Знайсці
09.06.2012 / 10:204РусŁacБел

Беларуская глыбіня. Воўчын

Піша Павел Севярынец.

    Князі ў яе як ваўкі,
    Якія вырываюць здабычу.
    Езекііль 22:27.

Воўчын — самае заходняе беларускае мястэчка, на тым самым выступе, што ўкліньваецца ад Берасця ўглыб Еўропы. З аднаго боку Польшча, з іншага — Пушча. Побач — Камянец і легендарная Белавежа. Скрайні полюс беларускай глыбіні.

У самую чорную пару, напрыканцы ХVIII ст., калі найяснейшай Рэчы Паспалітай прыйшоў час расплочвацца за два стагоддзі пыхі, распусты і шляхецкай сваволі,

Воўчын стаў для Беларусі тым, чым у ХІІІ ст. быў Навагрудак, у ХІV — Крэва, у ХV—ХVІ — Вільня, а ў ХVІІ — Нясвіж. Кропкай апірышча. Цэнтрам сілы. Сімвалам эпохі.

Дзяржаўны лад трашчаў па швах, глабальнае абязбожваннне падарвала Касцёл і Царкву; пачуўшы попах, драпежныя Расея, Прусія ды Аўстрыя сцягвалі да межаў войскі і ў самым глыбокім кутку, на мяжы Вялікага Княства і Кароны, у сядзібе Чартарыйскіх найбольш уплывовыя магнаты, дзеячы ды розумы збіраліся, каб вырашыць, як уратаваць Айчыну.

Воўчын. Было ў гэтым нешта ваўчынае, адчайнае, быццам мацёрую вялікалітоўскую зграю загналі ды абклалі чырвонымі сцяжкамі ў Белавежскай пушчы — і, аточаныя з усіх бакоў, беларусы ашчэрылі зубы, каб біцца насмерць.

Але — як? «Умацаваць уладу», — пастанавілі валадары Воўчына, Чартарыйскія.

Уладальнікі двух знакамітых мячоў з Грунвальда, Чартарыйскія з роду Гедымінавічаў, герба «Пагоня з вежамі».
Гэта іх продак у 1440 арганізаваў змову і забойства Жыгімонта Кейстутавіча, а потым уцёк у Маскву. Да другой паловы ХVІІІ ст. Чартарыйскія набралі столькі моцы, земляў і дынастычных сувязяў, што маглі супернічаць з Радзівіламі ды Сапегамі. Міхаіл Фрэдэрык Чартарыйскі, з 1752 канцлер Вялікі Літоўскі, зрабіўся мозгам партыі рэфарматараў усёй Рэчы Паспалітай; Адам Казімір узначальваў магнацкую апазіцыю каралю і дамагаўся прыняцця Канстытуцыі 3 мая, а ягоны сын Адам Юрый Чартарыйскі, чыя асабістая бібліятэка налічвала 40 тысячаў тамоў, змагаўся поплеч з Касцюшкам, пасля паразы паўстання склаў праект аднаўлення незалежнасці ВКЛ, у пачатку ХІХ ст. быў прызначаны міністрам замежных спраў Расейскай імперыі, а ў 1830—1831 — кіраўніком паўстанцкага Нацыянальнага Урада…

«Э-э-э, сябры, — злаваў сталы наведнік і навучэнец Воўчына, каралеўскі стараста і рэфарматар Антоній Тызенгаўз, — эканоміка!» Таленавіты фінансіст ды мецэнат, ён паўсюль засноўваў мануфактуры (прычым часам не грэбаваў скасоўваць магдэбургскае права ў мястэчках ды пераводзіць незалежных сялянаў на паншчыну, каб атрымаць танную працоўную сілу) — і разлічваў адрадзіць Рэч Паспалітую шляхам нарошчвання грашовай і гаспадарчай магутнасці.

«Асветай ды культурай!» — пераконваў усіх яшчэ адзін воўчынскі геній, ад’ютант Касцюшкі ды асабісты сакратар Адама Казіміра Чартарыйскага, чалец Адукацыйнай Камісіі Юльян Нямцэвіч са Скокаў пад Берасцем — аўтар паэтычнай хрэстаматыі польскай гісторыі, камедыяў ды раманаў у духу Вальтэра Скота…

«Дыпламатыяй, дыпламатыяй», — паўтаралі пра сябе сваякі Чартарыйскіх, Панятоўскія. Што такое была дыпламатыя ў ХVІІІ ст.? Інтрыгі, грошы, красамоўства, замежныя мовы і, вядома, ложак. Малады, абаяльны і забяспечаны Станіслаў, што вучыўся ў еўрапейскіх універсітэтах і ўвіхаўся пры каралеўскіх дварах, пасаваў да гэтай ролі як найлепш.

