навінаў і з большым задавальненнем глядзяць навіны расейскія, а таксама замежныя — а магчыма пасля паўгадзіннага «Времени» не ва ўсіх застаецца энэргія для дадатковых навін.

2 месца. «Няхай гавораць» — 12.8%

Праграма Андрэя Малахава «Няхай гавораць» мае фармат ток-шоу, у якім кожны дзень разглядаецца якое-небудзь здарэнне, што выклікае ў грамадстве водгук. У студыю запрашаюцца ўдзельнікі здарэння, відавочцы, эксперты і гледачы, якія бяруць у спрэчцы гарачы ўдзел. Магчыма, папулярнасць перадачы звязана з тым, што ў ёй добра праглядаецца жыццё расійскай глыбінкі, а з сітуацымі, падобнымі да тых, што выносяцца абмеркаванне, сутыкаўся амаль кожны.

1 месца. «Поле цудаў» — 19.6%

А самай папулярнай перадачай канала АНТ з’яўляецца капітал-шоу «Поле цудаў» Леаніда Якубовіча, якое перамагае ў рэйтынгу з рэкордным адрывам у 7%. Ідзе «Поле цудаў» у прай-тайм у пятніцу. Здавалася б, перадача па адгадванні словаў па літарах засталася далёка ў 90-х гадах, аднак і зараз аматары «круціць барабан» і перадаць слоік-другі салёных гуркоў у музей перадачы кожную пятніцу збіраюцца ля тэлевізара.

Юрась Ускоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера