Знайсці
30.05.2012 / 20:2122РусŁacБел

Вароты ў ЕўраАзію ці праход у Азіёпу?

Які план Пуціна на Беларусь?

«Беларусь — гэта не задворкі Еўропы, а вароты ў ЕўраАзію, ключ да ўвасаблення ідэі інтэграцыі інтэграцый, — заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы ў часе канцэрта да 1150-годдзя Полацка,
— бо аб’яднанне патэнцыялаў Еўрапейскага і Еўразійскага саюзаў дасць магчымасць стварыць зусім новыя магчымасці для краін і народаў.
У гэтай ідэі мы бачым найважнейшую місію і геапалітычную ролю нашай дзяржавы як злучва», — заявіў афіцыйны кіраўнік.

У выказванні Лукашэнкі бачыцца фармулёўка новага замежнапалітычнага курсу. Гаворка больш не ідзе пра выключнасць адносінаў з Расіяй.

Беларусь хоча ўраўнаважыць залежнасць ад Расію эканамічнымі інтарэсамі Еўропы.

Аднак у Еўразійскім саюзе, як і ў Мытным саюзе, Беларусь ужо нічога не вырашае. Прыкладам сталі пошліны на аўтамабілі: Расія падняла іх у прымусовым парадку.

Усе суседзі Беларусі выбралі шлях пабудовы нацыянальных дзяржаваў, дэмакратыі і прыватнай уласнасці.
Для абароны сваіх інтарэсаў яны і аб’ядналіся ў Еўрасаюз, які складаецца з сувымерных дзяржаў.

Аналітыкі падазраюць, што Пуцін прадугледжвае для Беларусі іншую будучыню. Чарговы візіт Пуціна ў Мінск распачынаецца 31 мая.

Гэта будзе першы замежны візіт расійскага кіраўніка.

Палітолаг Андрэй Суздальцаў, персона нон-грата ў Беларусі, нават з’едліва заўважыў, што Беларусі дасталася «права першай ночы».
Аналітык Аляксандр Класкоўскі дадае, што выбарам першага візіту Пуцін «сутыкае лбамі васалаў». Маецца на ўвазе Беларусь і Казахстан.

Цікава, але расійскія прэзідэнты не наведвалі Беларусь аж з 2009-га. Тады Дзмітрый Мядзведзеў прыязджаў у Мінск на пасяджэнне Еўразійскай эканамічнай супольнасці. Да гэтага Мядзведзеў яшчэ быў у Брэсце на адзначэнні ўгодкаў пачатку вайны 1941-га.

Пуцін і падчас свайго прэзідэнцтва, і прэм’ерства наведваўся да Лукашэнкі непараўнальна часцей. Зрэшты, і кіраўнік Беларусі адзначаў, што размаўляць з Пуціным яму прасцей, чым з Мядзведзевым.

Напярэдадні візіту бакі называюць свае прыярытэты перамоваў. Лукашэнка сказаў, што хоча пагаварыць пра супольны з Расіяй экспарт калію. І хоча наладзіць такі ж экспарт азоту й фосфару. Пуцін жа паабяцаў абмеркаваць стварэнне парламента Еўразійскага эканамічнага саюза.

Наўрад ці перамовы скончацца толькі гэтымі момантамі. Беларусь ніяк не можа атрымаць апошнюю траншу крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, а Расія — абяцання прыватызацыі некаторых прадпрыемстваў.

Не сказаць, што асаблівы энтузіязм выяўляюць і дзяржаўныя СМІ, асаблівага ўсхвалення еўразійскай інтэграцыі ў іх не назіраецца.

Дарэчы, каб забяспечыць спакой у дні прыбывання Пуціна, паарыштоўвалі маладафронтаўцаў. Як расказаў адзін з затрыманых праз адваката, супрацоўнікі КДБ падчас допытаў у Цэнтры ізаляцыі адкрытым тэкстам паведамілі маладафронтаўцам: «Будзеце сядзець, покуль не з’едзе Пуцін!».

Кіраўнік лукашэнкаўскага аналітычнага цэнтра ECOOM Сяргей Мусіенка не ведае, які план мае Пуцін у дачыненні Беларусі. «Ох, як добра гэта было б даведацца!» — смяецца ён
і дадае, што Пуцін даўно не згадваў Беларусі.

«Ужо дваццаць гадоў можна пачуць, што Расія нас паглыне. Але нічога не змянілася. Дай Бог, каб і не змянялася. Канечне,

на першых парах у Расіі існавалі шавіністычныя погляды аб аншлюсе Беларусі. Але цяпер мы дабіліся, што з намі размаўляюць, хай і не роўных, чуюць нас. Гэта ўжо вялікая справа».

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі лічыць: перамовы за кулісамі будуць цяжкімі. «Пуцін будзе прэсінгаваць, а Лукашэнка спрабаваць абысціся малой крывёй». Класкоўскі мяркуе, што Пуцін будзе настойваць на выкананні «кожнага пункту падпісаных дамоваў».

«Калі казаць словамі расійскай класікі, то нас едзе рэвізор.
Пасля апошніх паездак Лукашэнкі ў Маскву тут была лёгкай эйфарыя ад атрыманых льгот і датацый. Пуцін можа збіць гэтую эйфарыю».

Ён акцэнтуе ўвагу, што ад хады перамоваў будзе залежыць і будучыня беларуска-еўрапейскіх адносінаў. Калі перамовы пройдуць няўдала, то зноў актывізуюцца кантакты з Брусэлем. Магчыма, выйдуць на волю палітвязні.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930