Народжаны ў Воўчыне, сын кракаўскага кашталяна Панятоўскага і Канстанцыі, княжны Чартарыйскай, Станіслаў дэталёва вывучаў парламентарызм у Англіі, быў паслом у Саксоніі ды Расіі, дзе стаў вядомы дзякуючы сардэчнай прыхільнасці Кацярыны ІІ — і ўжо ў 32 гады, пад ціскам расейскай імператрыцы, быў абраны каралём Рэчы Паспалітай. Пэўна, пакаштаваўшы воўчынскага «дыпламата» ў ложку, Кацярына вырашыла, што менавіта такі кліент урэшце здольны будзе здаць Расіі польска-літвінскую дзяржаўнасць — і не памылілася.

Прыемны і адукаваны, але бязвольны еўрапеец Панятоўскі моўчкі праглынуў абодва падзелы Рэчы Паспалітай, сядзеў ціха падчас паўстання Касцюшкі, і ў 1795, пад канвоем драгунаў дастаўлены куды трэба, 25 лістапада, у дзень імянінаў расійскай імператрыцы, атрымаўшы 330 тысячаў чырвонцаў на ўтрыманне, са слязьмі на вачах выракся трона.

Расейская царыца, немка Екацярына, распарадзілася перавезці трон свайго былога каханка-беларуса ў Пецярбург, дзе загадала прабіць у ім дзіру і прыстасаваць пад найвышэйшы ўнітаз. Акурат на гэтым гістарычным седзішчы праз год, у лістападзе 1796, яе разбіў паралюш.

А пахаванне апошняга караля Рэчы Паспалітай у воўчынскім касцёле, куды ягоныя парэшткі былі перавезеныя ў 1938, за саветамі было дарэшты разрабаванае.

Каго, чаго не хапіла ў гэтых высілках волі тытынаў розуму, у зборы старых і маладых ваўкоў? Можа, таго ж, чаго вярхоўнаму Савету ў 1996? Або таго, чаго і дэмакратычным кандыдатам у 2001, 2006, 2010?..

Аднаўленне і абарона дзяржаўнасці патрабуюць веры, любові і еднасці. Прысуд гісторыі: калі гэтага няма, палітыка, дыпламатыя, эканоміка і культура губляюць сэнс.

Тыя, хто ненавідзеў Беларусь, з асаблівай апантанасцю білі ў самую яе глыбіню. Менавіта сюды, у душу, пад Белавежскую Пушчу, уваткнулі штык канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай Расія, Аўстрыя ды Прусія.
Сувораўскімі палкамі, агромністай крэпасцю, пабудаванай з цэглы разбуранага старога Берасця, ганебным Брэсцкім мірам 1918, сумесным парадам Чырвонай Арміі і танкаў Гудэрыяна ў 1939, рыццём гіганцкіх сакрэтных бункераў ды бомбасховішчаў у пушчанскіх ваколіцах дзеля апошняй сусветнай вайны… Білі, быццам ведалі, быццам прадчувалі, што ключ — тут.

І калі свежым зімовым ранкам у снежні 1991 у Віскулях на стале пад маленькім бел-чырвона-белым сцяжком рухнуў СССР, стала зразумела, чаму дзвесце гадоў у ваколіцах Воўчына так шалела і трымцела зло.

Калі вакол ваўкі, іх не пераможаш па-ваўчынаму. Раўці, поўсць дыбарам, скаліць іклы ды рваць — гэта не нашае.

Бо перамогу дае Той, хто пасылае як авечак сярод ваўкоў. Хто Сам, пакорлівы і ласкавы, быццам ягня, быў забіты і ўваскрос пад бел-чырвона-белым сцягам — Ісус Хрыстос.

Глядзі яшчэ:

Беларуская глыбіня. Перакласці Бога

Беларуская глыбіня. Свабода расце з касцей.

Беларуская глыбіня. Падлік радзімак

Павел Севярынец, Куплін

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера