Знайсці
06.06.2012 / 12:144РусŁacБел

Святы гемар

Галоўны рэдактар Goals.by Алег Гаруновіч пра няшчасных спартоўцаў Беларусі.

Часам думаю пра тое, чаму мы не сустракаем сваіх спартыўных герояў у аэрапортах і на вакзалах, як сустракаюць сербы Джокавіча, а ледзь не ўвесь Мадрыд вітае «Рэал», калі той робіцца чэмпіёнам Іспаніі. Мяркую, адна з прычын вось якая. Калі беларусы чагосьці дамагаюцца ў спорце, мы ўспрымаем гэта не як подзвіг, а як належнае. Ну, а як інакш, столькі грошай выкінулі на гэтых «балбесаў». Паспрабавалі б яны не перамагчы.

Калі ў нашых штосьці не атрымліваецца, тут і ўвогуле казаць няма пра што.

Мы вам — усё (падаткі з кроўна заробленых, грошы, на якія можна было збудаваць бальніцу ў Жабінцы альбо запусціць яшчэ адзін спарадарожнік у казахскі стэп), а вы нам — у душу.
Ці плюнулі, ці нават страшна сказаць што зрабілі. Можа, стварыць дошку нацыянальнай спартыўнай ганьбы, на якую будзем вешаць фатаграфіі тых, хто не апраўдаў народнага даверу? Каб ужо граміць «ворагаў» па поўнай.

У Беларусі за спартоўцаў не хварэюць і не перажываюць. З іх патрабуюць. Прычым не толькі чыноўнікі, але і простыя заўзятары. У нас такое стаўленне, быццам спартоўцы нам павінныя, і мы ўсё намагаемся спагнаць з іх нейкі доўг. Адкуль гэта? Ад нашай савецкай рэчаіснасці, мне здаецца. Бо ў нас і сёння ўсё калгаснае, усё агульнае. Мы усебеларускім сходам радзімся, як размеркаваць народныя грошы. Ніводны народны рубель не можа быць патрачаны ўпустую. Тут няма месца для рызыкі.

Некаторыя спартоўцы быццам змірыліся са статусам утрыманцаў.
Ім няёмка, што яны столькі зарабляюць. Яны гэтага нібыта саромеюцца. Рэдка хто з герояў спорту запросіць журналістаў да сябе ў госці, бо «людзі пабачаць, а навошта нам гэта?.." Такія аргументы часцяком гучаць, і не толькі ад боязі злодзеяў. Хаця топавыя спартоўцы (і нават нятопавыя) ва ўсім свеце зарабляюць добра, што тут дзіўнага. І ўсе спартоўцы прайграюць — хто часцей, хто радзей. А каму хочацца такой жа dolce vita — калі ласка. У Беларусі многія віды спорту правісаюць. Там шукаюць фізічна развітых і вынослівых хлапцоў і дзяўчат.

Спартоўцы маюць падставы для таго, каб успрымаць выступ за каманду роднай краіны не як гонар, а як паход на Галгофу. І ёсць з чаго. Кайф сумнеўны, затое праблемы амаль гарантаваныя. Вось алімпійская футбольная зборная па поўнай адгрэбла на форумах пасля няўдалага турніру ў Тулоне. Пра бронзу на Еўра-2011 ужо забыліся. Некаторыя ледзь не заклікаюць адмовіцца ад паездкі ў Лондан, каб там не зганьбіцца. Дарма, што беларуская футбольная каманда першай з постсавецкай прасторы прабілася на Алімпійскія гульні.

Хакеістам напярэдадні чэмпіянату свету міністр спорту заяўляе, што яны павінныя трапіць у васьмёрку «кроў з носу».
Не трапілі — атрымайце тапкам па азадку. Хаця чаму менавіта павінныя? Хто каму павінен? Калюжны, які зарабляе грошы ў расійскіх клубах (і не толькі Калюжны)? Можа, Грабоўскі, які пасля вар’яцкага сезону ў НХЛ пакідае за акіянам сваю каханую і двух малых дзяцей і імчыць у зборную? Нярэдка гульцы кажуць, што едуць у каманду, каб сустрэцца там са старымі сябрамі. Але аднойчы старыя сябры могуць сабрацца недзе ў рэстаране альбо ў гатэлі на Мальдзівах замест таго каб бавіць час на постсезонных зборах.

Зрэшты, становішча беларускіх футбалістаў і хакеістаў не найгоршае. Многія з іх насамрэч маюць добрыя аклады, і гэта хоць неяк кампенсуе маральныя пакуты ад рэгулярных наганяяў. Па-другое, за зборныя згаданыя таварышы выступаюць нячаста, а асноўны час праводзяць у клубах. А там ужо чыноўніцкі прэс не такі моцны. Карацей, Алега Качана яны бачаць раз на год, а то і радзей.

Больш незайздросная сітуацыя ў тых, хто наўпрост залежыць ад Мінспорту. Лёгкаатлеты, штангісты, баксёры, барцы і іншыя ўвесь час знаходзяцца ў зборнай. Клубнай сістэмы тут няма.

Алімпійскія стыпендыі, прэзідэнцкія і розныя там стаўкі — гэта ўсё так суб’ектыўна. Дадуць — не дадуць, пазбавяць ці абрэжуць… Гарантый няма ніякіх.
Нават алімпійскай чэмпіёнцы Кацярыне Карстэн, якая толькі за Беларусь адтрубіла на чатырох Алімпійскіх гульнях (яшчэ на адных — за зборную СНД), могуць прыпыніць на пару месяцаў фінансаванне праз нейкія бюракратычныя дзівацтвы. І яна павінная грошы ледзь не прасіць. І гэта Карстэн! А што казаць пра яе менш тытулаваных калег? Яшчэ добра, што ў нашым спорце пакуль не страляюць загнаных коняў.

Мы табе — грошы, а ты дай распіску, што заваюеш алімпійскі медаль. Гэта стандартная форма супрацоўніцтва паміж беларускім спартоўцам-алімпійнікам і чыноўнікам.

Атрымаў траўму? Здраднік! Не выйграў медаль? Падмануў! Выйграў, але не той — усё адно падвёў. Такая сістэма выбудоўваецца з маленства.
Невыпадкова ж трэнеры зазначаюць: калі нашыя дзеці ў 10–12 гадоў ужо б’юцца за медалі, іх еўрапейскія аднагодкі яшчэ займаюцца спортам толькі дзеля цікавасці.

Такі цяжар забівае азарт, а яго месца займае адказнасць. Таму тыповы беларускі алімпіец стрыманы і нешматслоўны. Ад яго мы не пачуем, што ён — найлепшы ў свеце, нават калі гэта так, і што ён надзярэ ўсім зад. Такое можа сказаць толькі Арамнаў, калі яго зноў спыняць даішнікі.

На носе — гульні ў Лондане. Цікава, ці з радасцю чакаюць іх нашыя спартоўцы?

Ці хочуць яны ўсіх парваць, таму што гэта проста крута, а не таму, што за гэта дадуць кватэру ці стыпендыю?
А пакуль давайце ўявім, як Усэйн Болт дае федэрацыі лёгкай атлетыкі Ямайкі распіску аб тым, што абавязкова пераможа на Алімпіядзе і ўсталюе там сусветны рэкорд. Гэты хлопец сапраўды ўсіх парве.

34mag.net

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930