Знайсці
31.05.2012 / 10:5048РусŁacБел

Пра што дамовіліся Пуцін і Лукашэнка

У нашу рэдакцыю трапіла сакрэтная стэнаграма з падрабязнасцямі будучых перамоваў Уладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі.

На жаль, дакумэнт абрываецца на самым цікавым месцы, аднак нават тое, што нам удалося здабыць (з рэмаркамі невядомага аўтара гэтага дакумэнту, відавочцы перамоваў), на нашу думку, мае вялікі інтарэс для нашых чытачоў

Лукашэнка: «Спачатку, Уладзімер Уладзімеравіч, хачу яшчэ раз павіншаваць цябе з пераканаўчай перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах. 63 працэнты — гэта вельмі добры вынік. Вядома, гэта ня 80 працэнтаў».

Пуцін кідае на Лукашэнку свой фірменны нядобры позірк з-пад ілба. Беларускі кіраўнік папярхнуўся мінэралкай.

«Так… перамога на 63 працэнты — гэта нашмат больш мудрая, пераканаўчая, упэўненая перамога, чым на 80», — пасьпешліва працягнуў Лукашэнка, імкнучыся загладзіць маленькае непаразуменьне.

«Выбары ў Расеі адбываюцца ва ўмовах плюралізму, палітычнай канкурэнцыі і свабоднага падліку галасоў, — халодна пачаў Пуцін. — У такіх умовах 63 працэнты сьведчаць пра вялізную падтрымку нашага курсу».

«Так-так, я пра гэта і кажу, пра вялікую падтрымку», — з гатоўнасьцю падхапіў Лукашэнка. — А што ты з гэтымі, з белымі лентамі, цацкаесься?
Мы сваіх за адзін дзень усіх упакавалі. Калі што, я магу наш спэцназ даслаць, калі твае не спраўляюцца, — Лукашэнка зазірнуў у вочы Пуціна, імкнучыся зразумець, ці спадабалася яму гэтая ідэя. У адрозьненьне ад Джорджа Буша, беларускі прэзыдэнт, аднак, ня здолеў убачыць у вачах Пуціна ягоную душу.

«Ну дык, ведаеш, задзяўблі гэтыя западнікі са сваімі палітвязьнямі і правамі чалавека. Мне б столькі ракет, колькі ў цябе, яны б адразу адчапіліся».

Пуцін зноў кінуў на свайго суразмоўца нядобры позірк. Павісла тое, што ў фільмах называюць няёмкай паўзай. Лукашэнка сьцяміў, што лепей зьмяніць тэму.

«Нешта там вашы малочнікі ня хочуць наша малако. Яны што — нямецкае альбо аўстралійскае хочуць піць? У іх жа з парашка ўсё! Толькі наша — сапраўднае. Хочаш пачастую? У мяне карова свая», —
Лукашэнка нецярпліва павярнуўся ў бок, з-за дзьвярэй да яго ўжо імкліва бегла фігура памочніка.

«Ня трэба малака. Я малако не люблю, — даволі рэзка і нецярпліва кінуў Пуцін. — Я нафту люблю», — сказаў Пуцін і лагодна хмыкнуў.

Лукашэнка адчуў набліжэньне чагосьці нядобрага. «А што нафта? Нафта ідзе, дзякуй нашым пагадненьням, перапрацоўваем, прадаем, у бюджэт ваш плацім».

«За бэнзін якбы плаціце. А за растварыцелі?» — Пуцін падняў свае бясколерныя вочы і глянуў проста на свайго суразмоўцу.

«А якія растварыцелі? Я разьбяруся».

«Калі ласка, Аляксандар Рыгоравіч, разьбярыцеся. І з разбаўляльнікамі заадно. Памятаеце, вы неяк ў 2009 годзе назвалі палітыку кіраўніцтва Расеі „бязмозглай“? Я так разумею, вы і дагэтуль так лічыце?»

«Гэта ўсё журналісты прыдумалі. Фальшыўка, зробленая ў Польшчы.
Я не гаварыў нічога такога. А калі і гаварыў, дык вы ж тады грошы нам перасталі даваць. Гэта ж сапраўды без мазгоў трэба быць, каб нам грошы не даваць, — Лукашэнка незаўважана пачаў гарачыцца. — А ты таксама, Уладзімер Уладзімеравіч, калісьці нас з мухамі параўнаў. Альбо з катлетамі, я ўжо не памятаю».

«З мухамі, Аляксандар Рыгоравіч, з мухамі. Катлеты — гэта на Захадзе.
А што, дарэчы, Аляксандар Рыгоравіч, вы мелі на ўвазе, калі сказалі, што ў мяне няма рэсурсаў задушыць Беларусь?» — Пуцін нават прыпадняўся на сваім крэсьле, ягоныя вочы драпежна заблішчэлі…

На гэтым сакрэтная стэнаграма дзяржаўных перамоваў паміж кіраўнікамі Беларусі і Расеі абрываецца. Але СМІ атрымалі тэкст падпісанага камуніката, зь якога вынікае, што «абодва бакі прыйшлі да згоды па ўсіх абмеркаваных пытаньнях».

Стэнаграму апрацаваў у форме фэльетону шчыра Ваш Віталь Цыганкоў.

Віталь Цыганкоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930