Знайсці
06.06.2012 / 13:3624РусŁacБел

Ignore!

Піша Святлана Калінкіна.

Нечуваная навіна! Журналістаў выдалілі з «круглага стала», на якім лідары апазіцыі спрабавалі дамовіцца з нагоды адзінай стратэгіі на блізкіх выбарах у палату прадстаўнікоў. Што здарылася? Як так? Чаму? Няўжо апазіцыйным палітыкам ёсць што хаваць?

Усе вельмі натуральна сыгралі наіўнасць, таму што адказ відавочны. Вядома, ёсць што хаваць, ёсць чаго саромецца, ёсць тое, пра што гаварыць не хочацца.

Больш за тое, палітыкі не ўпершыню робяць сур’ёзныя твары і дружна ўдаюць мысляроў, якія шукаюць найлепшае для агульнай справы рашэнне ў няпростай сітуацыі.
Але гэта мы, выбаршчыкі, пасля выбараў адчуваем сябе, як у лайне выкупаўшыся.

А яны нейкім дзіўным чынам збольшага выбарамі заўсёды задаволеныя. Прынамсі,

не было ніводнай выбарчай кампаніі, пасля якой прадстаўнікі апазіцыі прызналі б, што яна прайшла правальна. Наадварот. Усе, хто пасля выбараў мог гаварыць, паўтаралі выключна пра поспех.

Вось, напрыклад, выступаючы 10 верасня на партыйным з’ездзе, намеснік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў паведаміў прысутным, што апошняя прэзідэнцкая кампанія была для партыі цалкам паспяховай. І Анатоль Лябедзька ў нядаўнім інтэрв’ю «Московскому комсомольцу» выказаўся ў тым жа духу: «Раманчук быў вельмі эфектыўным кандыдатам у прэзідэнты, і да 19 снежня да яго ніякіх прэтэнзій не было. Гэта была самая крэатыўная і паспяховая кампанія». Паспяховымі былі названыя і мінулыя парламенцкія выбары, калі ні адзін кандыдат апазіцыі ў парламент не трапіў. І пазамінулыя прэзідэнцкія, калі ў турму сеў толькі Аляксандр Казулін…

Напэўна, неяк ужо час патлумачыць народу, чаму тое, што для партый поспех, для звычайных прыхільнікаў пераменаў — пройгрыш, дэпрэсія і нявыкрутка?

І што за дзіўнае хобі — раз за разам хадзіць на выбары толькі для таго, каб сваім удзелам прадэманстраваць, што выбараў у краіне няма?

Вось калі вы апошні раз чулі пра Сяргея Скрабца? Можа, на якой акцыі яго хто-небудзь апошнім часам бачыў? Ці ён ініцыятыву якую палітычную прасоваў, а яго не зразумелі?..

Затое да выбараў Скрабец абавязкова выходзіць з глыбокага падполля. Вось і цяпер аб’явіўся з дзіўнымі адкрыццямі. «Я два разы ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах — мяне ні разу не зарэгістравалі. Зразумела чаму: таму што ў нас рэгістрацыя ідзе з падачы самі-ведаеце-каго. Я тры разы ўдзельнічаў у парламенцкіх выбарах (ужо пасля таго, як мяне закляймілі ганьбай і перадалі суду) — мяне таксама ні разу не зарэгістравалі, адзін раз у мясцовых выбарах — таксама не зарэгістравалі. Улада баіцца рэгістрацыі патэнцыйна моцных кандыдатаў. Але я не лічу, што трэба спыніць барацьбу».

Ці барацьба гэта, калі ў баявой расфарбоўцы выбягаць на поле, а потым хуценька цікаць пасля першага ўдару саперніка — пытанне спрэчнае. Але прыхільнікаў байкоту Скрабец усё роўна кляйміць ганьбай: «Я гэта звязваю з фінансаваннем — у большай ступені, чым з прагматыкай. Гэта значыць, мы не ўдзельнічаем, таму што нам не даюць грошай на ўдзел, але даюць грошы на байкот».

