Знайсці
02.07.2012 / 09:296РусŁacБел

Ад хутара да лофта

Колькі каштуе нерухомасць у Вільні?

Нерухомасць у Літве заўжды прываблівала беларусаў. Адным падабаецца дух старой сталіцы ВКЛ, іншым — від на жыхарства ў якасці бонуса. Купіць кватэру ў Вільні, каб мець уласны «перавалачны» пункт у Еўропе, — нядрэнная інвестыцыя. Якую нерухомасць набываюць нашыя суайчыннікі і з якімі праблемамі сутыкаюцца пры куплі?

Хутары для жыхарства

Віялета Мікачыўньене працуе ў адной з найбуйнейшых рыэлтарскіх кантор Вільні — Amrec.lt — і яшчэ пры тэлефанаванні, калі даведваецца, што я з Беларусі, узгадвае пра хутары.

Хутар у Літве — вельмі «модны» від нерухомасці, асабліва сярод замежнікаў. «Часам нават страшна падумаць, што людзі хочуць знайсці, — кажа Віялета. — Можна купіць хутар і за $18—20 тысяч. Ён будзе побач з Вільняй, але там не будзе ніякіх камунікацый, як і выгодаў — ні электрычнасці, ні вады. Але людзі купляюць».

Кошт фармуецца па наступных крытэрах: памер участка, стан дарог, аддаленасць ад горада, стан хаты, наяўнасць электрычнасці, сістэма ацяплення.
«Нам даводзілася прадаваць хутары і за $500 тысяч, — расказвае Віялета. — А для беларусаў найбольш цікавымі будуць хутары, якія знаходзяцца ў зоне паміж беларускай мяжой і Вільняй. За $50 тысяч можна купіць выдатны хутар, які будзе недалёка ад сталіцы.

Кватэра навыраст

Бліжэйшыя год-два цэны застануцца прыблізна такімі самымі, мяркуюць рыэлтары. Цэны трымаюцца ўжо амаль два гады, і ніякіх прыкметаў іх хуткага росту няма.

«На мінулым тыдні я якраз працавала з беларусамі, якія куплялі кватэру для дзяцей «навыраст», — кажа Віялета. — Людзі купляюць жытло на будучыню — пасля дзеці падрастуць і змогуць сюды пераехаць.

У выніку мае кліенты купілі кватэру-паўтарачку за $62 тысячы з мэбляй, джакузі, плазменным тэлевізарам і ўсёй патрэбнай тэхнікай.

Калі купляць кватэру, у якой можна проста «часам спыніцца», новабудоўлі — самы зручны варыянт. Іх можна падзяліць на некалькі катэгорый: эканамклас (да $1700 за квадратны метр), сярэдні клас (ад $1700 да $2250) і прэстыжны клас ($2300). Гаворка ідзе пра кватэры без аддзелкі.

Купіце воданапорную вежу

Незалежны рыэлтар Артурас Ясайціс ведае вялікую колькасць «незвычайнага жытла» ў Вільні. Напрыклад, на вуліцы Бернардзінскай можна набыць… дзірку паміж дамоў: там з’явілася трохпавярховая малагабарытная самаробная кватэра, з выгодамі на першым паверсе і жылымі памяшканнямі на астатніх двух. «Жыць у такой нельга, — кажа Ясайціс. — Аднак спыніцца на ноч можна. Яна, дарэчы, цяпер здаецца». Каштуе такая кватэра прыблізна $45 тысяч.

«Апроч таго, ёсць вялікі попыт на лофты і мансарды, — расказвае Артурас. — Ёсць і шыкоўныя кватэры ў двухпавярховіках у Зарэччы (артыстычны раён непадалёку ад цэнтра), з найлепшым відам на горад, які толькі можна знайсці. Аднак на цану, меншую за $80 тысяч, і разлічваць не даводзіцца. А ўвогуле прадаецца ўсё — у Зарэччы на продаж была выстаўлена воданапорная вежа. Здаецца, цяпер таблічка «прадаецца» з яе знікла».

Камуналка як праблема

Літоўцы скардзяцца на сумы, якія даводзіцца выдаткоўваць на камунальныя паслугі. За вялікую трохпакаёўку ў цэнтры за адно ацяпленне зімой давядзецца плаціць да $300 у месяц. У старых дамах з праведзеным «капрамонтам» гэтая сума ўдвая меншая. А ў новых, энергазберагальных будынках жыроўкі зусім прымальныя — ад $0,75 за квадрат.

Яшчэ адна акалічнасць, з якой сутыкаюцца жыхары старых будынкаў, гэта захаванне культурнай спадчыны: такія кватэры нельга перабудоўваць ці рабіць перапланіроўку.

Кошты за квадратны метр

Самыя дарагія раёны:

Цэнтр, Стары горад, Зарэчча, Валакупы — $1300—4000

Прэстыжныя раёны:

Антокаль, Звярынец, Новае Места — $1100—2600

Прэстыжныя спальныя раёны:

Іерузалім, Бяліны, Жырмуны, Фабіёнішкі, Пашылайчы, Курганы — $1300—2000

Спальныя раёны сярэдняга класа:

Шышкі, Юстынішкі, Ладзінай, Каралінішкі, Віршулішкі — $1000—2000

Непрэстыжныя раёны:

Навінкі, Новая Вільня, Ніжнія Панары, Грыгішкі — ад $550

***

Лофт - гарышча, мансарда ці былое заводскае памяшканне, пераробленае пад кватэру.

Юрась Ускоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930