Знайсці
01.06.2012 / 12:081РусŁacБел

Першы сярод заходніх: «Коммерсант» пра падрабязнасці візіту Пуціна

Ад перамены памочнікаў сума адносін у палітыцы не мяняецца.

Учора позна вечарам у рэзідэнцыі Заслаўе пад Мінскам сустрэліся прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Спецыяльны карэспандэнт «Коммерсанта» Андрэй Калеснікаў высветліў, чаму Уладзімір Пуцін аддаў перавагу Беларусі перад Казахстанам у якасці першай краіны, якую ён наведаў як прэзідэнт.

Курсанты роты ганаровай варты беларускага прэзідэнта выглядалі так, нібы сустракаць павінныя былі не яны, а іх.
Зрэшты, за пыхлівасць можна было прыняць гатоўнасць нумар адзін.

Між тым камандзір роты, расказаўшы, што хлопцы ў іх адзін да аднаго, росту не ніжэйшага (але і не вышэйшага) за 185 сантыметраў (роўненькія, як беларускія агуркі ў знакамітых шклоўскіх цяпліцах), а сцяганосец — дык усе 195 сантыметраў (а разам са сцягам — лепш наогул не думаць).

— Шкада, — уздыхнуў камандзір роты, — што мы не даехалі на ваш конкурс у Маскве (не так даўно ў сталіцы нашай Радзімы сапраўды праходзіў агляд-конкурс рот ганаровай варты некалькіх краін). Другое месца там было б не для нас.

Тое ж, мабыць, датычыць і прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Ён сустрэў Уладзіміра Пуціна ля трапа самалёта, па-бацькоўску абняўшы яго (усё ж такі спадар Лукашэнка, у адрозненне ад спадара Пуціна, не прапусціў ніводнага прэзідэнцкага тэрміну),
а потым і міністра фінансаў Антона Сілуанава, і кіраўніка «Расатама» Сяргея Кірыенку (тут падыходзіць выраз «задушыць у абдымках»).

Пасля гэтага картэж накіраваўся ў рэзідэнцыю. Кажуць, што па дарозе на адным з мастоў некаторы час вісела расцяжка хуліганскага зместу, але паколькі Уладзімір Пуцін спазняўся, то беларускія спецслужбы своечасова ліквідавалі гэтую пагрозу (у асноўным — настрою расійскага прэзідэнта).

Аляксандр Лукашэнка, відавочна памажнелы ў апошні час (можа, павесіў канькі на цвік, у адрозненне ад спадара Пуціна, які зняў іх з цвіка), выглядаў вельмі жыццярадасна.

Магчыма, гэта было звязана з тым, што цяпер яму больш не давядзецца сутыкацца на сустрэчах найвышэйшага ўзроўню з ужо былым памочнікам прэзідэнта Расіі Сяргеем Прыходзькам, з якім у яго была любоў такой узаемнай сілы, што крок да ўзаемнай нянавісці быў зроблены шмат гадоў таму.

Зрэшты, ёсць падазрэнне, што ад перамены памочнікаў сума адносін у палітыцы не мяняецца.

Вячэрнія падзеі адбываліся ў рэзідэнцыі Заслаўе. Двухбаковая сустрэча праходзіла ў кабінеце, уся мэбля якога складалася з двух сервантаў з трыма вазамі. Інтэр’ер арганічна дапоўнілі два прэзідэнты. Прамова Аляксандра Лукашэнкі насіла філасофскі характар. Ён паведаміў, як часта думае пра тое, хто змог дасягнуць большага ў справе аб’яднання, чым Беларусь і Расія.

— Ну хто? — перапытаў ён, размясціўшыся ў фатэлі так, што той цяжка ўздыхнуў: з яго нібы выпусцілі пару. Да таго ж Аляксандр Лукашэнка час ад часу закладваў правую руку пад лацкан пінжака, што, магчыма, надавала яму і яго словам лішнюю вагу.

— У нас няма межаў (у Еўрасаюзе таксама, напрыклад. — А.К.), — сказаў спадар Лукашэнка. — У нас адзіная мытная прастора (як і ў ЕС. — А.К.), у нас практычна адзіная эканоміка (і тут у параўнанні з ЕС няма чым ганарыцца. — А.К.), у нас адзіная абаронная вытворчасць (у ЕС толькі яшчэ будзе, у гэтым Расія і Беларусь насамрэч абышлі ЕС, прычым яшчэ ў савецкі час. — А.К.).

— І многія іншыя рэчы, — удакладніў прэзідэнт Беларусі.

Прэзідэнт Расіі згадзіўся і з гэтым.

— Да нас многія прыглядаюцца сёння, — працягнуў прэзідэнт Беларусі. — Украінцы пачалі глядзець! Робяць нам заўвагі, але ж быў прэзідэнт Украіны на апошнім нашым паседжанні ў Маскве!

— Гэта першая мая паездка за межы Расійскай Федэрацыі, — у сваю чаргу сказаў спадар Пуцін. — Беларусь — асаблівы наш партнёр.

Я спытаў потым у памочніка Уладзіміра Пуціна спадара Ушакова, чаму ж усё-такі Беларусь стала першай.

— Вы маеце на ўвазе, — перапытаў ён, — чаму не Казахстан, а Беларусь? Бо вы ж гэта маеце на ўвазе? Сапраўды, пра гэта апошнім часам гавораць. Але ведаеце, у нас і выбару асаблівага не было. Загадзя вызначаная была дата саміта ШОС у Кітаі, пасля яго лагічна заехаць у Астану. Акрамя таго, дамовіліся пра паездку ў заходнім кірунку, дамовіліся з Германіяй, з Францыяй. Лагічна, што Беларусь стала ў гэтай сітуацыі першай.

Але толькі ўчора і толькі на адзін вечар.

kommersant.ru

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031