Знайсці
11.06.2012 / 09:5238РусŁacБел

Псеўдапалітычныя жарсці

Удзельнічаць у выбарах без умоваў — гэта палітыканства. Байкатаваць — гэта глупства. Піша Павел Шарамет.

У мяне ніяк у галаве не ўкладваецца, чаму парламенцкія выбары, якія ўсе лічаць фікцыяй, выклікаюць такую нервовую рэакцыю сярод апазіцыйна настроеных беларусаў.

Выбары яшчэ не прызначаныя, а беларуская апазіцыя ўжо раскалолася на тых, хто будзе ўдзельнічаць у выбарах, і тых, хто заклікае іх байкатаваць. Прычым, і тыя, і другія лічаць выбары ў Беларусі фарсам.

Пасля 1996 года ўсе беларускія выбары былі фарсам — і прэзідэнцкія, а парламенцкія, і выбары ў мясцовыя саветы.

Апазіцыя выкарыстоўвала розную тактыку падчас выбарчых кампаній за мінулыя 16 гадоў — ад поўнага байкоту парламенцкіх выбараў да вар’яцкага і бяздумнага ўдзелу натоўпу апазіцыйных кандыдатаў у апошніх прэзідэнцкіх выбарах. Нічога ніколі апазіцыі не дапамагала.

Мяне здзіўляе істэрыя вакол выбараў у палатку, якая разыгрываецца цяпер. Заўзятыя ворагі ўлады насамрэч вядуць барацьбу не з рэжымам, а адно з адным. Такога патоку абраз, ярлыкоў і глупстваў з вуснаў адных апазіцыянераў у адрас іншых я не чытаў і не чуў даўно. Нібы ўсе звар’яцелі.

Праводзяць закрытыя круглыя сталы, выганяючы журналістаў. Потым б’юцца за зачыненымі дзвярыма і даюць адно аднаму падсрачнікі. У інтэрнэце злосць залівае ўсе форумы і сайты.

Спыніцеся, таварышы рэвалюцыянеры. Апамятайцеся. Азірніцеся вакол. Падумайце і вырашыце, што вам рабіць.

Я, напрыклад, супраць байкоту парламенцкіх выбараў. Я ўпэўнены, што апазіцыя павінная ўдзельнічаць у парламенцкай кампаніі. Але…

Любыя выбары — гэта палітычны працэс, у якім галасаванне — толькі фінальны акорд ці фармальнасць, якая завяршае доўгую працу.

Калі вы гэтую працу зрабілі добра, то атрымаеце добры вынік, калі нічога не рабілі, то і на выбарах вам нічога не свеціць. Так адбываецца ў дэмакратычных дзяржавах. Гэта справядліва і для дыктатарскіх рэжымаў, якім ёсць палітычны рэжым у Беларусі.

Выбары — гэта акт грамадзянскай салідарнасці і грамадзянскай мабілізацыі, калі людзі ахопленыя агульнай ідэяй, разам працуюць на вынік, бачаць і цягнуцца да сваіх лідараў і дэлегуюць ім сваю сілу і свой давер. Таму людзі і паўстаюць супраць тых, хто спрабуе скрасці ў іх галасы. Калі выбараў няма ці ваша партыя ў іх не ўдзельнічае, то і падставы для паўстання няма.

Выбарчая кампанія — гэта палітычны працэс, расцягнуты на месяцы. Апазіцыйныя партыі фармулююць і выстаўляюць уладам свае патрабаванні або ўмовы ўдзелу ў выбарах. Іх можа быць некалькі: вызваленне палітычных зняволеных, допуск прадстаўнікоў партый у выбарчыя камісіі і, напрыклад, празрыстыя скрыні для галасавання.

Пад гэтымі ўмовамі падпішуцца і Еўропа, і Расія. Ігнараванне гэтых умоваў беларускай уладай толькі ўзмоцніць яе ізаляцыю.

Чаго дамагаецца апазіцыя ў Беларусі? Зрынання тыраніі! Для гэтага неабходна пашыраць базу прыхільнікаў і рыхтаваць мабілізацыю для рашучага бою.

Выбары дазваляюць апазіцыі адкрыта праводзіць пікеты і пастукацца літаральна ў кожную кватэру, зайсці ў кожны дом без пагрозы неадкладнага арышту.

Хадзіце, стукайцеся, расказвайце людзям пра сябе, даказвайце, што вы лепшыя, чым Лукашэнка і яго дзеці.

Паралельна вядзіце дыялог з уладай, патрабуючы выканання сфармуляваных вамі ўмоваў. Выбары — яшчэ адна выдатная нагода для кансалідацыі і аб’яднання пабітых і зняважаных апазіцыйных сіл.

Але калі ўлада ігнаруе вашыя патрабаванні, калі яна працягвае красці ў вас нават слабы шанец на перамогу, то тады вы з чыстым сумленнем можаце адмовіцца ад удзелу ў выбарах за тыдзень або за месяц да галасавання. Таму што шанцаў трапіць у парламент, я лічу, няма ніякіх і ні ў кога. Хто думае інакш, той наіўны чалавек. Аднак мы гуляем не ў выбары, мы гуляем у больш складаную і небяспечную гульню, у якой выбары — толькі адзін з хадоў.

Удзельнічаць у парламенцкіх выбарах без якіх-небудзь умоваў, якія апазіцыя выставіць уладзе, — гэта здрада беларусам і палітыканства. Байкатаваць выбары — гэта глупства і правакацыя.

Улада імкнецца зрабіць усё, каб апазіцыя праігнаравала выбары.
Але Лукашэнка хітрэйшы, чым многія пра яго думаюць. Рэжыму не трэба, каб уся апазіцыя байкатавала выбары. Спецслужбы цяпер робяць усё, каб раскалоць апазіцыянераў, каб частка крычала пра байкот, а другая частка пад пляўкі і улюлюканне таварышаў па барацьбе з фашызмам ішла на выбарчыя ўчасткі.

Мы забываем пра тое, што ў Беларусі выбары праходзяць не па партыйных спісах. Выбары мажарытарныя, і ўлада заўсёды знойдзе 400 правераных кандыдатаў з ліку даярак і даяраў.

Байкот толькі дасць Лукашэнку ідэалагічныя козыры. Я літаральна чую, як ён кажа пану Сікорскаму: «А я тут пры чом? Ані, дзебілы, самі атказалісь іці, вот пусць ціпер і малчат! Эта ж вашы варшаўскія беглыя апазіцыанеры воду муцілі, вот самі з німі і разбірайцесь!» І Сікорскаму няма чаго будзе адказаць.

Хто заклікае да байкоту?

Маладыя рамантыкі. Моладзь рвецца ў бой, ёй хочацца даць бой апошні і рашучы. Цяпер я бачу новае пратэстнае пакаленне. Адседзеўшы свае 15 сутак, гэтыя рамантыкі лічаць сябе сапраўднымі рэвалюцыянерамі і ўпэўненыя, што да іх жыцця і барацьбы ў Беларусі не было.

Яны глядзяць, напрыклад, на мяне, саракагадовага журналіста, які калісь тройчы трапляў ў засценкі Лукашэнкі, як на старога і нікчэмнага пердуна. Гэты зразумела і пацешна. Яны прыгожыя ў сваім парыве. Мы павінныя берагчы іх, не кідаць тупа на амбразуры, гэта нашая будучыня.

Не хоча ўдзельнічаць у выбарах і тая частка дарослага насельніцтва, якая стамілася ад імітацыі апазіцыйнай дзейнасці і настойвае на чымсьці гераічным і яркім.

За байкот выступае нашая эміграцыя. Седзячы ў Лондане і Варшаве (вядома, і ў Маскве) пабітыя ўладамі апазіцыянеры прагнуць рэваншу, пыхаюць нянавісцю да Лукашэнкі. Яны востра і балюча перажываюць разрыў з радзімай і хочуць новай рэвалюцыі. Тое, што яны самі не змаглі гэтую рэвалюцыю зрабіць, іх не бянтэжыць.

Байкатаваць парламенцкія выбары заклікаюць, праўда, і палітыкі, якія засталіся ў Беларусі. Як правіла, гэта тыя, у каго няма ніякіх рэсурсаў — ні фінансавых, ні чалавечых — для правядзення паўнавартаснай кампаніі. Напрыклад, супраць выбараў — Ус. Гэта зразумела, таму што яму асабіста нічога не свеціць, вакол яго ёсць пара нейкіх палкоўнікаў у адстаўцы, але на ідэі байкоту ён можа зарабіць рэпутацыю смелага і бескампраміснага.

Рымашэўскі выступае за байкот? Яму наогул варта маўчаць і маліцца, маліцца і замольваць свае палітычныя грахі. Ён аддаў агульную справу восенню 2010 года, калі свае асабістыя амбіцыі паставіў вышэй за агульныя інтарэсы.

Такія ж здраднікі і ўсе тыя, хто выстаўляў сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах. Яны не звярнулі ўвагі на нашыя просьбы пра адзінага кандыдата, яны паперліся на выбары без шанцу на поспех. І слухаць іх цяпер я асабіста не хачу. Іх апраўдвае толькі тое, што некаторыя кандыдаты і іх памочнікі заплацілі вельмі высокую цану за свае амбіцыі. Крыважэрнасць Лукашэнкі выратавала іх палітычную рэпутацыю.

Паўтара года я не дазваляў сабе нічога крытычнага ў адрас былых кандыдатаў у прэзідэнты, але напярэдадні чарговай кампаніі я не хачу, каб яны зноў задурылі нам галаву.

Віктар Івашкевіч патрабуе байкоту. Але Віктар, з якім у мяне добрыя асабістыя адносіны, праваліў за апошні час столькі акцый, што павінен здзейсніць нешта неверагоднае, каб вярнуць сабе права весці куды б там ні было народ. Адны гэтыя бессэнсоўныя Народныя сходы чаго каштуюць.

Ці ёсць сэнс у байкоту?
Ці ёсць шанец перанесці на вуліцы абурэнне з інтэрнэту? Хто будзе арганізоўваць байкот і ў чым ён будзе выяўляцца? Павел Знавец напісаў, што байкот — «гэта ўлёткі, газеты і гэтак далей». Так што «гэтак далей»? Расшыфруй, патлумач. Але няма нічога за гучнымі словамі «так далей».

Год таму падчас «маўклівай рэвалюцыі» я абрываў тэлефоны апазіцыйных лідараў, прасіў іх падтрымаць моладзь, якая выйшла на вуліцы і блукала па іх як цяляты. Які вынік? Дзе быў Знавец са сваім «так далей». Дзе быў Івашкевіч? Ён выйшаў з заклікаў збіраць Народны сход, і пад ударамі спецслужбаў баязлівыя апазіцыйныя лідары тут жа схаваліся за гэты лозунг.

Байкот выбараў нічога не дасць. Ды і маштабнага байкоту не будзе, толькі яго імітацыя ў інтэрнэце.

Я заклікаю ўсіх спакойна і канструктыўна прааналізаваць сітуацыю.

Я ўпэўнены, што ніхто з апазіцыянераў не трапіць у парламент, але я прашу іх яшчэ раз паспрабаваць. Гэта цяжка, брыдка і нават небяспечна, але палітыка — мастацтва магчымага. Вы б’яцеся не столькі за крэслы, вы змагаецеся за душы і розумы простых беларусаў, і для гэтага трэба выкарыстоўваць любую легальную магчымасць.

А калі раптам пад націскам грамадства і свету ўлада здрыганецца і прапусціць 5 або 10 апазіцыянераў у парламент, то ў Вярхоўным Савеце з’явіцца хай маленькі, але плацдарм.

Павел Шарамет, belaruspartisan.org

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930