Асабіста я яшчэ не чула, каб хтосьці атрымаў грошы на байкот, але гэта ў дадзеным кантэксце і не важна. Таму што генеральны сакратар аргкамітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Скрабец непразрыста намякнуў, што яго людзі ад грошай таксама не адмовяцца: «Будуць рэсурсы — мы, натуральна, паспрабуем вылучыць як мага больш прадстаўнікоў партыі на гэтыя выбары. Калі не будзе — кожны будзе шукаць рэсурсы сам і як зможа — так і пойдзе «.

Вельмі абнадзейвае! Таму што «як змогуць» — мы ўжо бачылі. І як асабіста Скрабец неаднаразова ўдзельнічаў у выбарах, ён шчыра расказаў. Подпісы за сваё вылучэнне, трэба разумець, збіраў паспяхова…

Можа, я чагосьці не разумею? Можа, гэта ўжо прыстойным лічыцца, калі ты раз пайшоў — цябе паслалі і аплявалі, а ты выцерся — але зноў ідзеш, зноў выціраешся… Можа, гэта ўжо зацятасцю завецца? Ці нават геройствам?

Можа, хтосьці зноў намякнуў, што чалавек пяць-сем апазіцыянераў у палату прадстаўнікоў такі трапяць, і каб трапіць у гэтыя пяць-сем, можна нават дэбіла з сябе ўдаваць?

Можа, у нашых умовах зусім нічога немагчыма зрабіць, толькі гуляць па сцэнарах улады?

Але іншыя ж неяк рабілі. У горшых умовах рабілі.

Адсылаю ўсіх да артыкула Аляксандра Салжаніцына, напісанага ў 1974 годзе, — «Жыць не па хлусні». У ім вельмі зразумела выкладзена, што можна супрацьпаставіць брутальнай самаўпраўнасці і што можна рабіць, калі здаецца, што зрабіць нічога нельга. Галоўнае і адзінае — ні ў чым не падтрымліваць хлусні свядома, кожнаму асабіста ў хлусні не ўдзельнічаць. Не галасаваць, не хадзіць, не слухаць і не рэтрансляваць лухту. Ці не выпісваць, не купляць, не чытаць хлуслівых газет… Не далучацца ні да чога такога, што лічыш несправядлівым, несумленным, непрыстойным. Не дыскрэдытаваць сябе. Ці не пэцкацца ў подлым.

Сёння, ва ўмовах, калі апазіцыя не дамовілася нават пра адзінае пасланне, з якім ісці да народа, а патэнцыйныя кандыдаты ад дэмакратаў — пераважна пенсіянеры і беспрацоўныя, я не бачу лепшага выйсця, чым гэтыя простыя і сумленныя дзеянні. Надрукаваць маніфест Салжаніцына мільённымі тыражамі, раскідаць па паштовых скрынях і заклікаць людзей да байкоту выбараў. Не галасаваць, не ісці ў склад выбарчых камісій, не падпісвацца за вылучэнне кандыдатаў… Не ўдзельнічаць у хлусні.

Улада хай малюе што хоча. Ignore! Ігнараваць! Не звяртаць увагі! Пагарджаць!

А вось калі гэтыя выбары стануць пачаткам маштабнай кампаніі негвалтоўнага грамадзянскага непадпарадкавання, кампаніі непрымання таго, што адбываецца ў краіне, гэта ўжо будзе вынік, адрозны ад усяго, што мы мелі раней.
Колькі б нас ні было — тых, хто не пойдзе на такія выбары (адказ дадуць сацыёлагі) — але мы не будзем адчуваць сябе апляванымі. А калі гэтым разам палітычная кампанія выбарамі не абмяжуецца-то і зусім добра. Нам жа ёсць чаго дамагацца: вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў, змяненняў Выбарчага кодэкса, выбараў губернатараў і мэраў гарадоў… Спіс працягваць?

Святлана Калінкіна, Народная воля

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера