Знайсці
08.06.2012 / 15:4651РусŁacБел

Апазіцыя павінна зразумець, што пры Лукашэнку дэмакратычных выбараў у краіне ніколі не будзе

Піша Валер Карбалевіч.

Лідэры апазыцыі чарговым разам абмеркавалі тактыку дзеяньняў падчас парлямэнцкай выбарчай кампаніі. І да адзінай высновы наконт формы ўдзелу ці няўдзелу ў ёй не прыйшлі.

Справа ў тым, што ў апазыцыі няма нейкай далёкасяжнай стратэгіі, у якую б упісвалася парлямэнцкая кампанія. Гэтая кампанія разглядаецца як самастойная, лякальная задача. Такая сытуацыя ў значнай ступені спараджае рознагалосьсі.

Падаецца, што праблема тут глыбейшая, чым пытаньне, удзельнічаць сёлета ў выбарах ці байкатаваць іх.
Шмат пісалі, што апошнія два гады ўлада дае адказы не на тыя пытаньні, якія хвалююць грамадзтва. Але тое ж самае мы можам казаць і пра апазыцыю.

Тэма ўдзелу ці няўдзелу апазыцыйных арганізацый у гэтай кампаніі абсалютна не хвалюе большасьць насельніцтва.
І тыя задачы, якія ставіць перад сабой апазыцыя, мала актуальныя для асноўнай часткі грамадзтва.

Вось апазыцыйныя лідэры тлумачаць, што байкот выбараў стане інструмэнтам ціску на ўлады, каб прымусіць іх памяняць выбарчае заканадаўства, дэмакратызаваць яго. Зразумела, пытаньне свабодных выбараў трэба ўвесь час уздымаць.

Але пры гэтым разумець, што пры Лукашэнку дэмакратычных выбараў у краіне ніколі ня будзе. Таму ня трэба ставіць утапічных задач.

Іншы аргумэнт. Удзел ці няўдзел апазыцыі ў выбарчай кампаніі павінен дэлегітымізаваць рэжым і самі выбары.

Такую задачу можна было ставіць у першыя гады кіраваньня Лукашэнкі. Але цяпер яна не актуальная.

Бо Палату прадстаўнікоў ніхто ня лічыць уладай. Бо легітымнасьць рэжыму большасьць зьвязвае ня з выбарамі, а з здольнасьцю ўлады забясьпечыць той узровень дабрабыту, які людзі лічаць для сябе нармальным.

Вельмі цікавы фэномэн мы назіралі мінулым годам. Адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году большасьць насельніцтва, хоць і невялікая, прызнала выбары легітымнымі, верыла ў сапраўдную перамогу Лукашэнкі, фактычна ўхваліла рэпрэсіі супраць апазыцыі пасьля 19 сьнежня.

Але як толькі здарыўся фінансавы крызіс і эканамічны абвал, усё памянялася. У сярэдзіне 2011 году ўсе гэтыя паказчыкі рэзка ўпалі. І людзі саромеліся прызнавацца, што галасавалі за Лукашэнку.

Таму адвечныя пытаньні расейскай інтэлігенцыі «Хто вінаваты?» і «Што рабіць» у сучасным беларускім кантэксьце выглядаюць так. Дыскусіі ў апазыцыйным асяродзьдзі наконт тактыкі падчас выбарчай кампаніі сьведчаць, што апазыцыя ўсе свае высілкі засяроджвае на тым, каб даць адказ на пытаньне «Хто вінаваты?» Але справа ў тым, што для той часткі электарату, якая гатовая слухаць палітычных апанэнтаў улады, гэтае пытаньне ўжо не актуальнае. Адказ на яго яна мае.

Паводле сацыялягічных апытаньняў, большасьць насельніцтва не давярае ні ўладзе, ні апазыцыі. Дэмакратычныя ж лідэры імкнуцца даць адказ на пытаньне, якога электарат не задае. На гэтым тле ўсе гарачыя жарсьці і спрэчкі наконт таго, удзельнічаць у кампаніі ці байкатаваць, выглядаюць бурай у шклянцы вады. Гэта мала каму цікава, акрамя самой апазыцыі.

Тую частку электарату, якая гатовая слухаць, цікавіць адказ на іншае пытаньне: «Што рабіць?» Бо калі абывацель, нават не прыхільнік Лукашэнкі, чуе заклікі апазыцыянэраў не хадзіць на выбары альбо прыйсьці і галасаваць «супраць усіх», то ён задае лягічнае пытаньне: і што далей? Гэта абрыне рэжым? Як гэта наблізіць чаканыя перамены? І здавальняючага адказу ад апазыцыі ён не атрымлівае. Бо яго проста няма.

І адзіны сэнс нейкага ўдзелу апазыцыі ў парлямэнцкай кампаніі (няхай сабе і ў выглядзе байкоту) палягае ў тым, каб даць адказ на пытаньне: «Што рабіць?» Гэта можа выглядаць прыкладна так.

Апазыцыя кажа грамадзянам: «Спадарства, у нас ёсьць плян. Галоўны бой рэжыму мы зьбіраемся даць у 2015 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах.
Мы будуем кааліцыю, аб’ядноўваем і акумулюем рэсурсы, ствараем структуры па ўсёй краіне, шукаем людзей. Дзеля таго каб мабілізаваць грамадзтва на тую галоўную бітву, трэба паказаць усім, што нас многа, што мы большасьць. Таму байкот парлямэнцкай кампаніі (альбо галасаваньне супраць усіх, альбо нейкі іншы варыянт — гэта можна абмяркоўваць) — будзе трэніроўкай, дэманстрацыяй нашай сілы. І на хвалі гэтага ўздыму мы будзем нарошчваць наш ціск, пашыраць шчыліны ў рэжыме, каб стрэліць праз тры гады».

Таму галоўная задача ўдзелу апазыцыі ў гэтай кампаніі — гэта стварэньне альтэрнатывы. У выглядзе трох элемэнтаў: ідэя, арганізацыя, лідэры.
То бок, найперш, павінна быць ідэалягічная альтэрнатыва. Краіне павінен быць прапанаваны праект будучай Беларусі, больш прывабны для электарату, чым праект, які прапаноўвае рэжым. Дарэчы, цяпер Эўразьвяз з дапамогай незалежных экспэртаў рыхтуе праграму пераменаў пад назвай «Дыялёг для мадэрнізацыі». І гэта можна было б скарыстаць.

Па-другое, павінна быць створаная кааліцыя, ад імя якой прэзэнтуецца гэты праект. І якая бярэ на сябе адказнасьць за 2015 год.

Нарэшце, па-трэцяе, апазыцыя павінна паказаць людзей, якія могуць увасабляць згаданую альтэрнатыву. Гэта магла б быць нейкая «рада мудрацоў», у якую ўвайшлі б паважаныя асобы зь бясспрэчным аўтарытэтам для грамадзтва.

Разумею ўсю ўтапічнасьць сваіх прапановаў пры цяперашнім стане апазыцыі. Але гэта, бадай, адзінае, што надало б хоць нейкі сэнс яе ўдзелу ў цяперашняй парлямэнцкай кампаніі.

Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930